Вы тут

Мікалай Кірычэнка: Праз казацкія песні — да беларускай культуры


Старадаўнія казацкія песні ў сучасных аранжыроўках, яркая харэаграфія з трукавымі элементамі, каларытныя касцюмы і шалёная энергетыка. Усё гэта ўласціва шоу казацкай песні і танца «Маме падабаецца». Мы паразмаўлялі з мастацкім кіраўніком і па сумяшчальніцтве артыстам гэтага калектыву Мікалаем Кірычэнкам і даведаліся, як казацкая культура пакарае сэрцы тысяч беларусаў.


— Адкуль узнікла ідэя стварэння шоу?

— Я сам вельмі творчы чалавек. Больш за дваццаць восем гадоў займаюся музыкай. Спачатку гэта была музычная школа па класе балалайкі. Наогул, я хацеў навучыцца іграць на гітары, але ў той момант мне сказалі, што калі навучуся іграць на балалайцы, то мне будзе падуладна ўсё. Пазней быў каледж імя Сакалоўскага, пасля — вучоба ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на дырыжора. Падчас вучобы прайшоў стажыроўку ў Польшчы і адначасова вучыўся ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. І скончыў працэс свайго навучання ў магістратуры ўніверсітэта культуры. Менавіта ў гэтым месцы і пачалася гісторыя стварэння майго калектыву. Для ўдзельнікаў не было нейкага асаблівага адбору, мы былі рады ўсім. У самы першы склад уваходзілі два харэографы і чатыры вакалісты. Але з часам патрабаванні да ўзроўню артыстаў раслі, і з-за гэтага склад артыстаў мяняўся.

— У вас дастаткова цікавая назва...

— Першапачаткова мы называліся «Станіца», гэта быў яшчэ год 2010—2011. Мне гэтая назва жудасна не падабалася, і я заўсёды быў гатовы памяняць яе, але не мог прыдумаць іншую. У той перыяд я працаваў у музычнай школе, і адна з маіх вучаніц, Аліна Ліс, зрабіла праект пад назвай «Маме падабаецца», аднак з нейкіх прычын ён не стаў прасоўвацца. Паколькі назва мне адразу падалася цікавай і гучнай, я патэлефанаваў і папрасіў дазволу на яе выкарыстанне. Яна з радасцю падзялілася ёй.

— А чаму менавіта казацкі калектыў?

— Заўсёды любіў культуру Паўночнага Каўказа, але яна дастаткова складаная для нашага менталітэту. Таму я стаў знаёміцца з падобнай да яе — казацкай культурай, для нас больш зразумелай. Чым яна захапіла і прыцягнула, дык гэта цікавай і высакароднай гісторыяй, сілай духу і згуртаванасці гэтага народа. Я нават пісаў дысертацыю і дыплом на тэму казацкай культуры.

— Раскажыце пра цяперашні склад калектыву.

— Ён абсалютна новы, такой камандай мы выступаем менш чым паўгода. Цяпер усе ўдзельнікі — прафесійныя артысты. У складзе — шэсць харэографаў і пяць вакалістаў. Па праўдзе кажучы, з самага пачатку стварэння калектыву я прытрымліваўся пазіцыі, што ў яго павінны ўваходзіць толькі хлопцы, бо энергія дзяўчат не зусім падыходзіць для таго, каб паказаць культуру і энергетыку казацкіх песень і танцаў гледачу. Але, нягледзячы на гэта, чатыры дзяўчыны-вакалісткі ўсё ж прысутнічаюць.

— А па якім прынцыпе выбіралі артыстаў?

— Я заўсёды выбіраю па рэкамендацыі ці пасля таго, як асабіста знаёмлюся падчас выступлення. Нават калі кандыдат прыйшоў да мяне на праслухоўванне сам, заўсёды патэлефаную, напішу таму, з кім ён працаваў да гэтага, каб даведацца пра нейкія асобасныя характарыстыкі. Для мяне яны часам нават важнейшыя, чым вакальныя ці харэаграфічныя магчымасці. Асабліва гэта датычыцца сумленнасці і прыстойнасці. У адрозненне ад прафесійных навыкаў гэтаму практычна немагчыма навучыць. Таксама ёсць крытэрый па ўзросце: артыст павінен быць не маладзейшы за дваццаць і не старэйшы за трыццаць чатыры гады. Мне столькі, і я лічу сябе ўжо старым для нашай каманды. Апроч узросту, на дадзены момант звяртаем увагу на рост і фактуру. Ён павінен быць не менш за сто семдзесят пяць сантыметраў, у нас усе вельмі высокія, і нехта нізкі проста згубіцца на іх фоне. Акрамя гэтага, я зважаю на наяўнасць профільнай адукацыі, а вось ва ўзнагароды не веру. Таксама ў мяне ёсць прынцып, што кожны з нашых артыстаў павінен выступаць не толькі ў складзе групавых нумароў, але і як сольны выканаўца. Таму «навабранцы» павінны быць да гэтага гатовыя.

