Вы тут

Ад звычайнага манцёра да міністра. Іван Грыцук адзначае 90-годдзе


Сёлета былы міністр сувязі БССР, пасля 1991 года міністр сувязі і інфарматыкі Рэспублікі Беларусь Іван Грыцук адзначыць сваё 90-годдзе. На гэтым вялікім працоўным шляху лёс рыхтаваў яму мноства выпрабаванняў. У прыватнасці, на перыяд, калі Іван Міхайлавіч узначальваў рэспубліканскае міністэрства, прыйшліся такія складаныя падзеі, як аварыя на Чарнобыльскай АЭС і развал СССР. Але ён з гонарам пераадолеў гэтыя і іншыя цяжкасці, пры ім беларуская сувязь зрабіла значны крок наперад. Нядаўна ветэран працы адказаў на некалькі пытанняў карэспандэнта «Звязды».


— Іван Міхайлавіч, ваша юнацтва прыйшлося на цяжкія пасляваенныя гады. Як пачынаўся прафесійны шлях, што вы запомнілі з таго часу?

— Сапраўды. Пасляваеннае жыццё было вельмі складанае як для мяне, так і для большасці маіх аднагодкаў. Нарадзіўся я на тэрыторыі сучаснага Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацька рана пайшоў з жыцця, і мы ўтраіх засталіся на руках у маці. З маленства я спазнаў нялёгкую сялянскую працу. Але трэба было атрымаць і сапраўдную працоўную спецыяльнасць. Вось чаму, скончыўшы ў 1948 годзе шэсць класаў, я падаў заяву ў Брэсцкае рамеснае вучылішча сувязі і быў залічаны ў гэтую навучальную ўстанову. Дарэчы, большасць з навучэнцаў былі сіроты альбо выхаванцы дзіцячых дамоў. Дзякуючы маім настаўнікам, я атрымаў добрыя прафесійныя веды, якія потым вельмі мне спатрэбіліся ў паўсядзённай працы.

Пасля заканчэння вучылішча ў 1950 годзе я быў накіраваны ў распараджэнне Гродзенскага абласнога ўпраўлення сувязі, дзе працаваў на працягу 27 гадоў. Пачынаў з абслугоўвання вясковага вузла сувязі. Там, на Гарадзеншчыне, прайшоў шлях ад радавога манцёра лінейных збудаванняў да кіраўніка ўпраўлення.

Потым, у 1976 годзе, я быў прызначаны першым намеснікам міністра сувязі БССР, а ў 1980-м узначаліў гэтае ведамства. На пенсію выйшаў у 1994 годзе.

— Сваю вышэйшую адукацыю вы атрымалі без адрыву ад вытворчасці. Цяжка было сумяшчаць?

— Колькі сябе памятаю, заўсёды даводзілася вучыцца. Экстэрнам здаў іспыты ў вячэрнюю школу і атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі, затым з адзнакай скончыў Мінскі электратэхнікум сувязі. Так, каб атрымаць дыплом аб сярэдняй адукацыі, я звярнуўся ў абласное ўпраўленне сувязі, каб мяне перавялі працаваць з вёскі ў райцэнтр — у Свіслач, дзе была магчымасць займацца ў вячэрняй школе. А пасля тэхнікума вырашыў атрымаць і вышэйшую адукацыю. У 1972 годзе скончыў Маскоўскі ўсесаюзны завочны электратэхнічны інстытут, у 1982 годзе — Інстытут упраўлення народнай гаспадаркі пры Акадэміі народнай гаспадаркі СССР.

Яшчэ адным пунктам маёй біяграфіі з’яўляецца служба ва Узброеных Сілах СССР. У 1952 годзе я быў прызваны ў армію і накіраваны ў школу паветраных стралкоў-радыстаў. Прайшоў падрыхтоўку ў вучылішчы, што ў Мурманскай вобласці, і на працягу чатырох гадоў лятаў у складзе экіпажа самалёта-штурмавіка. Маю 12 скачкоў з парашутам. Пасля заканчэння службы вярнуўся на Гродзеншчыну і працягнуў працаваць на Свіслацкім радыёвузле. Хутка быў пераведзены на пасаду начальніка Сапоцкінскага вузла сувязі, дзе працаваў два гады. А ў 1958 годзе быў назначаны начальнікам Лідскага раённага вузла сувязі.

— Якія дасягненні на вашым прафесійным шляху, у прыватнасці з таго часу, калі вы ўзначалілі абласное ўпраўленне, лічыце самымі значнымі?

— З улікам таго, што не хапала вытворчых плошчаў для размяшчэння тэхнічных сродкаў і новага абсталявання, прыходзілася многа будаваць. Напрыклад, за час маёй працы кіраўніком сувязі ў Гродзенскай вобласці было ўзведзена 8 будынкаў раённых вузлоў сувязі: у Воранаве, Дзятлаве, Зэльве, Астраўцы, Ашмянах і іншых райцэнтрах, а таксама будынкі паштамта і міжгародняй сувязі.

