Вы тут

У Беларусі адсвяткавалі Дзень Перамогі


Беларусь 9 мая адзначыла найважнейшае свята — Дзень Перамогі. Па ўсёй краіне прайшлі шэсці, экскурсіі, канцэрты і фестывалі. Усе асноўныя падзеі з Мінска і рэгіёнаў – у нашай падборцы.


БРСМ даў старт рэспубліканскай акцыі «Беларусь: да і пасля»

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі даў старт рэспубліканскай акцыі «Беларусь: да і пасля», паведаміла БелТА афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага камітэта БРСМ Кацярына Лакісава.

«У аснову праекта, які стартаваў 9 мая ў Дзень Перамогі, і завершыцца 22 чэрвеня закладзена пошукавая і даследчая праца. Яго сутнасць заключаецца ў пошуку і публікацыі ў асабістым профілі сацыяльнай сеткі Instagram параўнальных фатаграфій „Беларусь: да і пасля“ ваеннага перыяду і сапраўдных дзён з указаннем хэштегаў #Беларусьдоипосле, #мирноенебо, #годисторическойпамяти, #БРСМ і адзнакай у публікацыі афіцыйнага акаўнта @brsm_by», — распавяла Кацярына Лакісава.

Паводле яе слоў, лепшыя фатаграфіі будуць аформленыя ў тэматычную выставу, якая будзе прэзентаваная падчас мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа — 22 чэрвеня.


Шэсце ветэранаў адкрыла шэраг святкаванняў 9 Мая ў Магілёве

Чараду святкаванняў Дня Перамогі ў Магілёве адкрыў ўрачысты марш воінскіх часцей і шэсце-парад «Перамога ў сэрцах пакаленняў» з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікоў працоўных калектываў, моладзі і грамадскасці. Калона пройдзе амаль 2 км па вул. Першамайскай — ад пл. Леніна да пл. Славы, перадае БелТА.

Партрэты родных часоў Вялікай Айчыннай вайны па цэнтральнай вуліцы горада праняслі каля 6 тыс.чалавек. Гэта жывое поле памяці загінуўшых за нашу свабоду абаронцаў Айчыны. Яшчэ каля 16 тыс. чалавек стаялі ў жывым калідоры.

Канчатковым пунктам шэсця-парада стала Плошча Славы, дзе адбыліся ітынг з ускладаннем вянкоў і кветак да Вечнага агню, святочны канцэрт «Вечная слава героям». Мерапрыемства, прысвечанае 77-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, сабрала каля 5 тыс. чалавек. Яны ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання і паглядзелі канцэртна-тэатралізаваную праграму, падчас якой прагучалі любімыя ўсімі песні «Смуглянка», «Валёнкі», «Кацюша», «Дзень Перамогі».


Эстафета памяці нашчадкаў пераможцаў

9 мая асаблівы для мінчан дзень. З розных куткоў сталіцы сцякаліся ў цэнтр групкі школьнікаў, студэнтаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і асобных нераўнадушных жыхароў сталіцы. 

Удзельнікаў святочных мерапрыемстваў можна было лёгка пазнаць на прыпынках, на платформах станцый метро і вуліцах сталіцы па сцягам, шыльдам з выявамі ўдзельнікаў вайны, «яблыневым кветкам» на лацканах адзення. 

Некаторыя з іх накіроўваліся да Кастрычніцкай плошчы, дзе пачыналася ўрачыстае шэсце, ці да Плошчы Перамогі, дзе яно фінішавала. Сёлета традыцыйнае ўскладанне кветак да манумента Перамогі ў Мінску крыху трансфармавалася — у Шэсце пакаленняў. То-бок, асноўнымі героямі і ўдзельнікамі святочнай цырымоніі (зразумела, акрамя ветэранаў) стала моладзь Беларусі, тысячы юнакоў і дзяўчынак — нашчадкаў пераможцаў. 

Як звычайна, калона ўдзельнікаў шэсця прайшла ад Кастрычніцкай плошчы да манумента Перамогі. У першых радах — прадстаўнікі навучэнскай моладзі, ваенна-патрыятычных класаў, клубаў і вучылішчаў.

«Для мяне было вялікім гонарам удзельнічаць у гэтым шэсці. Я ўбачыла прыгажосць гэтага свята. Вялікая колькасць маладых рабят удзельнічае ў гэтым мерапрыемстве! Ніхто не застаецца абыякавым!» — дзеліцца вучаніца ваенна-патрыятычнага клуба «Сокал» Сафія Іваньковіч з Наваполацка.

