Вы тут

Кінавыхадныя на любы густ. Што чакае гледачоў «Беларусь 3» у бліжэйшыя тыдні?


Надвор'е становіцца ўсё цяплейшае, і прагулка на свежым паветры падаецца больш прывабнай ідэяй, чым баўленне часу каля экрана тэлевізара. Але, бывае, усё непрадказальна мяняецца, і заўсёды знаходзяцца аматары паглядзець добры фільм. Таму працягваем распавядаць пра кінастужкі, для прагляду якіх варта знайсці час.


У суботу, 14 мая, на «Беларусь 3» аўдыторыю чакае паказ меладрамы Віталя Мельнікава «Прывітанне і бывай», знятай паўстагоддзя таму, у 1972 годзе. Тыя, хто любіць савецкае кіно, можа, і згадаюць, што гэта гісторыя аб простай сялянскай жанчыне Аляксандру. У яе нібыта ўсё добра: праца, дом, сям'я. Калі аднойчы муж з'язджае ў горад шукаць сэнс жыцця, клопат пра траіх дзяцей кладзецца на плечы Аляксандры. Аднак жанчына не адчайваецца. І ў гэты час у вёсцы з'яўляецца новы міліцыянер Бураў. Паміж ім і Сашай завязваецца раман. А пасля нечакана вяртаецца муж Міця... Няхай сюжэт, лічыце, класічны, але акцёрскі склад у карціне вельмі адметны. Тут можна ўбачыць Людмілу Зайцаву, Алега Яфрэмава, Наталлю Гундараву, Міхаіла Конанава і многіх іншых артыстаў. Дарэчы, актрысы Зайцава і Гундарава ў гэтым фільме былі дэбютанткамі і той вопыт даў старт іх далейшай кар'еры. А вось Алег Яфрэмаў тады быў ужо зоркай і кіраўніком МХАТа, але ў рэжысёра Мельнікава (якога ведалі па фільмах «Начальнік Чукоткі», «Мама выйшла замуж», «Сем нявест яфрэйтара Збруева») гатовы быў іграць нават у эпізодах. Здымкі праходзілі ў казацкіх станіцах Прыморскай і Сіняўцы, а гарадскія сцэны — у Новачаркаску. У вёсцы ў масоўцы былі задзейнічаны мясцовыя жыхары. Пасля рэжысёр Віталь Мельнікаў згадваў шмат цікавага з таго перыяду: «Па вечарах Алег Яфрэмаў спрачаўся з мужыкамі, абмяркоўваючы міжнароднае становішча... Словам, жыццё ў нас склалася дружнае і плённае. А падчас вяселля нават бойка наспела натуральная. Біць збіраліся Яфрэмава за добрыя словы пра «Мікітку». Мірыліся пасля вяселля таксама амаль тыдзень»... Пасля выхаду фільм здабыў вялікую любоў у гледачоў і многія пазнавалі ў галоўнай гераіні сябе, таму пісалі артыстцы Зайцавай лісты са словамі ўдзячнасці.

У пятніцу, 20 мая, убачым на сацыякультурным канале ваенную кінааповесць «У тумане» Сяргея Лазніцы, удзел у стварэнні якой прынялі адразу некалькі краін — Беларусь, Расія, Латвія, Германія, Нідэрланды. Дзеянне кінастужкі адбываецца ў 1942 годзе ў акупаванай немцамі Беларусі. Пуцявога абходчыка Сушчэню лжыва абвінавачваюць у супрацоўніцтве з акупантамі. Гэтая сітуацыя прымушае героя дзейнічаць, каб зрабіць маральны выбар у амаральных абставінах. Фільм, зняты ў 2012 годзе, з'яўляецца экранізацыяй аднайменнай аповесці Васіля Быкава. І рэжысёр імкнуўся, каб сцэнарый фільма быў максімальна блізкі да арыгінальнага твора. Кінастужка атрымала адразу пасля выхаду шэраг высокіх узнагарод, сярод якіх і «Золата Лістапада», і гран-пры Шостага кінафестывалю «Зеркало» імя А. Таркоўскага, і іншыя. Нават была намінавана на Канскім фестывалі. Таму паглядзець адназначна варта.

А вось у наступную суботу, 21 мая, гледачы «Беларусь 3» змогуць паглядзець дакументальны фільм Галіны Адамовіч «Тэатр кінаакцёра», які з'явіўся сёлета. Кінастужка распавядае пра адну з вядучых і папулярных сцэн беларускай сталіцы — Тэатр-студыю кінаакцёра з моманту яго заснавання і да нашых дзён. Установа пачала працаваць у 1980 годзе, калі з акцёрскага штату кінастудыі «Беларусьфільм» была сфарміравана тэатральная трупа, якая пасля папаўнялася выпускнікамі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, выпускнікамі Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі імя С. А. Герасімава (беларускі набор), а таксама акцёрамі іншых тэатраў.

За сорак гадоў тэатр-студыя стаў адной з найбольш цікавых і наведваемых сцэнічных пляцовак краіны са сваім гледачом і рэпертуарам. Тут атрымалі творчае ўвасабленне дзясяткі твораў сусветнай і айчыннай літаратуры, а таксама п'есы рускай і беларускай драматургіі. На працягу апошніх трыццаці гадоў кіруе тэатрам народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў. І ў дакументальнай стужцы якраз праз асобу мастацкага кіраўніка вядзецца расповед пра творчы шлях тэатра-студыі, пра найлепшыя яго пастаноўкі і вядучых акцёраў, якія прадстаўляюць культурную ўстанову. Эмацыянальны цёплы фільм дае аўдыторыі магчымасць дакрануцца да чароўнай атмасферы тэатральнага жыцця.

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.