У лесе, які называюць Шчэбрынскім, паміж вёскамі Радванічы і Франапаль давялося наткнуцца на сціплы абеліск. Было гэта даўно, гадоў дзесяць таму. Звярнула ўвагу на цэнтральную шыльду, якая змяшчае вельмі абстрактны тэкст, нешта накшталт «Бясстрашным і мужным воінам і партызанам». На адваротным баку помніка прымацаваная дошка, на якой напісана, што ў лістападзе 1942 года тут быў расстраляны адважны партызанскі разведчык Гаўрылюк Іван Аляксандравіч са сваёй сям’ёй. А літаральна ў 15 метрах ад старога, пафарбаванага ў сіні колер помніка, расце незвычайнае дрэва — граб з шасцю стваламі.
Хутчэй за ўсё, у адно сышліся некалькі дрэў, якія потым шчыльна зрасліся камлямі. Сказаць дакладна, як такое адбылося, можа, відаць, толькі спецыяліст. Але кожны ствол, нібы нага, абапіраецца на зямлю. А далей, угары, дрэвы трохі разыходзяцца адно ад аднаго і завяршаюцца вялізнай раскошнай шапкай лістоты, у гэтую пару пяшчотна-зялёнай, маладой. Ёсць нешта спакойна-велічнае ў гэтым грабавым спарышы. Калі я ўпершыню тады абышла і палічыла ствалы, чамусьці першае, што прыйшло ў галаву: а ці не шэсць душ тут бязвінна загублена?
Тагачасны сакратар Радваніцкага сельскага Савета Таццяна Кавалевіч адразу пацвердзіла здагадку: так, у 1942-м годзе фашысты расстралялі Гаўрылюка Івана Аляксандравіча, яго жонку і сына, а таксама Белавежу Пятра Фёдаравіча з жонкай і сынам. Таццяна Якаўлена тады параіла звярнуцца да старажыла тутэйшых мясцін Дзмітрыя Пархаца з Малых Радванічаў. І не памылілася.
Аказалася, Пархацы былі суседземі Гаўрылюкоў. Як расказаў Дзмітрый Іванавіч, раней яго дзяды, бацькі жылі ў вёсцы Камяніца, пазнейшая назва — Падлессе Камяніцкае. Але пры Польшчы іх землі адышлі пад ваенны палігон Войска Польскага. А ўзамен улады выдзелілі адселеным людзям месца пад хутары. Вось Пархацы і пабудаваліся фактычна на ўскрайку лесу. Побач была сядзіба мясцовага ляснічага, якая адначасова з’яўлялася лясніцтвам. Там жыў з сям’ёй Іван Гаўрылюк. З яго сынам Лёнькам ды з Лёшам Белавежам Дзмітрый разам гуляў. Пры гэтым, Дзмітрый Іванавіч добра памятаў, што ён быў старэйшым з хлопцаў. Лёню і Аляксею на пачатак вайны не споўнілася і дзесяці. Ляснічы Іван Аляксандравіч быў чалавекам адукаваным, у доме захоўвалася шмат кніг. І яшчэ, што ўрэзалася ў памяць Дзмітрыя Пархаца, сядзіба-леснічоўка выглядала надзвычай прыгожа. Драўляная пабудова была выраблена нейкім майстрам з вялікім густам. Нават агароджа з арэшніку ўяўляла сабой маляўнічае відовішча. Недалёка жыў і ляснік Пётр Белавежа.
Навакольныя лясы абумовілі партызанскі рух з самага пачатку вайны. У недалёкіх ад Брэста лясных масівах хаваліся ўсе, хто мог схавацца ад ворага. Спачатку партызаншчына была стыхійнай. Дзмітрый Пархац са сваім бацькам побач з уласным хлявом сустрэлі аднойчы старшыню Тэльмінскага сельсавета Івана Салейку з таварышамі. Гэтыя людзі адразу падаліся ў лес, бо ведалі, што вораг іх не пашкадуе. Потым уцекачы сталі арганізоўвацца, да іх далучыліся чырвонаармейцы, якія адступалі, цярпелі паражэнне. І паступова навакольныя лясы станавіліся партызанскай базай. Зразумела, што партызаны стараліся кругом займець сваіх людзей. Але ж ніхто не хваліўся падобнымі сувязямі. Вядома, людзі не ведалі, што да ляснічага прыходзяць з атрада па інфармацыю. Не ведалі аж да таго часу, пакуль не адбылася трагедыя...
