Вы тут

Адказнасць за слова


На сходзе Мінскага абласнога аддзялення СПБ падвялі вынікі работы, выбралі новых старшыню і яго намесніка. У планах пісьменніцкай арганізацыі — творчая праца, літаратурна-асветніцкая дзейнасць, пошук новых талентаў.


Мінская абласное аддзяленне — другая (пасля Мінскай гарадской) па колькасці арганізацыя СПБ. Апошнім часам назіраўся яе прыкметны рост, а гэта азначае, што багатая на таленты Міншчына гаворыць сваё важкае слова і ў сучаснай айчыннай літаратуры. Напрыклад, за мінулы год з-пад пяра літаратараў Мінскага рэгіёна выйшла 62 кнігі агульным тыражом 30 тысяч экзэмпляраў. Штогод выдаюцца калектыўныя зборнікі, змест якіх адпавядае патрэбе часу: «Ад калыханкі да забаўлянкі», «У вянок свята беларускага пісьменства», «Карані», «Няўжо забыцца можна пра вайну», «Абярэг».

У справаздачы называліся і многія іншыя дасягненні літаратараў, звязаныя са сцэнарнай справай, перакладчыцкай дзейнасцю, удзелам і перамогамі ў літаратурных конкурсах рознага ўзроўню, сяброўствам з пісьменніцкімі арганізацыямі іншых краін. Была звернута ўвага на Клуб кампазітараў і паэтаў «Жывіца», створаны ў 2002 годзе на базе дзяржаўнай установы «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці». Па словах кіраўніка клуба Ірыны Карнаухавай, за 20 гадоў членамі СПБ сталі 27 паэтаў, чый талент яскрава раскрыўся ў самадзейнай арганізацыі. 

Гаварылі на сходзе не толькі пра здзейсненае, бо жыццё вельмі хутка ўносіць карэктывы і трэба неадкладна рэагаваць на выклікі часу. 

— Фэйкі і дэзынфармацыя выкарыстоўваюцца ў якасці інструмента маніпулявання грамадскай свядомасцю. Відавочная хлусня становіцца зброяй у інфармацыйнай вайне, — заўважыла ў сваім выступленні першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах. — У сваю чаргу мастацкае слова нясе сапраўдныя каштоўнасці. Яно дапамагае вызначыцца ў разуменні дабра і зла, супрацьстаіць разбуральнаму ўплыву на псіхалогію чалавека. Вось чаму зараз пісьменніку важна быць як мага бліжэй да свайго чытача, весці з ім шчырую гаворку аб важнасці не паддавацца на танныя сенсацыі, узважана ставіцца да нізкапробных навін. Вядома, на якім высокім узроўні ўлады ставяцца да сацыяльна-эканамічнага развіцця цэнтральнага рэгіёна Беларусі, які прыгожы выгляд маюць райцэнтры Міншчыны. А мы, пісьменнікі, нясём духоўнасць, культуру. Час патрабуе ад нас быць на вастрыні падзей, і мы павінны трымаць марку. 

Было відавочна, што і іншыя выступоўцы з хваляваннем ставяцца да праблем маральнага стану грамадства. Яны выказвалі сваё бачанне тых або іншых праблем, прапаноўвалі шляхі іх вырашэння. Напрыклад, Марына Лайкова з Барысава пазнаёміла са сваім вопытам работы з дзецьмі. На яе думку, варта больш арганізоўваць не толькі літаратурных конкурсаў, але і фестываляў з удзелам моладзі, ладзіць майстар-класы. Віктар Кажура з Вілейкі прадставіў калегам адкрыты ўрок навучання дзяцей праз новыя літаратурныя формы. Сваю паэтычную творчасць ён скіроўвае на хуткае запамінанне беларускіх слоў. Пашырэнне ведання роднай мовы — такі клопат з Віктарам Кажурам падзяляе і ўся пісьменніцкая арганізацыя. Як і выказаную вядомым паэтам-песеннікам Кастусём Цыбульскім трывогу за тое, што з замежнымі песнямі, якія нясуць нам чужыя каштоўнасці, цяжка канкурыраваць беларускаму песеннаму жанру. Кастусь Пятровіч прапанаваў аб’яднацца паэтам Міншчыны ў стварэнні калектыўнага зборніка і наладзіць кантакты з Саюзам кампазітараў Беларусі для музычнага афармлення тэкстаў. «Каб гучала сваё, роднае, беларускае», — гэтыя словы К. Цыбульскага зала падтрымала апладысментамі.

Павел Жукаў, галоўны рэдактар газеты «Нарачанская зара» (г. Мядзел), паведаміў пра вопыт стварэння ў сваім выданні літаратурных старонак, дзе раз на квартал друкаваліся паэтычныя і празаічныя творы пісьменнікаў з іншых раёнаў Міншчыны. Ён прапануе працягнуць гэтую практыку, запрашае пісьменнікаў прыязджаць на творчыя сустрэчы. Такія непасрэдныя зносіны служаць прапагандзе літаратуры і яе стваральнікаў. 

Важнай для сходу задачай былі і выбары новага кіраўніцтва, складу Савета Мінскага абласнога аддзялення СПБ. Аднагалосна пісьменнікі Міншчыны аказалі давер члену свайго аддзялення Леаніду Крываносу. Была падтрымана прапанова абраць намеснікам старшыні Ірыну Карнаухаву. У склад савета аддзялення ўвайшлі 15 літаратараў. Найбольш актыўныя творцы атрымалі граматы і падзякі. 

Марыя ЛІПЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?