У гісторыі мастацкага пісьменства ёсць паняцце вандроўныя сюжэты. Назва гаворыць сама за сябе: адны і тыя ж калізіі апрабуюцца ў творчай практыцы розных часоў і народаў. Нярэдкім у літаратуразнаўстве з’яўляецца перамяшчэнне з артыкула ў артыкул набору ключавых цытат, пры гэтым сувязь з поўным тэкстам арыгінала, на жаль, можа быць амаль страчана. У арсенале дасведчаных у мастацтве слова ёсць і фігура ўмаўчання — стылістычны прыём, пры якім думка наўмысна перарываецца ў разліку на фантазію і здагадку чытача. Першым водгукам на «Жалейку» стаў артыкул Ядвігіна Ш., апублікаваны ў газеце «Минское эхо» 9 ліпеня 1908 года. Тэкст ніколі не перадрукоўваўся. У энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» (1986) ахарактарызаваны надзвычай сцісла: «...вельмі супярэчлівы паводле асноўных палажэнняў» (Іван Чыгрын). Праблема ў тым, што ні вандроўнасць, ні замоўчванне ў гэтым выпадку не дапамогуць нават у агульных рысах пазнаёміцца з першакрыніцай. Толькі метад дэ візу — архіўная праца навобмацак.
Асоба пісьменніка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага; 1869–1922) лучыць розныя генерацыі беларускіх літаратараў. Калі б лёс п’есы «Злодзей» (1892) склаўся ўдала, то яе аўтар мог быць у ліку пачынальнікаў новай беларускай драматургіі. Пальму першынства ўтрымаў раман «Золата» (1920), які стаіць у шэрагу дэбютнай нацыянальнай апрабацыі буйных эпічных жанраў.
Не закранаючы аспекты творчых сыходжанняў з іншымі прадстаўнікамі маладой беларускай літаратуры, адзначым непасрэдную сувязь Ядвігіна Ш. праз «поціск рукі». Яго настаўніцай была дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — Каміла. Дачка самога літаратара Ванда Лявіцкая перапісвалася з Максімам Багдановічам, выйшла замуж за грамадска-культурнага дзеяча Язэпа Лёсіка (дзядзька Якуба Коласа, на год малодшы за пляменніка). Хросным бацькам унукаў Ядвігіна Ш. быў Янка Купала.
Аўтар «Жалейкі» ў лістах да Браніслава ЭпімахаШыпілы неаднаразова згадваў старэйшага калегу. Напрыклад, у карэспандэнцыі з Акопаў ад 5 чэрвеня 1912 года чытаем: «Напісаў у двух актах камедыю, каторую чытаў пану Лявіцкаму, і ён сказаў, што напісана дарэчы. Камедыя называецца „Паўлінка“, напісана прозай, з шляхоцкага жыцця».
Пра ролю старэйшага калегі ў сваім жыцці паэт расказаў і ў лісце да Льва Клейнбарта ад 11 студзеня 1929 года:
«В период 1904–1906 гг., не помню именно в котором точно году, я познакомился с Ядвигиным Ш. (жили мы по соседству). Это было для меня большое событие, т. к. я впервые столкнулся с человеком, который не только писатель, которого печатают, но и пишет по-белорусски. С Ядвигиным Ш. я очень сблизился. Он мне много рассказывал о не знакомых мне до того времени писательских делах и т. п. Человек он был с высшим образованием (правда, университета из-за революционных дел не окончил), притом очень интересным и остроумным собеседником».
Уладзімір Конан у кнізе «Праблемы мастацтва і эстэтыкі ў грамадскай думцы Беларусі пачатку ХХ ст.» (1985) звязваў час існавання «Минского эха» (1908–1909) з перыядам крызісу ліберальнай прэсы. Новыя газеты «саступалі сваім папярэдніцам па ідэйна-палітычным, навуковым і мастацкім узроўні публікуемых матэрыялаў».
Штодзённае выданне на чатырах старонках — «Минское эхо» — было заснавана сужэнствам Світычаў: Надзеяй Сямёнаўнай (рэдактар) і Уладзіславам Станіслававічам (выдавец). Світычы ўжо мелі вопыт арганізацыі выдавецкай справы ў Кіеве (газета «Киевские отклики») і Екацярынаславе (газета «Приднепровский край»).
