Вы тут

Доктар Гумен: Інфармацыйную вайну выйграе той, хто дастукаўся да нашых пачуццяў


Чаму нас часам так лёгка падмануць? Аказваецца, наш мозг устроены такім чынам, што «сам падманвацца рады». Якія яго ўласцівасці варта ведаць, каб своечасова спыніцца і прыняць правільнае рашэнне? Чым шкоднае хуткае мысленне і як развіваць павольнае? Якую мядзвежую паслугу можа аказаць наша эмацыянальнасць? Як трэніраваць крытычнае мысленне? Чым яно дапамагае ў інфармацыйнай вайне і як яе прыёмы працуюць на практыцы? Пра гэта мы паразважалі разам з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гарбанніджадам.


— Доктар Гумен, якія ўласцівасці нервовай сістэмы дазваляюць маніпуляваць намі?

— Лімбічная сістэма галаўнога мозгу шмат за што адказвае, але адна з асноўных яе функцый — узнагароджанне. Пры нашых пэўных дзеяннях выпрацоўваюцца гармоны шчасця і мы адчуваем сябе задаволенымі. Аднак гэта сістэма не можа адрозніць ілжывае ад сапраўднага. Калі хтосьці створыць макет штучнага шчасця, ён можа дасягнуць пэўных мэт. Чалавек будзе ісці да лжывых мэт і шукаць тое шчасце. Гэта выкарыстоўваецца ў такіх банальных рэчах, як рэклама розных тавараў, якія мы набываем. Насамрэч яны нам не патрэбныя і ніякіх вялікіх змен у наша жыццё не прынясуць, але з дапамогай рэкламы мы трапляем на кручок і выконваем навязаныя нам дзеянні, не паглыбляючыся ў дэталі, бо не маем крытычнага мыслення. Чалавек з крытычным мысленнем падумае, сапраўднае гэта шчасце ці ўяўнае.

Акрамя таго, у нас ёсць клеткі, так званыя люстраныя нейроны, якія дасталіся нам ад продкаў, ёсць яны і ў жывёл. Дзякуючы ім мы схільныя рабіць тое, што робіць большасць, — як і жывёлы ў зграі. Калі птушкі сядзяць, і дзве-тры раптам пачынаюць узлятаць — узлятае ўся чарада, хоць для астатніх, магчыма, ніякай пагрозы няма. Калі людзей большасць ці ствараецца ілюзія, што іх большасць, то дзякуючы механізму люстраных нейронаў можна ўздзейнічаць на чалавека і прагназаваць яго пэўныя дзеянні.

Тое ж самае дзякуючы люстраным нейронам адбываецца, калі дадаць меркаванне аўтарытэту ці чалавека, які мае пэўную вагу. Гэты эфект будзе яшчэ больш ярка выяўлены. Для таго, каб мы набывалі нейкі тавар і думалі, што ён якасны, для рэкламы запрашаюць вядомага акцёра ці спартсмена, які быццам бы выкарыстоўвае гэты тавар. І мы мусім думаць, што калі такім шампунем карыстаецца вядомы чалавек, то, значыць, ён сапраўды якасны. Хоць насамрэч у жыцці гэта зорка выкарыстоўвае зусім іншыя сродкі, і відавочна, што ён не ўдзельнічаў у рэкламнай акцыі бясплатна. Калі ў чалавека не развіта крытычнае мысленне, ён паддаецца гэтай рэкламе. У адваротным выпадку ён падумае, а ці падыходзіць яму гэты шампунь і, магчыма, у яго няма перхаці і такім шампунем яму ўвогуле карыстацца нельга. Крытычнае мысленне патрэбна, каб не быць падманутымі рознымі методыкамі.

— Як гэта працуе, калі размова ідзе пра інфармацыйныя войны?

— На першым этапе мы ўспрымаем тое, што думае большасць, нават калі гэтыя людзі не з'яўляюцца большасцю. Дастаткова, калі адзін ці два чалавекі скажуць: так, гэта мы. А мы азначае, што «нас шмат». З часам вакол гэтых людзей можа сабрацца яшчэ нейкая колькасць прыхільнікаў. Вядомы такі закон: калі ў лесе нехта адзін пачне кідаць смецце, праз нейкі час гэта месца ператворыцца ў звалку, бо і іншыя людзі аўтаматычна кідаюць там смецце. Ці так званы эфект разбітага шкла: калі ў закінутым доме разбілі адно акно, то хутка разаб'юць і астатнія. Мы паўтараем і адабраем тое, што робіць большасць, не падумаўшы, правільна гэта ці не. Канешне, кідаць смецце ў лесе няправільна, але, паколькі так робяць усе, значыць, можна і мне.

