Вы тут

Адрасы Заіра Азгура


Калі хто наважыцца з часам арганізаваць экскурсію па мясцінах Мінска ці ўвогуле нашай Беларусі, звязаных з імем народнага мастака СССР, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата дзвюх Сталінскіх прэмій другой ступені Заіра Азгура, то патраціць на гэта нямала часу.


Давядзецца падысці да помнікаў Якубу Коласу і Сяргею Грыцаўцу ў Мінску, наведаць Янку Купалу ў Вязынцы, з'ездзіць да дзеда Талаша ў Петрыкаў, на Гомельшчыну. Улюбёны ў сваіх сучаснікаў, скульптар, які, здаецца, жадаў стварыць партрэты ўсіх сімпатычных яму людзей, быў на дзіва захоплены сваёй справай. Пражыўшы вялікае жыццё (памёр ва ўзросце амаль 90 гадоў), ён імкнуўся пранікнуць у характары такіх легендарных сваіх сучаснікаў, як артыст Уладзімір Крыловіч, Кузьма Чорны, Павел Батаў, Канстанцін Ракасоўскі... Таксама паспрабаваў зрабіць цікавыя і сімпатычныя выявы Рабіндраната Тагора, Лу Сіня, Уолта Уітмена — як быццам імкнуўся паяднаць Усход і Захад.

Многія яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, у іншых скарбніцах мастацтва — у Беларусі і не толькі ў Беларусі.

Здавалася, ён і сам быў глыбай, якую высек з каменю ў няпростыя часіны патрабавальны лёс. А вось чытаеш яго кнігі з многімі цікавымі падрабязнасцямі, дзе шмат аповедаў пра братоў па творчых сцежках, пра мастакоў і пісьменнікаў Беларусі, і разумееш, што занатаваць у скульптуры гісторыю сваёй эпохі спрабаваў (і як паспяхова!) шчыры, адкрыты чалавек. Яшчэ глыбей пераконваешся ў гэтым, калі ўзіраешся ў здымкі майстра, зробленыя Яўгенам Коктышам.

Заір Ісакавіч сярод скульптур, побач з Марксам і Леніным, на Бярэзіне з Алесем Адамовічам, які таксама імкнуўся ствараць выключна шырокамаштабныя і справядлівыя карціны часу, каля вясковай хаты, з немаўлятамі на руках (як быццам ім ён стараўся перадаць неўміручую сілу жыцця!), у цішыні майстэрні, на афіцыйным мерапрыемстве, сярод калег-мастакоў, сярод калег-скульптараў... Яркая, рэльефная фігура народнага мастака СССР, што склалася за многія гады ўважлівага ўзірання фотамайстра, — шчыры, адкрыты напамін пра спадара Заіра Азгура, якога, на шчасце, ведаюць праз помнікі, помняць асабіста…

Кастусь ХАДЫКА

Фота Яўгена КОКТЫША

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?