Зыходнай праблемай усебаковага аналізу «Минского эха» сёння з’яўляецца адсутнасць газеты ў вядучых кніжніцах, архівах і музеях Беларусі. Нумар, у якім апублікавана рэцэнзія Ядвігіна Ш. на «Жалейку» Янкі Купалы, не стаў выключэннем. Аўтару гэтых радкоў удалося атрымаць сканаваную копію экзэмпляра, што захоўваецца ў фондах Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (Масква).
Са старонак газеты ад 9 ліпеня 1908 года (№ 34) на нас глядзіць невялікі горад пачатку ХХ стагоддзя. Усе асноўныя ўстановы сканцэнтраваны на некалькіх вуліцах. У адрасах, акрамя нумара дома, указваецца і яго ўласнік. Кантора і рэдакцыя газеты «Минское эхо» размяшчаліся ў Архіерэйскім завулку, доме Пратасевіча № 5.
Першая і палова апошняй старонкі аддадзены камерцыйнай рэкламе. Усё да паслуг і патрабавальнай багемнай публікі, і звычайнага паспалітага люду. Электрабіяграфічны тэатр (сінематограф) Рыхарда Штрэмера завабліваў брутальна-сентыментальным рэпертуарам: «Сумленне доктара», «Тры спакусы сатаны», «Імяніны татухны», «Што гаворыць лісце?» і інш. У «Акварыуме» на Юр’еўскай, 17 даваліся штодзённыя канцэрты «У царстве гукаў» з удзелам польска-рускага куплетыста Альшэўскага, а таксама «рознахарактарнай» капэлы. На свае прадстаўленні клікаў цырк А. Дэвінье. Спрэс паслугі рэпетытараў, дактароў, гравёраў і ювеліраў.
Тэхнічны прагрэс не стаяў на месцы. Зубалячэбны кабінет Самуіла Батвінніка ў доме Шнітмана на Губернатарскай вуліцы рабіў спецыяльную прапанову: штучныя зубы на золаце і каўчуку, фарфоравыя і залатыя пломбы.
На другой і трэцяй старонках допісы канцэнтраваліся ў рубрыках «Рэха мясцовага жыцця», «Маленькі фельетон», «Па слядах цыклона (Барысаў)» і інш. У «Тэлеграмах», паводле інфармацыі Пецярбургскага тэлеграфнага агенцтва, давалася сціслая інфармацыя пра падзеі ў Паўночнай сталіцы Расійскай імперыі, а таксама ў Бамбеі, Капенгагене, Бялградзе, Канстанцінопалі.
Асаблівую цікавасць выклікае аповесць «Стары малітоўнік» У. С. Ілліча-Світыча, якая друкавалася з працягам і мела падзагаловак «З часоў польскага паўстання 1863 г. у Паўночна-Заходнім краі».
Матэрыялы чацвёртай старонкі, акрамя рэкламных, размеркаваны па рубрыках «Замежныя дробязі», «Розныя рознасці». Тут і расклад руху цягнікоў, вывераны па пецярбургскім часе. Праз Мінск ішлі чыгуначныя шляхі, якія злучалі Лібаву, Вільню і Ромны, Крэмянчуг; Брэст, Варшаву і Смаленск, Маскву.
Рэцэнзія Ядвігіна Ш. на Купалаў зборнік змешчана ў рубрыцы «Бібліяграфія». Адмысловай назвы не мае. Як практыкуецца ў афармленні тэкстаў такога жанру, прыведзены выхадныя звесткі кнігі. Публікуем рэцэнзію поўнасцю ў перакладзе на беларускую мову.
Жалейка Янкі Купалы. Выданне суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». Пецярбург. 1908 г. Кошт 50 к.
«Лепш быць першым у вёсцы, чым другім у Рыме», — вось першае, навязлівае, уражанне пры чытанні новаспечанага даволі аб’ёмістага (152 стар.) томіка беларускіх вершаў Янкі Купалы пад агульным загалоўкам «Жалейка».
І, калі мары беларусаманаў, — уваскрэсіць і даць літаратурную абалонку паміраючаму беларускаму дыялекту, — наканавана ажыццявіцца, то паміж піянерамі гэтай ідэі адно з першых месцаў зойме бясспрэчна Янка Купала.
Мы ўстрымаемся пакуль ад дэталёвай ацэнкі па сутнасці і тэндэнцыйнасці большасці вершаў «Жалейкі»*: яны былі пісаныя ў тыя гады, калі ў нашай пакутлівай радзіме занадта хутка чаргаваліся то асляпляльныя бляскі, то чорныя цені, што не магло не адбіцца ні на спагадлівасці, ні на ўспрымальнасці паэта наогул, а тым больш народнага.
