Вы тут

Фільмы з цыкла «100 імён Беларусі» пакажуць на «Беларусь 3»


Фільмы з дакументальнага цыкла «100 імён Беларусі» — гэта заўсёды магчымасць даведацца новае альбо з новага ракурсу глянуць на ўжо вядомае. І на наступным тыдні ў эфіры сацыякультурнага канала нас чакаюць два дакументальныя фільмы пра вучоных, якіх ведаў свет і якія апярэджвалі час сваімі адкрыццямі.


У чацвер, 19 мая, увазе гледачоў будзе прадстаўлена кінастужка «Якуб Наркевіч-Ёдка. Утаймавальнік бліскавіц, ці «Электрычны чалавек» (рэж. Людміла Клінцова). У 1896 годзе ў Парыжы выйшла кніга Марыуса Дэкрэспа «Наркевіч-Ёдка. Жыццё і адкрыцці», прысвечаная неверагодным эксперыментам беларускага вучонага, урача, вынаходніка Якуба Наркевіча-Ёдкі. У канцы ХІХ стагоддзя яго імя (чалавека, які быў супрацоўнікам Імператарскага інстытута эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу, Фізіка-матэматычнага таварыства Галілея ў Фларэнцыі, Французскага электратэрапеўтычнага таварыства пры Парыжскай акадэміі навук) ведала ўся Еўропа. Неверагоднай папулярнасцю карыстаўся яго ўнікальны метад электратэрапіі. У сябе на радзіме ў Мінскай губерні Наркевіч-Ёдка адкрыў санаторый, дзе яго пацыенты лячыліся атмасфернай электрычнасцю, сонечнай энергіяй і нават музыкай. Менавіта там і адбывалася зараджэнне метадаў электратэрапіі і біяэлектраграфіі, якія сёння прымяняюцца ва ўсім свеце. І сучасныя вучоныя лічаць, што Наркевіч-Ёдка на цэлае стагоддзе апярэдзіў навуку свайго часу.

Не менш цікава ў пятніцу, 20 мая, паглядзець фільм Тараса Вашчанкі «Аляксандр Чыжэўскі. Паланёны сонцам». Адны называлі яго Леанарда да Вінчы ХХ стагоддзя, іншыя ахрысцілі чалавекам, які пакланяўся сонцу. Аляксандр Чыжэўскі ў 21 год стаў доктарам гістарычных навук, а ў 24 — прафесарам. За навуковыя дасягненні яму нават прысуджалі Нобелеўскую прэмію, аднак ён быў вымушаны адмовіцца ад узнагароды. Ураджэнец Гродзенскай губерні вядомы сваімі ўнікальнымі даследаваннямі ўплыву сонечнай актыўнасці на біялагічныя і гістарычныя працэсы. Сусветнае прызнанне атрымалі яго працы ў вобласці іанізацыі паветра і ўздзеяння аэраіонаў на жывыя арганізмы. Аднак, як і многія вучоныя сталінскіх часоў, Чыжэўскі не змог пазбегнуць ссылкі ў лагер, хоць і там не спыняў сваёй дзейнасці.

Не прапусціце цікавыя аповеды пра жыццё вядомых вучоных на «Беларусь 3».

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.