Калі людзі пачынаюць сябе так паводзіць, працуе паняцце «зона камфортнасці ці дыфузнай адказнасці». Адказнасць за ўчынкі размяркоўваецца на ўсіх і размываецца: я раблю як усе і невінаваты. А калі з'яўляецца нязгодная меншасць, у яе ўзнікае сіндром набытай бездапаможнасці — такое пачуццё, што ў меншасці супрацьстаяць немагчыма. Насамрэч гэта проста сіндром, і няма ніякай бездапаможнасці. І з дапамогай крытычнага мыслення можна выйсці з гэтай сітуацыі.

— Чаму так складана часам прымусіць людзей прыслухацца да іншага пункту погляду? Чаму так заўзята яны даказваюць сваю пазіцыю і не жадаюць бачыць аргументаў іншага боку?

— Наш галаўны мозг мае такую ўласцівасць, якую апісвае закон Данінга-Кругера. Чым меншай колькасцю інфармацыі мы валодаем, тым больш упэўнена сябе паводзім. Адпаведна, чым больш інфармацыі мы маем, тым больш сумняваемся ў сваіх рашэннях і дзеяннях. І чалавек мае ўласцівасць не прызнаваць сваё няведанне і свае памылкі. Насамрэч лепш сказаць: «Я не ведаю», чым адказваць няправільна.

Лічыцца, што ў палітыцы ў нас разбіраюцца ўсе, хоць паліталогія — гэта цэлая навука, і даволі складаная, гэтаму трэба шмат гадоў вучыцца. Тым часам многія людзі разважаюць аб ёй і з лёгкасцю робяць нейкія свае высновы, спрачаюцца адзін з адным. І, наадварот, людзі, якія шмат ведаюць, маюць большы аб'ём інфармацыі, паводзяць сябе больш асцярожна як у сваіх высновах, так і ў тым, што робяць.

Вядомае выказванне Арыстоцеля: «Я ведаю, што я нічога не ведаю». Навука межаў не мае, і давяраць чужым меркаванням, нават аўтарытэтным, — не самае правільнае. Бо ні адна навука не дае стапрацэнтнай гарантыі ў адказе на пытанні. Ёсць яшчэ такая ўласцівасць чалавека, што ён любіць перабольшваць свае веды. Таму, чым менш мы маем кампетэнцый, тым больш памыляемся. І чым больш ведаем, тым больш сумняваемся.

Калі некалькі дзесяцігоддзяў таму студэнт-фізік пытаўся ў свайго прафесара, ці можна паляцець на Месяц, атрымліваў адказ «не», бо там няма паветра. І гэта было меркаванне аўтарытэта. Але прайшлі гады, вучоныя адкрылі рэактыўныя рухавікі, якія могуць рухацца без паветра, і чалавецтва лятае ў космас. І тут нават меркаванне аўтарытэта не заўсёды ісціна. Таму, калі мы маем крытычнае мысленне, то мусім разважаць, што не заўсёды тое, што сказаў аўтарытэт, з'яўляецца ісцінай. Цалкам спадзявацца на чужое меркаванне нельга. І трэба ўсведамляць, што меркаванне аўтарытэта можа быць часткай інфармацыйнай вайны.

— Якія яшчэ ўласцівасці перашкаджаюць нам рацыянальна мысліць?

— Наш галаўны мозг мае такую ўласцівасць, як кагнітыўнае скажэнне. За даследаванне кагнітыўнай функцыі вучоныя атрымалі шмат нобелеўскіх прэмій. Мы нярэдка скажаем наша меркаванне ці ўяўленне аб тым, што адбываецца вакол. Напрыклад, кажам «Я заўсёды прайграю, калі пачынаю штосьці новае». Яшчэ адзін прыклад, калі мы імкнёмся ўзяць мадэль паводзінаў нейкага паспяховага бізнесмена ці чалавека і паўтараць яго дзеянні і шлях. Ёсць нават шэраг розных перадач пра жыццё паспяховых людзей, якія расказваюць, як трэба сябе паводзіць, каб дасягнуць поспеху. І мы імкнёмся паводзіць сябе гэтак жа, нават апранацца і харчавацца падобным чынам, але наш галаўны мозг за кошт кагнітыўнага скажэння не разумее, што куды больш важна вывучаць памылкі паспяховых і непаспяховых людзей, каб не паўтараць іх. Калі мы паўтараем дзеянні знакамітых людзей, мы робім шмат памылак і не разумеем, чаму так адбываецца.

