Вы тут

Лукашэнка: Мы павінны абапірацца на айчыннага вытворцу ўзбраення


Пры выкананні дзяржаўнага абароннага заказу неабходна абапірацца на айчыннага вытворцу. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні дзяржаўнага абароннага заказу на 2022 год.


«Абаронна-прамысловы комплекс — адзін з найважнейшых высокатэхналагічных сектараў беларускай эканомікі. І, зразумела, абапірацца мы павінны на айчыннага вытворцу ўзбраенняў. Вядомымі айчыннымі брэндамі застаюцца аўтаматызаваныя сродкі кіравання войскамі і зброяй распрацоўкі холдынгу „АГАТ“, оптыка, якая заўсёды каціравалася ў Беларусі і сёння актуальна, — гэта вытворчасць „Пеленга“ і БелОМА, а таксама цягачы вытворчасці МЗКЦ», — сказаў Прэзідэнт.

Шырокае прызнанне на сусветным рынку, паводле кіраўніка краіны, атрымалі створаныя беларускімі спецыялістамі радыёэлектронныя сродкі барацьбы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі.

«Электроніка для нас была адным з разумных сектароў эканомікі ў савецкі перыяд. Глядзіце, як яна нам сёння спатрэбілася. Добра, што ўсё захавалі», — заўважыў Прэзідэнт.

Ён працягнуў, што і ракетны комплекс «Паланэз», зенітны ракетны комплекс сярэдняй далёкасці «Бук-МБ» і ракеты да яго паказваюць надзейнасць і эфектыўнасць.

«Ручныя гранатамёты, стралковая зброя і боепрыпасы сведчаць аб сур’ёзным навуковым і вытворчым зачыне нашага абаронна-прамысловага комплексу.

Актыўна вядзецца праца па стварэнні робатызаваных сродкаў агнявога паражэння, ударных беспілотных комплексаў, супрацьтанкавых кіраваных ракет», — дадаў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт акцэнтуе, што галоўнае не перабольшыць. «У нас айцішнікі ствараюць такое ўзбраенне, ад якога людзі бягуць на поле бою і кажуць, што ім не патрэбныя сучасныя танкі. Просяць: „Дайце нам Т-72. Гэта роднае, простае і не менш эфектыўнае“. Таму нідзе нельга перабольшыць з гэтымі найразумнейшымі тэхналогіямі. Трэба разумець, хто служыць у нашых Узброенных Сілах. І ніякая кантрактная армія ў гэтым плане нас не выратуе. Усё эфектыўнае, што простае і надзейнае», — сказаў кіраўнік краіны.

У войскі паступаюць найноўшыя зенітныя ракетныя комплексы «Тор-М2», радыёлакацыйныя станцыі «Праціўнік», «Сопка», «Усход», «Раса», комплексы радыёэлектроннай барацьбы «Навальніца», працягнуў Прэзідэнт. «Як было заўважыць апараты, якія нізка ляцяць? Цяжка было нашымі магутнымі радыёэлектроннымі сродкамі заўважыць. Стварылі „Расу“. І сёння вельмі запатрабавана. Паглядзіце на ўрокі Украіны. Некалькі ўдараў было нанесена па тэрыторыі Расіі ўкраінскай арміяй. Як падабраліся туды беспілотнікі і верталёты? На брыючым палёце. А заўважыць іх заўсёды больш складана, чым на вялікай вышыні. Неабходныя спецыяльныя радыёэлектронныя ўстаноўкі», — расказаў Аляксандр Лукашэнка пра важнасць «Расы».

Узброеныя Сілы, па яго словах, атрымліваюць лёгкабраніраваныя аўтамабілі «Кайман», мадэрнізаваныя танкі Т-72. Абнаўляецца парк авіяцыйнай тэхнікі — у строй пастаўлена і асвоена каля 30 сучасных лятальных апаратаў розных тыпаў (Су-ЗОСМ, Як-130, Мі-8МТВ5).

