Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


(Працяг. Пачатак можна прачытаць тут).

Пасля прызначэння рэктарам Міхаіл Аляксандравіч Аўласевіч стрымаў сваё слова і прапанаваў мне пасаду першага прарэктара. І адразу даручыў пачаць працу па пераўтварэнню інстытута ва ўніверсітэт, прычым не педагагічны, а класічны. На мой погляд, гэта было своечасовае і правільнае рэктарскае рашэнне. Ён, як кіраўнік, павінен быў вызначаць стратэгічны накірунак развіцця ВНУ, пераканаць у своечасовасці выбару такой мэты калектыў, правільна раставіць для гэтага кадры і арганізаваць адпаведную працу. Мне ён сказаў пакінуць кіраўніцтва вучэбным комплексам і цалкам пераключыцца на падрыхтоўку інстытута да акрэдытацыі на статус універсітэта. Каласальная аб’ёмная і працаёмкая задача. Перш за ўсё, трэба было адкрываць падрыхтоўку студэнтаў па навуковых спецыяльнасцях, а дезля гэтага патрэбны былі новыя адукацыйныя стандарты, вучэбныя планы і праграмы. Вучэбныя курсы для навуковых спецыяльнасцяў болей аб’ёмныя і глыбокія, чым для педагагічных, адпаведна, для іх рэалізацыі патрэбны выкладчыкі вартага ўзроўню, і трэба істотна павышаць кваліфікацыю тых, хто ўжо працуе ў інстытуце, і запрашаць новых. А дзе іх узяць, чым прывабіць? І яшчэ адна не меней складаная задача — знайсці заказчыкаў для нашых будучых выпускнікоў па навуковых спецыяльнасцях. Трэба адкрыць і хаця б адзін савет па абароне дысертацый, іначай які мы ўніверсітэт? А такіх саветаў у нас ніколі не было! Для ўніверсітэта патрэбны іншы ўзровень міжнароднага супрацоўніцтва, павінны быць у наяўнасці магутныя навуковыя школы і яшчэ шмат што іншае. Але, што цікава, такія задачы мабілізуюць калектыў і, хаця ў многіх выкладчыкаў яны выклікаюць сумненні ў своечасовасці пастаноўкі і нараканні з нагоды іх неабходнасці (бо давядзецца ж выконваць зусім новую і няпростую працу), увогуле людзьмі прымаюцца, а рэктару ствараюць патрэбны аўтарытэт кіраўніка. 


Працаваць з Міхаілам Аляксандравічам было камфортна. Мне, як і многім маім калегам, ён давяраў. Бо ведаў нас, сваіх падначаленых, вельмі добра і з усіх бакоў — мы ж пры ім падымаліся ад студэнтаў да прарэктараў. Плюс да ўсяго дэталі практыкі кіравання Аўласевічу былі ўжо нецікавымі: за дваццаць тры гады прарэктарскай працы ён з імі сутыкаўся дастаткова. Таму вызначаў у асноўным стратэгічныя задачы. Мае сябры жартам гаварылі, што Міхаіл Аляксандравіч замовіў сабе штэмпель са словамі «Радзькову да выканання!» і з яго дапамогай распісваў службовую пошту на працягу пяці мінут. Але мы з ім заўсёды падрабязна абгаворвалі ўсе нашы планы, фінансавыя і кадравыя пытанні, маглі свабодна абмеркаваць і разнастайнае, насычанае цікавымі гісторыямі і падзеямі інстытуцкае жыццё. У працы, у размовах з Кудрашовым я быў заўсёды напружаны, хаця з часам ён да мяне пачаў ставіцца прыхільна і быў даверлівым. Яўген Паўлавіч быў маім кіраўніком-настаўнікам. А вось Аўласевіч стаў кіраўніком-калегам. 

