Вы тут

Ваенныя нумары газеты «Уперад» 1943 года папоўнілі фонды Лідскага гісторыка-мастацкага музея


Да гэтага часу яны захоўваліся ў рэдакцыі «Лідскай газеты». Усе нумары газет ваеннага часу былі падпарадкаваны адной тэме — змаганню супраць фашысцкай агрэсіі. І лідская «Уперад» працавала ў гэтым кірунку. Тут друкаваліся як паведамленні цэнтра, так і мясцовыя навіны, якія ў пераважнай большасці насілі баявы характар.


А трапілі яны ў рэдакцыю некалькі гадоў таму, падчас 80-гадовага юбілею газеты. Гэту гісторыю расказала выконваючая абавязкі дырэктара — галоўнага рэдактара рэдакцыі «Лідамедыякампанія» Кацярына Серафіновіч. Яна паведаміла, што знайшоў баявыя лісткі жыхар Слоніма, калі падчас сартавання перабіраў звезеную на прадпрыемства макулатуру. Мужчына зацікавіўся стосам старых газет і забраў іх сабе. Доўгі час яны ляжалі ў яго хаце, потым вырашыў аддаць у рэдакцыю «Лідскай праўды».

Днямі архіўныя нумары газеты-лістка рэдакцыя перадала ў Лідскі гісторыка-мастацкі музей. У ім, дарэчы, таксама захоўваецца частка ваеннага тыражу. Кіраўнік рэдакцыі ўпэўнена, што такім чынам ваенныя нумары стануць даступны больш шырокаму колу наведвальнікаў. Да таго ж яны будуць захоўвацца ў спрыяльных умовах і адпаведным мікраклімаце, што вельмі важна для такога нетрывалага матэрыялу, як папера.

— Для музея вельмі важны гэты арыгінал газеты ваеннага часу, — зазначыла галоўны захавальнік фондаў музея Надзея Кавальчук. — Мы займаемся навукова-даследчай дзейнасцю, вывучаем гісторыю «Лідскай газеты», раней яна называлася «Уперад». Нумары даваеннага і ваеннага перыяду ёсць, але менавіта гэтых няма. Цяпер мы можам выставіць іх у экспазіцыю, будзе больш шырокі агляд, чым, напрыклад, у рэдакцыі, дзе дэманстрацыя гэтых нумароў немагчымая для шырокага кола. А тут можна такім шляхам папулярызаваць нашу раённую газету, рабіць адпаведныя экспазіцыі. У Год гістарычнай памяці ваенная тэматыка многіх цікавіць.

Гартаю нумары тых самых ваенных часоў. Важна не толькі прабегчы вачыма па баявых загалоўках, але яшчэ і ўважліва прачытаць артыкулы. І тады міжволі становішся сведкам і ўдзельнікам далёкіх падзей.

У адным з нумароў на другой старонцы пад загалоўкам «Няма ходу фашысцкім цягнікам» паведамляецца аб падрыўной групе атрада імя Чкалава, якая вярнулася з задання. Камандзір дакладвае ў штабе, што заданне выканана: пад адкос пушчаны два вайсковыя эшалоны, якія ішлі на фронт. Поўнасцю знішчаны два паравозы, шэсць платформ з танкамі, платформа з аўтаматчыкамі і восем платформ з сенам, пад якім была замаскіравана вайсковая тэхніка. Тут жа паведамляецца яшчэ аб адной групе падрыўнікоў, якая вярнулася з задання. На іх рахунку — таксама два эшалоны, якія перавозілі прадукты харчавання. «Такія баявыя будні ў адным са шматлікіх атрадаў савецкіх патрыётаў». І псеўданімы былі не абы-якія. Напрыклад, аўтарам прыведзенай інфармацыі значыцца «Партызан І. Б.»

Вядома, пастаянна друкаваліся паведамленні Саўінфармбюро з франтоў на бягучы момант. І хаця першы радок сведчыў, што істотных змен на 14 чэрвеня 1943 года не адбылося, наступны абзац суха паведамляў, што напярэдадні часцямі авіяцыі на розных участках фронту знішчаны ці пашкоджаны не менш чым 20 аўтамашын з войскамі і грузам, узарваны склад боепрыпасаў, спынены агонь трох артылерыйскіх батарэй, разбіты некалькі эшалонаў ворага.

