Вы тут

«Пацалункі» сонейка могуць быць небяспечнымі


Сёлета вясна спазнілася з цяплом і сонечнымі дзянькамі, бадай, на месяц. Таму пра ўзаемаадносіны скуры з сонейкам прыйшоў час задумацца толькі цяпер. Кожны раз з надыходам першага цяпла жанчыны пераглядаюць і папаўняюць свой гардэроб, але часам забываюцца на тое, што скуры таксама патрэбна новае «адзенне».


У барацьбе за маладосць

Калі з агульначалавечага пункту гледжання сонейка — гэта пазітыў і натхненне, то з медыцынскага (дакладней, з пазіцыі касметолагаў і дэрматолагаў) гэта ў першую чаргу ўльтрафіялет, адна з галоўных крыніц маршчын і пігментацыі. Фотастарэнне — гэта сухасць і лушчэнне скуры, зніжэнне ўтрымання калагену, скарачэнне эластычнасці і маршчыны ды пігментацыя. Каб знізіць шкодны ўплыў сонечных прамянёў, дастаткова ў сезон кожны дзень выкарыстоўваць сонцаахоўныя сродкі — часцей за ўсё гэта крэмы, а таксама іншую касметыку з УФ-фільтрамі. І пачынаць варта ўжо цяпер. Пры гэтым важна выбраць правільны сонцаахоўны крэм. На што звярнуць увагу?

— УФ-фільтры ў складзе касметычнага сродку могуць быць фізічныя і/або хімічныя, — распавядае касметолаг Ганна Івацэвіч. — Фізічныя — гэта, напрыклад, дыяксід тытану, аксід цынку. Хімічных фільтраў існуе некалькі дзясяткаў. Я раіла б выбіраць камбінаваныя склады — сродкі, якія змяшчаюць і фізічныя УФ-фільтры, і хімічныя. Фізічныя фільтры стабільныя, не ўступаюць у рэакцыю з рэчывамі навакольнага асяроддзя і надзейна абараняюць скуру ад разбуральнага ўздзеяння ўльтрафіялетавага выпраменьвання, але маюць істотны мінус: надаюць скуры ледзь заўважнае шараватае адценне. Некаторыя сучасныя сродкі ствараюцца па тэхналогіі, што дазваляе «хаваць» гранулы дыяксіду тытану ў сілікон, і непажаданы адбельвальны эфект знікае. Але гэта дарагая тэхналогія, што, зразумела, адбіваецца на кошце прадукту.

Як правіла, на цюбіку сонцаахоўнага сродку змяшчаюцца абрэвіятуры UVA і/або UVB. UVA і UVB-выпраменьванні валодаюць розным пашкоджвальным уздзеяннем на скуру. Многія сонцаахоўныя сродкі абараняюць скуру толькі ад UVB-прамянёў. Але менавіта UVA-выпраменьванне ў асноўным выклікае пігментацыю скуры з надыходам вясны — тыя самыя вяснушкі на маладой скуры і пігментныя плямы — на сталай. Калі скура схільная да пігментацыі, выбіраем сродак, на ўпакоўцы якога ёсць інфармацыя аб абароне ад UVA-прамянёў (шукаем на цюбіку маркіроўку UVA/UVB).

І, нарэшце, даходзім да лічбаў SPF-абароны. Sun Protector Factor (SPF) паказвае на тое, колькі часу, нанёсшы сродак на скуру, можна знаходзіцца на сонцы, не асцерагаючыся сонечных апёкаў. У сярэднім без сонцаахоўнага сродку да пачырванення скуры можна знаходзіцца на яркім сонцы 25 хвілін. SPF 20 дазваляе павялічыць гэты тэрмін у 20 разоў (20 памножыць на 25 хвілін). Гэтак жа разлічваецца час знаходжання на сонцы для іншых значэнняў SPF.

Выбар узроўню абароны ад сонечнага выпраменьвання залежыць ад фотатыпу скуры (а таксама ад знаходжання ў памяшканні/на паветры і ладу жыцця). Фотатып у касметалогіі вызначаюць так: вельмі белая скура (як у прынцэс) належыць да першага фотатыпу. Скурнае покрыва выхадцаў з афрыканскага кантынента — да шостага. У Беларусі большасць насельніцтва адносіцца да другога фотатыпу (блакітнавокія і светлавалосыя людзі, якія не надта добра загараюць) або трэцяга (больш смуглявая скура, русы колер валасоў). Чым вышэйшы фотатып, тым лепш загарае скура. Але нават калі схільнасці да пігментацыі няма, з надыходам вясны лепш карыстацца сонцаахоўным сродкам з SPF 20 і вышэй. Бліжэй да чэрвеня касметолагі раяць пры схільнай да пігментацыі скуры перайсці на сродкі з высокім фактарам SPF-абароны — не менш за 30.

Калі казаць пра паслядоўнасць нанясення касметычных сродкаў вясной і летам, прадукт з УФ-фільтрамі павінен быць апошнім, што наносіцца на твар.