Яе сяброўка Аліса Скуматава падтрымлівае: «Сённяшні дзень асаблівы. Мяне вельмі ўразіла шэсце. Адчуваецца маштаб падзеі. У мяне застанецца шмат радасных уражанняў».

Многія падлеткі прыходзілі на шэсце з партрэтамі прадзедаў, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Школьнікі дзяліліся сваімі сямейнымі гісторыямі.
Стэфанія Куранава, вучаніца 22 гімназіі Мінска, паказала фота свайго прадзеда, які вызваляў Мінск, дайшоў да Берліна.

«Ён змагаўся за Беларусь, каб яна перамагала і быў мір. Самае галоўнае, што ў нас зараз мір. І я спадзяюся не будзе ніколі вайны», — кажа дзяўчына.

Кацярына Шпілевая, вучаніца 23 гімназіі Мінска, прыйшла на плошчу з партрэтам сваёй прадзеда-афіцэра і прабабулі, былой партызанкі.

«Бабуля з дзядулем пазнаёміліся на вайне. У 1944 годзе яны справілі вяселле і жылі пасля вайны вельмі шчасліва», — расказала Кацярына.

Па яе словах, памяць асабліва важная, каб не паўтараць памылак мінулага.

Аляксандра Стэльмах з 23 гімназіі трымала ў руках партрэт свайго прадзеда Міхаіла Радзько, які служыў пулямётчыкам і дайшоў да Берліна.

«Я думаю, што не кожны сёння разумее, што гэта за свята, яго маштаб. Важнасць гэтага свята ў памяці. Пакуль мы памятаем вайну, я думаю, паўтарэння такіх падзей не будзе», — сцвярджае Аляксандра.

Пасля размоў з дзяўчынкамі хацелася пачуць ад тых, хто сёння займаецца патрыятычным выхаваннем моладзі, ці разумеюць падлеткі сэнс гэтага свята, як успрымаюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Сваімі назіраннямі падзялілася настаўнік рускай мовы і літаратуры 22 гімназіі Галіна Чэпелева.

«Я папрасіла прыйсці сюды вучняў з бацькамі. І яны прыйшлі па ўласнай ініцыятыве, іх ніхто не прымушаў і не абяцаў нічога. Гэта ўнутраны парыў, які ў іх ёсць. Дзецям неабходна дапамагаць зразумець падзеі вайны. Сённяшняе пакаленне ведае пра яе толькі па апавяданнях, творах, фільмах. Але чытаюць такой літаратуры не шмат. Калі мы з вучнямі вывучаем творы пра вайну, я імкнуся задзець струну ў душы, якая дазволіць ім адчуць боль вайны. У Год гістарычнай памяці праходзіць шмат мерапрыемстваў па тэму вайны, і дзеці імі пранікаюцца. Для мяне вызначальным быў выпадак, калі я паказвала відэа пра Хатынь і ўбачыла слёзы на вачах аднаго з шасцікласнікаў. Да сучасных дзяцей можна дастукацца, але гэты працэс павінен быць пастаянным», — расказвае настаўніца.

Упершыню ў шэсці не бралі ўдзел ветэраны, але яны прысутнічалі на пляцоўцы каля помніка. Даставілі іх на плошчу на аўтобусах, знайсці сваё месца і размясціцца ўдзельнікам вайны дапамагалі валанцёры. Безумоўна, пагутарыць з ветэранамі хацелі многія журналісты і цярплівыя пераможцы нікому не адказвалі ў інтэрв’ю.

«Калі скончылася вайна, мне было 14 гадоў. Я быў зусім хлапчуком. Мы сустракалі Перамогу крыкамі „Ура“ са слязамі на вачах. Гэту дату забыць немагчыма, бо мы яе так чакалі, калі жылі на акупіраванай тэрыторыі і нам прыходзілася хаваць родных, блізкіх людзей», — расказвае Аляксандр Іўс, ветэран, палкоўнік у адстаўцы.

Вайсковец дадае, што для таго, каб захаваць памяць пра падзеі 1940-вых, ён і яго таварышы ходзяць у школы і расказваюць пра вайну юнакам.