— Як не памыліцца і правільна прымаць рашэнні?

— Ёсць такія паняцці, як хуткае і павольнае мысленне. На жаль, наш галаўны мозг пераважна працуе па шляху хуткага мыслення. І тут лёгка памыліцца. Калі хутка спытаць: «Што больш важыць: кілаграм жалеза ці кілаграм ваты?», чалавек спачатку адкажа, што жалеза. А калі падумае, то адкажа, што яны важаць аднолькава, бо і там, і там — кілаграм.

Хуткае мысленне часта суправаджацца эмацыянальнасцю. Насамрэч на наш выбар і паводзіны імкнуцца паўплываць праз хуткае мысленне і эмацыянальныя аспекты, а не рацыянальныя. Выйграе інфармацыйную вайну той, хто дастукаецца да нашых пачуццяў, а не да розуму. Калі звяртаюцца да нашых пачуццяў, спрацоўвае хуткае мысленне. А яно не гарантуе правільнае рашэнне. Таму, калі мы хочам развіваць сваё крытычнае мысленне, то павінны трэніравацца, каб працавала павольнае маруднае мысленне, каб можна было рабіць правільныя высновы.

Тут важна супакоіцца, адысці ад пачуццяў, калі дадзеная сітуацыя выклікае эмацыянальныя перажыванні. Калі напружваюцца эмоцыі, мы схільныя да эмацыянальных дзеянняў. Жанчыны, дарэчы, больш эмацыянальныя, і прыродная эмацыянальнасць душыць рацыянальнасць.

Мозг можа пайсці двума шляхамі, але найчасцей выбірае хуткі. І гэта выкарыстоўваюць у інфармацыйных войнах. Прычым уздзейнічаць на жанчын тут прасцей, чым на мужчын. Яны хутчэй пагаджаюцца, хутчэй набываюць тавары, хутчэй імкнуцца штосьці зрабіць.

— Калі абагульніць, якую можна зрабіць выснову? Як развіць крытычнае мысленне?

— Каб развіваць крытычнае мысленне, мы мусім быць самакрытычнымі, шукаць прычыну няўдач у сабе, пастаянна задаваць пытанні, чытаць і аналізаваць прачытанае, выкарыстоўваць альтэрнатыву і з дапамогай усяго гэтага прагназаваць нашы дзеянні. Схема шаблонная. А зыходзячы з уласцівасцяў нашага галаўнога мозгу, калі мы атрымліваем пэўную інфармацыю, заўсёды павінны ў сябе спытаць: «Наколькі добра я разбіраюся ў пэўнай галіне, каб упэўнена заявіць, што маё рашэнне правільнае?», «Ці дастаткова ў мяне ведаў, каб разабрацца ў гэтым?», «З якіх крыніц я атрымаў гэту іфармацыю і наколькі ім можна давяраць?» Мы ведаем, што жывём у час, калі на нас можна ўздзейнічаць дыстанцыйна, таму крыніца інфармацыі мусіць быць праверанай.

Мы заўсёды павінны нагадваць сабе, што нават навука не можа даваць на сто працэнтаў аб'ектыўны адказ. І заўсёды павінны пераконвацца: «Наколькі можна давяраць таму, што было сказана нейкім аўтарытэтным чалавекам?», «Ці павінны мы так сябе паводзіць, як нам сказалі?» і «Ці сапраўды я пры важных высновах абапіраюся на важныя факты альбо гэта чыясьці хітрая задумка, каб мяняць мысленне?» Трэба заўсёды думаць, ці не раблю я памылку, улічваючы тое, што ёсць кагнітыўнае скажэнне і апафенія.

