Вы тут

І зброяй, і словам — Ветэран ВАВ і журналіст Павел Ерашэнка


У свае без малога 97 гадоў удзельнік Другой сусветнай вайны Павел Ерашэнка жыве жыццём актыўнага чалавека: ён у курсе апошніх навін, дагэтуль на раcстаецца з аркушам і ручкай, сустракаецца з моладдзю, журналістамі, ад якіх апошнім часам няма адбою. Прычым, як прызнаецца франтавік, доўгія гутаркі яго ніколькі не стамляюць: успаміны аб мінулым, размовы на актуальныя сёння тэмы даюць яму сілы, паляпшаюць настрой, нават усе балячкі забываюцца. Аб чым сведчыць хаця б той факт, што дзеля паездкі ў рэдакцыю «Звязды» Павел Сафронавіч меў намер спусціцца з дзявятага паверха свайго дома, у якім часова адключылі ліфт. Добра, што блізкія не дазволілі: узрост як-ніяк. У выніку ў госці да ўдзельніка вайны, ветэрана беларускай журналістыкі завіталі мы, яго малодшыя калегі.


Літаральна з парога Павел Ерашэнка расказвае, што ніяк не можа змірыцца са смерцю сваёй жонкі, якая некалькі месяцаў таму пайшла з жыцця. З Надзеяй Паўлаўнай, як падлічыў ветэран, яны пражылі 68 гадоў 2 месяцы і 12 дзён — душа ў душу. «Прыгожа пражылі, — кажа ён. — Усім так жадаю!» Хоць на яго век усяго хапіла. Пра дзяцінства і маладосць, абпаленыя вайной, акурат наша гаворка.

З аднаго пекла — у іншае

Павел Сафронавіч нарадзіўся ў вёсцы Васькавічы Прапойскага (цяпер Слаўгарадскага) раёна ў беднай сялянскай сям'і. Бацькі выхоўвалі пяцярых дзяцей.

Аб тым, што пачалася вайна, жыхары Васькавічаў даведаліся ў першы ж дзень: уздоўж шашы Масква — Варшава, якая побач праходзіла, ішлі нямецкія самалёты. Тры бомбы ўпалі непадалёк ад іх вёскі. Цудам ніхто не пацярпеў. «Гэты жудасны гук ад самалётаў, а потым ад выбуху нам запомніўся на ўсё жыццё», — кажа Павел Сафронавіч, якому праз некалькі дзён пасля вайны споўнілася 15 гадоў.

З жыцця пад акупацыяй Паўлу Ерашэнку запомніўся вось які эпізод. Паліцаі рыхтавалі абозы з нарабаваным у насельніцтва дабром. У людзей забіралі і коней — везці ўсё гэта немцам павінны былі самі гаспадары жывёл. У выніку назбіралася 30 — 40 падвод. Пад моцнай аховай абоз гналі пад Маскву. Тыя, хто ехаў на сваіх конях, асаблівай патрэбы ў ахове не меў: людзі былі ўпэўнены, што іх адпусцяць.

— У апошнія хвіліны перад адпраўкай спахапіліся, што не хапае аднаго мужыка: той кінуў свайго каня і ўцёк, — расказвае Павел Сафронавіч. — Трэба адпраўляць абоз, а няма як. Наша хатка стаяла побач з управай. Бачу, паліцаі ідуць. Адразу зразумеў, што нешта нядобрае, залез на печку. Мяне сцягнулі адтуль ледзь не басанож. Пасадзілі на месца возчыка, які збег, і рушылі ў дарогу.

Ехалі некалькі сутак. У выніку паліцаі перадалі абоз немцам, а людзей не адпускалі. «Думка бегчы не пакідала мяне, — успамінае ўдзельнік тых падзей. — Вырашыў уцякаць у першую ж ноч, пакуль немцы не агледзеліся. Нас ахоўваў паліцэйскі. Я з яго ўсю ноч вачэй не спускаў. Гляджу, той прысеў на парожак і задрамаў. Уявіце дзіцячую душу, як я пераступаў праз гэтага немца: сэрца тройчы магло выскачыць з грудзей! Адчыніў сенцы і пабег куды вочы глядзяць».