— У любога калектыву, асабліва народнага, ёсць свае касцюмы...

— Іх падборам я займаюся разам з нашым рэжысёрам і адначасова канцэртным дырэктарам Анастасіяй Цімонькінай. Лічу, што гэта немалаважны момант, бо адзенне — таксама частка культуры і энергетыкі, якую мы павінны перадаць нашаму гледачу. Першапачаткова нашы касцюмы шыліся беларускім дызайнерам Жананй Калтаковай. Нягледзячы на тое, што мы ўсё ж такі «шоу казацкай песні», яны зроблены ў народным стылі з захаваннем тонкасцяў гэтай культуры.

— Як яе прымае беларускі глядач?

— Пачнём з таго, што наш калектыў унікальны тым, што падыходзіць практычна для любой узроставай катэгорыі. Моладзі падабаюцца сучасныя аранжыроўкі і яркія шоу, людзям сярэдняга ўзросту даспадобы самі артысты, больш сталыя гледачы заўсёды ацэньваюць народныя матывы. Калі вярнуцца да пытання пра ўспрыманне канкрэтна казацкай культуры, то мушу адзначыць, што, на жаль, наш глядач з большай цеплынёй прымае рускую казацкую культуру, чым беларускую. Ёсць беларускія песні казацкага паходжання, мы іх выконваем у беларускіх касцюмах. Але, як я ўжо сказаў, глядач іх не асабліва прымае.

— Як праходзяць вашы рэпетыцыі?

— У першую чаргу хачу адзначыць, што ў нас праводзяцца майстар-класы і семінары па гісторыі і культуры казацтва. Бо далёка не ўсе, хто прыходзіць у калектыў, першапачаткова разбіраюцца ў тэме. Гэта вельмі важна, бо мы не толькі выступаем у казацкіх народных касцюмах і з іх рэпертуарам, але і выкарыстоўваем адпаведны рэквізіт, напрыклад, шашкі, нагайкі, кнуты. Акрамя гэтага, вядома, у харэографаў праводзяцца свае трэніроўкі, у вакалістаў — свае. І разам злучаемся толькі перад канцэртам. Наконт рэпетыцый у мяне таксама ёсць прынцыповая пазіцыя: больш за дзве гадзіны ў дзень трэніравацца нельга.

— А што наконт канцэртаў?

— Як правіла, у праграме ў нас васямнаццаць—дваццаць нумароў, яе фарміруе наш рэжысёр Анастасія Цімонькіна. Вядома, перад гэтым этапам у нас ідзе момант прыдумвання і давядзення да ўдасканалення нумароў. Гэта можа быць як нешта зусім новае, так і ўпадабаныя нашымі гледачамі ранейшыя нумары, напрыклад «Ружа», «Варачка» і гэтак далей. Калі казаць пра сам канцэрт, то на яго мы прыязджаем за дзве гадзіны. Я сам правяраю сцэну, тэхніку, і мы праводзім фінальныя рэпетыцыі з калектывам, каб сустрэць гледачоў ва ўсёй гатоўнасці.

— Вы часта гастраліруеце?

— Дастаткова часта, асабліва так было да пандэміі. Выступаем як у Беларусі, так і за яе межамі: гастраліравалі ў Маскве, Арле, Вязьме, Бранску, Латвіі і ў многіх іншых месцах. Да ковіду планавалі выступленні на фестывалях у Італіі і Польшчы, але прыйшлося змяніць планы. Што да канцэртаў у нашай краіне, то мы аб'ездзілі вельмі многія пляцоўкі. Гэта былі як буйныя канцэртныя залы, так і сцэны ў маленькіх гарадах. І, ведаеце, за гэты час я зразумеў, што энергетыка гледача залежыць ад артыстаў. У нас, як правіла, ужо пасля першага нумара настрой у зале мяняецца ў лепшы бок. Наогул, лічу, што мы робім не толькі прыемную, але і вельмі карысную справу сваімі выступленнямі. Бо, выходзячы на сцэну ў казацкіх народных касцюмах, танцуючы іх харэаграфію, выконваючы песні, мы ўскосна, а часам напрамую пераплятаем гэта з беларускай культурай, паказваючы гледачу, як важна шанаваць нашу творчасць і заўсёды памятаць яе вытокі.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены суразмоўнікам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?