Вы тут

Выпускныя вечары пройдуць 10 чэрвеня


Міністэрства адукацыі вызначылася з датамі правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў, звязаных з заканчэннем навучальнага года, і выпускных экзаменаў. Апошнія званкі для вучняў 9-х і 11-х класаў прагучаць 30 мая. Выпускныя вечары для адзінаццацікласнікаў Міністэрства адукацыі рэкамендуе правесці 10 чэрвеня.


3 1 па 9 чэрвеня ў школах пройдуць выпускныя экзамены на ІІ і ІІІ ступенях навучання.

Выпускнікі 11-х класаў будуць здаваць чатыры абавязковыя экзамены. Пісьмовыя іспыты па рускай або беларускай мове (па выбары) і матэматыцы пройдуць 1, 3 і 6 чэрвеня. Тэксты і заданні для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме будуць аб’яўляцца па радыё і тэлебачанні, а таксама размяшчацца на партале Міністэрства адукацыі. Навучэнцы сярэдніх школ, у якіх было арганізавана вывучэнне гэтых прадметаў на базавым і на павышаным узроўні, будуць пісаць пераказ і экзаменацыйную работу па матэматыцы па розных заданнях і тэкстах. Акрамя таго, адзінаццацікласнікам трэба будзе здаць вусны экзамен па замежнай мове і гісторыі Беларусі.

Пасля заканчэння базавай школы вучні будуць здаваць тры экзамены: беларускую мову (дыктоўку), рускую мову (дыктоўку) і матэматыку пісьмова. Даты правядзення пісьмовых экзаменаў 2, 7 і 9 чэрвеня.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пры правядзенні выпускных экзаменаў у пісьмовай форме (за выключэннем выпускнога іспыту па матэматыцы) у класах інтэграванага навучання і выхавання ствараюцца дзве экзаменацыйныя камісіі і выдзяляюцца два асобныя памяшканні для правядзення выпускных экзаменаў.

Выпускныя экзамены па вучэбных прадметах, якія праводзяцца ў пісьмовай форме, пачынаюцца ў 9 гадзін.

Для навучэнцаў 11-х класаў, якія засвоілі ў поўным аб’ёме змест адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых), арганізуецца кваліфікацыйны экзамен. Да яго дапускаюцца навучэнцы, якія выканалі ў поўным аб’ёме патрабаванні вучэбна-праграмнай дакументацыі, маюць выніковую адзнаку па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне» не ніжэй за 3 балы, а пропускі заняткаў у іх не перавышаюць 30 працэнтаў гадзін за ўвесь перыяд навучання па прадмеце «Працоўнае навучанне».

Адзнака на кваліфікацыйным экзамене не ўплывае на адзнаку, выстаўленую ў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне». Гадавая адзнака будзе выстаўляцца як сярэдняе арыфметычнае адзнак, атрыманых па выніках кожнай чвэрці. У атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі выстаўляецца гадавая адзнака па працоўным навучанні, атрыманая ў XI класе.

Для адзінаццацікласнікаў, якія засвойваюць прафесіі, па якіх адукацыйны працэс можа быць арганізаваны без прысваення разраду, калі аб’ём вучэбнага часу недастатковы для прысваення разраду, кваліфікацыйны экзамен не праводзіцца, а навучэнцам выдаецца даведка аб навучанні.
Навучэнцам, якія паспяхова здалі кваліфікацыйны экзамен, выдаецца пасведчанне ўстаноўленага ўзору аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду (класа, катэгорыi) па прафесii.

Для ўсіх навучэнцаў невыпускных класаў навучальны год заканчваецца 31 мая. 

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?