Урокі Украіны

Па словах Прэзідэнта, да пытанні дзяржаўнага абароннага заказу падыходзілі ў канцы мінулага -пачатку гэтага года ў Цэнтры стратэгічнага кіравання Міністэрства абароны.

«Тады мы па-іншаму бачылі і сваю армію, і перад усім, узбраенне сваёй арміі. І абсалютна шчыра: ваенная аперацыя Расійскай Федэрацыі на Украіне нас многаму навучыла. З першага дня гэтай аперацыя я патрабаваў ад кіраўніцтва Міністэрства абароны з улікам урокаў вайны вызначыцца, якая вайна будзе, не дай Бог, у Беларусі, якая зброя нам будзе неабходная для нашай арміі, калі нам прыйдзецца абараняць сваю краіну», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ад міністра абароны ён патрабуе пастаянна сачыць за сітуацыяй, рабіць высновы.

«Мне было даложана, што ўрокі вынесены. І калі я задаў пытанне: з пазіцыі сённяшняга дня падыходы да ўзбраення беларускай арміі, яе колькасці і як будзе ваяваць, змяніліся? Так, змяніліся, іначай і быць не магло. Вось пад гэтым вуглом мы павінны сёння разгледзець наш дзяржаўна-абаронны заказ на бягучы год. Гэта галоўны дакумент, які мы сёння павінны прыняць і які рэгламентуе пытанні паставак для нашых Узброеных Сіл узбраення, ваеннай тэхнікі і іншых матэрыяльных сродкаў», — заўважыў кіраўнік краіны.

У сённяшнім становішчы дадзены парадак дня як ніколі актуальны, заявіў Прэзідэнт. «Падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, наглядна паказваюць, што толькі войскі, якія валодаюць сучаснай, высокаэфектыўнай і неабходнай на нашай тэрыторыі зброяй, сродкамі жыццезабеспячэння, палівам і харчаваннем, здольныя вырашаць пастаўленыя задачы», — сказаў Прэзідэнт.

Ён зрабіў выснову, што большую ўвагу з часоў Савецкага Саюза ваенныя людзі надавалі ўзюраенню.

«Падзеі на Украіне паказалі, што не толькі гэта важна. Важна ў час накарміць салдата. У час падвезці баепрыпасы і харчаванне, разгарнуць медыцынскія пункты. То-бок, сучаснае тылавое забеспячэнне, здавалася б, суперрэвалюцыйнай і мадэрнізаванай арміі, сёння, як і раней іграе найважнейшую ролю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Урок Украіны і ў тым, па яго словах, што армія павінна быць мабільнай.

«Самая эфектынымі ў тым ліку з боку ўкраінскіх Узброеных сіл аказаліся мабільныя групы. Яны імгненна, нечакана, набліжаючыся да праціўніка, які іх пераўзыходзіць, наносяць балючыя ўдары, асабліва па тылавой вялікай колькасці войскаў. Але для гэтага неабходны сродкі перамяшчэння, каб ноччу ці на працягу гадзіны-дзвюх яны маглі падысці да любога ачагу, які зафіксуе разведка, і нанесці ўдар. Вельмі рухомыя павінны быць часці. І на гэтым неабходна сканцэнтравацца», — упэўнены Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што каля 10 гадоў таму пераканаў ваенных: неабходна ісці да мабільнасці арміі.

«Нечаканасць у любой вайне іграла важную ролю. А для гэтага неабходна быць мабільнымі. Так мы будавалі і перабудоўвалі ў трэці ці чацвёрты раз свае Узброеныя Сілы, сваю армію», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін урок Украіны, па словах кіраўніка краіны, сувязь у арміі.

«Без сувязі няма арміі. Вельмі шмат было пытанняў да сувязі. Гэта наша тэма, — заўважыў Прэзідэнт. — Без сувязі няма арміі. Не трэба нейкая зброя, калі няма сувязі».