Наступны артыкул у тым жа нумары не назавеш «сухім». Ён напісаны ад імя чалавека, які перанёс наступствы фашысцкай акупацыі. Вось даслоўны тэкст заметкі селяніна вёскі Брэгідава Ільскага раёна Вілейскай вобласці: «Учора я даведаўся аб жудасным злачынстве, утвораным гітлераўскімі бандытамі над сялянамі маёй вёскі. Уварваўшыся ў вёску, крывавыя фашысты і іх лакеі-паліцэйскія схапілі маіх аднавяскоўцаў, не шкадуючы ні старых, ні малых, і зажыва спалілі ў гумнах 108 чалавек. Толькі адной дзяўчыне ўдалося ўцячы ад нямецкіх звяруг, а ўсе астатнія загінулі ў агні. Сярод спаленых — мае бацькі і дзве сястры. Іх смерць будзе дорага каштаваць подлым фашысцкім сабакам». Зразумела, што такія паведамленні будзілі яшчэ большую нянавісць да ворага.

У адной з газет змяшчаўся зварот да насельніцтва акупаваных тэрыторый не паддавацца на заклікі немцаў аб татальнай мабілізацыі і выезду ў Германію. Аўтар артыкула ўпэўнены, што «на гэты загад савецкія людзі адкажуць поўным ігнараваннем, зрывам яўкі на рэгістрацыйныя пункты, стварэннем новых партызанскіх атрадаў, якія будуць бязлітасна граміць ворага і жорстка помсціць фашысцкім злачынцам».

Звяртае на сябе ўвагу загаловак у чэрвеньскім нумары газеты за 1943 год. Артыкул прысвечаны гораду Лідзе, аўтар называе яго «Мёртвы горад». Падчас акупацыі ён ператвораны ў руіны. Разбітыя дамы, зарослыя тратуары, галодныя людзі — такі парадак прынесла новая ўлада. Зачынена буйная некалі гумовая фабрыка «Ардаль», дзе працавала да дзвюх тысяч чалавек. «Усё абсталяванне, — піша аўтар, — фашысцкія драпежнікі вывезлі ў сваю вароўскую гітлераўскую Германію. Новы «парадак» бачны ва ўсім. За хаджэнне па начах — расстрэл, за ўхіленне ад мабілізацыі — таксама. Свае пагрозы фашысцкія людаеды прыводзяць у выкананне...» Аўтар у канцы заметкі выказвае ўпэўненасць, што Ліда будзе вызвалена, гэтага чакае ўсё насельніцтва горада.

Не абыходзіла рэдкалегія ўвагай нават самыя, здавалася б, лакальныя факты. Напрыклад, такі: «Днямі група партызан атрада імя Аляксандра Неўскага раптоўна напала на нямецкі гарнізон, які ахоўвае станцыю Б. У выніку налёту былі забіты два фашысты, астатнія разбегліся».

Многія артыкулы адлюстроўваюць настрой беларусаў, у тым ліку моладзі. Вось як эмацыянальна піша адзін з удзельнікаў вызваленчага руху ў кароткай заметцы «Я буду біць нямчуру»: «Мяне ў атрадзе называюць «хлопчык». Я маю толькі 15 гадоў, але мяне ўзмужала нянавісць да рыжых фрыцаў, якія напалі на нашу краіну, знішчылі нашу вёску і скалечылі маё дзяцінства. Цяпер я партызан. Я заўсёды гатоў са сваімі таварышамі біць гэтых двухногіх звяроў, і мы іх б'ём моцна. Калі я бачу немца, мне хочацца злавіць яго і павесіць на высахлай ліпе каля сваёй спаленай хаты».

У першамайскім нумары баявога лістка «Уперад» нямала рапартаў аб «падарунках» да гэтага свята. Напрыклад, такі: партызанскае падраздзяленне «Уперад» пусціла пад адхон 25 воінскіх эшалонаў, разграміла два буйныя нямецкія гарнізоны. Мяркуючы па артыкулах, у гэтых мясцінах дзейнічала нямала партызанскіх атрадаў, а тым ліку маладзёжных. Магчыма, кожная ваенная аперацыя знаходзіла адлюстраванне на старонках газеты. Такія факты сведчылі не толькі аб барацьбе ў зоне акупацыі, але і дапамагалі падтрымліваць мірнае насельніцтва, усялялі вену ў Перамогу.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Пад псеўданінам «Партызан»

Выбар рэдакцыі