Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Працяг. (Пачатак можна прачытаць тут).

Аднойчы позна ўвечары мне дахаты звоніць Міхаіл Аляксандравіч і з трывогай у голасе гаворыць:

* Заўтра выдаём зарплату. Касір атрымала ў банку вялікую суму грошай, позна іх прывезла і не паспела падрыхтавацца да іх выдачы. Памяшканне касы забіта грашыма, і раптам ва ўсім вучэбным корпусе адключылася электрычнасць. Ты бліжэй да інстытута жывеш, ідзі і разбірайся там з сітуацыяй на месцы. Мне пра ўсё дакладвай!

Было ўжо цёмна. Мяне на ганку інстытута сустрэў маёр пазаведамаснай аховы. Узброены нарад міліцыі прыбыў не марудзячы пасля сігнала пра адключэнне святла. Маёр уключыў магутны ліхтар, і мы з ім пайшлі да памяшкання касы. Я загадаў неадкладна знайсці дзяжурнага электрыка. Каля касы ўжо стаяла ўзброеная ахова. А ў гэты час па доўгіх калідорах у цемры ішлі да выхаду людзі. Я папрасіў маёра не выключаць ліхтар, паколькі здагадаўся, што выходзяць выкладчыкі, якія затрымаліся ў інстытуце ў сувязі з набліжэннем 8 сакавіка. Здзіўленне ад камбінацый кампаній, што выходзілі, на некаторы час мяне адцягнула нават ад надзвычайнага здарэння з грашыма. Бо ўсіх жа выкладчыкаў я ведаў асабіста. І нават не мог падумаць пра заўважаных у святле ліхтара паміж добра знаёмымі мне мужчынамі і жанчынамі. Таямніцы, якія мне адкрыліся, захоўваю да гэтай пары!

Прычыну аварыі электрасетак мы ўстанавілі хутка. Згарэў знешні трансфарматар. Ноччу адрамантаваць яго мы ніяк не змаглі, таму дамовіліся з маёрам пакінуць ля касы да раніцы ўзброеную ахову. Неабходныя меры былі прынятыя, і пра іх можна было дакладваць рэктару. Але нешта прыцягвала мяне ў асобе дзяжурнага электрыка. З раніцы я папытаўся ў начальніка аддзела кадраў, ці ёсць у гэтага работніка судзімасць. Вопытны кадравік В. П. Барысенка здзівіўся майму пытанню, але праз пяць мінут з прыкметным хваляваннем далажыў, што гэты электрык быў асуджаны раней за кражу. Следства не выявіла яго дачыненне да аварыі на падстанцыі, але нешта ж мяне насцярожыла...

Міхаіл Аляксандравіч надзвычай паважліва адносіўся да творчых людзей. Пры яго кіраўніцтве інстытутам набіралі прафесійную сілу нашы музыканты, харэографы, мастакі. Ён любіў наведваць канцэрты, творчыя справаздачы. Думаю, што гэтаму спрыяла і яго жонка Вера Ільінічна. Яна мела тэатральную адукацыю і ў грамадзе была прыкметная — яркая, адкрытая, дасціпная. Мы часам збіраліся пасядзець сяброўскай кампаніяй, і Вера Ільінічна была заўсёды ў цэнтры ўвагі. Ад яе мы пачулі і ўвабралі ў свой лексікон слова «косенькая». Ім яна заўсёды характарызавала свой стан пасля келіха віна. Не ведаю, як дома, але службовыя справы мужа яна пры нас ніколі не каменціравала і нават не спрабавала яму даваць у гэтым накірунку нейкія парады. Яна была годнай жонкай рэктара.

