Вы тут

Сіняўскі прыняў удзел у закладцы Алеі подзвігаў каля Кургана Славы


 

Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі і ратавальнікі Беларусі заклалі Алею подзвігаў каля Кургана Славы падчас урачыстага мерапрыемства, прымеркаванага да Дня Перамогі і Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь.


Алея подзвігаў прысвечана пажарным – Героям Савецкага Саюза, якія вызначыліся ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Іх імёны і подзвігі былі выяўлены і ўстаноўлены падчас працы архівістаў у Год гістарычнай памяці.

Звяртаючыся да прысутных, міністр адзначыў, што напярэдадні вялікага Свята Перамогі беларусы аддаюць даніну павагі нашым ветэранам-пераможцам, воінам, якія загінулі на палях бітваў, і героям-пажарным, якія сталі на абарону Айчыны ў гады вайны. 

– У Год гістарычнай памяці мы праводзім вельмі важную і знакавую для Міністэрства па надзвычайных сітуацыях працу, – падкрэсліў Вадзім Сіняўскі. – Нашы спецыялісты вывучаюць архіўныя матэрыялы і ўстанаўліваюць людзей, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны служылі ў ваенізаванай пажарнай ахове, а ў наступным ваявалі ў шэрагах Чырвонай Арміі і партызанскіх атрадах на тэрыторыі нашай краіны. Намі ўстаноўлены імёны васьмі пажарных, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў і якія сталі Героямі Савецкага Саюза.

Міністр звярнуў увагу на цікавы факт, які стаў вядомы падчас такой працы: «У першыя дні вайны, 23-24 чэрвеня 1941 года, пры бамбёжках Мінска беларускія пажарныя першымі прымалі актыўны ўдзел у ліквідацыі фашысцкіх неразарваных запальных бомбаў. Для такой працы нават быў распрацаваны пэўны алгарытм дзеянняў. Потым, калі пажарныя Беларусі часткова былі эвакуяваныя ў Маскву і Ленінград для аказання практычнай дапамогі сваім калегам, іх вопыт быў ужыты і ў гэтых гарадах пры налётах нямецкай авіяцыі».

– Вельмі важна для нас, сучаснікаў, вызначыць усіх герояў, якія сталі прыкладам для будучых пакаленняў, абнавіць і выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю пры навучанні нашых курсантаў, ліцэістаў, усяго асабістага складу, – асабліва адзначыў міністр.

Таксама ў ходзе мерапрыемства Вадзім Сіняўскі уручыў узнагароды і чарговыя спецыяльныя званні выратавальнікам.

Алея подзвігаў была заклдазена ў гонар 8-мі пажарных-ратавальнікаў – Герояў Савецкага Саюза. Карэспандэнт газеты «Звязда» даведаўся пра іх сапраўды вялікія подзвігі.

Ноччу 24 кастрычніка 1943 года батальён гвардыі капітана Паўла Ялугіна атрымаў загад прыступіць да фарсіравання ракі Днепр, зламаць супраціўленне немцаў і захапіць плацдарм, забяспечыўшы пераправу астатніх падраздзяленняў палка.

Пад моцным кулямётна-мінамётным агнём 40 гвардзейцаў пад непасрэдным камандаваннем П. Ялугіна на лодках змаглі падплысці да правага берага, дзе залеглі ў вадзе і больш за 2 гадзіны вялі бой. Бачачы, што боепрыпасы падыходзяць да канца, Павел Ялугін падняў байцоў у атаку, пераадолеў драцяныя загароды, авалодаў берагам, траншэямі праціўніка і паспяхова стаў прасоўвацца наперад, тым самым выканаўшы пастаўленую задачу.

Імем П. Ялугіна названы завулак у Лепелі і вуліца ў в. Асінаўка Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці.

Пры фарсіраванні ракі Днепр узвод гвардыі старшыны Каюма Ахметшына трапіў пад абстрэл артылерыі праціўніка, у выніку чаго аскепкам снарада была прабіта адна з лодак, якая пачала хутка запаўняцца вадой.

Каюм Ахметшын, які рухаўся на суседнім плыце, на хаду пераскочыў у  лодку, якая тоне, зняў з сябе кашулю і заткнуў прабоіну, што дазволіла аддзяленню пераправіцца на правы бераг.

У ходзе бою ўзвод трапіў у акружэнне. Бачачы абстаноўку, Каюм Ахметшын падняў асабісты склад у рукапашную атаку, дзякуючы чаму прарваў кольца акружэння і вывеў ўзвод да свайго эскадрону, знішчыўшы да 25 салдат праціўніка.

19 ліпеня 1943 г. пры правядзенні разведкі рота, у якой знаходзіўся Уладзімір Ярмак, трапіла пад моцны кулямётны агонь кінжальнага дзеяння.

Бачачы цяжкае становішча, В. ІЯрмак кінуўся наперад і гранатамі прарабіў у умацаваннях праход да ДЗОТу, пасля чаго, выдаткаваўшы ўвесь боезапас, закрыў сваім целам яго амбразуру, чым забяспечыў выкананне баявой задачы.

Імем В. Ярмака названы вуліцы і завулкі ў Мінску і Бабруйску, вуліцы ў Санкт-Пецярбургу і Ніжнім Тагіле Расійскай Федэрацыі.

У Бабруйску на Алеі Герояў яму ўсталяваны памятны знак, а ў Санкт-Пецярбургу – помнік і мемарыяльная дошка. Імя Героя таксама ўвекавечана на манументах мемарыяла «Сінявінскія вышыні» і ў г.Ніжні Тагіл.

