Вы тут

Прачытайце дзецям! Апавяданні — для лета


Новая кніга Іны Фраловай «Андрэйкава лета» — зборнік з шасці апавяданняў: твор, які даў назву кнізе — «Андрэйкава лета», а яшчэ — «Сумнае сонейка», «Выбар», «Сяргейка-Бармалейка», «Жывое радыё», «Сонечнае мора». Кароткія, дынамічныя, з выразным адлюстраваннем дзеяння, што прыцягвае ўвагу найперш, што прымушае твор уважліва чытаць, такія апавяданні нагадваюць пра лепшыя традыцыі беларускай дзіцячай літаратуры. Калі ўжо перагарнуў апошнюю старонку кнігі, успомніліся зборнікі з 1960-70-х гадоў: Уладзіміра Юрэвіча «Дожджык на колах», «Дзе начуе сонца», «Тараскавы турботы», Васіля Ткачова «Хітры Данік», Даіра Слаўковіча «Па чым фунт ліха», яго ж аповесць "Хвядоскавы канікулы«...Нават задумаўся, а ці перавыдаюцца тыя кнігі, якія дакладна вучаць дабрыні і справядлівасці?..


Гэтую самую складаную, самую няпростую задачу дзіцячай літаратуры і ўзваліла на свае плечы таленавітая пісьменніца Іна Фралова: паказаць у паводзінах дзіцяці, з улікам яго ўзросту, што ж, зыходзячы з уяўленняў выхавання, педагогікі правільна, разумна, прыгожа, справядліва, сумленна... Але ж і паказваючы гэтыя «правільныя» фрагменты жыцця, нельга згубіць адпаведны характар перадачы дзействаў, сюжэтаў. І не толькі таму, што размова пра вечныя чалавечыя ісціны гуманістычнага характару ідзе ў жанры апавядання, мастацкага твора, а і таму, што кніга разлічана на зусім юнага чытача. Мне падаецца, што ў Іны Фраловай усё атрымалася. Дзеці гуляюць, робяць невялікую шкоду, сумняваюцца ў правільнасці таго ці іншага рашэння, — і дзеці робяць свой выбар. Робяць яго без падказкі дарослых. Правільны выбар. Дакладней — без падказкі словам. Да выбару, правільнага рашэння падштурхоўваюць паводзіны дарослых, арганізаванае імі жыццё, іх дзеянні ў побытавых сітуацыях... Так і ў апавяданні «Выбар», калі Алесь ахвяруе сваім кавалачкам любімага торта «Кіеўскі», каб дагадзіць дзядулю... Не будзем пераказваць, чаму менавіта дагадзіць. Прачытайце. І знойдзеце ў кароткім апавяданні «Выбар» цэлую філасофію жыцця, а галоўнае — разам са сваімі дзецьмі, унукамі і паразважаеце, звернеце ўвагу на пэўныя парадыгмы чалавечага лёсу. 

Сяргейка, імя якога і паводзіны якога далі назву апавяданню — «Сяргейка-Бармалейка», маючы тату-пісьменніка, марыў пра тое, што ў дарослым жыцці стане шафёрам. Бо гэта шмат цікавей, чым сядзець у кабінеце і пісаць кнігі, якімі і без таго перапоўнены бібліятэкі. І перад прэзентацыяй новай бацькавай кнігі, заўважыўшы, што яна зусім без малюнкаў, Сяргей размаляваў старонкі, якія яшчэ пахлі друкарскай фарбай. Правіна выявілася на самой прэзентацыі. Ды вінаватага не шукалі... «...Сяргейку схапіла бібліятэкарка і панесла назад. У дзвярах з радасцю на твары прад’явіла: «Вось ён — ваш Сяргейка-Бармалейка!» Грымнулі апладысменты. А тата ўзяў яго на рукі і сказаў: «Прадстаўляю — мой суаўтар!» А пасля аддаў усе кветкі. А дарослыя засмяяліся і зноў пачалі апладзіраваць. 

Дома, лежачы ў ложку, Сяргейка разважаў: «Калі ўсім так спадабалася, можа ну яго, гэтага шафёра?»

Кніга Іны Фраловай «Андрэйкава лета», упэўнены, спадабаецца і юным чытачам, і іх мамам і татам. Прыцягвае да старонак зборніка добрых апавяданняў і сімпатычнае афармленне славутага кніжнага графіка Сяргея Волкава. Яго малюнкі дапамагаюць пазнаёміцца з юнымі героямі, спрыяюць болей хуткім стасункам чытачоў і герояў кнігі. 

А нам застаецца чакаць новых кніг Іны Фраловай. Дарэчы, зборнік апавяданняў «Андрэйкава лета» пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда», якое па добрай традыцыі працягвае радаваць юнага чытача навінкамі сучаснай дзіцячай літаратуры. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».