Бег сутак двое. «А ў кішэні — ні запалкі, ні скарынкі хлеба — нічога, — працягвае ветэран. — Аднак голад не цётка. У адну хату заглянеш — потым куляй адтуль бяжыш. У другой не так небяспечна, але есці няма чаго. Адна бабуля, выбачаючыся, прапанавала паесці таго, што прыгатавала для сваіх свіней. Чарпануў з карыта і далей пабег. Выскачыў на дарогу, сустрэў мужыка, пытаюся, куды бягу. Аказалася, на Калугу, а мне ж трэба на Магілёўшчыну. Вырашыў, што лепш ісці па месцах, дзе немцы прайшлі. У асноўным, гэта палі бітвы. Іду, а вакол трупы ляжаць: людзей, каней... Хочацца спаць, ляжаш каля астанкаў вялікага каня, прыкінешся, што сам забіты, падрэмлеш і далей бяжыш...»

Толькі на восьмыя суткі Павел Ерашэнка з'явіўся ў хаце. Маці ўзрадавалася: не ведала ўжо што і думаць. А тут яшчэ камендатура шукае. «Атрымліваецца, прыйшоў з аднаго пекла ў іншае: гэта азначала верную смерць, — заўважае Павел Сафронавіч. — Што рабіць? Бацька ў мяне хоць непісьменны быў, але прыдумаў падняць на печы некалькі дошак, зрабіць лаз на гарышча: там сена, цёпла, зацягнулі туды нейкіх ануч. Спушчуся ў хату паесці, толькі ў двары раздаўся шоргат — зноў наверх. Так і перазімаваў».

Кашулі з парахавых мяшэчкаў

Вясной супакоілася камендатура. Паўла перасталі шукаць. На гарышча можна было ўжо не лазіць. Падлеткі знайшлі зусім не дзіцячую забаву.

— Калі нашы адступалі, цэлая зенітная батарэя засталася ў вёсцы, шмат снарадаў пакінулі, — расказавае Павел Ерашэнка. — Дзеці, і мы ў тым ліку, пачалі даставаць з іх порах. Адзін снарад падымаем, другі кладзём на зямлю — бац. Не атрымліваецца з першага разу, спрабуем з другога. Гільза вылятае, а там порах у паркалёвых мяшэчках. Нам яны акурат і патрэбныя. Назбіралі некалькі штук — маці пашыла мне кашулю. Потым сабралі на кашулю і малодшаму.

У той час як браты Ерашэнкі насілі кашулі з парахавых мяшэчкаў, многія іх таварышы засталіся пасля гэтай забавы і без галоў, і без рук. Гэта цяпер ветэран разумее: ім з братам пашанцавала. На валаску ад смерці былі і тады, калі пад прымусам немцаў перагружалі скрыні з адной машыны ў іншую, якая зламалася і стала на дарозе непадалёк ад іх вёскі. «Залезлі пад крышку адной скрыні, а там — тол! — успамінае тыя падзеі відавочца. — А гэта акурат тое, што патрэбна было партызанам. Незаўважна спусцілі адну скрыню ў бульбоўнік. Скончыўшы перагрузку, за скрыню — і ў хату. Дзіцячы розум! Паставілі скрыню на ўслонец, як у двары — немцы. Спыталіся, што тут у нас. А мы не разгубіліся: кажам, што мыла. Вашы, маўляў, прыносяць маці мыць бялізну, а мыла не даюць. Тут бацька падаспеў на дапамогу — у якасці доказу выцягнуў з-пад печы кучу нямытага нямецкага барахла».

Падман не спрацаваў — немцы ўсё ж такі адкрылі скрыню. Забралі з сабой. Братоў вырашылі застрэліць. Адзін немец, які атрымаў гэтае заданне, завёў малых за хату, піхнуў аднаго, потым другога, дзве доўгія аўтаматныя чэргі выпусціў у верх і пайшоў даганяць сваіх.

