Вы тут

Шчодрая рунь літаратара, пісьменніка, перакладчыка і рэдактара Алеся Жука


Час сказаць слова і пра Алеся Жука. Праўда, і дагэтуль прамаўляў пра яго неаднойчы, рэцэнзуючы тую ці іншую кнігу, пачынаючы з першай «Асеннія халады». Аднак цяпер выпадак асаблівы: Алесю Аляксандравічу у красавіку споўнілася 75 гадоў. Хоць у коле сямейнікаў і сяброў, відаць, адзначыў гэты юбілей раней. Ва ўсіх энцыклапедыях і даведніках сцвярджаецца, што нарадзіўся ён 1 красавіка 1947 года, а ў сапраўднасці гэта не так. Адказ трэба шукаць у яго аўтабіяграфіі «Кожнаму сваё поле». Адбылося гэта «зімой, 23 лютага 1947 года, у самую пару мяцеліц. Маці праз гады жартам папракала бацьку, што выкуліў яе ў гурбу, пакуль вёз да Грэскай бальніцы. Відаць, тыя мяцеліцы былі вінаваты і ў тым, што ў метрыцы дата майго нараджэння стаіць 1 красавіка, а месца нараджэння — вёска Грэск. Ці не той дзень, калі радасны бацька ўсё ж дабраўся да ЗАГСа былога Грэскага раёна былой Бабруйскай вобласці, каб дакументальна ўзаконіць сынава з’яўленне на свет».


І не ў Грэску нарадзіўся Алесь Жук, а ў вёсцы Клешаў, што за нейкіх дзесяць кіламетраў ад колішняга раённага цэнтра. Ды ўсё адно гэта Случчына. Як і вёска Дзюдзева, дзе скончыў сярэднюю школу. Маяком яна стала ў 1973 годзе. Толькі пасля таго, калі крыж быў пастаўлены ўжо і на некаторых паселішчах з больш мілагучнымі назвамі. Жыхары працівіліся. Яшчэ больш дзіўна, што школа называлася… Дзюдзеўскай.

Ды што тая назва, калі з яе выпускнікоў выгадаваўся такі пісьменнік, якому многія літаратары могуць пазайздросціць. Канешне, нямала значыць і тое, што адзначаны прэміямі Ленінскага камсамола Беларусі, Літаратурнай імя Івана Мележа, Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Аднак усё ж розныя званні — гэта ў асноўным для «параднасці». Важней творчыя набыткі. Алесь Жук жа сярод слуцакоў — адзін з першых, хоць у шэрагах іх многія майстры слова, якія з’яўляюцца гонарам беларускай літаратуры. Найперш Кузьма Чорны. Алесь Аляксандравіч, несумненна, у той кагорце, што блізкая да яго.

Сваю літаратурную дзялянку пачаў абжываць на старонках слуцкай газеты «Шлях Ільіча», цяперашняга «Слуцкага краю». За пяро ўзяўся рана, яшчэ школьнікам. То былі звычайныя допісы. Першую навелу «Яны жывуць...» раёнка змясціла толькі ў чэрвені 1965 года, акурат пасля атрымання ім атэстата сталасці. Аднак як празаік дэбютаваў усё ж раней. Часопіс «Неман» («Нёманам» ён стаў значна пазней) у трэцім нумары таго ж 1965 года апублікаваў  ажно чатыры яго навелы.

Хтосьці здзівіцца: «Няўжо супрацоўнікі рэдакцыі пераклалі творы невядомага аўтара, калі ставала і масцітых рускамоўных?» Але тады Алесь Жук пісаў па-руску. Рускамоўнай была і навела, змешчаная ў «Шляху Ільіча». «Чаму?» — паўтару ўслед за Зіновіем Прыгодзічам, аўтарам уступнага артыкула «Ад праўды быту — да праўды жыцця» да двухтомніка  выбраных твораў Алеся Аляксандравіча (1993, 1994). І яго словамі адкажу: «Хутчэй за ўсё гэта адбылося пад моцным уплывам А. Пушкіна, М. Лермантава, Л. Талстога, А. Чэхава, кніжкі якіх ён чытаў тады запоем. Любоў жа да роднага слова жыла ў сэрцы неўсвядомлена, але арганічна і неаддзельна ад самога сябе. Патрэбен быў нейкі знешні штуршок, каб адкрыліся вочы на той неацэнны скарб, якім валодаў».

Гэтым штуршком, што па-сапраўднаму адкрыў яму вочы на хараство старонкі роднай стала паступленне на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Я вучыўся курсам вышэй, у інтэрнаце не жыў. Таму пазнаёміліся мы значна пазней. Калі пасля раённых і армейскіх «блуканняў» уладкаваўся на працу ў «ЛіМ». Студэнтам жа адкрыў яго для сябе як маладога пісьменніка, які друкаваўся часта, куды часцей, чым іншыя аўтары, хто таксама толькі ўваходзіў у літаратуру. Найбольш уразіла апавяданне «Сок манга», галоўная гераіня якога Людка паўстае самім увасабленнем чысціні, цнатлівасці.

