Вы тут

Валанцёры і работнікі Чырвонага Крыжа дапамагаюць пажылым і не толькі


Летась каля чвэрці мільёна чалавек атрымала дапамогу Беларускага Чырвонага Крыжа. Адзінокія пажылыя грамадзяне, дзеці, якія засталіся без бацькоў, людзі з ментальнымі расстройствамі, тыя, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі і хто меў патрэбу ў дапамозе падчас пандэміі — літаральна ўсім уразлівым катэгорыям аказваюць падтрымку супрацоўнікі і валанцёры Чырвонага Крыжа.


Істотнай была дапамога, у тым ліку матэрыяльная, падчас пандэміі сістэме аховы здароўя — бальніцам арганізацыя пастаўляла кіслародныя канцэнтратары і іншае неабходнае абсталяванне, сродкі індывідуальнай аховы. Актыўны ўдзел бярэ Чырвоны Крыж у праграмах па вакцынацыі, у тым ліку па дастаўцы людзей з аддаленых населеных пунктаў або падвозу туды брыгады медыкаў.

— Адзін з акірункаў нашай работы — паляпшэнне доступу да вакцынацыі ўразлівых катэгорый насельніцтва, — кажа Раманія ЗОРЫНА, намеснік Генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. — Наш дэвіз — «Вакцынацыя сабе і людзям». У 46 рэгіёнах Беларусі вядзецца работа па дастаўцы пажылых людзей да месцаў вакцынацыі. У той жа Віцебскай вобласці шмат хутароў, маленькіх вёсак, і людзям складана трапіць у медустанову. І медыкам няпроста даехаць ва ўсе невялікія вёскі. Асаблівая катэгорыя — асобы, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, і людзі без пэўнага месца жыхарства. Іх не так шмат, але мы пастараліся прыдумаць механізм, каб матываваць іх на вакцынацыю.

Толькі летась садзейнічанне ў вакцынацыі аказана 8055 грамадзянам. Яшчэ 4 тысячы чалавек прышчапілі сёлета, у тым ліку каля тысячы бяздомных і асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.

— Нам было важна, каб працягвала працаваць наша медыка-сацыяльная служба «Дапамога», у рамках якой мы падтрымліваем адзінокіх і адасобленых пажылых людзей, — працягвае Раманія Зорына. — Такая служба была захавана падчас каранавіруса і працуе цяпер. Важна было, каб да такіх пажылых людзей працягвалі прыходзіць памочнікі, каб тыя атрымлівалі такую ж дапамогу, што і да пандэміі.

У службе «Дапамога» працуюць 154 медыцынскія сястры і 77 малодшых медыцынскіх міласэрных сясцёр. Акрамя таго, кожнай медыцынскай сястры дапамагаюць 2-3 навучаныя валанцёры.

— Гэта складаная карпатлівая работа, часта няўдзячная. Яна няяркая, яе часта нельга паказаць па тэлевізары. Гэта пажылыя людзі, у якіх так званы нізкі рэабілітацыйны патэнцыял, з-за стану здароўя яны ўвесь час дрэнна сябе адчуваюць. І нават сярод гэтых пажылых людзей ёсць тыя, хто становіцца нашымі валанцёрамі, — адзначае намеснік генеральнага сакратара таварыства.

Пажылыя людзі атрымліваюць комплексныя паслугі: медыцынскія, сацыяльныя, гаспадарча-бытавыя.

— Вельмі важна, калі чалавек, які прыходзіць у кватэру, можа памыць і прыбраць, а таксама аказаць якасныя медыцынскія паслугі. Такіх медыцынскіх сясцер знайсці складана, але мы іх знаходзім. Звычайна яны ў нас застаюца надоўга, — кажа Раманія Зорына.

Сярод напрамкаў дзейнасці Беларускага Чырвонага Крыжа дапамога дзецям, якія жывуць без бацькоў. Гэта праграма «Няня замест мамы». Супрацоўнікі і валанцёры арганізацыі замяняюць малым бацькоў, калі тыя трапляюць у медустановы. Ёсць праграма для людзей з ментальнымі парушэннямі. У сталіцы працуе сэрвіс пад назвай «Адкрыты дом». У Гродне створаны Цэнтр дапамогі сям'і з дзецьмі з арганічнымі парушэннямі.