Міхаіл Аляксандоавіч навучыў мяне гранічна ўважліва працаваць з дакументамі, у прыватнасці, складаць разнастайныя справаздачы, дакладныя, загады і распараджэнні. Я рыхтаваў адпаведныя праекты і аддаваў іх яму на ўзгадненне. Аўласевіч, паколькі быў прафесійным філолагам, меў вялікую практыку праверкі пісьмовых прац — дыпломных, курсавых, сачыненняў, дыктантаў. Навыкі ацэнкі правільнай стылістыкі і арфаграфіі напісанага былі ў яго ў крыві, таму на маіх нарыхтоўках па адпрацаванай гадамі звычцы ён аўтаматычна чырвоным алоўкам адзначаў мае пралікі, выносіў на палі адпаведныя пазнакі. А напрыканцы падрыхтаванага дакумента праз дроб запісваў колькасць сінтаксічных і арфаграфічных памылак. Першы час мяне гэта крыху шакіравала. Але пазней я да яго манеры працы з дакументамі прызвычаіўся, ды і пісаць пачаў шмат акуратней. А адказнасць да напісання дакументаў захаваў з таго часу на ўсё жыццё. 

У адпаведнасці з планамі станаўлення ўніверсітэта, адказа на запыт грамадства ў спецыялістах нам давялося працягнуць адкрыццё новых спецыяльнасцяў, а адпаведна, кафедр і факультэтаў. Мы пачалі падрыхтоўку юрыстаў, эканамістаў, настаўнікаў замежнай мовы. Зразумела, запрасілі выкладчыкаў гэтых новых для нас профіляў, але і навукова-педагагічны патэнцыял педінстытута быў высокі — ўсе выкладчыкі, якія працавалі, пачалі настойліва авалодваць новымі вучэбнымі планамі і праграмамі. Ніхто, на крайні выпадак, адкрыта, не абураўся. На такіх пераходных этапах вельмі важны аўтарытэт рэктара, яго перакананасць ў правільнасці прынятых рашэнняў, у шчырай дэманстрацыі веры ў магчымасці свайго калектыву. У Міхаіла Аляксандравіча такі аўтарытэт быў. 

Для ўніверсітэцкага статуса патрабаваліся дзейсныя міжнародныя сувязі. У нас яны былі з многімі ВНУ былога Савецкага Саюза, але відавочна не хапала ўзаемадзеяння з заходнімі ўніверсітэтамі. Мы з Аўласевічам вырашылі знайсці партнёраў для ўваходжання ў Тэмпус-праграму развіцця супрацоўніцтва еўрапейскіх універсітэтаў. Нейкімі сяброўскімі сувязямі выйшлі на дырэктара Інстытута перакладу і міжнародных стасункаў Універсітэта Страсбурга доктара Экхарта Хётцэля, запрасілі яго ў нашу ВНУ. І ён прыехаў! Паабяцаў сваю дапамогу ў пошуку еўрапейскіх партнёраў і ў парыхтоўцы адукацыйнага праекта для ўваходжання ў Тэмпус-праграму. Міхаіл Аляксандравіч даручыў мне ўзначаліць творчую групу для арганізацыі гэтай працы. Галоўным выканаўцам у ёй быў Хётцэль, мяне калегі запрашалі толькі для абмеркавання ключавых тэм. Аднойчы асноўны перакладчык рабочай групы Леанід Фельдман прыбег да мяне ў кабінет і заявіў, што Хётцэль тэрмінова запатрабаваў маёй прысутнасці для абмеркавання ключавых ідэй. Я стаў выкладаць сваю пазіцыю, гаварыў натхнёна, энергічна, высокім тэмпам. Фельдман запратэставаў, ён не паспяваў перакладаць Хётцэль махнуў на яго рукой і на нямецкай сказаў: 

- Леанід, не трэба перакладу! Ён вельмі пераканаўча гаворыць на рускай! 

