Вы тут

«Капальнікі памяці»


Раскопваць ваенныя гісторыі і здымаць фільмы пра герояў, якія ёсць у родзе кожнай беларускай сям’і, вучыць школьнікаў Уладзімір Гімбут. Педагог з Мазыра свае ідэі і напрацоўкі ваенна-патрыятычнай работы з навучэнцамі прадставіў у Гомелі падчас акцыі «Беларусь памятае!».


Пошук па мове школьнікаў

За плячыма Уладзіміра Віктаравіча, гісторыка па адукацыі, — работа выкладчыкам Мазырскага дзяржпедуніверсітэта імя Шамякіна, напісанне дысертацыі аб сістэме адукацыі ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя сярод нацыянальных меншасцяў Мазырска-Прыпяцкага Палесся. Не адняць і вопыт шматгадовай працы з архіўнымі дакументамі. Гэты досвед, веды і стаўленне да работы аказаліся вельмі запатрабаванымі ў школе. Сёння актывіст ваенна-гістарычнага клуба «Калінкавіцка-Мазырскі «Пошук», Уладзімір Гімбут — актыўна развівацца ў педагагічнай рабоце. Ён кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання мазырскай сярэдняй школы № 16, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Краязнаўства. Пошук», вядзе ўрокі і як настаўнік гісторыі.

— Пошукавая работа, у якой разам з вучнямі непасрэдна ўдзельнічаем, вельмі шматгранная, — адзначае педагог. — У наш ваенна гістарычны клуб «Калінкавіцка-Мазырскі «Пошук» звяртаюцца жыхары не толькі Беларусі, але і блізкага замежжа, у асноўным расіяне. Гэта нашчадкі герояў, франтавікоў, якія ваявалі падчас вайны на тэрыторыі сучасных Калінкавіцкага і Мазырскага раёнаў. Родныя шукаюць дакладнае месца пахавання сваіх герояў.

Уладзімір Гімбут і яго вучні-пошукавікі ў населеных пунктах раёнаў дапамагаюць знаходзіць інфармацыю аб загінулых франтавіках:

— Высвятляем па архіўных звестках, дзе служыў чалавек, якога шукаюць родныя, дзе праходзілі баі яго вайсковага злучэння. Па картах і архіўных звестках суадносім дату гібелі і час знаходжання вайсковай часці на пэўнай тэрыторыі. З дазволу сельсавета, да якога адносіцца мясцовасць, дзе праходзілі баявыя дзеянні, устанаўліваем невялікія памятныя знакі з інфармацыяй, хто тут загінуў, калі ёсць такія звесткі ў дакументах. Таксама прыязджаем у сельсавет, робім памятную залу, расказваем аб ваенных падзеях.

Родныя герояў 9 мая абавязкова прыязджаюць на гэтыя месцы памяці. Не стамляюцца шчыра дзякаваць мазырскаму педагогу і яго вучням. Дапамагаюць школьныя пошукавікі і з вызначэннем невядомых брацкіх пахаванняў.

— Да нас часам звяртаюцца жыхары населеных пунктаў Мазырска-Прыпяцкага Палесся, якім расказвалі яшчэ іх бацькі ці дзяды, што падчас вайны на тэрыторыі іх вёскі былі пахаваныя байцы. Звяртаемся з афіцыйным лістом у ваенкамат. На месца выязджаюць вайскоўцы 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны. Падчас пошукавых работ мы таксама арганізуем вахты памяці: дзеці на свае вочы могуць убачыць, як праходзіць гэты працэс, прыняць удзел ў перапахаванні салдат, — прыводзіць прыклады пошукавай работы з удзелам вучняў педагог.

Хронікі пікіруючага Яка

Некалькі год таму вучні Уладзіміра Гімбута сталі сведкамі, а некаторыя і непасрэднымі ўдзельнікамі, унікальнага ваенна-пошукавага праекту па падняцці з балота знішчальніка часоў вайны ў Калінкавіцкім раёне. Падчас экспедыцыі тады было сабрана мноства артэфактаў для краязнаўчых музеяў, знойдзеныя касцяныя астанкі лётчыка і фрагмент рухавіка самалёта, па якому ў лічаныя гадзіны пацвердзілі імя героя і ўпершыню за 75 год пралілі свет на яго лёс. 

Дарэчы, удзел і дапамогу пошукавікоў Гомельшчыны ў гэтым праекце на самым высокім ўзроўні ацанілі спецыялісты 52-га асобнага пошукавага батальёна Міністэрства абароны і Упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл. Уладзімір Гімбут быў адным з удзельнікаў пошукавай экспедыцыі ў складзе ваенна-гістарычнага клуба «Калінкавіцка-Мазырскі «Пошук».