Першую кнігу «Асеннія халады» Алесь Жук выдаў у 1972 годзе. «Першынец» не застаўся незаўважаным крытыкай. Асабліва яго парадавалі водгукі знакамітых аўтараў. У прыватнасці, Янка Брыль быў упэўнены, што з Алесем Жуком беларуская літаратура можа звязваць свае найлепшыя спадзяванні. Але асабліва высока ацаніў «Асеннія халады» Міхась Стральцоў.

Ужо загаловак рэцэнзіі «Рунь халадоў не баіцца» арыгінальны. Як вядома, «Рунь» — назва  першай кнігі Максіма Гарэцкага. Міхась Лявонавіч невыпадкова параўноўваў маладога, у нечым нявопытнага аўтара з гэтакім жа на час свайго дэбюту класікам беларускай літаратуры. А які даверлівы, з самага пачатку ўжо, тон гаворкі: «Як гэта ўсё-такі добра, калі пра першую кніжку маладога аўтара можна без паблажлівай добразычлівасці, без прабачлівых ссылак на маладосць сказаць адным словам: таленавіта…»

Завяршэнне разгляду кнігі было такое, якога не кожны з маладых аўтараў можа дачакацца: «Несумненна, што ў літаратуру прыйшоў новы таленавіты празаік. Мне падабаецца, што першая кніжка А. Жука называецца без прэтэнзіі на рамантычную двухсэнсоўнасць, калі абыгрываецца вясновы сезон з першымі праталінамі, росамі, майскаю просінню і г. д., а названа па-мужчынску проста і стала: “Асеннія халады”. Рунь халадоў не баіцца».

Міхась Стральцоў спасціг галоўнае ў творчасці Алеся Жука — і не толькі яшчэ маладога пісьменніка, але і сённяшняга сталага, аўтара многіх кніг: «добра валодае інтанацыяй апавядання», «пры ўсёй лірычнасці яго фразы ён рэдка бывае неканкрэтны, бо добра адчувае бытавую дэталь і ўмела карыстаецца дыялогам» і г. д. Здавалася б, азначэнні звычайныя, але яны не выпадковыя, а падгледжаныя пільным даследчыцкім вокам, называюць многае з таго, што складае сутнасць творчай манеры гэтага цікавага, самабытнага празаіка.

Прыхільна былі сустрэты і наступныя кнігі Алеся Аляксандравіча. Па ўласным прызнанні яго, «практычна ўсё напісанае перакладалася і выдавалася кнігамі на рускай мове за мяжой, што не абмінала ўвагай  не толькі свая, але і маскоўская крытыка, як гаварылася тады, — у цэнтральных выданнях». Працягваючы пісаць апавяданні, паспяхова абжываў і жанр аповесці. У двухтомніку аб’яднаў назвай  адной з іх — «Праклятая любоў». Як бы па аналогіі з «Кругамі» Яна Скрыгана, у якога што ні «круг» — апавяданне. 

Героі Алеся Жука  прывабліваюць тым, што гэта, як і ў Івана Аляксеевіча, жывыя людзі, такія, якія жывуць поруч з намі і гэтак сама, як і мы. Не толькі на працу ходзяць, але і любяць, ненавідзяць. Шмат у чым памыляюцца, аднак на памылках не заўсёды вучацца. Нярэдка наступаюць на адны і тыя ж граблі. Ды і каб жа толькі аднойчы! А яшчэ ім хочацца звычайнага чалавечага шчасця, а яно не кожнаму даецца, а да некаторых прыходзіць запознена.

Так сталася і з галоўным героем аповесці «Праклятая любоў» Янам Куляшом. У больш чым сталым узросце прыйшоў да высновы, да якой іншыя прыходзяць куды раней, таму ў іх жыцці і памылак меней: «Аказваецца, шчасце не заробіш. Шчасце быццам ад Бога: альбо ўдаецца, альбо не. Гэта як каму пашанцуе». Пакахаў Кулеш значна маладзейшую за сябе жанчыну... Запозненае каханне прынесла не толькі радасць, але і душэўныя пакуты, духоўна ачысціла, зрабіла лепшым, хоць і да гэтага жыў сумленна і годна. Ды цяпер яго жыццё набыло іншы, больш важкі сэнс.

Няпростыя жыццёвыя скрыжалі ў герояў такіх твораў, як «Чыгун», «Халодная птушка», аповесць «Паляванне на Апошняга Жураўля», якую Алесь Аляксандравіч лічыць найбольш дарагой для сябе. Задума яе нарадзілася «з трагічнага вобраза Івана Паўлавіча Мележа»: «Для мяне ў ёй жыве не толькі яго любімая песня, там і ён, крыху сумны, як адлётная асенняя птаха з перабітым, балючым крылом. Пісалася аповесць як спроба запозненага ўслед яму нізкага паклону». 