У навуковай сферы Аўласевіч займаўся праблемамі білінгвізма, даследуючы лексікаграфію, сацыяльную лінгвістыку сучасных рускай і беларускай моў. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Магілёўскага педінстытута ён вучыўся ў аспірантуры Інстытута мовазнаўся імя Я. Коласа АН БССР, абараніў кандыдацкую дысертацыю, напісаў некалькі вучэбных дапаможнікаў, рэгулярна друкаваўся ў навуковых часопісах, атрымаў вучонае званне прафесара, але доктарскую дысертацыю не абараняў. Ён вельмі рана, па мерках ВНУ, стаў прарэктарам па вучэбнай рабоце — у 33 гады. Часта любіў паўтараць, што быў самым маладым прарэктарам у БССР. І працаваў на гэтай пасадзе 24 гады. Безумоўна, адміністрацыйная праца прыкметна адцягвала ад навуковых даследванняў, можа быць, былі і іншыя прычыны, але мы ў інстытуце ніколі не чулі, што Аўласевіч працуе над доктарскай дысертацыяй. Ён не вылучаўся і ў патрабаваннях да дацэнтаў у напісанні імі доктарскіх дысертацый. Але, на мой погляд, сам хацеў абараніцца, хаця знешне гэтага ніколі не паказваў. Аднойчы я атрымаў на тое доказ.

У 1995 годзе я завяршыў працу над доктарскай дысертацыяй. Міхаіл Аляксандравіч ніколі не пытаўся, як ідуць мае справы, наколькі я гатовы да абароны, ці патрэбна мне якая-небудзь дапамога. Больш за тое, як першы прарэктар я адказваў за комплекснае развіццё інстытута, за якасць вучэбнага працэса, за планаванне і арганізацыю работы Савета інстытута, навукова-метадычнага савета, рэктарата, за міжнародныя сувязі, за кадравыя пытанні і яшчэ шмат за што. Вось па гэтых пытаннях Аўласевіч у мяне пытаўся рэгулярна. Мы рыхтавалі інстытут да пераходу ў статус універсітэта, і ў гэтых умовах прасіць рэктара аб сыходзе ў дактарантуру, ці хаця б у творчы адпачынак, мне было не з рукі. Аднак для завяршэння дысертацыі, дакладней для яе афармлення, напрыканцы 1995 года мне патрэбна было адхіліцца ад асноўнай працы, і я папрасіў рэктара адпусціць мяне ў чарговы адпачынак на два асеннія месяцы — кастрычнік і лістапад. Увесь гэты год я працаваў, у тым ліку і ў летнія месяцы, калі ўсе мае калегі, уключна рэктара, адпачывалі. Міхаіл Аляксандравіч нічога не меў супраць. Гэтых двух месяцаў мне хапіла, каб аформіць вынікі сваіх даследванняў у форме дысертацыі, якую я абараніў 24 снежня 1996 года. І пасля абароны на наступны ж дзень пайшоў далажыць пра гэта рэктару, мяркуючы, што яму будзе цікава паслухаць, як яна праходзіла. Але Аўласевіч, фармальна мяне павіншаваўшы, са слязьмі на вачах стаў гаварыць, што вось ён не перашкаджаў мне працаваць над доктарскай, усямерна мяне падтрымліваў, а рэктар Кудрашоў, наадварот, усё рабіў, каб перашкаджаць яму ў падрыхтоўцы такой дысертацыі. У гэты момант я яшчэ раз выразна ўсвядоміў, што рэктарам павінен быць толькі доктар навук.
У дзевяностыя гады актыўна ішлі працэсы беларусізацыі. Статус дзяржаўных моў, мова выкладання і мова вучэбных дапаможнікаў, мова дзелавога і паўсядзённага кантактавання — гэтыя праблемы былі палітызаваны і хвалявалі ўсіх без выключэння, ад вучня пачатковай школы да Прэзідэнта. Мы ўсе разумелі, што сілавымі метадамі цалкам і адразу перайсці на беларускую мову ў рабоце і стасунках немагчыма, і Міхаіл Аляксандравіч стаў пра гэта адкрыта гаварыць, друкаваць свае думкі ў масавых выданнях, здолеў данесці свае перакананні ў гэтым пытанні і да Прэзідэнта. Мяркую, што гэта дадало яму вядомасці і аўтарытэта ў краіне. Аднак ніколі, на крайні выпадак, у маёй прысутнасці, Аўласевіч не гаварыў пра свае жаданні далейшага кар’ернага росту. Але ён адбыўся!

