Навігацыйны перыяд на Аўгустоўскім канале пачаўся з сярэдзіны красавіка, але наплыў аматараў воднага адпачынку чакаецца менавіта з мая месяца.
Масава катаць турыстаў будуць два цеплаходы — «Неман» і «Вольга Соламава».
Як расказаў «Звяздзе» намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Гроднамеліявадгас» Павел Коханаў, заяўкі пачалі фарміраваць яшчэ ў сакавіку. Такая паслуга ўключана ў сэрвіс многіх турыстычных фірмаў, якія пастаянна ўзгадняюць тэрміны з эксплуатацыйным прадпрыемствам. Першы рэйс якраз і быў замоўлены турфірмай. Заяўкі прымае і само прадпрыемства, якому належыць цеплаход «Нёман».
Амаль штодзень ёсць рэйсы, але іх пакуль не так многа — толькі 2-3 за дзень. Мяркуецца, што ў летні перыяд іх колькасць дасягне 10-12 у дзень. Менавіта столькі рэйсаў рабілася летась. Гэта як арганізаваныя групы, так і адзіночныя турысты, якія проста купляюць білет і на працягу гадзіны маюць магчымасць праплыць дзясяткі кіламетраў па маляўнічых мясцінах Аўгустоўскага канала, прайсці шлюзаванне і паназіраць за наваколлем з палубы альбо з салона.
Па словах прадстаўніка прадпрыемства, кошт білета на адну гадзіну на чалавека не змяніўся і складае 10 рублёў. Арэнда для турыстычных груп – 400 рублёў, але гэта пазіцыя можа крыху вырасці. Маршрут — Аўгустоўскі канал і шлюзаванне на шлюзе Дамброўка як у адзін, так і ў другі бок. Вядома, можна арэндаваць і на больш працяглы час, у адпаведнасці з гэтым і маршрут будзе больш працяглым.
Трэба сказаць, што цеплаход «Нёман» — адзінае судна, якое ходзіць тут пасля рэканструкцыі канала, а гэта каля 15 гадоў. Перад пачаткам кожнай навігацыі судна праходзіць усю неабходную праверку, згодна з рэгістрам. Улічваецца таксама і шумавы эфект рухавіка. Гэты параметар кантралюе санітарная служба.
Да новага сезона цеплаход поўнасцю адрамантаваны. Яго пафарбавалі, аднавілі салон, устанавілі кандыцыянер. Замянілі абшывачны матэрыял, шклопакеты.
- У нас два капітаны і два памочнікі, яны прайшлі навучанне, працуюць па графіку, — зазначыў Павел Коханаў. — Мы катаем кожны дзень без выхадных, бывае, што заказваюць нават на 6 гадзін раніцы. Гэта турысты, якія арганізаваны турфірмамі.
Сёлета да цеплахода «Нёман» далучылася судна гродзенскага рачнога порта «Вольга Соламава». Раней яно было задзейнічана для катання па Нёману ў межах горада, але час паказаў, што ёсць попыт менавіта на канале, таму цеплаход перабазіраваўся на шлюз Дамброўка, адкуль і пачынаецца маршрут абодвух суднаў.
Вядома, водная вандроўка на цеплаходзе — не адзіная атракцыя канала. Тут таксама можна пакатацца на лодках і катамаранах, праехаць на ровары па некалькіх веламаршрутах. Уздоўж канала нямала сведкаў ваеннага мінулага, у прыватнасці дотаў і фартоў. Ёсць спецыяльны маршрут па гэтых мясцінах.
Каб зрабіць канал больш папулярным, прадпрыемства сёлета значна папоўніла тэхнічны парк. Адноўлены парк катамаранаў — ён папоўніўся 13 новымі адзінкамі, ёсць і новыя лодкі, у тым ліку, з электраматорам (развіваюць невялікую хуткасць, але вёсламі грэсці не трэба). Акрамя гэтага закуплены электрафутбайкі і квадрацыклы. Зараз ідзе ўзгадненне з ДАІ, як арганізаваць іх рух.
- Плануем у маі ўстанавіць дзіцячы гульнявы комплекс «Брыганціна», — распавядае пра бліжэйшыя планы на сезон прадстаўнік прадпрыемства. — Гэта вялікая пляцоўка памерам 20 на 16 метраў на шлюзе Дамброўка, дзе размесціцца вялікі карабель з рознымі атракцыёнамі. Таксама будуць устаноўлены батуты для дзяцей. Дадаткова закуплены дзясятак біяпрыбіральняў.
У былым доміку наглядальніка канала абсталявана музейная экспазіцыя, якая расказвае аб гісторыі канала. Сюды абавязкова наведваюцца турысты падчас прыезду на канал. Трэба сказаць, што дабірацца сюды прасцей з турыстычнымі групамі, але многія едуць на уласным аўто — ад Гродна да шлюза Дамброўка каля 40 кіламетраў. Магчыма, сёлета будзе арганізаваны прамы рэйс з аўтавакзала Гродна да канала, як гэта было ў папярэднія гады. Пакуль пытанне застаецца адкрытым.
Што датычыцца адпачынку на аграсядзібе, такая магчымасць таксама ёсць. Непасрэдна ў некалькіх кіламетрах знаходзіцца шэраг даволі камфортных месцаў для пражывання. Свае паслугі прапануе і «Гродна меліявадгас» на турыстычнай базе ў вёсцы Сонічы, тут адпачынак адзін з самых танных — 20 рублёў за суткі. Таксама рыхтуецца да эксплуатацыі яшчэ адзін дом наглядальніка канала, але ўжо на шлюзе — рэгулятары Куркуль. Згодна з праектам, тут будзе зона адпачынку з альтанкай, мангалам і спальнымі месцамі.
У новым сезоне на прадпрыемстве чакаюць прытока турыстаў.
Як расказала намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення спорту і турызму Таццяна Лідзяева, арганізацыя прыёму турыстаў нядаўна была разгледжана на пасяджэнні аблвыканкама. Прааналізавана работа за мінулы год. Назіраецца тэндэнцыя да росту наведвальнікаў. Так, аб’ём паслуг на канале за мінулы год склаў 256 тысяч рублёў, гэта ў два разы больш, чым у папярэднім, але значна меншы, чым да пандэміі. Усё большую папулярнасць набывае катанне на цеплаходзе. Зараз ідзе актыўнае браніраванне на новы сезон.
Аўгустоўскі канал — гэта яшчэ і месца многіх культурных святаў і фестываляў. І першая такая імпрэза «Аўгустоўскі канал запрашае сяброў» праводзіцца у сярэдзіне мая, якая, уласна кажучы, і дае старт новаму сезону. А напачатку чэрвеня тут адбудуцца мерапрыемствы Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Свята перамясціцца на канал на трэці дзень яго правядзення. Таксама плануецца правядзенне любімага гродзенцамі і гасцямі фестывалю «Заплыў на чым папала» і балотны футбол. А завяршаецца праграма культурнага жыцця канала напрыканцы жніўня яскравым і відовішчым святам.
- Аўгустоўскі канал становіцца брэндам рэгіёна, — зазначыла Таццяна Лідзяева, — зараз гэта месца адпачынку не толькі гродзенцаў і жыхароў Беларусі, але і замежных гасцей. Ва ўмовах адмены пандэмійных абмежаванняў і бязвізавага рэжыму, прыток турыстаў будзе расці. Бо менавіта тут спалучаецца і цудоўная прырода, і камфортнае пражыванне на аграсядзібах.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
Хораша там, дзе моладзь ёсць!