Вы тут

Качанава: Вельмі радасна, што з намі людзі, якія адваявалі мір і свабоду


Уся краіна радуецца Дню Перамогі, не забываючы, што ў першую чаргу гэта свята тых, дзякуючы каму Вялікая Перамога стала магчымай. Віншаванні і падтрымка ветэранаў лішнімі ніколі не бываюць. Члены Савета Рэспублікі пастаянна маюць стасункі са сваімі гераічнымі землякамі. А святочныя майскія дні — выдатная нагода яшчэ раз выказаць сваю падзяку і павагу да галоўных герояў Дня Перамогі. Таму ў насычаным графіку членаў Савета Рэспублікі знайшоўся час для сустрэчы з ветэранамі.


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з франтавіком Іванам Васільевічам Сядовым. Іван Васільевіч прызваны ў Савецкую Армію ў 1944 годзе, быў стралком на 1-м Далёкаўсходнім фронце з Японіяй. Сёлета ветэран адзначае сваё 95-годдзе і 70 гадоў сямейнага жыцця са сваёй жонкай Верай Кузьмінічнай. І, безумоўна, адзначае чарговую гадавіну Вялікай Перамогі.

«9 Мая — вялікая дата для ўсіх нас. Дзень Перамогі адзначаецца ў кожнай сям'і. Мы ганарымся вамі. Нам вельмі радасна, што сёння з намі ўсё яшчэ ёсць людзі, якія перажылі тыя страшныя часы, адваявалі мір і свабоду. Ваш подзвіг, вашы гісторыі важныя для нас. Ваш прыклад для нас — гэта ўзор патрыятычнага стаўлення да сваёй краіны. Сёння мы бачым, як спрабуюць сказіць факты, перакроіць гісторыю. Але моладзь павінна ведаць гераічныя гісторыі свайго народа, памятаць подзвігі тых, хто аддаваў сваё жыцці дзеля нас, тых, хто жыве цяпер. Чым далей жыву, тым гэтае свята 9 Мая — больш баліць у мяне ў душы. Моладзь павінна гэта ўсё ведаць. Адна справа, калі ў кнізе напісана, а іншая справа, калі расказваюць ветэраны. У вас абпаленая вайной маладосць. Не было ў вас маладосці практычна», — заўважыла Наталля Качанава падчас сустрэчы з Іванам Васільевічам Сядовым. Яна пажадала герою моцнага здароўя і даўгалецця.

Сенатары сустракаліся з ветэранамі па ўсёй краіне, у кожным горадзе. Член пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая наведала ветэрана Філіпа Іванавіча Карлава, які жыве ў Жодзіне. Філіп Іванавіч удзельнічаў у знішчэнні Квантунскай арміі, узнагароджаны медалямі «За перамогу над Японіяй» і «За баявыя заслугі». Сенатар падарыла ветэрану мікрахвалевую печ і мультыварку.

У цэнтры ўвагі не толькі франтавікі, але і дзеці вайны, вязні канцэнтрацыйных лагераў. Член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, старшыня Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Аляксей Нявераў сустрэўся з Канстанцінам Іосіфавічам Мятлушкам, былым вязнем лагера «Азарычы». У лагеры ён захварэў на сыпны тыф. Пасля вайны дапамагаў у аднаўленні роднай краіны. Гэтым жа займаўся і пасля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. «Мы памятаем, шануем, ганарымся подзвігам народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і хочам, каб нашы дзеці ведалі праўду пра тыя страшныя выпрабаванні, праз якія прайшлі нашы продкі. Важна падтрымліваць гэтых людзей усімі магчымымі спосабамі», — адзначыў Аляксей Нявераў.

А член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Таццяна Абель наведала ветэрана працы Марыю Іванаўну Зянькову. Марыя Іванаўна — дзіця вайны, сваё маленства яна правяла на акупаванай фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі. «Вайна — гэта жахлівы час для кожнага. Не ўсе дарослыя змаглі знайсці ў сабе сілы спакойна жыць, перанёсшы пакуты вайны. Дзеці вайны — асаблівая катэгорыя.

Яны не зламаліся і сваёй працай набылі сабе пашану і павагу. Сёння гэтыя героі — прыклад для нас. А мы павінны памятаць пра іх подзвіг і дапамагаць ім усім неабходным», — адзначыла сенатар.

Члены Савета Рэспублікі аддалі сваю даніну павагі не толькі жывым сведкам вайны, але і тым, хто пайшоў з жыцця. Член Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Алена Зяблікава правяла мітынг-рэквіем каля брацкай магілы ў аграгарадку Стара-Барысаў. Удзел у мерапрыемстве ўзялі школьнікі і прафсаюзны актыў горада Барысава.

«Мы ніколі не павінны забывацца на тыя гераічныя ўчынкі, якія здзяйснялі нашы бацькі і дзяды ў імя свабоды і незалежнасці. Мы любім сваю Радзіму і павінны быць вартыя тых, хто не вярнуўся дадому ў тысяча дзевяцьсот сорак пятым, хто падняў краіну з руін і попелу. Мы кажам вам, дарагія нашы ветэраны, дзякуй за мужнасць, адвагу, гераізм. Няхай неба над нашымі галовамі заўсёды застаецца чыстым, светлым, а звонкі і радасны смех дзяцей напаўняе жыццё шчасцем», —
адзначыла сенатар у сваім выступленні.

У мітынгу-рэквіеме каля мінскага мемарыяла «Памяць» паўдзельнічала і старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец. Па яе словах, памятаць аб подзвігу, які здзейсніў наш народ у гады вайны, — гэта святы абавязак кожнага з нас. «У Беларусі невыпадкова 2022 год аб'яўлены Годам гістарычнай памяці. Як сказаў наш Прэзідэнт, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, уся Беларусь — гэта жывы помнік той вайне.

І сапраўды, кожны куток нашай Радзімы захоўвае памяць аб подзвігу і мужнасці ўсіх, хто змагаўся на беларускай зямлі плячо ў плячо за свабоду, за нашу будучыню», — падкрэсліла сенатар.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Савета Рэспублікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».