Вы тут

Пісьмы з вайны


Валодзю Вайтовічу з вёскі Грушаўка Кобрынскага раёна ў 1941-м было ўсяго 17 гадоў. Ён пайшоў на фронт у 1944-м, ваяваў ужо ў Еўропе. Увесь час пісаў родным лісты: звяртаўся да бацькі, маці, брата, сястры. Пісаў пра сябе, як мог, падбадзёрваў іх. Валодзя загінуў ва Усходняй Прусіі ў 1945-м. Яго пісьмы знайшлі на гарышчы пры разборцы старой хаты. 24 франтавыя трохвугольнікі. Цяпер яны захоўваюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі.


Напярэдадні свят музей зладзіў выставу пад назвай «Жывыя радкі вайны». Сёння ў фондах захоўваецца 138 пісьмаў, усе яны і ўтварылі экспазіцыю з жывых радкоў, напісаных у бліндажах і акопах, на каленях, падсумках альбо на выпадковых дошках. Напісаных на аркушах са сшыткаў, нямецкай альбо савецкай упаковачнай паперы, на самых неверагодных шматках. Пісалі, як маглі, бо пісьмо салдата было самай лепшай падзеяй для родных, для тых, хто чакаў яго з вайны. Скажу адразу, што ніводная выстава за апошнія дзесяцігоддзі, а іх, эксклюзіўных, змястоўных, цікавых, наш музей праводзіць даволі шмат, не выклікала столькі эмоцый, не стала такім узрушэннем, як гэтая.

І не было тут гісторый асаблівых, якія можна раскруціць у аповесць альбо кінасцэнарый. Пісьмы простыя, зямныя, бытавыя, але скрозь іх літаральна крычыць вайна. Праўда, яшчэ былі тэлеграмы, напрыклад, такія: «Еду на фронт», «Бора загінуў», «Сіму забілі», «Спачуваю вашаму гору». Тэлеграмы актыўна давалі асабліва ў пачатку вайны, ну і ў канцы, калі большасць тэрыторый была вызвалена. Два словы — і трагедыя для ўсёй сям'і.

З лістоў відаць, як вайна раздзяліла жыццё кожнага з гэтых людзей на «да» і «пасля». Да вайны, былі, несумненна, радасці і нястачы, добрае і благое, але было жыццё, а вось пачатак яе — кожны дзень няведання, што будзе заўтра, ці будзеш ты жывы, і пакутлівае чаканне, няведанне для сям'і, якая спадзяецца. Пісьмы ж тады былі адзіным сродкам камунікацыі. І здаралася, што пахаванка прыходзіла раней за ліст, які баец адпраўляў родным.

Хоць пошта, як расказаў старшы навуковы супрацоўнік музея Алег Анісімаў, у 1941-м атрымала асаблівыя прэферэнцыі. Паштовыя вагоны адпраўляліся раней за грузавыя з бое-прыпасамі альбо санітарныя. Пісьмы падтрымлівалі баявы дух франтавікоў і мусілі быць дастаўленыя аператыўна. Так і адбывалася ў большасці выпадкаў. За вайну пошта перавезла каля шасці мільярдаў пісем. Шкада толькі, што музеі практычна не маюць лістоў на фронт, якія пісалі родныя салдат. У тых умовах захаваць пасланне, пранесці яго праз усю вайну было нерэальна. Гэтыя дакументы таксама шмат цікавага маглі расказаць нашчадкам. Але ж добра, што мы маем нямала салдацкіх пісьмаў — унікальных дакументаў, бо яны і ёсць тая самая праўда вайны, якую не зменіш і не перапішаш.

Падчас адкрыцця выставы музею перадалі яшчэ адзін экспанат — пісьмо жыхара вёскі Вялічкавічы пад Брэстам. Ліст баец пачаў пісаць 8 сакавіка 1945 года. Пісаў, што сумуе, пытаў, ці пачынае прабівацца трава на ўзбярэжжы Буга, пісаў, што хутка перамога і ён вернецца дадому... А 10 сакавіка ліст дапісаў яго баявы таварыш і паведаміў, што Мікалай загінуў.

Як і Уладзімір Вайтовіч, які ваяваў у 221-м стралковым палку 61-й стралковай дывізіі 3-га Беларускага фронту. Гэта значыць, пяхота. А ў пяхоце, як нядаўна расказваў ветэран з Камянеччыны Вадзім Сіняк, менш чым за год перажывалі па пяць папаўненняў. Гэты 20-гадовы хлопец, які тое ведае, бачыць, не расказвае падрабязнасці, каб не палохаць родных, але ж горкая праўда прарываецца хоць бы ў адным радку: «Справы ў мяне не вельмі». А як на вайне можа быць «вельмі»?! Вось і Валодзя з кобрынскай Грушаўкі злажыў галаву ў адным з баёў у студзені 1945-га. Не дачакаліся родныя сына і брата, не нарадзіліся яго дзеці, а потым унукі, не сталі яны вучонымі альбо палітыкамі, земляробамі альбо рабочымі. А маглі б стаць, працягнуць род, і праўнукі з гонарам пранеслі б партрэт Уладзіміра Філіпавіча ў Дзень Перамогі. А так яго пісьмы, напісаныя прыгожым почыркам, відаць, захоўвалі бацькі, пакуль былі жывыя. Потым іншыя людзі перамясцілі сямейныя рэліквіі на гарышча, дзе і знайшлі іх выпадковыя людзі пры разборцы дома.

Ёсць на гэтай выставе лісты і тых, хто застаўся жывы, працаваў, гадаваў дзяцей. Многія аўтары пражылі цікавае, дастойнае жыццё. Але найбольш кранаюць вось гэтыя, напісаныя юнымі, 20-гадовымі, якія не вярнуліся з франтоў. Ім бы жыць і жыць, будаваць дамы і сем'і, здзяйсняць мары, радавацца нашчадкам. Але вайна адабрала ўсё. За іхнімі сціплымі радкамі, у якіх кожны з іх спадзяваўся і верыў, — бесчалавечная сутнасць вайны, а яшчэ неабходнасць, абавязак кожнага рабіць усё, каб зберагчы мір.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.