Вы тут

Краязнаўцы пасадзілі дубкі ў гонар 220-годдзя з нараджэння Ігната Дамейкі


Памяці Ігната Дамейкі

Сёлета ў ліпені будзе адзначацца 220-годдзе з дня нараджэння Ігната Дамейкі — навукоўца, рэфарматара, сябра таварыства філаматаў, удзельніка паўстання 1830—1831 гадоў… У гонар гэтай даты краязнаўцы пасадзілі дубкі.


Восенню 1823 года Ігнат Дамейка быў высланы пад нагляд паліцыі ў вёску Жыбартоўшчына каля Дзятлава. Яму было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю. Тым не менш, на дзядзькавай сядзібе Ігнат Дамейка пачаў праводзіць доследы па вырошчванні жывёлы, вёў актыўную перапіску з сябрамі.

Цяпер зямля Жыбартоўшчыны належыць прадпрымальніку Канстанціну Шуляку. Ён таксама браў удзел у пасадцы дубкоў... Як і супрацоўнікі Дзятлаўскага краязнаўчага музея Алена Абрамчык, Вольга Цюшляева, краязнаўцы Валерый Петрыкевіч і Анатоль Альшэўскі. А ініцыятарам акцыі стаў Зміцер Юркевіч з Мінска, які займаецца вывучэннем жыцця і дзейнасці славутага земляка. У хуткім часе дубы ў гонар Дамейкі будуць пасаджаны і ў іншых мясцінах Гродзеншчыны.

Сяргей ЧЫГРЫН

Фота аўтара


Яна хварэла за кожнага...

Як ёсць, так ёсць: менавіта ўвесну найбольш адчуваюцца страты дарагіх нам людзей, успамінаюцца іх твары і ўчынкі, перад вачыма праплывае перажытае — нават вельмі-вельмі даўно.

...Тады на дварэ была зіма. Я, малая і цяжка хворая, ляжала на ложку і не зусім разумела, чаму ў нашу хату сышліся гэтыя сумныя людзі, навошта нехта збіраецца запальваць свечку, чаму заплаканай матулі ўсе кажуць: «Ну што тут зробіш? Бог даў — бог узяў»?.. І раптам аднекуль рашучы голас: «Рана аддаяце... Яе ў бальніцу трэба! Чуеце? Мігам!»

Гэтак жа мігам мяняецца твар у мамы. Яна пачынае тупаць па хаце, укручваць мяне ў нейкія посцілкі-апраткі — выносіць на санкі.

З маім старэйшым братам-падлеткам яны цягнуць іх (і мяне) за два кіламетры да цэнтра брыгады, дзе не тое дзяжурны конюх, не тое вартаўнік выганяе ім найлепшага каня, аддае брату лейцы, і мы за дзесяць вёрстаў па лютым марозе імчым да бальніцы.

...На момант нашага прыезду галоўнага ўрача Варвары Іванаўны Кулікоўскай на месцы не аказалася, аднак з'явілася яна вельмі хутка: агледзела мяне, паставіла дыягназ (менінгіт), прызначыла лячэнне. На шчасце, у бальніцы знайшліся лекі, і я паступова стала папраўляцца. Да жыцця мяне вярнула менавіта Варвара Іванаўна. Яна, як потым расказвалі, хварэла за кожнага са сваіх пацыентаў!

Яшчэ казалі, што паходжаннем была з дваран і шчырых вернікаў, што захаплялася лоўляй рыбы...

Жыла, карацей, служыла людзям, і таму пасля смерці пакінула не толькі магілу ды невялічкі помнік, — пакінула добрую памяць у сэрцах людзей.

Ніна БУРКО

Бярэзінскі раён


Напісанае — застаецца...

Гэты — 2022-і — год юбілеяў нашых славутых песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Менавіта ім, паэтам-праметэям, была прысвечана сустрэча ў Жырмунскім Цэнтры культуры і вольнага часу.

Гасцямі на ёй сталі старшакласнікі мясцовай школы, якія змаглі яшчэ раз акунуцца ў творчасць класікаў, паразважаць. У выкананні Карыны Зінчанкі і Ксеніі Клябан прагучалі вершы, урыўкі з паэм, Вікторыя Кашкевіч прачытала свой верш, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння славутых пісьменнікаў, у творчасці якіх раскрыўся нацыянальны характар, выявілася незвычайная сіла беларускага слова. Напісанае сапраўды застаецца...

Зарына ВАСКЮЕВІЧ, бібліятэкар

г. п. Воранава

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.