Жыццё беларуса занадта манатоннае і мы не павінны таму быць асабліва патрабавальныя ў разнаколернасці яго народнага паэта.
Мы дазволілі сабе толькі выказацца за захаванасць чысціні асаблівасцей беларускай гаворкі і тым больш у паэзіі, якая пражывае ў народзе больш доўгія чым проза гады.
Такім класічным узорам служыць верш Янкі Купалы «Саха» (стар. 12).
Трэба быць не толькі знаўцам беларускага дыялекта, але і даравітым паэтам, каб пры спалучэнні слоў гэтай сякернай (няхай прабачаць мне беларусы!) мовы з’явіўся даволі лірычны верш.
Такіх вершаў у «Жалейцы» чытач знойдзе нямала.
Колькасць памылак у выданні цалкам зразумелая і выбачальная, папера неблагая, шрыфт выразны, віньетка такая, што можна было на вокладку выкарыстаць і лепшую, больш трывалую паперу.
Ядвігін Ш.
* Як нам удалося даведацца, нямала матэрыялу падрыхтавана паэтам ўжо для другога тома. Будзем спадзявацца, што ў ім даравітасць і погляды паэта выступяць больш выразна, больш рэльефна.
Верш «Саха», вылучаны рэцэнзетам з 96 твораў, сабраных пад вокладкай «Жалейкі», датуецца 1905–1907 гадамі. У творчай спадчыне класіка беларускай літаратуры лічыцца ўзорам ранняй лірыкі, для якой характэрна этнаграфічная дэталізацыя, архаічная каларыстыка.
Для нагляднай ілюстрацыі архітэктонікі верша прывядзём некалькі строф:
Друг мой неадчэпны,
Саха ты крывая,
Хоць корміш свет цэлы,
Сама ж век худая.
Вяровак, жалеза,
А дрэва найболей
Пайшло, каб пажытак
З цябе быў у полі. <...>
Ты, сошка, худая,
Я пан твой — араты,
Век бедны, галодны,
Хоць пан наш багаты.
У 13 строфах аўтар услаўляе важную прыладу сялянскай працы, іранізуе з нагоды свайго «панавання» над ёй. Заўважнае таксама гучанне матываў сацыяльнай несправядлівасці, аптымістычных нотак («Мы ж гора забудзьма, // Запейма а громка»; «На ўсе каб староны, // Як гром, гул разнёсся...»).
Крытычны водгук Ядвігіна Ш., акрамя таго, што моцна дысануе з вядомымі характарыстыкамі беларускай класікі, адкрывае новую старонку ў канцэптуальных падыходах да гісторыі нацыянальнага пісьменства. Праблемамі сталення, на нашу думку, можна назваць агульную практыку, калі перадрукоўваліся і збіраліся пад адной вокладкай выключна спагадлівыя водгукі. Такім чынам гісторыка-літаратурны працэс у яго рэтраспектыўным бачанні пазбаўляўся дынамікі, складанасці, аб’ектыўнага ўсведамлення праблем, з якімі сутыкаліся і архітэктары нацыянальнага будаўніцтва, і яго песняры.
Пры публікацыі рэцэнзіі Ядвігіна Ш. у перакладзе на беларускую мову мы маем справу з адным з аспектаў феномену вяртання, калі пры спробе гістарычнай рэканструкцыі на самай справе спараджаецца новы канструкт разгляду мінуўшчыны ў яе сувязі з сучаснасцю.
Рэцэнзент пачатку ХХ стагоддзя прапанаваў свой тэкст перыядычнаму выданню, дзе той быў чужародным, адзіным, прысвечаным маладой беларускай літаратуры. Можам меркаваць, Ядвігін Ш. у пэўнай ступені ішоў канфармісцкім шляхам, улічваў рэдакцыйна-выдавецкую практыку выдання і запыты чытацкай аўдыторыі. Але, магчыма, менавіта гэты востра-крытычны, правакацыйны допіс паклікаў да жыцця дзве хваласпеўныя рэцэнзіі Уладзіміра Самойлы, яшчэ аднаго апекуна Янкі Купалы. Пра гэта будзе наша наступная публікацыя.
Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук
140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі.
Янка Купала — мастак-творца.
Фестывалю запросіць сяброў ужо ў гэтую суботу — 9 ліпеня.
У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.