Вы тут

Смартфон і... Софія Кавалеўская. Як адкрыцці працуюць на будучыню


Што такое смартфон, тлумачыць не трэба. Шмат хто ведае і пра першую ў свеце жанчыну прафесара матэматыкі Софію Кавалеўскую. Праўда, сёй-той запярэчыць: Софія — гэта па-руску, а па-беларуску трэба пісаць Соф’я. Аднак гэта хоць і блізкія па гучанні, але розныя імёны. З такога шэрагу Іна і Інеса, Ала і Аліна. Дарэчы, хатнія Софію звалі Софа, Софка, Сонечка. А прозвішча Кавалеўская — па мужу.


Софія Кавалеўская.

Бацька Софіі Васіль Корвін-Крукоўскі меў вайсковае званне генерал-лейтэнанта артылерыі. Ён паходзіў са старажытнага шляхецкага беларускага роду герба «Корвін». У пачатку ХVІ стагоддзя гэты герб стаў адным з адгалінаванняў яшчэ больш даўняга — «Слепаўрон». Паводле сямейнай легенды, пасля таго, як дачка венгерскага караля Мацея Корвіна выйшла замуж за польскага магната КорвінКрукоўскага. Асабліва ганарылася першай часткай свайго двайнога прозвішча Софія. Аднак ні яна, ні ўсе ў іх родзе не здагадваліся, што Корвін-Крукоўскі ў сапраўднасці быў беларусам.

Софія нарадзілася 15 студзеня 1850 года ў Маскве, дзе яе бацька камандаваў артылерыйскім дывізіёнам. Старэйшая сястра Ганна — 18 кастрычніка 1843 года. Быў і брат Фёдар. Бацькі спадзяваліся, што другое дзіця таксама будзе хлопчыкам. Загадзя прыдбалі крыжык з распяццем. Купілі чэпчык з блакітнай стужкай.

Пра гэта Софка ведала яшчэ ў маленстве. Чула ад няні, быццам Анюта, як звалі сямейнікі Ганну, і Федзя — маміны любімчыкі, а яна — нялюбая. Няню вельмі любіла. Асабліва пасля таго, як у 1858 годзе бацька пайшоў у адстаўку і сям’я пераехала ў родавы маёнтак Палібіна ў Віцебскай губерні, блізу дарогі з Вялікіх Лук у Невель.

Няня шкадавала яе. Інакш, як ясачкай, мілкай не называла. Старалася кампенсаваць тую ласку, якой дзяўчынцы не ставала ад маці. У кнізе «Успаміны маленства» Софія Васільеўна згадвала: «Часам і адчуваю жаданне прылашчыцца да мамы, залезці ёй на калені, але гэтыя спробы неяк заўсёды заканчваюцца тым, што я з-за нязграбнасці то зраблю маме балюча, то разарву ёй сукенку і потым уцяку з сорамам і схаваюся ў кут. Таму ў мяне пачало развівацца нейкае дзікунства ў адносінах да мамы».

Затое рана выпрацавалася самастойнасць. Без чыёй-небудзь дапамогі навучылася чытаць. У кнізе ці газеце, убачыўшы якую-небудзь літару, пыталася, як яна называецца. Так хутка вывучыла ўвесь алфавіт, а пасля змагла чытаць асобныя словы. Пераезд у Палібіна паспрыяў і таму, што зацікавілася матэматыкай. Адбылося гэта нечакана і пры дзіўных абставінах.

Высветлілася, што для абклейкі сцяны ў парадным пакоі не стае шпалераў. Васіль Васільевіч, якога ў маладосці вабіла матэматыка, успомніў, што дзесьці засталіся аркушы лекцый знакамітага матэматыка Міхаіла Астраградскага. Іх і выкарысталі для абклейкі. Дзіўнымі «шпалерамі» зацікавілася Софа. Ва «Успамінах маленства» апавядае: «Аркушы гэтыя, спісаныя дзіўнымі, незразумелымі формуламі, хутка звярнулі на сябе маю ўвагу. Я [...] праводзіла цэлыя гадзіны перад гэтай таямнічай сцяной, спрабуючы разабраць хоць асобныя фразы і знайсці той парадак, у якім аркушы павінны б ісці адзін за адным. Ад доўгага штодзённага сузірання знешні выгляд многіх формул так і ўрэзаўся ў маю памяць, дый сам тэкст пакінуў глыбокі след у мазгу, хоць у момант прачытання ён і заставаўся для мяне незразумелым».

Палюбіць матэматыку падахвоціў яе і гувернёр, беларус з мясцовых Іосіф Малевіч. Нямала паспрыяў брат бацькі Пётр, які «меў да гэтай навукі самую глыбокую павагу». Таленавітай, дарэчы, была і сястра Софіі. Цікавілася літаратурай, пісала прозу. Яе творы апублікаваў у сваім часопісе «Эпоха» Фёдар Дастаеўскі.