Ёсць сэрвісы, якія працуюць з людзьмі, што вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і асобамі без пэўнага месца жыхарства. Гэтыя праграмы маюць розныя мэты, пачынаючы ад прафілактыкі туберкулёзу і каранавіруса, заканчваючы ўсебаковай дапамогай у сацыялізацыі. Адзін з напрамкаў дзейнасці — работа з мігрантамі. Калі летась на граніцы ў Гродзенскай вобласці знаходзілася каля дзвюх тысяч мігрантаў з Блізкага Усходу, уся гуманітарная місія лягла на плечы беларускага і міжнароднага Чырвонага Крыжа, адзначае Генеральны сакратар арганізацыі Дзмітрый ШАЎЦОЎ.

— Сёлета, калі з'явіліся бежанцы з Украіны, мы гэтак жа ўключыліся ў работу. Працягваем аказваць гуманітарную дапамогу ўсім украінцам, якія прыбылі ў Беларусь. Штодзень каля 150-200 чалавек транзітам праз Польшчу прыходзіць у нашу краіну, — прыводзіць лічбы суразмоўнік.

Паколькі арганізацыя мае ўласную службу пошуку, якая дапамагае знаходзіць людзей, цяпер сюды нярэдка звяртаюцца па дапамогу грамадзяне Блізкага Усходу і Украіны. За мінулы год разгледжна больш за тысячу спраў па пошуку. Каля 140 з іх закрыта са станоўчым вынікам — значыць, удалося знайсці зніклага і праінфармаваць аб гэтым яго блізкіх.

Сёлета па пошуку апрацавана каля 150 запытаў, па 35 ёсць станоўчы вынік. Як правіла, усе яны звязаныя з падзеямі ва Украіне.

— Летась 16-гадовы хлопец з Сірыі, які знаходзіўся ў лагістычным цэнтры, імкнуўся ўз'яднацца з сям'ёй, што жыве ў Германіі. Мы сумесна з Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі займаліся тым, каб ён паехаў да сваякоў, — і ў нас атрымалася. Яшчэ адзін прыклад — двое хпопчыкаў, якія былі знойдзены нашымі пагранічнікамі ў лесе ў пачатку снежня мінулага года з пераахаладжэннем. Ім аказалі медыцынскую дапамогу, каля пяці месяцаў дзеці жылі ў сям'і знаёмага з Блізкага Усходу, паралельна ішла падрыхтоўка дакументаў. Хлопцам зрабілі шэнгенскія візы, іх бацька прыехаў у Польшчу, і мы перадалі яму дзяцей. Дзеці вельмі перажывалі, але ўсё атрымалася. Падобныя моманты даюць такі зарад станоўчай энергіі і натхнення, што хочацца працаваць далей, — дзеліцца Дзмітрый Шаўцоў.

Штатных супрацоўнікаў у Чырвоным Крыжы няшмат — 239. А вось валанцёраў — каля 16 тысяч. Да валанцёра можа звярнуцца кожны, хто мае патрэбу. Зрабіць гэта можна пры дапамозе мабільнага дадатку Чырвонага Крыжа ці праз інфармацыйную лінію «201». Заяўку зафіксуюць, і валанцёр прынясе прадукты ці акажа іншую дапамогу. Кожны чалавек можа і сам аказаць пасільную дапамогу Чырвонаму Крыжу — як фінансавую, так і ўласна стаць валанцёрам. Адзіная ўмова пры гэтым — узрост, старэйшы за 18 гадоў. У арганізацыі вялікая колькасць напрамкаў дзейнасці, і кожны можа знайсці сабе прымяненне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Як жывуць і каго чакаюць у госці жыхары адрэзанай вадой Палянаўкі

Працягваем сачыць за развіццём паводкавай сітуацыі.

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.