Вы тут

Артур Кляўко: Бацька быў шчырым і адказным чалавекам


Да 90-годдзя з дня нараджэння Генадзя Кляўко пабачыла свет перавыданне яго зборніка паэзіі з характэрнай назвай — «Вязьмо», што значыць складанае пляценне (Мінск, ЗАО «Бонем», 2021), дапоўненае фотаздымкамі з сямейнага архіва. Свет, які адкрываецца чытачу праз вобразы і алюзіі, праз згадкі прыватнага, можна параўнаць са спляценнем тонкіх нітачак памкненняў, лёсаў, мінулага і сучаснага. Укладальнікам выступіў сын паэта Артур Кляўко, сябар Беларускага саюза журналістаў. Артур Генадзьевіч расказаў карэспандэнту «ЛіМа» пра тое, якім ён памятае бацьку, чым запомніліся гады дзяцінства, а таксама пра маленства свайго таты, якое было азмрочана ваенным ліхалеццем.


Бацька, Генадзь Якаўлевіч, — ураджэнец Пухавіччыны. Нарадзіўся ён насамрэч не 1 мая, як запісана ва ўсіх дакументах, а 28 лістапада 1931 года. Пасля вызвалення Беларусі метрыкі не адшукалі, і яго ў ліку іншых падлеткаў адправілі на медыцынскі агляд, дзе вызначылі дату нараджэння 1 мая 1932 года, на паўгода амаладзілі.

За пачаткам вайны дзеда Якава мабілізавалі, а мая бабуля па бацьку разам з чатырма дзецьмі, сярод якіх было немаўля, засталася чакаць эвакуацыі ў пасёлку Тураў пад Барысавам. Эвакуіравацца не паспелі і вымушаны былі вярнуцца на папялішча — дома не стала пасля першай бамбёжкі. Бабуля прыняла рашэнне ісці да сястры мужа ў вёску Варонічы пад Рудзенскам. Дабіраліся не без прыгод: па дарозе згубілася старэйшая дачка… Дзякуй Богу, інтуітыўна яна адчула, куды трэба ісці, і праз некалькі тыдняў злучылася з сям’ёй… Там і прабылі ўсю вайну. Ратавала швейная машынка: бабуля абшывала ўсіх аднавяскоўцаў.

Пасля вайны, калі вярнуўся дзядуля і стаў служыць старшынёй сельсавета, а потым і калгаса, аднойчы за здачу багатага ўраджаю — сыравіны для вырабу каўчуку — атрымаў добрую прэмію. За гэтыя сродкі і набылі новы зруб. Дом той стаіць і сёння…

Вучыўся бацька добра, іспыты за некаторыя класы здаваў экстэрнам. Пасля заканчэння філфака БДУ ў 1954 годзе працаваў у «Калгаснай праўдзе».

Наконт працы бацька распавядаў, што яму прасцей было напісаць рэпартаж альбо нататку па-беларуску ў вершаванай форме, чым па класічных канонах журналістыкі. Часам ён так і рабіў. Гэта спрыяла таму, што перайшоў на працу ў «Вожык». Шмат пісаў сатырычных фельетонаў у вершах.

Бацька быў вельмі шчырым і адказным чалавекам, добрым і памяркоўным, часта бываў як на сваёй радзіме, так і ў родных мясцінах маёй маці, пад Дзяржынскам. Адпаведна, улетку я гасцяваў месяц пад Рудзенскам, месяц пад Дзяржынскам. Тады ўсе там размаўлялі па-беларуску, мае аднагодкі таксама. Такім чынам, любоў да роднай мовы ўва мне з глыбокага дзяцінства…

Калі я з’явіўся на свет, бацькі жылі на вуліцы Бабруйскай, здымалі пакойчык у бараку. Пасля атрымалі аднапакаёўку на скрыжаванні Якуба Коласа і Калініна. У тым жа доме, памятаю, жылі Алесь Ставер, Янка Сіпакоў, Уладзімір Шыцік, Віктар Шымук… Сябраваў з іх дзецьмі.

Потым атрымалі кватэру на вуліцы Друкарскай, недалёка ад Дома прэсы. Гэта было ціхае, засаджанае таполямі месца… Побач жылі Рыгор Барадулін, Уладзіслаў Нядзведскі, Георгій Шыловіч. Сябраваў бацька з Генадзем Пашковым, Анатолем Вялюгіным, Кастусём Кірэенкам, Яраславам Пархутам, Міколам Гродневым, Артурам Вольскім. Ёсць нават легенда, чаму ў мяне такое імя. Калі матуля чакала майго нараджэння, бацька пажартаваў: каго першага са знаёмых сустрэнем, так малога і назавём. Сустрэлі Артура Вольскага… Дарэчы, яго брат, на той час кінарэжысёр, паспрыяў таму, што пасля школы я ўладкаваўся на кінастудыю: спачатку механікам здымачнай тэхнікі, потым — асістэнтам аператара. Адпрацаваў на «Беларусьфільме» два гады да паступлення ва ўніверсітэт на журфак.

Памятаю, бацька прывёз з Далёкага Усходу, куды ездзіў разам з Рыгорам Барадуліным і Уладзімірам Караткевічам, свае фотаздымкі ў марской капітанскай форме, марскія крышталі, дзіўныя ціхаакіянскія ракавіны, што было асабліва цікава для нас з сястрой. Некаторы час пасля не сціхалі размовы пра іх прыгоды. Асабліва запомніліся расповеды пра розныя кулінарныя цікавосткі: як спрабавалі адмыслова прыгатаваных крабаў дый іншых марскіх пачварак, а таксама пра сустрэчы з маракамі, творчыя вечары. Уражанняў хапіла надоўга. У зборнік я ўключыў верш «Сейнер», навеяны ўражаннямі той вандроўкі.

Па сяброўскім абмене быў бацька і ў Польшчы, і ў Балгарыі. З тых паездак нарадзілася цікавасць да перакладаў…

Бацька заўчасна пакінуў гэты свет. Але памяць пра яго засталася. Так, да яго юбілею пабачыла свет палосная публікацыя ў «Сельскай газеце», Галіна Шаблінская на Першым беларускім канале радыё чытала падборку яго вершаў. Уключана імя бацькі ў Кнігу памяці Пухавіцкага раёна. Арганізоўваюцца творчыя сустрэчы. Недалёка ад Рудзенска, у вёсцы Блонь, ёсць старая сядзіба, дзе быў створаны філіял краязнаўчага мар’інагорскага музея — там ёсць асобная выстаўка, прысвечаная Генадзю Кляўко і іншым пісьменнікам — ураджэнцам Пухавіччыны.

 Падрыхтавала Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.