Узнагарода замест пахаванкі

У Чырвоную Армію Паўла Ерашэнку прызвалі ў 1943 годзе, калі Магілёўшчына была вызвалена. Мабілізацыі ён яшчэ не падлягаў — 17 гадоў. Аднак такому жаданню служыць і змагацца з ворагам у ваенкамаце не маглі адмовіць. Крыху падвучылі на сувязіста — і ў бой. Як ён сам кажа, прапоўз, пракладваючы сувязь, і Беларусь, і Польшу, і добры кавалак нямецкай зямлі. Радавы-тэлефаніст знаходзіўся заўсёды наперадзе — дзе б ні знаходзілася іх злучэнне, у любых умовах трэба было пракладваць сувязь.

— Праца сувязіста вельмі складаная, — адзначае Павел Ерашэнка. — Пяхота акапалася, ляжыць, а ты ж павінен праскачыць праз яе, лінію працягнуць наперад: у залежнасці ад таго, куды перамесціцца камандны пункт, — камандзір жа кіруе боем не ззаду, а спераду, дзе бачыць усю абстаноўку.

Першую сваю ўзнагароду — медаль «За адвагу» — радавы Ерашэнка атрымаў за баі на Беласточчыне. Для салдата — ганаровая ўзнагарода. Пра свой подзвіг ветэран расказвае сціпла: «У складаных умовах бою забяспечыў камандзіра ўстойлівай сувяззю». На парадным кіцелі франтавіка — і два ордэны: Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені.

— У адной сур'ёзнай сутычцы мяне палічылі забітым, — згадвае тыя падзеі Павел Сафронавіч. — Санінструктар вярнуўся ў дывізіён і сказаў, што на яго вачах Ерашэнка ўпаў, скошаны куляй. На мяне ўжо напісалі пахаванку. Добра, што яшчэ пошта палявая не прыйшла. Я вяртаюся — жывы, здаровы. Камандзір ажно аслупянеў. Расказваю, што адбылося. Той пісару крычыць: «Любарскі, рві пахаванку, пішы на Ерашэнку ўзнагародны ліст!».

Так атрымалася, што за адзін дзень яго і «пахавалі», і ўзнагародзілі. Прадставілі да ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені. Аднак машына, у якой везлі дакументы, трапіла пад бамбёжку. «Камандзір сказаў: раз не атрымалася, будзем чакаць інашага выпадку», — расказвае ветэран. І ён неўзабаве настаў. Падчас фарсіравання Одэра Павел Ерашэнка забяспечыў бесперабойную сувязь, абсалютна не ўмеючы плаваць. За подзвіг, здзейснены пад агнём праціўніка, быў удастоены ордэна Чырвонай Зоркі. Свой ордэн Айчыннай вайны ён таксама атрымаў — толькі ажно праз 40 гадоў пасля Перамогі.

Паведаміў палку аб Перамозе

Чырвонаармеец Ерашэнка ўдзельнічаў і ў баях за Зеелаўскія вышыні. «На подступах да Берліна змагацца было вельмі цяжка, — успамінае ён. — Немцы былі настолькі добра ўмацаваныя, што кожны кіламетр даваўся архіскладана. І ў такіх умовах я забяспечваў сувязь. Аднак людзям, у якіх за плячыма ёсць Радзіма, не страшна. А ў нас была найпрыгажэйшая Радзіма — Савецкі Саюз».

Дагэтуль ветэран не можа забыць жудасную карціну, якую бачыў падчас баёў на Зеелаўскіх вышынях. «Бягу, наперадзе цягну сувязь, заўважаю салдата, — успамінае Павел Сафронавіч. — Гляджу, неяк ён ненатуральна сваю вінтоўку на шыю вешае. Бацюшкі! Салдат нясе свае ўнутранасці ва ўласных руках. Я азірнуўся, а ён паваліўся — і гэта ж трэба, упаў галавой да Берліна!»

