Вы тут

Мінск рыхтуецца да святкавання Дня Перамогі


  Менш як тыдзень засталося да аднаго з найгалоўнейшых свят нашай краіны — Дня Перамогі. Пра тое, якія мерапрыемствы падрыхтавалі сталічныя ўлады да вялікай урачыстасці, расказала начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава.


— Амаль месяц таму, 9 красавіка, распачалася гарадская патрыятычная акцыя «30 дзён да Перамогі», якая адкрыла цыкл урачыстых мерапрыемстваў. Гэтая акцыя ўсё яшчэ актыўна праходзіць на тэрыторыі горада. 6 мая пачнецца перыяд асноўных святкаванняў. У гэты дзень будзе арганізаваны аўтапрабег па знакавых і памятных мясцінах Мінска, які завершыцца памятнымі мітынгамі, прысвечанымі Дню Перамогі.

Таксама 6 мая адбудзецца святочны канцэрт з удзелам майстроў мастацтваў у Палацы Рэспублікі, пачатак а 17:00. Праз два дні, 8 мая, на Плошчы Дзяржаўнага сцяга пройдзе ўшанаванне дзяржаўных сімвалаў. Дадзенаае свята праходзіць штогод у другую нядзелю мая, што гэтым разам супала з пярэдаднем Дня Перамогі.

9 мая ў 11.00 у рамках акцыі «Беларусь памятае» адбудзецца «Шэсце пакаленняў» да манумента Перамогі, дзе ўдзельнікі ўскладуць кветкі. Узначаляць калону навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў, вучылішчаў і клубаў. Трэба адзначыць, што ўпершыню ўдзел у такім шэсці не будуць браць ветэраны, але яны наведаюць іншыя святочныя пляцоўкі.

Прапаную мінчанам узяць удзел у згаданай акцыі і аддаць даніну павагі тым людзям, якія абаранялі нашу радзіму падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталь Брэль расказаў, што асноўнай ідэяй гарадскіх мерапрыемстваў стане тэма «Год гістарычнай памяці».

— Прастора ўздоўж праспекта Пераможцаў будзе падзелена на 3 тэматычныя зоны. Каля Палаца спорту з 7 да 9 мая будзе арганізаваны святочны кірмаш, таксама ў асноўны дзень свята там будзе праведзены канцэрт. Другая тэматычная зона напоўніцца ваеннымі квэстамі і кінапляцоўкай. Трэцяя пляцоўка, «Служу Беларусі», размесціцца каля ўвахода ў музей ВАВ, каля яе будуць арганізаваны ваенныя выставы.

Упрыгажэннем свята Перамогі стане традыцыйны салют, які пройдзе ў некалькіх лакацыях сталіцы: парках Янкі Купалы, М. Паўлава, Уга Чавеса, на набярэжнай у Драздах, каля «Чыжоўка-Арэны».

Прадстаўнік дзяржаўнага прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў растлумачыў, што Мінск падрыхтаваны да вялікай колькасці пасажыраў.

— Гарадскі транспарт у перыяд правядзення мерапрыемстваў будзе працаваць па графіку выхаднога дня. Па маршруце асноўных пляцовак ад Палаца спорту да Плошчы Дзяржаўнага сцяга на праспекце Пераможцаў будуць скарочаны інтэрвалы руху з дабаўленнем дадатковых транспартных адзінак.

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алены Нагорнай, да падрыхтоўкі святочнага мерапрыемства каля Палаца спорту падключыўся Мінскі аўтамабільны завод.

— Дзякуючы МАЗу на нашай пляцоўцы будзе выстава машын, розыгрыш прызоў ад каманды «МАЗ-СПОРТаўта». У кожным мінскім раёне будуць працаваць гандлёвыя пляцоўкі, з графікам работы якіх можна азнаёміцца на сайце Мінгарвыканкама.

Падвёўшы вынікі прэс-канферэнцыі Вольга Чамаданава звярнулася да мінчан і гасцей сталіцы наконт дадатковых мер засцярогі і праверак.

— Бяспекі шмат не бывае. Хочацца, каб грамадзяне з разуменнем ставіліся да тых новаўвядзенняў, якія робяцца для іх абароны. Важна, каб у людзей быў святочны настрой, а мерапрыемствы праводзіліся без здарэнняў.

Аляксей КАРПУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.