Вы тут

Качанава — паслу Сірыі: Нам трэба працаваць на карысць сваіх народаў


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Сірыйскай Арабскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Махамадам аль-Умрані.


Наталля Качанава і Махамад аль-Умрані абмеркавалі актуальны стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Сірыі ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай гуманітарнай, культурнай, турыстычнай і іншых сферах. Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі добры патэнцыял супрацоўніцтва і пацвердзілі зацікаўленасць у развіцці міжпарламенцкага ўзаемадзеяння.

Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу, што для нашай краіны Сірыя заўсёды была і з’яўляецца сёння надзейным партнёрам на Блізкім Усходзе. Народы абедзвюх краін добра ведаюць адзін аднаго, сябруюць. Гэта магчыма, дзякуючы ўзаемадзеянню, якое выбудавана па вышэйшай лініі ўлады. Паміж Прэзідэнтамі краін Аляксандрам Лукашэнкам і Башырам Асадам склаліся добрыя адносіны. Добрыя адносіны складваюцца паміж урадамі і ведамствамі краін, працуе міжпраўкамісія. Па словах Наталлі Качанавай, гэта вельмі важна. 

«Беларускі народ і ўлады Беларусі заўсёды падтрымлівалі сірыйскі народ у яго імкненні захаваць суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць. Нашы сустрэчы сведчаць аб падтрымцы нашых краін у няпростых умовах, якія былі і, напэўна, застаюцца ў адносінах да Сірыі. Сёння і мы адчуваем санкцыйны ціск з боку краін Захаду. Вядома, нашы краіны павінны быць разам для таго, каб паставіць заслону спробам унесці дэструктыў і ўмешвацца ва ўнутраныя справы нашых краін. Гэта недапушчальна», — сказала спікер. 

Наталля Качанава падкрэсліла важнасць міжпарламенцкага ўзаемадзення. «Мы рады, што ў нас ёсць міжпарламенцкі камітэт, які працуе сёння», — адзначыла яна. Паводле яе слоў, ёсць аб’ектыўныя прычыны таму, што сустрэчы праходзяць не так інтэнсіўна — пандэмія і шэраг іншых фактараў. Старшыня Савета Рэспублікі заўважыла, што трэба супрацоўнічаць больш цесна, каб узаемадзеянне паміж парламентарыямі краін развівалася актыўней.

Яна прапанавала праводзіць сустрэчы і ў рэжыме анлайн. 

«У гэтай няпростай геапалітычнай абстаноўцы, якая складваецца зараз у свеце, роля парламентарыяў павінна быць больш сур’ёзнай. І нам трэба аб’ядноўвацца для таго, каб працаваць на карысць сваіх народаў і сваіх краін», — канстатавала Наталля Качанава. 

Паводле яе слоў, Беларусь і Сірыя ўзаемадзейнічаюць па розных напрамках. Сірыйскія дзеці традыцыйна прыязджаюць на адпачынак у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўляльны цэнтр «Зубраня», дзе сябруюць, узаемадзейнічаюць з беларускай моладдзю. Наталля Качанава назвала адносіны паміж беларускімі і сірыйскімі дзецьмі залогам будучага ўзаемадзеяння паміж краінамі. Яна нагадала, што сёння актыўна развіваюцца адносіны па лініі міністэрства адукацыі, падпісаны шэраг дагавораў. Наогул, паміж Беларусю і Сірыяй падпісана каля 30 пагадненняў аб супрацоўніцтве і ўзаемадзенні. 

«Мы вельмі спадзяёмся, што стабілізуецца сітуацыя і мы зможам больш цесна супрацоўнічаць у гандлёва-эканамічнай сферы. Бо, нават накіроўваючы гуманітарныя грузы, мы бачым, што няпростая лагістыка. Частку гуманітарнага грузу нам вярнулі ў Беларусь, і мы не змаглі накіраваць яго ў Сірыю. Таму ёсць праблемы ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, але ёсць і перспектывы для супрацоўніцтва», — заўважыла Наталля Качанава.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што Беларусь гатова да супрацоўніцтва з Сірыяй абсалютна па ўсіх напрамках. Прэзідэнт Беларусі шмат разоў гаварыў, што мы гатовы аказваць любую дапамогу сірыйскаму народу. «Я смею запэўніць, што гэта сапраўды так. Вы, мусіць, самі гэта адчулі, працуючы ў нашай краіне. Я хачу пажадаць вам удачы і поспехаў у вашай няпростай працы, таму што гэта вельмі адказная праца, але разам з тым вельмі патрэбная нашым краінам. Мы спадзяемся на цеснае і плённае супрацоўніцтва. Як ніколі нам сёння патрэбна падтрымка нашых краін на міжнароднай арэне. І тая падтрымка, якая сёння ёсць з боку Сірыі ў адносінах да Беларусі і Беларусі ў адносінах да Сірыі заслугоўвае ўсякай павагі. Дзякуй вам вялікі», — сказала Наталля Качанава. 

Дыпламатычныя адносіны Беларусі і Расіі ўстаноўлены 26 жніўня 1993 года. У лістападзе 1998 году ў Дамаску адкрылася пасольства Беларусі. З ліпеня 2007 года працуе пасольства Сірыі ў Мінску. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.