На падтрыманне абароназдольнасці войска, акцэнтаваў Прэзідэнт, не шкадуем сродкаў, але кожны выдаткаваны рубель павінен быць скарыстаны разумна і па-гаспадарску. І гэта яго прынцыповае цвёрдае патрабаванне.

«Мы паглядзелі, зрабілі высновы, супакоіліся і бачым, што нам неабходна змяняць пазіцыю. Нам столькі такой зброі, як хацелі мець, не трэба. А што неабходна мець, я толькі што казаў. Зыходзячы з нашых магчымасцяў і тых умоў, у якіх нам прыйдзецца ваяваць. Мы не збіраемся ні на кога нападаць», — заявіў кіраўнік краіны.

Прысутных ён нацэліў на наступныя пытанні: якія асноўныя напрамкі аснашчэння Узброеных Сіл прадугледжаны дзяржабаронзаказам у бягучым годзе; як ідзе распрацоўка перспектыўных узораў узбраення, перш за ўсё ракетнага; і як гэта работа спалучана з вывадамі, зробленымі з ацэнкі абстаноўкі, якая склалася вакол Рэспублікі Беларусь не толькі з боку Украіны?

«Мы павінны аб’ектыўна бачыць тое, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі і вакол. Таму што, калі мы неадэкватна ацэнім абстаноўку і не сплануем свае дзеянні, мы будзем мець бледны выгляд у любым сутыкненні, канфліктнай сітуацыі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ведае пра маштабнае вучэнне НАТА каля межаў Беларусі і наконт гэтага з’яўляюцца разнастайныя меркаванні, пытанні журналістаў. Прэзідэнт заявіў, што міністру абароны і Генштабу пастаўлена задача: прадугледзець усё.

«Мы павінны бачыць, што адбываецца на сумежных тэрыторыях, пагранічнікі шмат інфармацыі даюць, Камітэт дзяржбяспекі. Ды і ваенныя бачаць, што адбываецца. Разведка павінна працаваць. Нас ніхто не павінен заспець знянацку — урок мінулай вайны. Мы не агрэсары. Ні на кога не збіраемся наступаць, але порах трэба не толькі трымаць сухім на перспектыву, але сёння і вуха неабходна трымаць вострым. Неабходна бачыць, што робіцца побач з нашымі межамі», — сказаў Прэзідэнт.

У гэтым заключаецца і сэнс нядаўняй праверкі боегатоўнасці айчыннай арміі, падкрэсліў кіраўнік краіны.

«Мы нечакана вывелі часці. Вось ўявіце: агрэсія. Як яна будзе ажыццяўляцца з заходняй ці паўднёвай тэрыторыі? Мы некалькі сцэнарыяў бачым. Адпаведна з гэтымі сцэнарыямі, калі, не дай Бог, будуць развівацца падзеі, мы павінны адказваць. Імгненна ставіцца задача падраздзяленням, часцям перамясціцца ў пэўныя пункты, перакрыць дарогі і кірункі магчымага руху праціўніка. Там мы і дзейнічаем сёння. І быццам бы Узброеныя Сілы нядрэнна дзейнічаюць», — падсумаваў Прэзідэнт.


Каментарый у тэму

Міністр абароны Віктар Хрэнін расказаў, што Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапановы па фарміраванні дзяржаўнага абароннага заказу краіны на 2022 год. 

«Прэзідэнт надае гэтаму вельмі пільную ўвагу, разглядаючы кожную перспектыву, кожную закупку, якую мы плануем, і тое, як мы аснашчаем Узброеныя Сілы», — адзначыў Віктар Хрэнін. 

Пры гэтым міністр заявіў, што Беларусь не плануе павялічваць абаронны бюджэт. «Абаронны бюджэт будзе той, які цяпер спланаваны, выдаткаваны. Дадатковых бюджэтных затрат не спатрэбіцца», — сказаў кіраўнік ведамства.