«Ніколі болей не трэба такіх часоў. Трэбаа жыць мірна. Вайна нікому лепшага не прыносіць — гэта смерці, гора і слёзы. Тыя падзеі не могуць быць забыты.

Гэта гора заўсёды са мной», — дзеліцца Аляксандр Фёдаравіч.

Прыбыў на Плошчу Перамогі і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які сустрэў калону разам з моладдзю. Вянок ад яго імя быў ускладзены салдатамі Роты Ганаровай варты да мемарыяла першым. Разам з кіраўніком краіны былі яго тры сыны. 

Да помніка таксама ляглі кветкі ад прадстаўнікоў структур дзяржкіравання, Нацыянальнага сходу, судовага корпуса, сілавых структур, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, дыпламатычнага корпуса, ветэранаў, духавенства. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да ўдзельнікаў цырымоніі з прамовай. Яна атрымалася дастаткова доўгай. Сказаць сёлета шмат яму было асабліва важна — так блізка да нашых межаў вайна не была, верагодна, з таго самага 1945-га года. Так балюча і блізка да сэрцаў сучасныя беларусы не ўспрымалі ні адзін канфлікт у свеце, якіх заўсёды было досыць. Але ўсе гэтыя часы смерць і слёзы былі дзесьці там і нас быццам бы не датычыліся...

Пасля выступлення кіраўніка краіны прагучаў беларускі гімн, а пад залпы артылерыйскага салюту ў неба ўзняліся сотні паветраных шароў.
Арганізатары цырымоніі дадалі сёлета ёй яркі і эмацыйны элемент —патрыятычны флэшмоб «Хор пакаленняў» з прэм’ерай песні «Пакінуць след», якую выканалі беларускія артысты. 

Напрыканцы падзеі Аляксандр Лукашэнка прывітаў ветэранаў, якія па вайсковай звычцы сустракалі кіраўніка краіны стоячы. Прэзідэнт звярнуўся да іх з пажаданнямі і загадам: «Ну што, мне зноў паўтарыць загад: жыць, жыць і доўга жыць! Без вас будзе вельмі цяжка, няпроста. Вы ж бачыце. Але вы не хвалюйцеся, мы вас не зганьбім. Дзякуй вам за ўсё! Мы вам абавязаны! Жыць і толькі жыць! Больш нічога. Вы ўжо сваю справу зрабілі. Таму жывіце». 
Аляксандр Лукашэнка таксама вітаў прадстаўнікоў дыпкорпуса, якія прыйшлі на свята: «Дзякуй, што прыйшлі. Ёсць сапраўдныя паслы, якія нічога не баяцца. Ні ковіда, ні канфліктаў, ні войнаў, ні накатаў нейкіх».

Пасля таго, як плошчу Перамогі пакінуў Прэзідэнт усе жадаючыя маглі пакласці свае кветкі да помніка. 

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА


Выстаўкі ваеннай тэхнікі і салдацкая каша

Міністэрства абароны падрыхтавала для мінчан і гасцей горада вельмі шмат сюрпрызаў, паведаміла ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Іна Гарбачова.

«Ваеннае ведамства падрыхтавала для мінчан і гасцей горада вельмі шмат цікавых сюрпрызаў. Гэта выстаўкі ваеннай тэхнікі, выступленні ансамбля песні і танца Узброеных Сіл, фотазоны з ваеннай экіпіроўкай, салдацкая каша, гарачы чай і розныя конкурсы», — расказала Іна Гарбачова.

Міністэрства абароны па традыцыі арганізавала свята ў парку Перамогі. Выстаўка ваеннай тэхнікі і тэматычныя інтэрактыўныя зоны там працавалі ў другой палавіне дня. 


У Гродне многія гараджане і госці горада пакінулі надпісы аб сваіх родных на стэндзе «Зорка Героя»

Такая лакацыя на Кургане Славы арганізавана ўпершыню. А ўрачыстасці пачаліся, як і па ўсёй краіне, з шэсця пакаленняў. Яго ўдзельнікі прайшлі з партрэтамі ветэранаў да Кургана Славы — традыцыйнага месца святкавання Дня Перамогі. У калонах — кіраўніцтва вобласці і горада, прадстаўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, школьнікі, студэнты. Да шэсця пакаленняў змог далучыцца кожны жадаючы і прайсці з партрэтам ветэрана са сваёй сям’і. І такой магчымасцю многія скарысталіся. «Беларусь памятае» — такая расцяжка была пранесеная наперадзе калоны. 