Ёсць яшчэ адна схема развіцця крытычнага мыслення. Гэта метапазнанне. Спачатку мы мусім усё паставіць пад сумненне. Потым дэдукцыя — гэта методыка мыслення, у выніку якой з'яўляюцца лагічныя высновы — як у Шэрлака Холмса. Каля трупа знайшлі сігару і вырашылі, што яе курыў забіты, а Шэрлак прыходзіць да высновы, што яе не магла курыць ахвяра, якая мае вусы, бо з імі немагчыма дакурыць яе да канца. Гэта называецца дэдукцыяй. Потым праверка крыніц. І аналіз рашэння: скласці спіс усіх магчымых рашэнняў. Напрыканцы — сістэмнасць: вызначэнне канчатковага рашэння і ацэнка вынікаў. З дапамогай такіх прыёмаў можна развіваць крытычнае мысленне. Яно не можа працаваць 24/7, але калі нам трэба прыняць рашэнне, мы павінны паступаць так.

— Як прыёмы інфармацыйнай вайны працуюць на практыцы?

— Напрыклад, мы хочам разваліць умоўны завод «Мерседес». Спачатку трэба прыдумаць легенду, напрыклад, што на гэтых машынах ездзіла кіраўніцтва нацысцкай Германіі, і гэта, адпаведна, нацысцкі аўтамабіль, а яго вытворчасць падтрымлівае фашысцкую ідэалогію і рэклама з'яўляецца рэкламай фашызму. Тут мы працуем з пачуццямі чалавека, а не з логікай. Насамрэч, «Мэрседэс» абсалютна ніякага дачынення да гэтага не мае. Але паколькі нацысты зрабілі шмат ваенных злачынстваў, то ў нас, адпаведна, ёсць пачуццё агіды да іх, іх дзеянняў і ідэалогіі. І тут уключаюцца нашы пачуцці, а не розум.

Далей можам выкарыстаць дзеянне люстраных нейронаў і зрабіць відэаролік, дзе сядзяць пяць-сем чалавек, якія, магчыма, і не працуюць на гэтым заводзе, але называюць сябе большасцю калектыву і заяўляюць, што спыняюць работу, бо яны супраць нацысцкага руху. Калі мы будзем распаўсюджваць гэты відэаролік, праз нейкі час калектыў пачне сумнявацца: ці трэба ім працаваць? Паколькі мы ўспрымаем меркаванне аўтарытэтаў, то ў дадзенай сітуацыі можам выкарыстоўваць пэўную асобу, якая за ўзнагароджанне скажа: і сапраўды кіраўніцтва Трэцяга рэйха ездзіла на мерседэсе і вытворчасць аўтамабіля амаральная. Натуральна, праз нейкі час на гэтым заводзе збіраецца вялікая колькасць людзей, якія задаюцца пытаннем: «А што ж мы робім?» Калі большасць так думае, то не можа памыліцца. Тут працуе наша хуткае мысленне. Усе вырашаюць, што працуюць няправільна.

Так мы можам учыніць забастоўку на гэтым заводзе, пачнецца эканамічны крызіс ці завод увогуле абанкруціцца. Натуральна, што пасля, калі ў завода з'явіліся праблемы, трэба пазбаўляцца ад вялікай колькасці работнікаў, бо немагчыма забяспечыць іх зарплатай. І рабочыя застаюцца без работы, пагаршаецца іх якасць жыцця. Яны разумеюць, што засталіся без працы, сям'я — без даходу, а калі завод пабудаваны ў невялікім горадзе, то мы ўвесь горад пазбавілі работы. І людзі пачынаюць адтуль з'язджаць. І каму яны нашкодзілі? Атрымліваецца, што самі сабе. І самае цікавае, што фінансаванне гэтых людзей, аўтарытэтнага меркавання, відэаролікаў было заказана кампаніяй канкурэнта — умоўнага «Форда» ці «БМВ», які хацеў прыбраць з рынку свайго саперніка. І пры гэтым не пашкадаваў работнікаў. Вось так працуе гэта тэхналогія.

Інфармацыйныя войны пабудаваны так, што спачатку чалавек думае, што выконвае правільныя функцыі, але насамрэч ён працуе супраць сябе, нават гэтага не ўсведамляючы. Маючы крытычнае мысленне, мы своечасова можам уключыць мозг, распазнаць гэтыя прыёмы і не ісці супраць саміх сябе.

Алена КРАВЕЦ

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».