Самы вясновы вітамін

Бледная і цьмяная скура — яшчэ адна вясновая праблема, што сур'ёзна псуе знешні выгляд і настрой жанчынам нашай кліматычнай зоны. Індустрыя прыгажосці прапануе рашэнне і гэтага пытання — крэм з вітамінам С. Сярод яго «суперздольнасцяў» — магчымасць увільгатняць скуру і асвятляць пігментныя плямы, разгладжваць маршчыны, змагацца з фотастарэннем і, што асабліва актуальна вясной, надаваць скуры здаровае ззянне. А яшчэ «чароўны вітамін» актывізуе сінтэз калагену і захоўвае ў клетках скуры вільгаць. Праблема ў тым, што самастойна наш арганізм выпрацоўваць дадзены вітамін не ўмее — ён проста чакае яго паступлення звонку. Дыетолагі раяць вясной больш актыўна дадаваць у рацыён багатыя вітамінам С прадукты, а касметолагі — у пераходны перыяд ад холаду да цяпла ўключыць у асабістую праграму догляду скуры адпаведны крэм. Але і тут ёсць нюансы, аб якіх лепш даведацца перад тым, як адпраўляцца ў аддзел касметыкі.

Выбіраючы крэм з вітамінам С, асабліва важна азнаёміцца з яго складам: недастаткова прачытаць прыгожы надпіс на этыкетцы, зроблены з маркетынгавай мэтай. У складзе трэба шукаць словы «вітамін С» альбо «аскарбінавая кіслата», а часам патрэбны кампанент можа быць «зашыфраваны» і больш складанымі тэрмінамі — etrahexyldecyl-ascorbate, magnesіum-ascorbyl-phosphate, sodіum-ascorbyl-phosphate, tetrahexyldecyl-ascorbate, ascorbyl-palmіtate, L-ascorbіc-acіd. Колькасць дадзенага інгрэдыенту ў касметычным прадукце — ад 0,3 % і вышэй (аж да 10 %). Але варта памятаць, што вітамін С здольны выклікаць алергію. Таму пачынаць варта з нізкай яго канцэнтрацыі ў крэме, асабліва калі ў вас адчувальная скура (у гэтым выпадку лепш правесці тэст — нанесці крэм на далікатную скуру ўнутранага боку локця і суткі пачакаць. Калі з'явіліся сверб і высыпанні, крэм вам не падыходзіць). Зрэшты, алергія можа праявіць сябе і па меры карыстання крэмам, праз 3-4 тыдні. У гэтым выпадку выкарыстанне крэму лепш спыніць.

Выбіраючы крэм з вітамінам С, варта памятаць, што гэты элемент вельмі няўстойлівы: ён разбураецца пад уздзеяннем святла і паветра. Таму «правільны» крэм з «аскарбінкай» павінен быць у непразрыстай (лепш за ўсё цёмнага колеру) упакоўцы, якая да таго ж герметычна закрытая (напрыклад, мае дазатар).

Таннейшы або даражэйшы?

А можа, выбраць таннейшы крэм? Пытанне, якое задае сабе час ад часу, напэўна, кожная жанчына (і апошнім часам — усё часцей і часцей).

— У дарагіх крэмах патрэбныя рэчывы (няхай гэта будзе вітамін С або, напрыклад, пептыды), як правіла, знаходзяцца ў рабочай канцэнтрацыі, — тлумачыць Ганна. — Такім чынам, пакупніца часцей за ўсё атрымае чаканы эфект. Каб касметычны сродак даў заяўлены вынік, рэчывы павінны быць у складзе крэму ў пэўнай колькасці — інакш яны працаваць не будуць. У танныя сродкі нядобрасумленныя вытворцы часам дадаюць тыя ці іншыя рэчывы ў колькасці, меншай, чым неабходная рабочая канцэнтрацыя, і выкарыстанне такіх сродкаў страчвае сэнс. Але, калі казаць аб даступнай цэнавай катэгорыі, беларускія вытворцы касметыкі, як правіла, сумленна адпрацоўваюць тое, што абяцаюць. У тых лініях сродкаў, складам якіх цікавілася я, рэчывы знаходзяцца ў рабочай канцэнтрацыі.

А ў цэлым спецыялісты раяць выбіраць касметычныя сродкі не па рэкламных роліках і не па надпісах на ўпакоўцы, а па складзе. І па паказаннях — як лекі. Па такую кансультацыю можна раз у некалькі гадоў звярнуцца да касметолага. Вельмі часта нашы жанчыны выбіраюць сродкі догляду скуры выпадкова, неўсвядомлена, як давядзецца. Між тым любы догляд скуры — у тым ліку нават хатнія маскі, умоўна кажучы, «з агурка» — важна старанна падабраць зыходзячы з праблем і патрабаванняў менавіта вашай скуры. Узброіўшыся ведамі і зразумеўшы, якую праблему скуры трэба вырашыць, пакупніца зможа падабраць патрэбныя сродкі ў межах практычна любога разумнага бюджэту.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».