Дзякуючы веданню справы, самаадданай працы сувязісты Беларусі першымі з іншых савецкіх рэспублік завяршылі работы па будаўніцтве сістэм сувязі ва ўсіх без выключэння раёнах, а потым ва ўсіх вясковых аддзяленнях сувязі, сельскіх Саветах, калгасах і саўгасах. Забяспечылі сувяззю прадпрыемствы, бальніцы і школы — усе вытворчыя і сацыяльныя аб’екты.

Напрыклад, толькі ў Мінску за 15 гадоў (да 1995 года) было пабудавана 18 будынкаў пад АТС. У цэлым па Беларусі з 1976 да 1993 г. было ўзведзена 76 будынкаў вузлоў сувязі, а ў сталіцы — 7 чатырохпавярховых будынкаў для развіцця тэлефоннай сеткі. Па праекце маскоўскага інстытута «Гіпрасувязь» узведзены сяміпавярховыя будынкі ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.

Шмат што ўдалося пабудаваць, таму што мы вельмі сур’ёзна падыходзілі да ўзмацнення ўласнай будаўнічай базы. У той перыяд былі створаны трэсты «Белсувязьбуд» і «Белрамбудсувязь». Нельга было дапусціць, каб у галіне, дзе працавала больш за 100 тысяч чалавек, у тым ліку каля 60 тысяч тэхнічнага персаналу, дамоклавым мячом над людзьмі вісела жыллёвая праблема.

У вырашэнні гэтай задачы, лічу, вялікая заслуга былых кіраўнікоў трэста «Белсувязьбуд» А. А. Баўтута і В. В. Кузьмянкова. Дзякуючы іх намаганням сувязісты Беларусі першымі сярод іншых рэспублік завяршылі аўтаматызацыю гарадскіх і сельскіх тэлефонных сетак. Вялікі ўклад у агульную справу ўнёс і кіраўнік трэста «Белрамбудсувязь» Н. Г. Пацёпкаў і яго аднадумцы. Сіламі гэтага калектыву толькі ў Мінску і на тэрыторыі вобласці было пабудавана 19 жылых дамоў, што без малога 1200 кватэр. Па краіне жылыя дамы былі пабудаваны ў 47 раёнах і абласных цэнтрах, у кожным ад 80 да 170 кватэр. У цэлым па рэспубліцы гэта склала больш за 10 000 кватэр. Заўсёды з вялікай радасцю я ўручаў навасельцам ключы ад новых кватэр.

Яшчэ адной з найважнейшых задач у пачатку 1990-х гадоў была падрыхтоўка прафесійных кадраў. Так, у 1992 г., калі саюзныя навучальныя ўстановы прыпынілі работу, было прынята рашэнне аб’яднаць Мінскі і Віцебскі тэхнікумы сувязі, стварыць першую беларускую профільную ВНУ — Мінскі вышэйшы каледж сувязі. Скажу, што гэта было няпроста, бо на ўрадавым узроўні былі не толькі прыхільнікі наша праекта, але і праціўнікі. З падзякай успамінаю энтузіязм, арганізацыйныя намаганні ў гэтай справе першага рэктара нашай ВНУ М. А. Баркуна.

— Хто яшчэ з членаў вашай сям’і абраў прафесію сувязіста?

— Так здарылася, што я стаў заснавальнікам працоўнай дынастыі сувязістаў. Жонка, Клаўдзія Лукінічна, скончыла Мінскі электратэхнікум сувязі, працавала тэлеграфістам у Свіслацкім вузле сувязі, затым — на Мінскім чыгуначным паштамце. Дочкі, Таццяна і Ларыса, таксама пайшлі па слядах бацькоў, хаця спачатку выбралі іншыя спецыяльнасці. Пасля абедзве паступілі ва Усесаюзны электратэхнічны інстытут сувязі і зараз працуюць у гэтай галіне. Унукі, Іван і Таццяна, скончылі сярэдні ўзровень Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі, а потым атрымалі вышэйшую адукацыю. Так што сувязь — гэта наша сямейная справа…

Даведка:

  • У 1970 годзе Іван Міхайлавіч Грыцук узнагароджаны медалём «За доблесную працу».
  • У 1974 годзе — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
  • У 1975 — знакам «Ганаровы радыст».
  • У 1976 годзе яму прысвоена званне «Заслужаны сувязіст БССР».
  • У 1981 годзе ўзнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі.
  • У 1982 годзе яму прысвоена званне «Майстар сувязі».
  • У 1985 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам спецыяльнай сувязі «Ветэран службы».
  • У 1986 годзе ўзнагароджаны ордэнам Леніна.
  • У 1990 годзе — медалём «Ветэран працы».
  • З 1980 да 1990 года Іван Грыцук абіраўся народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
  • У 1982 годзе Іван Міхайлавіч быў абраны правадзейным членам Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі па аддзяленні «Вылічальная тэхніка і інфарматызацыя розных галін народнай гаспадаркі і навуковых даследаванняў Рэспублікі Беларусь».

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з архіва РУП «Белтэлекам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».