Сваім досведам палявой пошукавай работы Уладзімір Віктаравіч дзеліцца з вучнямі — удзельнікамі школьнага аб’яднанне па інтарэсах «Пошук». Педагог упэўнены, іх школьны гурток можа стаць для некаторых дзяцей своеасаблівым сацыяльным ліфтам. Яго вучні пасля змогуць браць удзел у экспедыцыях вядомага ваенна-гістарычнага клуба «Калінкавіцка-Мазырскі «Пошук».

Пазакласныя заняткі ў духу прыгод 

Увогуле вучні Уладзіміра Гімбута далучаюцца да пошукавай работы з вялікім інтарэсам. Але каб распаліць у іх гэты інтарэс, кажа, неабходна умець зацікавіць дзяцей яшчэ з малодшых класаў.

— Выязджаем на пазакласныя заняткі ў палі. Мазыршчына, вядома, — зямля багатая на гістарычныя артэфакты. Выходзім ланцужком па ўзаранаму полю і вучымся збіраць сляды цывілізацыі, рэшткі керамікі, — тлумачыць Уладзімір Віктаравіч. — На базе нашага школьнага музея дзейнічае гістарычная лабараторыя. Школьнікі сваімі рукамі лепяць посуд з гліны, робяць першабытныя прылады працы: каменныя сякеры, дзіды, лукі, стрэлы...

З дзецьмі старэйшых класаў выязджаюць на пазакласныя заняткі ў лясы. Асаблівая цікавасць — да ўнікальных падземных дотаў (доўгачасовых агнявых кропак).

— Гэтых сведак ваеннай гісторыі ні знойдзеш больш нідзе ад Карэліі і да Чорнага мора, а захаваліся яны толькі ў Петрыкаўскім раёне. Заходзяцца на глыбіні, пад могілкамі. Ездзім туды на экскурсіі. Бяром з самой ваенную форму, робім і фотасесіі. Там жа ў лесе арганізуем паласу перашкодаў: хаваю ваенны артэфакт, вучу, як па азімуту хадзіць, і дзеці самі з компасамі шукаюць схаванае, — з захапляльным імпэтам ў голасе расказвае аб занятках Уладзімір Гімбут і падкрэслівае, важна, што і бацькі вучняў захапляюцца гісторыя з такой жа цікавасцю.

Лёсы герояў вайны ажываюць

Сёння таксама разам працуюць над вялікім праектам па ўвекавечанні памяці чырвонаармейцаў — удзельнікаў Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі, якая у савецкі час увогуле ніяк не асвятлялася. Працуюць з архіўнымі дакументамі нямецкіх дывізій, якія адступалі па паласе Мазыра і Калінкавічаў, са спісамі пратаколаў допытаў амаль 200 савецкіх ваеннапалонных.

— Мы цяпер з дзецьмі вывучаем гэтыя матэрыялы і шукаем звесткі пайменна аб ўсіх байцах, высвятляем іх лёс. Удалося ўжо ўстанавіць 33 фаміліі: хтосьці прапаў без вестак, хтосьці загінуў, хтосьці трапіў ў палон, але быў вызвалены ці змог выбрацца і далей працягнуў ваяваць, а пасля вярнуўся дамоў. Мы хочам прасачыць лёс кожнага з гэтых байцоў, а потым прадставіць праект на конкурсах пошукавай даследчай і ваенна-патрыятычнай работы. Плануем з дзецьмі і фільм зняць аб гэтай аперацыі і яе ўдзельніках, таму што гэта ўсё адбывалася вось тут ў нашых лясах, — дзеліцца педагог.

Прынамсі, здымкі аматарскіх кінастужак, відэазамалёвак пра лёс герояў — адна з самых папулярных сярод вучняў форма ваенна-патрыятычнай работы. Фільмы здымаюць ў школьнай кінастудыі аб«яднання па інтарэсах «ТВ-16». Сцэнарыі — калектыўныя, без шаблонаў і жанравых абмежаванняў. Аператарам выступае — педагог дадатковай адукацыі і кіраўнік «ТБ-16» Віктар Цырулік, акцёры — дзеці, бацькі — у дапамогу.

— Падобных фільмаў аб сямейных ваенных гісторыях з удзелам дзяцей і іх бацькоў сёння знята трынаццаць, — кажа педагог. — Некаторыя бацькі спецыяльна для ўдзелу ў фільмах шылі дзецям ваенную форму, а потым пакінулі яе ў школе. Казалі: «Вы дапамаглі нашаму дзіцяці шмат зразумець у гэтым жыцці. Няхай гэта форма яшчэ камусьці спатрэбіцца».

Так, многія дзеці, упэўнены Уладзімір Віктаравіч, дзякуючы такой дзейнасці мяняюць стаўленне да жыцця. Некаторыя — кардынальна. Заўважна, як дзеці сталеюць на вачах. Бацькі адзначаюць, што школьнікі становяцца больш арганізаванымі і дысцыплінаванымі. Нават стаўленне да вучобы мяняецца ў лепшы бок.

Наталля КАПРЫЛЕНКА,

фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?