Вы тут

Гісторыю пра гусей, якія знежывелі ад ягад з-пад віннай настойкі чуў кожны...


На рыбалку такіх не бяруць

Гісторыю пра гусей, якія знежывелі ад ягад з-пад віннай настойкі і якіх гаспадыні, прыняўшы за мёртвых, пачыналі то закопваць, то абскубаць, чуў, мусіць, кожны... І зноў жа ледзьве не кожны (ужо з апавядальнікаў) сцвярджаў, што было ўсё менавіта ў іхніх мясцінах. Альбо з іх сваяком...


Фота: pexels.com

Адкуль заканамерная выснова, што недзе і з некім гэта ўсё ж было.

...Рост — метры пад два, плечы — на шырыню дзвярэй, твар, мякка кажучы, суровы. Убачыш такога велікана — асабліва на вуліцы ды пад вечар — і ўсе блохі падохнуць! Аднак мініяцюрная Даша не з баязлівых была: яна з такім вось хлопцам (назавём яго Сяргеем) і сустракалася, і смела замуж пайшла, і вяроўкі з яго віць не баялася... Адзінае, што аказалася вышэй яе сіл, — яго беспадстаўная рэўнасць.

Зрэшты, іншыя жанкі і не такое церпяць — неяк жывуць.

Жылі і яны, што цікава — у суседстве з заўзятымі рыбакамі. А таму, вядома ж, бачылі, што калі-нікалі прыносяць тыя рыбу, прычым шмат, задарма...

Не дзіва, што паспытаць рыбацкага шчасця захацеў і Сяргей: далучыўся ён да кампаніі, праўда, паехаў на сваёй «аўдзюсе».

Тым разам шлях недалёкі быў: спыніліся каля возера кіламетраў за пяць ад мястэчка, налавілі рыбы, наварылі юшкі. Пад чарачку-другую пагутарылі пра жыццё-быццё, потым пад добрым градусам (лета, цяплынь...) пакупаліся і забурыліся ў палаткі паспаць.

Ноччу Сяргей прачнуўся і вырашыў пазваніць сваёй Дашы. Абанент быў «часова недасяжны» — і раз, і другі, і трэці... Пасля дзясятага Атэла не на жарт раз'юшыўся і рвануў дадому — бягом і ў адных трусах.

Заспаная жонка дзверы яму адчыніла, з усмешкай паназірала за ходам «вышукаў» палюбоўніка, пакруціла пальцам каля скроні і пайшла ў спальню.

Сяргей, супакоены адсутнасцю каханка, на сваю палову ложка прэтэндаваць не стаў — лёг на канапе ў гасцёўні.

А над возерам тым часам паказалася сонейка — пабудзіла рыбакоў. Праўда, не ўсіх... Сяргеева машына, адзенне і вуды былі на месцы — яго самога не было нідзе. Кампанія стала ўспамінаць, чым жа ўчора скончыўся вечар?.. «Купаннем?» — « Так». — «Хто пасля бачыў Сярогу?» — «Ніхто».

Здагадка была самай жахлівай. Пяць чалавек, не чакаючы вадалазаў, палезлі ў возера ў пошуках цела. Двое — Арцём з Міхалам — рушылі ў пасёлак, каб паведаміць Дашы страшную навіну.

А Сяргей тым часам прачнуўся ад «сушняку», ціхенька адзеўся і рушыў у краму па піва. Ён, што называецца, з хаты, сябры-рыбаловы — туды: сабраўшыся з духам, паведамляюць Дашы, што муж таго... Загінуў... Трагічна... «Машына збіла», — перад стратай прытомнасці мільгае ў жончынай галаве. «Давай па «хуткую!» — крыкнуў Арцём Міхалу. А сам падхапіў Дар'ю на рукі, занёс на канапу, стаў расшпіляць блузку...

За гэтым заняткам яго і заспеў Сяргей.

Што было далей, здагадацца няцяжка: дактары з'явіліся хутка і ўбачылі, што дапамога патрэбна не столькі Дар'і, колькі Арцёму.

Добра ўсё, што добра канчаецца.

Праўда, на рыбалку Сяргея болей не бяруць: тая была першай і апошняй.

Алена НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы


Каханне і жаданне

Раскажу табе я, дружа,

Як займела Люся мужа:

Пра любоў хлапцу шаптала,

Дагаджала, слугавала —

Стала жонкай,

адным словам.

 

...Муж

падаўся ў лес па дровы.

Колькі сушак спілаваў, —

Порткі месцамі парваў...

Што рабіць?

Далей шчыруе, —

Жонка ж неяк зацыруе...

Стаў галлё затым цягаць, —

Камізэльку не пазнаць:

Перапэцкаў — як дзіця...

Ёсць машына для мыцця...

Каб сям'і было цяплей,

Муж стараецца далей...

 

Як яго сустрэла Люся,

Расказаць вам не бяруся!

Гэткай лаянкі, абразаў

Муж не чуў яшчэ ні разу!

Аж задаўся быў пытаннем:

Дзе ж падзелася каханне,

Калі жонка толькі й марыць,

Каб уволю паўладарыць?

 

...Нас, мужчын, кахаюць часам,

Ды трымаюць пад абцасам.

Адкуль сваркі ды разводы,

Разумеюць не заўсёды....

Іван АСТРОЎСКІ

г. Мінск


Хто язык доўгі мае, таму дрэнна бывае...