Калі Дзмітрый Іванавіч пачынаў успамінаць тыя дні, голас сталага чалавека рабіўся дрыготкім. Бо ўсё гэта ўляпілася ў яго дзіцячую памяць нейкай балючай чорнай плямай. Стах запаў у дзіцячую душу з першага дня вайны. Тады, у першы дзень, ён з хлопцамі-аднагодкамі пагнаў коней у начное. І на світанні раптам паляцелі самалёты ў бок Брэста. А потым сталі гарэць памежныя заставы з аднаго і з другога боку. Хлопчык прыбег дадому, а там перапалоханыя бацькі. Бацька працаваў дзяжурным на чыгуначнай станцыі, ён прыйшоў і сказаў, што няма ніякай сувязі. І адчай у вачах маці. «Усю вайну, да апошняга яе дня давялося жыць у страху — гаварыў Дзмітрый Іванавіч. — Кожны крок, кожнае слова трэба было вывяраць. Бо жылі пры лесе. Навакольныя вёскі палілі, людзей стралялі. Ніхто не мог дакладна ведаць, што заўтра ён будзе хаця б жывы».
Яго, на зайздрасць, добрая памяць захавала шмат эпізодаў. Ну вось, напрыклад, такі: " Бацька з маці жнуць авёс каля хаты, а я ганю кароў з поля. І вось адна карова на ўскрайку лесу раптам становіцца ледзь не на дыбкі і як зараве дзікім голасам! Падыходжу бліжэй, а там чалавек ляжыць мёртвы. Бацька потым з іншымі мужчынамі пайшлі пахаваць невядомага. Дасталі з кішэні яго шэрага пінжака дакументы, там быў польскі пашпарт. Бацька павольна прачытаў: Ставінскі Вітальд, сын Юзафа, Брэст-над Бугам. Што за чалавек, хто і навошта яго забіў, невядома. Яшчэ адна ахвяра той страшнай вайны"...
Пра тое, што сталася з Гаўрылюкамі і Белавежамі, Дзмітрый даведаўся ад Аляксандры Данілюк, дзяўчыны, якая прыбірала ў леснічоўцы. Яна прыбегла, як заўсёды, ранкам на працу, а там поўна немцаў са зброяй, з сабакамі. Спачатку схапілі і яе, але распытаўшы, хто такая, дзяўчыну адпусцілі. А іх, Гаўрылюка і Белавежу, іх жонак і сыноў — хлопчыкаў 10-11 гадоў — расстралялі.
Засталіся ўспаміны былога дырэктара Радваніцкай школы Уладзіміра Пятровіча Ласковіча. Ён сведчыў, што Івана Гаўрылюка расстралялі асобна ад сям’і. Спачатку яго па-зверску катавалі ў камендатуры, а потым, ужо мёртвага, прыцягнулі, прывязаўшы да каня, за шэсць кіламетраў з Палесся Радваніцкага. Гэты здзек з цела ўбачыла сям’я, да якой ён і далучыўся ля ўласнай хаты, каб пайсці ў вечнасць.
Ці самі карнікі вылічылі Івана Гаўрылюка, ці хто выдаў яго сувязь з партызанамі — ніхто дакладна не ведае. Вядома, што ў адзін міг загубілі дзве сям’і, у тым ліку не ў чым не павінных жанчын і дзяцей. Недзе ў 70-х гадах на месцы іх спаленых немцамі сядзіб паставілі сціплы знак памяці. Раней сюды вяла даволі шырокая дарога, нават раённыя мерапрыемствы праводзілі, прымеркаваныя да памятных дат. Але з часам дарога рабілася непрыкметнай, зарастала. Праўда, помнік даглядаюць супрацоўнікі лясніцтва, яго не забывае і сельсавет. Паводле слоў старшыні Радваніцкага сельскага Савета Наталлі Драневіч, гэтай вясной таксама помнік паднавілі, дагледзелі.
...Сюды, як не ведаеш дарогі, без праважатых не трапіш. Мясціна ж пасярод лесу. Калі выпадае, абавязкова збочваю да гэтага незвычайнага граба, які ўвасабляе памяць, увекавечаную самой прыродай. Стройныя ствалы цягнуцца ў неба, нібы нясуць на сабе душы загінулых.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота аўтара
Брэсцкі раён
Пытанняў і праблем, якія стаяць перад кіраўніцтвам арганізацыі, нямала.
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.