На гэтым свяце заўсёды ў першых радах ішлі ветэраны, але з кожным годам іх станавілася ўсё менш, бо час няўмольны... Сёння ім ужо за 90, некаторыя набліжаюцца да 100-гадовага юбілею, як, напрыклад, Валянціна Баранава, якой зараз 99 год. Яна ў ліку парадзелага ветэранскага корпуса таксама прыняла ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве. Для ганаровых гасцей арганізаваны месцы ля імправізаванай сцэны. Менавіта ветэраны ў суправаджэнні сваіх родных першымі ўсклалі кветкі да Вечнага агню ля Кургана Славы. Па дадзеных на 1 студзеня 2022 года, у Гродзенскай вобласці пражывае каля 150 ветэранаў вайны. Гэта жывая памяць, якая неразрыўна звязвае пакаленні, дапамагае адчуць і сапраўдны веліч Перамогі, і боль страт. Рэха той вайны чуваць і сёння. Аб гэтым у сваёй прамове згадаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. 

Памяць свяшчэнная. Мы ганарымся гераізмам, мужнасцю франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, вязняў нацызму і дзяцей вайны, усімі, хто змагаўся і перамог, хто адстаяў свабоду і права на самавызначэнне. Маштаб трагедыі нашага народа велізарны. Водгукі той крывавай вайны чутны і сёння. Адкрываюцца новыя факты генацыду беларускага народа, працягваюцца пошукі загінулых воінаў і мірнага насельніцтва. Да гэтага часу з беларускай зямлі дастаюць не разарваныя снарады, устанаўліваюцца лёсы прапаўшых без весткі, вяртаюцца з небыцця імёны раней невядомых герояў. Яны перадалі нам Беларусь такой, якой мы яе зараз маем і любім — моцнай, мірнай і шчаслівай. Быць удзячнымі і прымнажаць здабытак — наш святы абавязак, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

Выпускнік ваеннага факультэта ГрГУ імя Я. Купалы Яўген Макарук запэўніў, што ён і яго калегі зробяць усё, каб абараніць і адстаяць здабыткі ветэранаў, якія з’яўляюцца для маладога пакалення прыкладам мужнасці і гераізму. 

Аб значнасці і важнасці Дня Перамогі сведчаць і маштабы свята. Да Кургана прыйшлі сотні ўдзячных гродзенцаў і гасцей горада, каб аддаць даніну памяці ветэранам, убачыць тых, хто набліжаў Перамогу дзеля будучых пакаленняў. На пляцоўках пануе патрыятычны настрой — гучаць ваенныя песні, квітнеюць сцягі, разгорнуты палатачны гарадок. На працягу дня тут працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі. Нямала новых лакацый. Напрыклад, упершыню ўстаноўлены стэнд у выглядзе зоркі, які так і называецца — «Зорка Героя». На ёй кожны можа напісаць імя роднага, сваяка, які ваяваў на фронце ў гады Вялікай Аўчыннай вайны. 

Яшчэ адна новая лакацыя — «Бэз Перамогі». Так вырашылі назваць свой майстар-клас гродзенскія майстры і рамеснікі, якія прапануюць зрабіць з розных матэрыялаў галінку бэзу і пакінуць сабе на памяць. Як вядома, гэтыя кветкі сталі сімвалам Перамогі. Нездарма ў Беларусі вось ужо некалькі год напярэдадні 9 мая праходзіць акцыя «Бэз Перамогі». Такая акцыя прайшла і ў Гродне. Кусты бэзу папоўнілі алею ў Каложскім парку, дзе высаджаны за гэтыя гады больш за 100 кустоў. Такім чынам, рэспубліканская акцыя ў Гродне атрымала новы акцэнт.

Традыцыйна на Кургане праходзіць выстаўка зброі і ваеннай тэхнікі, працуе салдацкая кухня. Арганізавана кафэ пад адкрытым небам. Да свята падрыхтаваная вялікая канцэртная праграма як на пляцоўках Кургана, так і ў гарадскім парку імя Жылібера. 

