Вы тут

Міліцыянеры сталі ўдзельнікамі патрыятычнай акцыі «Памяць аб Вялікай Перамозе святая»


Пачалася акцыя, накіраваная на захаванне памяці аб подзвігах продкаў, пераемнасці пакаленняў праваахоўнікаў, з ускладання кветак на мемарыяльным комплексе «Курган Славы». Міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў, яго намеснікі, а таксама кіраўнікі абласных упраўленняў унутраных спраў і ГУУС Мінгарвыканкама, падраздзяленняў цэнтральнага апарата і цэнтральнага падначалення, ведамасных устаноў адукацыі ўшанавалі памяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.


Каля помніка была ўзноўлена атмасфера ваеннага часу: любы жадаючы мог сфатаграфавацца ў антуражы 1940-х, а таксама пазнаёміцца з выстаўкай ваеннай тэхнікі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Як адзначыў старшыня Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Валянцін ПАТАПОВІЧ, міліцэйская акцыя невыпадкова праходзіць напярэдадні Дня Перамогі. «Мы шануем, памятаем і будзем перадаваць моладзі веды аб тых падзеях, — заўважыў ён. — Гэтая памяць павінна быць вечнай, і за яе мы гатовыя аддаць усё, што будзе патрэбна. У гады Вялікай Айчыннай вайны героі ў пагонах аддалі жыцці для таго, каб спыніць ворага і наблізіць Перамогу». 

Затым супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ўнутраных войск, а таксама ветэраны міліцыі сталі ўдзельнікамі аўтапрабегу «У імя Перамогі!» Па дарозе да знакавага для міліцыянераў усёй краіны мемарыялу, які знаходзіцца ў вёсцы Гаі Магілёўскага раёна, яны спыняліся каля некаторых памятных мясцін, каб ускласці кветкі, выказаць сімвалічную падзяку вызваліцелям, ушанаваць іх памяць хвілінай маўчання. Каля брацкай магілы воінаў Чырвонай Арміі ў вёсцы Карпілаўка, каля помніка загінулым удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Кукушкіна, абеліску «Воіны» ў вёсцы Хойнікі, што на Чэрвеньшчыне. Не абмінулі сваёй увагай міліцыянеры і скульптуру жанчыны-маці на брацкай магіле ў вёсцы Пагост, помнік загінулым землякам у вёсцы Лешніца, якая знаходзіцца ў Бярэзінскім раёне, Алею Герояў у парку культуры і адпачынку «Ліпавы гай», што ў Бялынічах. Кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і ганаровыя госці каля ўваходу ва ўпраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама ўсклалі кветкі да памятнага знака супрацоўнікам, якія загінулі пры выкананні службовага і воінскага абавязку. Затым паўдзельнічалі ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця гісторыка-дэманстратыўнай залы.

Канцавая кропка маршрута — мемарыяльны комплекс у вёсцы Гаі, што на Магілёўшчыне. Місія ўдзельнікаў аўтапрабегу — аддаць даніну павагі і памяці подзвігу байцоў зводнага батальёна міліцыі капітана Канстанціна Уладзімірава, які ў першыя дні вайны вёў няроўны бой з нямецка-фашысцкімі акупантамі. Міліцыянеры стаялі на смерць: з 250 байцоў падраздзялення ў жывых засталося ўсяго 19 чалавек...

— Сёння мы сабраліся на гэтым знакавым месцы, каб аддаць даніну павагі ўсім супрацоўнікам, якія загінулі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, а таксама тым, хто абараняў нашу Радзіму і аддаў жыццё за гэтую высакародную справу, — адзначыў міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван КУБРАКОЎ. – Менавіта гэты прыклад і подзвіг сёння шануюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, бо яны заўсёды знаходзяцца на пасту і забяспечваюць ахову грамадскага парадку, як і тады, у далёкім 1941 годзе, калі міліцыянеры сталі на абарону нашай Радзімы. Яны змагаліся і за Брэсцкую крэпасць, былі ў шэрагах Чырвонай Арміі. Менавіта на гэтым прыкладзе мы выхоўваем сёння моладзь. На гэтае мерапрыемства прыйшло вельмі шмат дзяцей – практычна са ўсіх школ Магілёўскай вобласці. Я рады, што на такіх прыкладах мы шануем памяць аб нашых калегах і выхоўваем падрастаючае пакаленне.   

Па словах кіраўніка міліцэйскага ведамства, на гэтай зямлі ўрачыстыя мерапрыемствы стануць традыцыйнымі. У бліжэйшы час мемарыяльны комплекс чакае рэстаўрацыя.

Госці ўрачыстых мерапрыемстваў «Памяць аб Вялікай Перамозе святая», якія адбыліся ў вёсцы Гаі, сталі сведкамі маштабнай ваенна-гістарычнай рэканструкцыі апошняга бою батальёна міліцыі, дэманстрацыі паветранай бітвы. Акрамя таго, ва ўсіх жадаючых была магчымасць пазнаёміцца з выставай ваеннай і службовай тэхнікі, пакаштаваць страў, прыгатаваных пры дапамозе палявой кухні. Завяршыцца ўрачыстасць канцэртам-рэквіемам з удзелам артыстаў беларускай эстрады.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».