У пачатку 1868 года сёстры з маці пачалі жыць у Пецярбургу. Пасяліліся ў доме цётак на Васільеўскім востраве. Анюта адразу напісала ліст Фёдару Міхайлавічу, запрасіла бываць у іх. Ён ахвотна згадзіўся, а пасля і закахаўся ў яе. Прапаноўваў выходзіць за яго замуж. Адмову моцна перажываў.

Софа ж была скрытнай, хавала свае пачуцці. Аднак гатова была пайсці за Дастаеўскім хоць на край свету. Фёдар Міхайлавіч, бадай, здагадваўся пра яе пачуцці. Аднак палохала вялікая розніца ва ўросце. Бачыў у ёй найперш даверлівую, адкрытую дзяўчынку, не пазбаўленую прыгажосці. Яна лёгка знаходзіла паразуменне ў розных кампаніях.

Пазней за тое, што на роўных вяла гаворку пра ўсё, што заўгодна, яе нават называлі «Мікеланджэла размовы».

Многім перадавым дзяўчатам у тагачаснай Расіі хацелася самастойнасці. Некаторыя бачылі выйсце ў заключэнні фіктыўных шлюбаў. Такім шляхам пайшла і Софія. Выйшла замуж за Уладзіміра Кавалеўскага, які пазней стаў заснавальнікам эвалюцыйнай палеанталогіі. Навуцы вырашыла прысвяціць сябе і сама. Ва ўніверсітэце наведвала лекцыі па біялогіі, анатоміі, фізіялогіі. Але разумела: яе прызванне — матэматыка. Брала ўрокі ў вядомага педагога і матэматыка Аляксандра Странналюбскага.

Паколькі ў Расіі жанчынам забаранялі атрымліваць вышэйшую адукацыю, у 1869 годзе паехала за мяжу, у Германію. Праз пяць гадоў вярнулася з трыма дыпломамі. Не толькі вышэйшую адукацыю атрымала — стала доктарам філасофіі і матэматычных навук, а яшчэ — магістрам прыгожага пісьменства. Ды і ўдзельніцай Парыжскай камуны пабыла, ратавала параненых. І апынулася на ростанях…

На выкладчыцкую работу ва ўніверсітэт, канешне, не ўзялі. Уладкоўвацца настаўніцай арыфметыкі ў малодшыя класы гімназіі адмовілася. Не бралі на працу ва ўніверсітэт і Уладзіміра Кавалеўскага. Яму, ужо магістру навук, прыпомнілі ўдзел у рэвалюцыйным руху. Удваіх займаліся выдавецкай дзейнасцю. Софія Васільеўна супрацоўнічала з газетай «Новое время». Напісала аповесць «Прыват-дацэнт» пра жыццё нямецкага ўніверсітэцкага гарадка. У 1877 годзе яна выйшла на нямецкай мове.

Фіктыўны шлюб закончыўся каханнем. У кастрычніку наступнага года ў іх нарадзілася дачка — таксама Софія, а ласкава яе клікалі Фуфу. Жонка ж для Кавалеўскага стала «мілым верабейкам». Але сямейнае шчасце доўжылася нядоўга. Кожны сам па сабе быў яркай асобай. Да ўсяго — жыццёвыя няўладзіцы. Калі паспрабавала ўладкавацца ў Маскоўскі ўніверсітэт, міністр народнай асветы Расіі Андрэй Сабураў цынічна заявіў, што яна і яе дачка «паспеюць састарыцца, перш чым жанчыны будуць дапушчаны да ўніверсітэта». Нічога не далі намаганні і ў Берліне, Парыжы.

Пашанцавала толькі ў 1883 годзе, пасля адкрыцця ў Стакгольме новага ўніверсітэта. Узрадавала і тое, што ў адной з мясцовых газет прачытала: «[...] прынцэса навукі, пані Кавалеўская, аказала гонар нашаму гораду сваім наведваннем і будзе першым прыватдацэнтам у Швецыі». Рыхтуючыся да паездкі, вывучыла шведскую мову. Праўда, свабодна размаўляць на ёй не магла. Студэнтам прапанавала чытаць лекцыі на выбар на нямецкай ці французскай. Яны выбралі нямецкую. Праз год перайшла на шведскую.

Толькі нагрузкі не прайшлі бясследна. Пагоршылася здароўе. Пачалі выпадаць валасы. Перажывала і з-за таго, што дачку пакінула ў сваякоў. А яшчэ скончыў жыццё самагубствам муж. Летам 1884 года Софію Васільеўну прызначылі ардынарным прафесарам. Шмат займалася і навуковай дзейнасцю. Пазнаёмілася з... Кавалеўскім.

Максім Кавалеўскі.

Максім Кавалеўскі — аднафамілец Уладзіміра Ануфрыевіча. Таксама быў адзінокім. Вызначаўся перадавымі поглядамі. Таму выкладаць на Радзіме забаранялі. У Стакгольме бываў наездамі, каб прачытаць пэўны курс лекцый. Цяпер ехаў і для таго, каб пабачыць Софію Васільеўну. Яна таксама хацела яго бачыць. Аднак і без навукі жыць не магла.