Дарэчы, тут, у парку, напярэдадні 9 Мая прайшла рэспубліканская акцыя «Запалі агонь у сваім сэрцы». Яе ўдзельнікі запалілі лампады ля Вечнага агню ў памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Па словах намесніка старшыні абласной арганізацыі «Белая Русь» Святланы Вараніцы, такія акцыі важна праводзіць дзеля таго, каб не згаслі тыя эмоцыі, якія перажыла старэйшае пакаленне, маючы перад сабой прыклад удзельнікаў вайны. Ветэранаў з кожным годам становіцца менш, і цяпер важна расказаць аб іх маладому пакаленню. Мала ведаць даты і падзеі з падручнікаў і кніг, важна адчуць свята эмацыянальна. Гэта і будзе гарантыяй таго, каб вайна ніколі не паўтарылася. 

Маргарыта УШКЕВІЧ


З парадам, канцэртамі і салдацкай кашай адствяткавалі свята Перамогі ў Магілёве​

Сотні магіляўчан прыйшлі з кветкамі, паветранымі шарамі, сцяжкамі, каб вітаць удзельнікаў парада-шэсця на вуліцы Першамайскай. Менавіта яно стала цэнтральнай падзеяй вялікага свята ў Магілёве.

Па традыцыі ўсё пачалося з урачыстага маршу воінскіх часцей Магілёўскага гарнізона, потым калона рушыла на плошчу Славы да Вечнага агню. На жаль, моцна адчувалася, як мала стала ветэранаў. Самыя стойкія з іх таксама прынялі ўдзел у свяце. Іх урачыста правезлі на рэтра-аўтамабілях па цэнтральнай вуліцы горада. Народ вітаў іх радаснымі выкрыкамі, дарыў кветкі і дзякаваў за Перамогу. У калоне прайшлі прадстаўнікі кіраўніцтва вобласці і горада, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, навучэнцы, працоўная моладзь, вайскоўцы, настаўнікі... 

Удзельнікі шэсця неслі ў руках маштабныя разгорнутыя палотнішчы сцяга Перамогі і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. У калоне праехала больш за 50 легкавых аўтамабіляў, упрыгожаных дзяржаўнай сімволікай. Магіляўчане актыўна падтрымалі акцыі «Беларусь памятае» і «Перамога у сэрцах пакаленняў». Нашчадкі герояў Вялікай Айчыннай вайны прыйшлі на плошчу Славы з іх партрэтамі. Заўсёды вечны май зноў вяртаў у тую далёкую вясну, калі была заваяваная гэтая вялікая Перамога. Людзі падхоплівалі мелодыі ваенных гадоў, якія несліся з дынамікаў, запускалі паветраныя шары ў сонечнае мірнае неба, віншавалі адзін аднаго са святам. Атмасферу стваралі тэатралізаваныя сцэнкі, дзе хлопцы і дзяўчаты ў гімнасцёрках танцавалі і спявалі песні пад духавы аркестр. Шмат было дзяцей у салдацкай форме, амаль кожны ўпрыгожыў сваё адзенне чырвона-зялёнамі стужачкамі з яблыневай кветкай. 

На плошчы Славы адбыўся мітынг з ускладаннем вянкоў і кветак да Вечнага агню.

— Нашы бацькі і дзяды падарылі нам гэта вялікае свята, — падкрэсліў падчас выступлення старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка. — І наш галоўны абавязак захаваць яго і перадаць нашым дзецям і ўнукам. На жаль, усё менш становіцца ветэранаў, але, як паказвае жыццё, мы пачынаем яшчэ больш трапяткі адносіцца да іх заваяванняў, разумеем, як важна захаваць праўду пра вайну. Мы жывём ў квітнеючай незалежнай Беларусі і гэтым абавязаным нашым гераічным продкам.

На плошчы Славы адбыўся маштабны канцэрт «Вечная слава Героям!» , пасля якога свята перамясцілася на плошчу Адзінства, дзе адбыўся яшчэ адзін канцэрт — «Гэтых дзён не змоўкне слава».

Адной з вялікіх пляцовак, дзе гулянні будуць доўжыцца да 16.00 стаў Пячэрскі лесапарк. Ужо з аподня там сабралася шмат народу. За салдацкай кашай утварылася амаль кіламетровая чарга. Тут таксама гучаць мелодыі ваенных гадоў і працуюць тэматычныя зоны. Наогул сёння ў Магілёве святочныя мерапрыемствы праходзяць на больш чым 20 адкрытых пляцоўках. 