Экхарт працаваў у нас тыдзень, і за гэты час мы з Міхаілам Аляксандравічам у кабінеце рэктара некалькі разоў вялі з ім гутаркі. Пра палітыку, традыцыі еўрапейскіх універсітэтаў, пра Балонскі працэс, які набіраў сілу, проста пра жыццё. Перад яго ад’ездам сабраліся, каб канчаткова ўзгадніць напрацаваныя дакументы да заяўкі на атрыманне гранта Тэмпус-праграмы. Ізноў разгаварыліся. І тут Экхарт вырашыў нам даверыцца. Ён растлумачыў, чаму выбраў Магілёўскі ўніверсітэт для партнёрства ў Тэмпус-праграме:

- Мой бацька ваяваў у гэтых мясцінах, пад Бабруйскам, быў паранены, патрапіў у савецкі палон, працаваў да 1950 года на будоўлях, вызваліўся, прыехаў у Германію, жаніўся і стварыў мяне. Да гісторыі яго жыцця я быў раўнадушны, бацька са мною таксама гэтыя тэмы не абмяркоўваў. Але пасля яго смерці мяне раптам пацягнула ў гэтыя мясціны, дзе ён удзельнічаў у баявых дзеяннях, пакутаваў, перажываў, стараўся з усіх сіл выжыць. Мяне пакутліва трывожылі думкі: што яму трэба было ў гэтай далёкай старонцы, хто яго прымусіў прыйсці сюды са зброяй у руках, якія пачуцці яго ў той час адольвалі і як ён усё гэта перажыў? Я не стаў адразу дзяліцца з вамі гэтымі думкамі. Вашы родныя і блізкія асабіста перажылі гэтыя жахлівыя ваенныя гады, многія загінулі, атрымалі раненні, былі знявечанымі. Але я ўбачыў у вас распалажэнне да мяне і вырашыў падзяліцца сваімі перажываннямі. Вельмі ўдзячны вам за гасціннасць і ўвагу да мяне. Я працаваў у вас з задавальненнем, спадзяюся і на рэзультаты. 

Думаю, што, як і многія, Хётцэль разгледзеў, адчуў у асобе Аўласевіча ўважлівага і інтэлігентнага чалавека, які выклікаў шчырасць. 

Хётцэль жа знайшоў нам яшчэ ў якасці мяркуемага партнёра Лісабонскі ўніверсітэт... Да нас прыехалі два прарэктары з гэтай ВНУ — маладыя сімпатычныя партугальцы, што цікава, адзін з іх аказаўся з арыстакратычнай сям’і, віконт! Над дакументамі яны асабліва не напружваліся, даверыліся ў гэтых бюракратычных справах нам. Іх цікавіў побыт і традыцыі жыцця людзей у нашай краіне, гісторыя Вялікай Айчыннай вайны і прырода нашага края --- лясы, рэкі, азёры, балоты. Мы з рэктарам вырашылі паказаць ім нашу вучэбную базу, якая размяшчалася за горадам. Яна знаходзілася ў прыгожым урочышчы Любуж на высокім беразе Дняпра, была акружана сасновым лесам, у якім захваліся сляды баёў у часіны Вялікай Айчыннай вайны. Нашы калегі з Партугаліі былі ў захапленні ад ракі і яе прыбярэжных лугавін, ад дагледжанага дэндрарыя на тэрыторыі базы, ад сасновага бора. Яны самым падрабязным чынам аглядалі акопы, якія захаваліся з часін вайны., бліндажы, хованкі для кулямётаў і гармат, уважліва слухалі нашы аповеды пра гераічную абарону Магілёва ў ліпені 1941 года. Нашы адносіны сталі настолькі сяброўскімі, што мы з рэктарам прапанавалі ім перад вячэрай лазню. Яна была пабудавана для студэнтаў біялагічнага факультэта, якія ў час палявой практыкі жылі на гэтай базе падоўгу. Аўласевіч пры гэтым спытаў мяне, у якім стане знаходзіцца лазня. Але ж я ведаў, што яна практычна новая, зусім нядаўна выкарыстоўвалася, і папярэдне яе не паглядзеў. Але калі мы накіраваліся да лазні, лабарант Міхаіл Дзюндзін, які жыў у савім доме побач з вучэбнай базай, ціха мне сказаў, што студэнцкая лазня на рамонце. Убачыўшчы мой здзіўлены позірк, папрасіў не хвалявацца: для такіх важных гасцей ён напаліў сваю ўласную лазню. Я яшчэ падумаў, што ў гаспадарлівага Дзюндзіна лазня будзе лепшая, чым студэнцкая. Пагадзіўся. Але калі яе ўбачыў, мяне ахапіў жах! Лазня была ў скошаным старым доміку, знутры з земляной падлогай, страшэнна абкуродымленыя сцены. І палілася «па-чорнаму». А мы з рэктарам туды — віконта! Давялося зрабіць выгляд, што мы вырашылі паказаць нашым гасцям з Партугаліі экзотыку мілага старога вясковага жыцця. Дарэчы, яны былі ў захапленні. А я назаўсёды зрабіў для сябе выснову: за ўсім трэба глядзець самому. Рэктар жа пра гэта мяне папярэджваў! 