Леташняй восенню адна з нашых супрацоўніц пайшла ў дэкрэтны адпачынак. На яе месца — часова — аформілі іншую маладзіцу, і цяпер пяць разоў на тыдні мы сустракаемся і чаго толькі не слухаем, бо язык у нашай Рыты (імя зменена) — як тое памяло: мяце — ну ўсё без разбору і найменшага роздуму...

У выніку недзе праз тыдзень ці не ўсе ў нас ведалі ўжо, што ёй — 24, што не замужам і не была, што палюбоўнікаў мела...

Яна цікава пра іх расказвала (найболей, вядома ж, у «курылцы», такім жа маладым), куды вазіў яе першы, што любіў другі, чым займаўся трэці... Па імені Рыта хіба апошняга звала — Грышу. Той, як хвалілася, заўсёды з кветкамі да яе прыязджаў, з прысмакамі, з падарункамі, а ўрэшце ўзяў пуцёўку...

Яна, мусіць, з тых была, што часам гараць — нават сінім полымем, бо наша Рыта спехам афармляла водпуск, пыталася, што браць з сабою, бегала на манікюр-педыкюр, купляла новыя сукенкі, фарсіла стрыжкай...

І вось, нарэшце, на рабоце ў нас трохі пацішэла: Рыта — шчаслівая — здаецца, паехала!

...А вярнулася — і не пазнаць: прапаў, сказала, водпуск. Прычым гэта... мы вінаваты (бо «накаркалі») — з-за яе ж дурнога языка.

...Непрыемнасці, калі па парадку, пачаліся ў Рыты яшчэ на вакзале. Адразу ж, на ўваходзе, яна паглядзела на табло: прачытала, што цягнік адправіцца на паўтары гадзіны пазней.

Стала думаць, як гэты час прабавіць: здаць рэчы ў камеру захоўвання і пайсці ў горад ці пашвэндацца тут? Можна ў дарогу часопіс купіць, прыкінуць, дзе найлепшая кава і якія пірожныя...

У пошуках, ад няма чаго рабіць, заблукала ў залу чакання — захацела трохі пасядзець...

Народу, як расказвала, было няшмат: навідавоку і сем'і, і кампаніі, а найболей чамусьці жанчын-адзіночак.

Рыта падсела да пажылой, інтэлігентнай... Вырашыла, што з ёй можна будзе спачатку пагутарыць, а потым — пакінуць рэчы і схадзіць пакурыць...

Разлік аказаўся правільны: яны сапраўды крыху пагаварылі — пра надвор'е, пра тое, хто куды едзе, пра цягнікі (на свой жанчына спазнілася — падвяла нага...).

Побач з ёй Рыта ўбачыла адмысловы кіёк, распытала пра хваробу, выдала ўсё, што чула пра яе, потым — як добрай знаёмай — падрадзілася прынесці кавы з пірожнымі: расказала, якія тут прадаюцца, якія любіць сама, а якія — Грыша.

Пачуўшы гэта імя, жанчына як быццам насцярожылася, але Рыта не звярнула ўвагі. Яна ўжо расказвала (язык без касцей...), што Грыша — гэта яе палюбоўнік. «У вашым узросце і з вашымі хваробамі, — на «кампліменты» дзеўка ніколі не скупілася, — каханкі, вядома ж, не патрэбны, а ў маім — яшчэ і як! Я маладая, мужа няма...»

— Дык яго ж і не будзе, — перапыніла яе жанчына з палачкай.

Аднак Рыта слухаць не стала:

— А за каго выходзіць, — спытала ў цёткі. — Калі вакол адна галата... І ў самой зарплата малая. Добра, што Грыша ёсць — дапамагае. Ажаніцца абяцаў — праз год. Ён якраз дзяцей на платным давучыць, дом дабудуе. Сказаў, каб было што пакінуць і з сабой што ўзяць. Значыць, не ўлегцы прыйдзе: нешта адсудзіць...

— Ён старэйшы? — яшчэ раз перапыніла Рыту жанчына з палачкай.

— Так. Удвая... Але ж ён хоць куды яшчэ! Я зараз пакажу: картачак — проста цемра... Вось, паглядзіце...

Рыта выцягнула смартфон, пахвалілася:

— Грыша падарыў... І пярсцёнкі ўсе таксама...

Тонкім, упрыгожаным пальчыкам яна ліха тыцкала па экране смартфона, з якога тут жа ўсміхаўся Грыша — каханак маладой жанчыны і... муж старэйшай.

— Во ў якую камандзіроўку ён заўтра едзе, — немаведама каму стала казаць жанчына. Рыта нічога не разумела.

— Новыя кантракты ён будзе заключаць... Ювелірку на хабар купляе... А сам... Як ён мог... А вы...

Рыта, мусіць, шмат што яшчэ магла б пачуць (і нават сказаць), калі б не вакзал, не міліцыя, калі б тая жанчына была без палкі... А так...

Сумку схапіла і ходу...

Увесь водпуск, як прызналася, адсядзела дома. Усё чакала, што аб'явіцца Грыша, нават пераедзе, але...

Знік чалавек. Скончыўся раман. Рыта ў чаканні новых.

С. ДАНІЛОВІЧ

г. Гомель

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР 


Ад яе ж кароткае «Пішыце!» (з нумарам тэлефона для аператыўнай сувязі) і ведайце: чалавек, які смяецца не менш за 17 хвілін у суткі, прадаўжае сабе жыццё на цэлы год. Так што рабіце высновы!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».