З раніцы ў вобласці адбыліся ўскладанні кветак да помнікаў і абеліскаў, да самага вечара праходзяць спартыўныя і ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы, гульні, квэсты, акцыі, эстафеты памяці, тэматычныя канцэрты, забаўляльныя праграмы, вечары адпачынку, арт-выставы. Шмат музыкі і спеваў гучыць зараз каля магілёўскага Дома ветэранаў. Для тутэйшых жыхароў тут арганізавана тэатралізаванае выступленне. У музеях, многія з якіх сёння можна наведаць бясплатна, працуюць тэматычныя выставы. 

Напярэдадні Магілёў і раённыя цэнтры вобласці далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Запалі агонь у сваім сэрцы». На мемарыяльных комплексах у абласным цэнтры, Слаўгарадзе, Бялынічах, Чавусах адбыліся мітынгі з удзелам прадстаўнікоў улады, актывістаў БРСМ, працоўных калектываў, моладзі. Яны запалілі памінальныя лампадкі ад Вечнага агню ў памяць аб загінуўшых байцах Чырвонай арміі і мірных жыхарах, і ўсклалі кветкі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Таццяны ПАДЛІПСКАЙ


Брэст памятае. Брэст ганарыцца 

Напярэдадні Свята Перамогі вечарам ў Брэсцкай крэпасці сабраліся дзясяткі маладых людзей, каб далучыцца да рэспубліканскай акцыі «Запалі агонь у сваім сэрцы». У 20 гадзін 8 мая вечара брастаўчане запалілі свечкі ля Вечнага агню ў памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. «Брэст памятае! Брэст ганарыцца!» — прагучала ўпэўненым хорам маладых галасоў на плошчы Цырыманіялаў мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». 

А 9 мая сюды, у крэпасць, зранку пацяклі людскія патокі. Прадстаўнікі грамадскасці, працоўных калектываў, школьнікі са сваімі настаўнікамі сталі збірацца ў цэнтры горада загадзя, а потым рушылі арганізаванымі калонамі ў бок галоўнай святыні горада над Бугам. Да 11 гадзін, паводле ацэнкі арганізатараў, каля 50 тысяч чалавек сабраліся ў крэпасці. Сем тысяч прайшлі ў калоне «Беларусь памятае». Самыя яркія ўрачыстасці, як заўсёды, прайшлі на плошчы Цырыманіялаў.

Святкаванне Дня Перамогі па традыцыі пачалося з мінуты маўчанння як даніны памяці абаронцам крэпасці і ўсім людзям, якія пралівалі кроў за Радзіму і набліжалі Вялікую Перамогу. «Вечная слава героям, якія загінулі за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы,» — гэтыя словы дыктара вось тут, у Брэсцкай крэпасці, гучаць асабліва шчымліва і ўрачыста. 

— Мы заўсёды будзем помніць і шанаваць бессмяротны подзвіг нашага народа. Ніколі не забудзем трагедыю і жахі вайны, якія давялося перажыць нашаму народу падчас акупацыі: спаленыя вёскі разам з жыхарамі, замучаных у лагерах, расстраляных і закатаваных, — сказаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА. — Сёння ў крэпасці, на гэтай святой зямлі, яшчэ больш востра разумееш неабходнасць захавання міру, здабытага салдатамі Перамогі.

Мы таксама ўсведамляем адказнасць за тое, каб перадаць памяць і праўду аб вайне і сапраўдных пераможцах падрастаючаму пакаленню.

Губернатар нагадаў, што ў вобласці зараз пражывае каля 250 ветэранаў і крыху больш за тысячу чалавек, якія пацярпелі ад вайны. У рэгіёне робіцца ўсё магчымае, каб гэтыя людзі адчувалі ўвагу і клопат.

Пасля жалобнага мітынгу ўрачыстым маршам прайшлі воіны Брэсцкага гарнізона. Да манументаў крэпасці і магіл невядомых і вядомых абаронцаў удзячныя нашчадкі ўсклалі вянкі і кветкі. Завяршылася ўрачыстая цырымонія канцэртам Брэсцкага гарадскога духавога аркестра «Марш мужнасці». 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота: БелТА


Памяць не мае межаў

У Гомелі парад і ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі атмасферай вялікага агульнанацыянальнага свята ахапілі ўсе знакавыя гарадскія пляцоўкі. Урачыстае шэсце гамяльчан розных пакаленняў, прадстаўнікоў працоўных калектываў і моладзі з партрэтамі герояў Вялікай Айчыннай вайны стала адным з самых кранальных момантаў свята. Тысячы гараджан і гасцей абласнога цэнтра жывой плынню памяці прайшлі ад плошчы Паўстання да плошчы Леніна. 