Апошнія кіламетры да логава Гітлера былі вельмі напружаныя. Аднак галоўнае — ён выжыў. Ды яшчэ атрымаў ганаровую місію — першы на ўвесь полк паведаміў вестку аб Перамозе. Сігнал прыняў па радыёсувязі, некалькі разоў паўтараў, крычаў ажно да хрыпаты.

— Аднапалчане не вераць: пытаюцца, хто мне сказаў, што Перамога, — расказвае франтавік. — Жукаў сказаў! Георгій Канстанцінавіч! Ён першы нам паведаміў гэтую навіну па сувязі.

— А ці распісаліся на Рэйхстагу? — пытаюся ў ветэрана.

— У Рэйхстагу не быў, — кажа ён. — Метраў 150 каля яго лінію цягнуў. Не хацелася нават лезці туды, у гэты Рэйхстаг. Можа быць, з-за таго, што была нейкая агіда да Гітлера. Многія расказвалі, што распісваліся на Рэйстаху. Выдумкі ўсё гэта! Няма калі там было распісвацца — ішоў бой. Там трэба было справу рабіць — ваяваць. Мы і ваявалі.

У памяці ветэрана — іншы эпізод. «Стаім на нямецкай вуліцы, ідуць немцы, скідваюць амуніцыю, зброю, — успамінае Павел Сафронавіч. — Стаю і думаю: вось яна, мая місія салдата-пераможцы. Гонар быў неапісальны!»

Сіла слова

Пасля заканчэння вайны Павел Ерашэнка застаўся ў арміі. Адвучыўся ў Горкаўскім ваенна-палітычным вучылішчы імя Фрунзэ, адкуль прыехаў зампалітам — спачатку батарэі, потым палка. Усё сваё ваеннае жыццё быў звязаны з дывізіённымі газетамі. Які быў шчаслівы, калі яго перавялі ў цэнтральную газету Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины». Газеце аддаў 17 гадоў, пісаў і тады, калі пайшоў на пенсію. На заслужаным адпачынку пад аўтарствам палкоўніка ў адстаўцы выйшлі тры кнігі.

Павел Сафронавіч, напэўна, сёння з'яўляецца найстарэйшым журналістам краіны. Ваенным — дакладна. Ён — лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР, выдатнік друку Беларусі. Сілу друкаванага слова зразумеў яшчэ да вайны, калі ў 12 гадоў напісаў сваю першую крытычную заметку «Хата-чытальня на замку».

— Дома чытаць не было чаго, хадзіў у сельскую хату-чытальню, а там пастаянна зачынена, а, між іншым, працоўны час, — узгадвае тыя падзеі Павел Ерашэнка. — Узяў ды і напісаў у раённую газету заметку. Пад ёй паставіў ініцыялы, каб ніхто не здагадаўся, хто аўтар. Праз некалькі дзён цікаўлюся, ці выйшла. Яе апублікавалі акурат у той дзень, калі я трапіў у сельскі Савет. Старшыня запыніў мяне, так за вуха крутануў і выпхнуў за дзверы са словамі: «Будзеш ведаць, шчанюк, як пісаць у газету!». Тады я зразумеў, што значыць друкаванае слова.

Ад слова, лічыць франтавік, сёння залежыць многае. З дапамогай яго можна нават развязаць вайну. Аднак, па меркаванні ветэрана, мы, нашчадкі пакалення пераможцаў, сёння як ніколі павінны берагчы мір.

— Кожны малады беларус павінен адчуваць, што ў яго ёсць Радзіма — гэта самае галоўнае, — перакананы Павел Сафронавіч. — Калі ёсць Радзіма, у цябе ёсць усё. Чалавек без Радзімы як птушка без крылаў.

І з гэтым, безумоўна, нельга не пагадзіцца.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцам не варта расслабляцца.

Адукацыя

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Якія якасці павінны быць у сапраўднага настаўніка?

Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.