У сярэдзіне жніўня 2000 года раніцай іду на працу. Мы завяршылі ўступную кампанію, Міхаіл Аляксандравіч па традыцыі паехаў у Сочы, у санаторый, адпачываць, а я, выконваючы абавязкі рэктара, рыхтую ўніверсітэт да новага вучэбнага года. Вучэбны корпус у гэты час яшчэ пустуе, я вітаюся з вахцёршай, яна дакладвае мне, што за ноч нічога не здарылася, і раптам у мяне пытаецца:

* Аляксандр Міхайлавіч, цяпер вы будзеце нашым рэктарам?

Я ад нечаканасці нават застыў на месцы. Адказваю:

* У нас добры рэктар, ён нікуды не збіраецца сыходзіць. Спыніце гэтыя размовы!

Але пажылая жанчына не супакойваецца:

* Н-е-е, Аляксандр Міхайлавіч! Аўласевіч сыходзіць працаваць у Мінск на вельмі высокую пасаду. Яму ўжо і кабінет там падрыхтавалі.

Я ўсміхнуўся і не стаў далей працягваць размову. А гэта была не проста жанчына-вахцёр, а цешча першага намесніка Магілёўскага ўпраўлення КДБ, выпускніка нашага гістфака і майго студэнцкага сябра Уладзіміра Марозава! Але я ж гэтага не ведаў. Міхаіл Аляксандравіч вярнуўся на працу, мы з ім пачалі новы вучэбны год і цалкам пагрузіліся ва ўніверсітэцкую будзённасць. Парадаваліся яго выбранню ў 2000-м годзе членам Савета Рэспублікі і нават пасля гэтага не насцярожыліся — гэта не вызваляла яго ад пасады рэктара. Але зусім нечакана, нават для самога Аўласевіча, выбіраюць яго намеснікам старшыні Савета Рэспублікі. Ён пераходзіць на новую працу і пераязджае ў Мінск. Пасада рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова застаецца вакантнай.

Тэорыя і практыка маёй рэктарскай працы

У час май працы першым прарэктарам пасаду рэктара мне ўжо прапаноўвалі. Але не майго ўніверсітэта, а Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута. Дакладней, спачатку губернатар Магілёўскай вобласці Аляксандр Мікалаевіч Кулічкоў запрасіў мяне на пасаду яго намесніка па сацыяльных пытаннях. Запрашаў двойчы. Першы раз я адмовіўся ад гэтай працы, спаслаўшыся на тое, што менавіта ў гэты час ў спецыялізаваным савеце разглядалася мая доктарская дысертацыя. Я стараўся пераканаць Аляксандра Мікалаевіча, што ў такім выпадку калегі вывучаюць не толькі мае навуковыя рэзульаты, але і мяне асабіста. Бо калі яны прапускаюць мяне ў дактары навук, то першапачаткова мяркуюць, што мяне трэба задзейнічаць у экспертных саветах, спецыялізаваных навуковых камітэтах, у выпрацоўцы стратэгіі развіцця даследванняў і забеспячэння іх фінансіраваннем, у якасці апанента і ў многіх іншых важных справах. А для гэтага трэба разумець, наколькі я прыстойны і адказны чалавек, якія праекты і даручэнні мне можна даверыць. Мяне яшчэ да абароны дысертацыі «уманціравалі» у гэта навуковае асяроддзе, ужо разлічваюць на мяне — і раптам я падаўся ў чыноўнікі. У такім выпадку на абароне могуць накідаць і «чорных» шароў. Галасаванне ж таемнае! Аляксандр Мікалаевіч з маімі довадамі пагадзіўся. Але пасля паклікаў да сябе пасля абароны. А я ўжо развіваў сваю навуковую школу, абзавёўся аспірантамі, мяне сапраўды ўключылі ў буйныя навуковыя праекты (напрыклад, экспертам у ВАК). Ізноў адмовіўся.