Мітынг-рэквіем і цырымонія ўскладання кветак і вянкоў да брацкай магілы воінаў і падпольшчыкаў адбыліся на плошчы Працы. Роўна 60 гадоў таму на гэтым месцы памяці ў Гомелі ўпершыню быў запалены Вечны агонь славы.

Аддаць даніну павагі і ўшанаваць подзвіг герояў традыцыйна сюды 9 мая прыходзяць сотні людзей. Бо памяць аб пераможцах Вялікай Айчыннай вайны аб’ядноўвае беларусаў, робіць мацней, дапамагае пераадольваць любыя цяжкасці і дабівацца пастаўленых мэт. Гэты важны пасыл усім нашчадкам Вялікай Перамогі і подзвігу савецкага народа адрасаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падчас урачыстага мітынгу.

— У гісторыі нашай суверэннай краіны захаванне памяці аб вайне ёсць і будзе цэментуючай патрыятычнай асновай далейшай пабудовы незалежнай дзяржавы, за свабоду і мірнае неба, якім аддадзены мільёны жыццяў воінаў і нявінных людзей, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёну.
Іван Крупко асабліва зазначыў, што сучаснаму пакаленню завешчаны галоўны ўрок — у бітве з самым грозным сапернікам заўсёды перамагаюць крэпасць духу, адзінства і любоў да Радзімы. 

— Менавіта на вернасці гэтым прынцыпам стаіць духоўны фундамент беларусаў, залог працвітання будучых пакаленняў, якім трэба будзе адстойваць гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне, захоўваць свяшчэнную памяць аб гераізме і мужнасці народа-вызваліцеля, — звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу губернатар. — Наша памяць не мае межаў. Мы ўзводзім помнікі, абеліскі, мемарыялы: «Аперацыі «Баграціён», «Бітве на Дняпры ў Лоеве», дзецям-ахвярам вайны ў Чырвоным Беразе, спаленым зажыва мірным жыхарам вёскі Ала Светлагорскага раёна. І гэта не статыстыка. Гэта эстафета памяці ад старэйшых пакаленняў, якія цяпер жывуць. Наказ захаваць гістарычную праўду аб вайне, яе героях, бязвінных ахвярах, — перакананы старшыня аблвыканкама.

Іван Крупко нагадаў, што для захавання памяці аб ваенным подзвігу савецкага народа ўжо шмат зроблена, але гэта праца не спыняецца: 

— Пастаянна ідзе пошукавая работа. Штогод устанаўліваюцца і наносяцца на мемарыяльныя дошкі да чатырох тысяч імёнаў загінулых на тэрыторыі нашай вобласці герояў.

Пасля ўрачыстага мітынгу на плошчы Працы святочны парад далі воінскія падраздзяленні, прадстаўнікі сілавых ведамстваў і кадэты. На цэнтральнай плошчы імя Леніна выставу ваеннай тэхнікі і ўзбраення, насычаную канцэртную праграму змаглі ацаніць удзельнікі святочных мерапрыемстваў — гамяльчане і госці горада. 

Традыцыйна цэлымі сем’ямі ў святочны Гомель 9 мая прыязджаюць жыхары з раёнаў. 

Між тым менавіта рэгіёны Гомельшчыны напярэдадні святкавання Вялікай перамогі аб’яднала асабліва кранальная рэспубліканскай акцыя «Запалі агонь у сваім сэрцы». Сімвал памяці, неўміручасці і ўрачыстага святла і надзеі — Вечны агонь — роўна а восьмай гадзіны вечара 8 мая запалілі жыхары Гомельскага, Калінкавіцкага і Рэчыцкага раёнаў. Як сімвал памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнікі акцыі запалілі лампадкі на знакавых мемарыялах. Месцам правядзення акцыі на тэрыторыі Гомельскага раёна стаў памятны знак на тэрыторыі санаторыя «Чонкі». Ён устаноўлены ў гонар аднаго з заснавальнікаў часцей спецыяльнага прызначэння Іллі Старынава і дзейнасці аператыўна-вучэбнага цэнтра па падрыхтоўцы разведвальна-дыверсійных груп для працы ў тыле ворага.