У Тэмпус-праграму мы так і не патрапілі, хаця заяўку на ўдзел унеслі. Праігралі конкурсны адбор, але на пасяджэнні камісіі за нас актыўна выступаў доктар Хётцэль. Мы з рэктарам усё адно былі задаволеныя праробленай у гэтым накірунку працы. 

Для ажыццяўлення пераўтварэння інстытута ва ўніверсітэт мы вырашылі заручыцца падтрымкай свайго выпускніка — Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Запрасілі яго наведаць родную ВНУ. Візіт адбыўся 3 лістапада 1996 года. Аляксандр Рыгоравіч з задавальненнем прайшоў па вучэбных кабінетах, дзе ў свой час вучыўся, агледзеў створаны музей гісторыі інстытута, вельмі цёпла і нязмушана пагаварыў са сваімі выкладчыкамі — П. Ф. Дзмітрачковым, Г. І. Валчком, Я. І. Трашчанком — і сустрэўся з калектывам гістарычнага фаакультэта. На гэтай сустрэчы Міхаіл Аляксандравіч дакладваў Прэзідэнту пра работу нашага інстытута і перспектывах яго развіцця. Прыкметна хваляваўся, але менавіта гэты яго стан сведчыў пра шчырыя намеры рэктара ўмацоўваць давераную яму ВНУ. Прэзідэнт адобрыў нашы планы і паабяцаў падтрымаць будучы ўніверсітэт, у тым ліку і яго матэрыяльную базу. Безумоўна, гэтая сустрэча натхніла нас на ажыццяўленне вызначаных планаў, хаця за дзень перад ёю мы з рэктарам вытрымалі трывожнае напружанне. Нам у прыёмную пазваніў невядомы і сказаў сакратару Лідзіі Пятроўне:

- Чакаеце Прэзідэнта? Ну дык рыхтуйце катафалк і дамавіны!

Мы адразу ж паведамілі пра гэты званок у Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Усе ўстрывожыліся не на жарт! Бо цалкам верагодна, што гэта было папярэджванне пра магчымы тэрарыстычны акт. Для высвятлення ўсіх абставін, забеспячэння бяспекі візіту Прэзідэнта быў створаны аператыўны штаб, у які ад інстытута па даручэнню рэктара ўвайшоў я. Гэты штаб працаваў поўныя суткі ў маім кабінеце першага прарэктара. Пра адмену візіту размовы быць не магло — усе разумелі, што гэта не ў характары нашага Прэзідэнта. І заняткі мы адмяніць не маглі – ён не паедзе ў пусты будынак. Таму аператыўная работа была арганізавана па двух накірунках: забеспячэнне бяспекі ў час візіту людзям, якія прысутнічалі ў інстытуце, і пошук таго, хто званіў. Паколькі я непасрэдна ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах КДБ і Службы бяспекі Прэзідэнта, то магу афіцыйна сцвярджаць пра выключна прафесійную працу, разумную і строга арганізаваную работу супрацоўнікаў гэтых ведамстваў. Не маю права расказваць пра метады іх працы, але ў выніку і рэктар і я былі ўпэўненыя ў забеспячэнні бяспекі ўсіх, хто знаходзіўся ў будынку інстытута. І таго, хто званіў з пагрозай тэракта, аператыўнікі вылічылі! Дарэчы, псіхічна ненармальны чалавек, але ж ніхто пра гэта не ведаў! 

Стрэсавых сітацый у працы рэктара нямала.

Аляксандр РАДЗЬКОЎ 

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.