12 лістапада 1943 года ўзвод пад камандаваннем старэйшага сяржанта Нікіфара Фенічава першым фарсіраваў дзве водныя мяжы ў раёне в. Старое Сяло Гомельскай вобласці. Развіваючы наступ на ўмацаваную паласу абароны праціўніка, на наступны дзень Н. Фенічаў першым уварваўся ў варожую траншэю і абясшкодзіў ДЗОТ. У рукапашнай сутычцы забіў 4 салдат, паланіў нямецкага афіцэра і захапіў радыёстанцыю, пасля чаго знішчыў разлік супрацьтанкавай гарматы праціўніка, якая біла прамой наводкай па нашым надыходзячым падраздзяленням.

У наступных баях, 16 лістапада 1943 года пры адлюстраванні контратак праўзыходных сіл праціўніка, падраздзяленне Н. Фенічава засталося без боепрыпасаў, але уступіўшы ў рукапашную сутычку, абараніла раней захопленыя рубяжы. Сам Н. Фенічаў падчас гэтага бою загінуў смерцю храбрых.

Мемарыяльныя дошкі ўсталяваныя каля брацкай магілы ў в. Старое Сяло Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, фасадзе будынка спецыяльнай пажарнай часткі № 3 спецыяльнага ўпраўлення Федэральнай супрацьпажарнай службы № 10 МНС Расійскай Федэрацыі.

1 кастрычніка 1943 года пры фарсіраванні ракі Днепр узвод на чале з лейтэнантам Анатолем Гутманам першым высадзіўся на правым беразе, захапіў плацдарм і забяспечыў фарсіраванне ракі сіламі ўсяго батальёна. За гэты час узвод паспяхова адбіў дзве контратакі праціўніка. Пры адлюстраванні другой атакі Анатоль Гутман быў паранены, але працягваў кіраваць падраздзяленнем да заканчэння бою, асабіста знішчыўшы 18 фашыстаў.

На будынку ліцэя № 20 г. Растова-на-Доне (Расійская Федэрацыя) ўстаноўлена мемарыяльная дошка, прысвечаная А. Гутману.

28 чэрвеня 1944 года на магістралі Бабруйск-Мінск стралковая рота пад камандаваннем старшага лейтэнанта Аляксандра Меркушава авалодала в. Сычаўка і перарэзала шляхі адыходу нямецкім войскам.

На наступны дзень праціўнік сіламі да палка пяхоты, пры падтрымцы танкаў і самаходных гармат, перайшоў у контратаку, распачаўшы адну за адной 13 спробаў захапіць адваяваны ў яго плацдарм і пераправу праз раку Бярэзіна.

Нягледзячы на цяжкае становішча, Аляксандр Меркушаў не губляў самавалодання, асабіста 7 раз ўздымаў роту ў контратакі, кожная з якіх сканчалася рукапашнай сутычкай.

Па выніках бою праціўнік адступіў, страціўшы больш за 200 чалавек, а таксама калону да 100 аўтамашын з харчаваннем, боепрыпасамі і іншым ваенным грузам. Сам Аляксандр Меркушаў ў гэтым баі асабіста знішчыў 23 фашыста, яшчэ 18 чалавек узяў у палон.

Імем А. Меркушава названа вуліца ў г. п. Плешчаніцы Лагойскага раёна.

Старшы сяржант Андрэй Мілюцін праявіў мужнасць і гераізм у вулічных баях па ліквідацыі акружанай групоўкі праціўніка ў г. Будапешце. Дзейнічаючы з узводам буйнакаліберных кулямётаў ДШК у баявых парадках пяхоты спрыяў паспяховаму прасоўванню нашых войскаў і занятку некалькіх кварталаў.

У ходзе штурму ўмацаваных пазіцый праціўніка ля чыгуначнага насыпу ў цэнтральнай частцы горада, А. Мілюцін, рызыкуючы жыццём, выкаціў кулямёт пад бесперапынным варожым агнём вёў бой, знішчыўшы падчас яго ўсе агнявыя кропкі праціўніка і снайперскія пазіцыі.

Пасля гібелі камандзіра роты, узяў на сябе камандаванне і працягнуў забяспечваць прасоўванне нашых частак. У выніку рота знішчыла бронетранспарцёр, тры аўтамашыны, 20 агнявых пунктаў, 12 наглядальных пунктаў і да 350 салдат і афіцэраў праціўніка.

Памятны знак А. Мілюціну усталяваны на Алеі Славы ў г. Шклове.

25 верасня 1943 года ў перыяд фарсіравання ракі Днепр капітан Залман Віхнін узначаліў групу прыкрыцця, з якой першым высадзіўся на правы бераг у раёне с. Мнева Чарнігаўскай вобласці.

Нягледзячы на моцны артылерыйскі і мінамётны агонь праціўніка, забяспечыў пераправу некалькіх батальёнаў, пасля чаго, захапляючы за сабой байцоў і афіцэраў, першым пайшоў у наступ у напрамку населеных пунктаў Бярозкі і Новая Ёлча (цяпер у Брагінскім раёне).

Дзякуючы адважным дзеянням З. Віхніна, пераправіліся падраздзяленні, зламаўшы супраціўленне праціўніка, выбілі яго з сяла Бярозкі і далі магчымасць фарсіраваць Днепр астатняму складу палка. Развіваючы наступ пры вызваленні с. Новая Ёлча, капітан Віхнін загінуў смерцю храбрых.

Імем З. Віхніна названы вуліцы ў в. Шчадрын і г. Чарнігаве. Мемарыяльныя знакі ўстаноўлены ў Бабруйску, Жлобіне і Чарнігаве.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота МНС

Культура

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.