Наталля КАПРЫЛЕНКА 

Фота newsgomel.by


«Мы, беларусы, добра ведаем цану міру»

Кіраўніцтва Віцебскай вобласці, жыхары і госці горада на Дзвіне прайшлі калонай ад плошчы Леніна да плошчы Перамогі і ўсклалі кветкі да вечнага агню ля мемарыяльнага комплексу ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў.

Пасля шэсця адбыўся мітынг, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай улады горада і рэгіёна, працоўных калектываў, грамадскасці, моладзь. 

Свята 9 Мая важна для ўсіх, хто ведае аб адвазе і самаахвяраванні пакалення пераможцаў, — звярнуўся да прысутных старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. — Беларусь першай прыняла на сябе бязлітасны ўдар ворага. Сотні тысяч яе жыхароў ваявалі на франтах, у партызанскіх атрадах, групах самаабароны і апалчэння, партыйна-камсамольскім падполлі. Гэта быў сапраўды ўсеагульны супраціў — зямля літаральна гарэла пад нагамі акупантаў. Народ не завагаўся і не прагнуўся пад ціскам жорсткага саперніка, выявіўшы нябачаныя ўпартасць і гераізм. Карнікі за гэта жорстка помсцілі — толькі ў вобласці былі спалены звыш трох тысяч гарадоў і вёсак.

Чарговая гадавіна Перамогі — выдатная нагода звярнуцца да ўрокаў вайны, задумацца аб асновах незалежнасці і бяспекі дзяржавы. На жаль, пагроз у свеце не становіцца менш, яны толькі мяняюць сваё аблічча. Доўг сучаснікаў — не дапусціць новых разбуральных канфліктаў. Мы, беларусы, добра ведаем цану міру і захоўваем памяць аб мільёнах земляках — ахвярах генацыду, дадаў губернатар.

Пасля мітынгу кіраўніцтва і прадстаўнікі грамадства ўсклалі кветкі да бюста Пятра Машэрава. 

Для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Жарыкава 9 Мая — двайное свята, сёлета ён у гэты дзень адзначыў 96 год. З гэтай нагоды Мікалай Ігнацьевіч зранку прымаў віншаванні і пажаданні адзначыць 100-гадовы юбілей і 81-ю вясну Перамогі ад Аляксандра Субоціна. 

Учора Віцебская вобласць далучылася да рэспубліканскай акцыі «Запалі агонь у сваім сэрцы» — часцінкі вечнага агню ўдзельнікі акцыі запалілі ў Гарадку, Віцебску, Полацку і Браславе.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА


Важна знаць гістарычную праўду

Пра гэта казаў падчас ўрачыстых мерапрыемстваў у гонар Вялікай Перамогі старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. Традыцыйна светкаванне з удзелам кіраўніцтва вобласці адбылося на мемарыяльным комплексе «Курган Славы».

Фота газеты «Мінская праўда»

«Мы сабраліся тут, каб адсвяткаваць 77-ю гадавіну Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і аддаць даніну павагі тым, на чыю долю выпалі цяжкія выпрабаванні. Дзяды і прадзеды, бацькі змагаліся ў тыле, на франтах за незалежнасць і нашу будучыню», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Губернатар адзначыў, што заходнія палітыкі спрабуюць прадставіць савецкіх воінаў-вызваліцеляў як агрэсараў. У той жа час у Хатыні будуецца новы музейны комплкс, які абвяргае гэта. Гэты комплекс прысвечаны кожнаму трэцяму беларусу, які загінуў у гады вайны. 

Кіраўнік Міншчыны звярнуў увагу на тое, што за мяжой зносяць помнікі савецкім салдатам. Таму сёння вельмі важна адкрываць вочы моладзі на праўду ваенных гадоў.

Аляксандр Турчын павіншаваў жыхароў рэгіёна са святам Перамогі, пажадаў шчасця, здароўя, поспехаў ва ўсіх пачынаннях. «Цаніце мір», — заклікаў старшыня аблвыканкама.

8 і 9 мая Курган Славы заззяў колерамі дзяржаўных сімвалаў Беларусі. Такая ж падсветка ўключана і на будынку Мінаблвыканкама.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Кульмінацыяй свята стаў феерверк. Пераможныя залпы далі ў 23.00 з 6 пунктаў — у парку імя Янкі Купалы, у парку імя Паўлава, на набярэжнай у Драздах, у парку імя Уга Чавеса, на пляцоўцы каля «Чыжоўка-Арэны», на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.