Вы тут

Догляд за расадай пасля высадкі


Надышоў час перасадкі расады ў грунт. Разбіраемся, што трэба зрабіць, каб з яе выгадаваць дужыя расліны і зняць з іх добры ўраджай.


Угнаенні

Пры высаджванні расады на сталае месца ў лунку можна ўнесці спецыяльныя комплексныя ўгнаенні, а можна замяніць іх літрам спелага кампосту, парай сталовых лыжак попелу і касцяной мукі, калі вы прыхільнік арганічнага земляробства.

Калі падчас вырошчвання расады выконваўся графік падкормак да яе высадкі ў грунт, то пасля ўнясення пры пасадцы ў лунку ўгнаенняў пра наступную падкорку можна будзе не думаць амаль месяц: гэтыя комплексы забяспечаць расліны ўсімі карыснымі рэчывамі.

Мульчыраванне раслін

Ад клопатаў, звязаных з праполкай, пасадкі засцеражэ тэхналогія мульчыравання. Дадатковы плюс — ахова каранёвай сістэмы ад перападаў тэмператур, якія маюць месца ў перыяд зваротных замаразкаў. Мульчыраваць пасадкі можна агравалакном, скошанай газоннай травой, саломай, мохам-сфагнумам і іншымі матэрыяламі. Аднак варта ўлічваць, што ўкладваць пад расліны мульчу можна толькі пасля таго, як глеба ўжо дастаткова прагрэецца.

Часовае зацяненне раслін

Адразу пасля высадкі расадзе патрабуецца некаторы час для адаптацыі. Таму хоць бы ў першыя 5-7 дзён пасля высадкі культурам патрабуецца зацяненне.

Правільнае сховішча павінна засцерагаць пасадкі ад сонца, але пры гэтым забяспечваць доступ да іх свежага паветра і магчымасць праветрывання. Ідэальна для гэтых мэт падыходзяць тонкі спанбонд, цюль, галінкі лісцвяных раслін. А вось шчыльны матэрыял будзе ствараць залішні ў дадзенай сітуацыі парніковы эфект.

Засцярога ад холаду

Пластыкавыя або металічныя бочкі, бутлі і іншыя напоўненыя вадой ёмістасці дапамогуць у выпадку раптоўнага пахаладання (тых жа зваротных замаразкаў). У дзённы час за кошт адносна высокай тэмпературы вада ў ёмістасцях будзе награвацца, а ўначы паступова аддаваць цяпло, саграваючы расліны. Гэта дапаможа змякчыць сутачныя перапады тэмпературы.

Найлепшыя ўгнаенні для клубніц

1. Курыны памёт добры тым, што ўтрымлівае высокі працэнт азоту, без якога расліна не здольная даць буйныя, сакавітыя і салодкія плады. Выкарыстоўваецца курыны памёт у якасці падкормкі ў вадкім выглядзе. Стандартны разлік — 1 літр птушынага памёту на 10 літраў вады. Каб не спаліць расліну, прыгатаваны раствор павінен прастаяць каля трох дзён.

2. Кісламалочныя прадукты, напрыклад, сыроватка. Вядома, што малако змяшчае мінералы, азот, кальцый, серу, фосфар, больш за 19 важных амінакіслот. Для трускалкі слабакіслая глеба — самае дабратворнае асяроддзе для развіцця і плоданашэння. У гэтым плане ўгнойванне клубніц кісламалочнымі прадуктамі дапаможа зрабіць глебу менавіта такой. Рэкамендуецца выкарыстоўваць кісламалочныя прадукты разам з попелам, гноем і перагноем. Калі правесці апырскванне разведзеным малаком, можна надоўга забыцца пра некаторых насякомых-шкоднікаў, такіх як тля і клешч.

3. Угнаенні з хлеба вельмі добра ўплываюць на развіццё расліны. Клубніцы вельмі добра адклікаюцца на падкорм з дражджэй. Угнаенні для трускалкі з хлеба робяцца вельмі проста: засушаны хлеб вымочваецца ў вадзе да закісання, выспяванне надыходзіць прыблізна праз 6-10 дзён. Атрыманы раствор разводзіцца вадой у суадносінах 1:10. Дрожджы ствараюць спрыяльныя ўмовы для росту клубніц — дзякуючы дражджавому грыбку глеба падкісляецца, ягады атрымліваюць неабходнае харчаванне, такім чынам хлебная падкормка дзейнічае бустар для росту ягад.

4. Крапіву таксама можна выкарыстоўваць у якасці добрага ўгнаення. Як аказалася, для трускалкі крапіва — гэта сапраўдны эліксір. Рыхтуецца падкорм проста. Неабходна сабраць пабольш крапівы, змясціць у ёмістасць, заліць вадой, калі ёсць магчымасць, дажджавой, затым прыціснуць крапіву якім-небудзь грузам і накрыць ёмістасць сеткай. Два разы на дзень крапіўны настой варта вельмі добра перамешваць. Перад тым як пачаць падкормліванне, раствор разводзіцца вадой з разліку 1:20. Крапіва змяшчае ў лёгказасваяльнай форме калій і азот, у глебе пасля палівання з'яўляецца вялікая колькасць дажджавых чарвякоў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?