У трэці раз губернатар прапанаваў мне пасаду рэктара «машынкі». Там узнікла непрымірымае супрацьстаянне паміж рэктарам і парфесарскім сходам. У падрабязнасці гэтага канфлікта я не ўнікаў. Толькі чуў ад сваіх сяброў у гэтым інстытуце, што рэктар неабдумана размеркаваў свае абавязкі сярод прарэктараў і нават не кантраляваў іх выкананне. Гэта і прывяло да разнагалоссяў у калектыве. Я ізноў стаў адмаўляцца, патлумачыўшы Аляксандру Мікалаевічу, што я не інжынер. Я не ведаю прамысловай вытворчасці, не знаёмы з дырэктарамі фабрык і заводаў, не насыціўся пахам станкоў і механізмаў. Мне адразу дадуць мянушку «педагог». Кулічкоў апаніруе, маўляў, ты ж матэматык, уся інжынерная навука пабудавана на матэматыцы. А я кажу, што вось прыйдуць да мяне з просьбай прафінансаваць даследванні па развіццю тэхналогіі кропкавай і іншай зваркі, і трэба выбіраць, куды прыярытэтна накіраваць фінасавыя сродкі. Але ж я глыбока не адчуваю, не разумею спецыфікі ні таго ні другога! Я так кіраваць не магу! У гэтай размове адчуваю сябе няёмка, у выніку адмаўляюся ад прапановы губернатара трэці раз... Аляксандр Мікалаевіч дае мне на развагі тры дні. Гэтыя трое сутак мы з Таццянай не елі, не пілі, не спалі — усё думалі і разважалі. Што цікава, ва ўніверсітэце ўсе мае сябры і калегі болей схіляліся да майго пераходу. Толькі былы рэктар Кудрашоў быў катэгарычна супраць. Ён быў у гэты час у санаторыі і па тэлефоне настойліва нават не рэкамендаваў, а патрабаваў не пагаджацца. Адкрыта і безапеляцыйна, аргументуючы гэта тым, што я патрэбен універсітэту, а пасада рэктара «машынкі» не мая. Пасля пакутлівых разваг я адмовіўся. Думаю, што адной з прычын такога рашэння было і тое, што да пасады рэктара я тады яшчэ не выспеў.

А праз два гады пасля гэтай гісторыі мой рэктар сыходзіць на новую працу.

Пасля яго сыходу загадам міністра адукацыі Васіля Іванавіча Стражава я быў прызначаны выконваючым абавязкі рэктара. Знешне для першага прарэктара гэта як быццам заканамерна, але якое ж гэта няўтульнае становішча. З аднаго боку, такое прызначэнне выглядае як пэўны аванс, і, здавалася б, трэба старацца паказаць сябе ў справе, прадэманстраваць сваю гатоўнасць да працы кіраўніком. Але, з другога боку, разгарнуцца на поўную сілу ты не можаш, разумеючы, што з боку гэта выглядае як празмернае жаданне заняць вакантную пасаду. Ну як, напрыклад, выступаць перад калектывам з праектам плана перспектыўнага развіцця ўніверсітэта? Тым болей, што адразу пайшлі размовы аб прэтэндэнтах на пасаду рэктара, прычым пра канкрэтных людзей. Напрыклад, пра першага праэктара БДУ прафесара А. І. Жука, пра дэкана геаграфічнага факультэта гэтай самай ВНУ І. І. Пірожніка. Праз некалькі гадоў яны абодва пацвердзілі мне, што гэтыя размовы былі небеспадстаўнымі.

Аляксандр РАДЗЬКОЎ 

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 21 мая.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.