Вы тут

Пяць каштоўнасцяў Каложскай царквы, якія варта ўбачыць


Ці варта казаць, што Каложская ці, як яшчэ называюць, храм — Барысаглебская — царква сама па сабе настолькі ўнікальная, што не існуе ніякіх дадатковых прычын, каб яе ўбачыць? Мы вырашылі ў чарговы раз нагадаць чытачам аб гэтым старажытным помніку дойлідства, які называюць сэрцам Гродзенскай зямлі.


Свята-Барысаглебскі-Каложскі храм знаходзіцца на высокім беразе ракі Нёман, на самым яго краі. Гэта вельмі прыгожа, асабліва, калі глядзець на Каложу з левага берага і са старога гродзенскага моста. Царква, пабудаваная ў 1180 годзе, мноства разоў руйнавалася і нават знаходзілася пад пагрозай поўнага знікнення. Заклаў святыню дойлід Пётр Мілонег, а назву храм атрымаў у гонар першых святых Рускай Праваслаўнай Царквы князёў Барыса і Глеба Усеваладавічаў. Цяпер храм лічыцца найстаражытнейшым узорам царкоўна-будаўнічага мастацтва Беларусі.

Дык якія ж дзіўныя і ўнікальныя дэталі можна адшукаць у Каложскім манастыры?

Цудатворны абраз Божай Маці

Са старажытных часоў у Барысаглебскім храме знаходзілася праваслаўная святыня — цудатворны абраз Божай Маці, якая спрадвеку з’яўлялася заступніцай Гродзенскага краю. Ён з’яўляецца копіяй Віленскай іконы Адзігітрыі. Паводле легенды, вобраз Прасвятой Багародзіцы царквы завяшчаў жабрак, які па зароку насіў цудатворную святыню на грудзях.

Распавядаюць, што на працягу стагоддзяў шмат разоў адбываліся ацаленні людзей ад хвароб дзякуючы іконе. У пачатку мінулага стагоддзя падчас эвакуацыі святыню вывезлі ў Расію і страцілі. Толькі нядаўна старажытная царква XII стагоддзя здабыла згублены стагоддзе таму спіс цудатворнага абраза Божай Маці «Каложская». Гэты вобраз — адзіны вядомы гістарычны спіс святыні. Днём шанавання іконы лічыцца 25 мая. У гэты дзень праводзіцца Боская літургія.

Сасуды-галаснікі

Аб гэтай унікальнасці Каложскага храма кожны беларус ведае яшчэ са школы. Унутры царквы непасрэдна ў скляпенні сцен замуравана мноства керамічных сасудаў-галаснікоў. Яны выходзяць вонкі горлачкамі, дзякуючы чаму ствараюць выдатную акустыку, каб царкоўныя спевы гучалі мацней і больш дасканала.
Акрамя таго, вялікія полыя збаны ў сценах (яны, дарэчы, таксама ўмураваны ў вузкую невялікую лесвіцу, якая вядзе ўнутры сцяны на другі ярус) маглі выкарыстоўвацца і для палягчэння канструкцыі.

Унікальныя фрэскі і мазаіка

У Каложскай царкве таксама захавалася частка мазаікі падлогі з рознакаляровых керамічных плітак і фрагменты фрэсак. Сцены храма маюць таўшчыню крыху больш за метр, а для муроў выкарыстоўвалася вельмі тонкая і плоская цэгла-плінфа.

У 1970-х на алтарным зборы і ў нішах былі выяўленыя фрагменты старажытных фрэсак. А ў нішы паўночнай сцяны Каложскай царквы размясцілася ўнікальная мазаіка. На яе фрагменце намаляваныя вялебныя Сергій Раданежскі, Серафім Сароўскі і Нестар Летапісец. Аўтар мазаікі Віктар Міхайлавіч Васняцоў — знакаміты рускі мастак-жывапісец і архітэктар, майстар гістарычнага і фальклорнага жывапісу.

Сярэднявечнае графіці

У адной з ніш у сцяне старажытнага храма на тынкоўцы чымсьці вострым надрапаны тэкст на стараславянскай мове, а побач — выява некалькіх фігур людзей з німбамі. Ёсць здагадкі, што малюнак і надпіс зроблены ў XIII стагоддзі. Хутчэй за ўсё, аўтар даваў зарок ці выконваў нейкае абавязацельства. На жаль, цалкам тэкст не захаваўся.

Крыжы з маёлікі

Рознакаляровая маёліка і камяні ў сценах — таксама з’яўляюцца адной з самых вядомых дэталяў Каложскага храма. Варта прадэманстраваць іх выгляд, ён тут жа будзе лёгка распазнаны. Справа ў тым, што Барысаглебская царква па архітэктуры належыць да традыцый візантыйскай храмавай школы, але пры гэтым не мае прамых аналагаў ні ў старажытнарускім, ні ў балканскім дойлідстве.

Фасады старажытнага храма ўпрыгожаны шматколернымі маёлкавымі пліткамі ў форме крыжоў. На сонцы яны пераліваюцца рознымі колерамі. У размяшчэнні такой маёлікі і камянёў назіраецца пэўная сіметрыя, але не строгая, дзякуючы чаму фасады атрымалі яшчэ большую маляўнічасць: яны як бы інкруставаны каштоўнымі камянямі.

Дарэчы

Пасля рэканструкцыі ў Каложскай царкве літаральна адкрылі акно ў мінулае. Калісьці ў храме было шмат калон, але частка з іх апынулася разбурана. Падмурак адной з іх зараз накрылі спецыяльным шклом, і скрозь археалагічнае акно ў падлозе можна яго разглядзець.

Храм працягвае жыць, нягледзячы на мноства выпрабаванняў. У бліжэйшую нядзелю, 15 мая, тут пройдуць Каложскія ўрачыстасці ў гонар 30-годдзя праваслаўя на беларускіх землях і 30-годдзю адраджэння Гродзенскай епархіі. Таксама святкаванне адбудзецца ў гонар абраза Божай Маці «Каложская» і да 950-годдзя перанясення мошчаў святых князёў-пакутнікаў Барыса і Глеба. Пачатак хроснага ходу запланаваны на 8.15, а ў 10.00 у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы пройдзе архірэйскае набажэнства, якое павінен будзе ўзначаліць Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін.

Аліса СКІБА

Фота БелТА

Культура

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт

 140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі.

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.