Парыжская акадэмія навук якраз аб’явіла спецыяльны конкурс на атрыманне прэміі Бордэна на найлепшае даследаванне на тэму «Аб руху цвёрдага цела». Софія Кавалеўская, якая даўно цікавілася гэтай тэмай, ахвотна прыняла ў ім удзел. І перамагла 14 сапернікаў.

Прэмію ўручаў 24 снежня 1888 года сам прэзідэнт Парыжскай акадэміі навук астраном П’ер Жансен. Ён зазначыў: «Відаць, пані Кавалеўская наследавала любоў да навукі ад свайго знакамітага продка [...]» Меў на ўвазе Мацвея Корвіна. Значыць, дзялілася з многімі сямейнай легендай пра паходжанне свайго роду. У наступным годзе атрымала і прэмію Шведскай акадэміі навук. У Парыжы ў яе гонар ладзіліся навуковыя вечары, арганізоўваліся балі. Падчас іх яна ўжо ўспрымалася сапраўднай каралевай. Але на твары прысутнічала і самота…

Асабістае жыццё не складвалася. Не было пэўнасці і ва ўзаемаадносінах з Максімам Кавалеўскім. Калі не чытаў лекцый, жыў на сваёй віле непадалёку ад Ніццы. Яна — у Стакгольме. Але ў канцы 1891 года разам адпачывалі ў Генуі. Напярэдадні Новага года нечакана прапанавала сустрэць яго надыход на мармуровых могілках. Максім Максімавіч вельмі здзівіўся, але пярэчыць не стаў...

У поўнач паглядзела на яго самотліватужліва. Ад пачутага ж па спіне пабеглі мурашкі: 

— Адзін з нас не пражыве гэты год. Мы правялі Новы год на могілках... 

Моўчкі накіравалася да выхаду. Маўчаў і Кавалеўскі.

У Стакгольм вярнулася 4 лютага 1891 года моцна прастуджанай. Да ўрача звярнулася толькі тады, калі стала зусім не па сабе. Ён доўга не мог паставіць дыягназ. Калі ж ёй палепшала, узрадаваўся: 

— Здаецца, крызіс мінуў.

Але памыліўся: праз некаторы час Софія Васільеўна страціла прытомнасць. Не адну гадзіну яна знаходзілася ў беспамяцтве. Нечакана вусны прыадкрыліся. Адчувалася, што хоча штосьці сказаць. Напружылася і — ледзь чутна прамовіла: «Вельмі шмат шчасця».

Набліжалася раніца 10 лютага 1891 года. Так на 42-м годзе жыцця не стала не толькі сусветна вядомага матэматыка — пайшла ў вечнасць і цікавая пісьменніца. Апроч «Успамінаў пра маленства» і аповесці «Прыват-дацэнт», яна пакінула пасля сябе і вершы, аповесць «Нігілістка», артыкул, прысвечаны творчасці Салтыкова-Шчадрына. Працавала над раманам «Vae victis» («Гора пераможаным»). Трымала ў галаве сюжэты і іншых твораў…

Успаміны. Аповесці

Захаваўся ўрывак з рамана, дзеянне якога адбываецца на Рыв’еры. У адным з персанажаў збіралася ўвасобіць Максіма Кавалеўскага. Незадоўга да смерці напісала разам са сваёй сяброўкай шведскай пісьменніцай Ганнай Шарлотай Лефлер драму «Барацьба за шчасце».

Магіла Софіі Кавалеўскай на Паўночных могілках у Стакгольме

Застаўшыся непераможанай, спрыяе і перамозе іншых — адкрыцці працавалі і працуюць на будучыню. Гэта яна ўстанавіла, што кольцы, якія акружаюць далёкія планеты, эліпсападобныя і складаюцца з малых нябесных целаў для таго, каб іх не разарвала сілай планетарнага прыцяжэння. Да месца прыйшоўся яшчэ адзін яе разлік. Так званы эфект ваўчка, на якім працуюць усе сучасныя гіраскопы. Гэта сіметрычнае цвёрдае цела, якое хутка круціцца. Вось можа мяняць свой напрамак у прасторы. Гіраскоп у сучасным тэлефоне — датчык, які дазваляе аўтаматычна змяняць арыентацыю экрана ў залежнасці ад становішча смартфона. Дзякуючы датчыку можна, напрыклад, перагортваць старонкі і пераключаць трэкі ў плэеры.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Патанулыя ў сетках. Як адарваць дзяцей ад гаджэтаў

Патанулыя ў сетках. Як адарваць дзяцей ад гаджэтаў

У Беларусі за апошнія 10–12 гадоў як агульная, так і пярвічная дзіцячая захваральнасць застаюцца прыкладна на адным узроўні.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?