Ён адзначыў, што Узброеныя Сілы Беларусі пастаянна ўдасканальваюцца, і ўжо было чатыры этапы іх перафарматавання. «Самае галоўнае — мы не памыліліся ў будаўніцтве і развіцці УС, зрабіўшы асноўны ўпор на развіццё сіл спецыяльных аперацый, на мабільнасць», — падкрэсліў ён.

Міністр дадаў, што беларускія ваенныя сёння дэталёва вывучаюць тактыку дзеянняў УС Расіі і Украіны. «Бачым, якія нам неабходна зрабіць удакладненні ў рамках падрыхтоўкі нашых Узброеных Сіл, у рамках аператыўнай пабудовы плана абароны і мадэрнізацыі прыкладаў узбраення і закупкі. Па гэтых трох кірунках мы і будзем працаваць», — удакладніў Віктар Хрэнін.

Па яго словах, сучасныя Узброеныя Сілы павінны быць мабільнымі, здольнымі нанесці непрымальную шкоду агрэсару. «У гэтым ключы сёння і была размова, якія сродкі мы закупляем — ад авіяцыі да стралковай зброі і патронаў, якія наша прамысловасць можа рабіць», — сказаў міністр.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Віктар Хрэнін адзначыў, што ва Узброеных Сілах Беларусі ўважліва назіраюць за тым, што адбываецца ў суседніх краінах падчас правядзення буйнамаштабных вучэнняў НАТА «Абаронца Еўропы — 2022», і адэкватна рэагуюць на падзеі. Міністр нагадаў, што ў Беларусі з 4 мая праходзіць раптоўная праверка сіл рэагавання. «Усё гэта спланавана як адэкватная рэакцыя на вучэнні, якія з 1 мая праходзяць на тэрыторыі краін НАТА пад назвай „Абаронца Еўропы“. Мы бачым кожны іх рух, бачым, якія батальённыя тактычныя групы задзейнічаны, на якіх палігонах, якія пытанні яны збіраюцца адпрацоўваць. Разумеючы пэўныя пагрозы, якія могуць зыходзіць ад іх, мы адэкватна рэагуем, на гэтыя напрамкі выстаўляем адпаведныя войскі», — сказаў Віктар Хрэнін.

Дзмітрый Пантус, старшыня дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта расказаў пасля нарады, што ў беларускую армію будуць пастаўлены мадэрнізаваныя ракетныя сістэмы залпавага агню і ракетныя комплексы. 

«Мы завяршылі работы па мадэрнізацыі ў поўным аб’ёме і пастаноўцы на ўзбраенне РСЗА „Ураган“, РСЗА „БелГрад“, а таксама ЗРК „Аса“. Гэтыя тры сродкі паражэння ў поўным аб’ёме прайшлі ўсе выпрабаванні ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і ў рамках дзяржабаронзаказу і дзяржаўнай праграмы ўзбраення паступова будуць пастаўляцца ва Узброеныя Сілы. Вельмі шмат задач дадаткова было пастаўлена ў частцы распрацоўкі яшчэ больш перспектыўных сродкаў паражэнняў з улікам ваенных канфліктаў, што ідуць у свеце і побач з нашымі граніцамі», — расказаў Дзмітрый Пантус.

Дзмітрый Пантус паведаміў журналістам, што ў Беларусі працягваюцца выпрабаванні новых ракет для комплексаў «Паланэз» і «Бук». «Ракетабудаванне на сённяшні момант — адзін з ключавых напрамкаў Дзяржкамваенпрама. У маі ў нас чарговы этап выпрабаванняў, у жніўні — наступны. Думаю, на працягу гэтага года мы па аналогіі мінулага правядзём некалькі этапаў і ў канцы года будзем дакладваць кіраўніку дзяржавы аб выкананні тых задач, якія стаяць у гэтым ключавым напрамку Дзяржкамваенпрама», — заявіў старшыня камітэта.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.