Галоўныя героі — старая Анэта («Халодная птушка») і Сцяпан Дзямідчык («Паляванне на Апошняга Жураўля») — па-сапраўднаму народныя характары. Яны — з тых персанажаў, якіх не прыдумаеш, бо ўзяты з самога жыцця. Зразумела, не скапіраваныя з яго. Алесь Жук, па-філасофску глыбока асэнсоўваючы рэчаіснасць, паказвае, як сам час праломваецца ў чалавеку, а ўжо ад яго, чалавека, залежыць, як жыць і дзеля чаго. Толькі натуры моцныя — неабавязкова фізічна, — здатны не проста выстаяць на буранных жыццёвых паўстанках, але і іншым даць прыклад. А жыць, па Алесю Жуку, трэба так, каб заўсёды і ўсюды заставацца чалавекам.

Ён паспяхова працягвае мастакоўскія традыцыі не толькі Кузьмы Чорнага, але і Янкі Брыля, Івана Мележа, Міхася Стральцова і іншых знакамітых празаікаў, якія прытрымліваліся традыцыйнай манеры пісьма, застаючыся пры гэтым глыбокімі рэалістамі і псіхолагамі. Ім ніколі не перашкаджаў сацыялістычны рэалізм, бо яны пра яго проста не думалі, а пісалі так, як маглі і як хацелі, а яшчэ, што самае галоўнае, як таго вымагаў і дазваляў іх талент.

З апошніх па часе напісання Алесем Жуком твораў мяне асабліва ўразілі яго  «Сны пра маці». Чытаў гэтую аповесць-споведзь, сынаву споведзь ці лірычны маналог у прозе — справа не ў жанравым вызначэнні, — і за воблікам самага дарагога аўтару чалавека паўставалі і іншыя беларускія жанчыны, якія, як і Яўгенія Іванаўна, нягледзячы на жыццёвыя нягоды і выпрабаванні, не растрацілі сваёй чалавечнасці. Заўсёды заставалася апорай у сям’і, хоць перажытае ў вайну не магло забыцца.

З аўтабіяграфіі даведваемся, што «першая бацькава сям’я — жонка і дачка — была расстраляна фашыстамі за бацькаву сувязь з падполлем. Яму выпала прайсці засценкі СД, цудам уратавацца і ваяваць у партызанах. Першы муж маці загінуў на фронце, дачка памерла ў партызанскіх балотах ад тыфу ў час блакады». Паколькі ў яго і свой рахунак з вайной, тэма барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў творчасці займае такое значнае месца.

А чытаючы «Сны пра маці», мяркую, што не толькі я, але і іншыя прыгадваюць вершы Рыгора Барадуліна пра сваю маці Куліну Андрэеўну. Упэўнены: сабраць бы разам сказанае гэтымі выдатнымі творцамі пра матуль пад адной вокладкай — найцікавейшая б кніга атрымалася.

Добра зарэкамендаваў сябе Алесь Жук і ў дэтэктыўным жанры, аб чым засведчылі аповесці «Чорны павой» і «Асабліва небяспечнае». Не абышоўся і без засваення сумежных жанраў. Разам з Аляксеем Дударавым напісаў п’есу «Апошні журавель», па якой тэатр імя Янкі Купалы паставіў спектакль. Ёсць і тэлефільм «Паляванне на Апошняга Жураўля». На мастакоўскім рахунку Алеся Аляксандравіча — і мастацкі фільм «Палігон», у аснову якога пакладзена яго аповесць «Зоркі над палігонам», што з’явілася пасля службы ў войску лейтэнантам.

Плённа працуе і ў галіне перакладу, пераўвасобіўшы па-беларуску творы Гаўрыіла Траяпольскага, Юрыя Казакова, Міхайлы Кацюбінскага, Юрыя Трыфанава і іншых пісьменнікаў. Пераклаў «Сабачае сэрца», «Майстар і Маргарыта» Міхаіла Булгакава. Як вядома, ёсць нямала сведчанняў таго, якія нечаканыя і дзіўныя гісторыі адбываліся з тымі, хто меў дачыненне да апошняга з гэтых твораў. Можна ўсё гэта ўспрымаць выпадковым супадзеннем. Аднак пасля «Майстра і Маргарыты» Алесю Аляксандравічу не пішацца. На «Снах пра маці» як бы апошнюю кропку паставіў. Я, чалавек прымхлівы, пачуўшы ад яго пра гэта, канчаткова вырашыў для сябе: пражыву і без  «Майстра і Маргарыты».

Да месца сказаць і пра тое, што Алесь Жук з 1980 да 1986 года быў галоўным рэдактарам «ЛіМа». Займаў і іншыя адказныя пасады: намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», галоўны рэдактар «Нёмана», галоўны рэдактар часопіса «Беларусь». Галоўнае ж — быў і ёсць адзін з самых выдатных беларускіх пісьменнікаў.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Фота Канстанціна ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.