Вы тут

Звыклыя пейзажы з фантастычным выглядам


Аўтар – Нэлі Зігуля, спецыяльны карэспандэнт газеты «Звязда» па Магілёўскай вобласці прадставіла больш за 30 фотаработ. Выстава пад назвай «Паміж сонцам і зямлёй» размясцілася ў сценах вядомага магілёўскага народнага фотаклуба «Вясёлка». На фота пейзажы, замалёўкі, сцэнкі з сельскага жыцця, гульня святла і цені. Звыклыя пейзажы пад сонечнымі праменямі часам набываюць непаўторны, нават фантастычны выгляд. Нездарма агульная назва выставы «Паміж сонцам і зямлёй».


Як кажа сама аўтар, асабліва яе натхняе малая радзіма — Слаўгарад. Большасць здымкаў зроблена менавіта там. Гэта чароўны луг Зарэчча, загадкавая Блакітная крыніца, бацькоўская хата — усё тое, што складае яе асабісты, унутраны сусвет. Усё пачалося з дзяцінства, расказаў пра таямнічыя слаўгарадскія мясціны глыбока вераючай і рамантычнай бабулі Вольгі. А вось спалучыць бабуліны казкі і фотападыход да іх дапамагла магілёўскі фотамайстар Ірына Савосіна, з якой аўтарка пэўны час працавала ў абласной газеце «Магілёўская праўда». Яе вопыт аказаўся вельмі карысным і для работы ў газеце «Звязда». Гэта ўменне адчуваць кампазіцыю, лавіць святло, бачыць тое, што ў звычайным жыцці застаецца па-за кадрам. 

— Выстава атрымалася вельмі прыгожая і цікавая, дастаткова рознапланавая, сюжэтная, з такім вось вялікім унутраным пачуццём, якое прысутнічае ў самой фатаграфіі, — адзначыла вядомы фотамайстар Ірына Савосіна. — Гэта вельмі важна, бо адрознівае работу ад проста карцінкі. Ёсць унутраны сэнс, які кранае гледача і падштурхоўвае яго да разважанняў. Сёння не праблема зрабіць выяву на памяць, але трэба яшчэ адчуваць святло і кампазіцыю і, ў першую чаргу, разважаць. Вельмі часта той, хто здымае, не думае, навошта ён гэта робіць. Проста націскае кнопку фотаапарата. Але галоўнае — данесці нейкую думку ў сваіх здымках. 

Народны фотаклуб, які нядаўна адзначыў 50 гадоў свайго існавання, сёння абядноўвае болей 25 аўтараў. Прычым канкрэтных, якія звязаны творчай дзейнасцю. Прыхільнікаў, лічаць тут, у два разы болей. У прысвечаны юбілею каталог, напрыклад, увайшлі работы болей чым 50 аўтараў. У клуба шмат традыцый, і яны захоўваюцца. Мэтры фотасправы акрамя творчасці займаюцца яшчэ і падрыхтоўкай цікавых на іх погляд аўтараў. Летась яны запусцілі праект, які дазваляе пачаткоўцам праявіць сябе і больш свядома паглыбіцца ў фотамастацтва.

— Гэта вялікая школа для людзей, якія робяць фота дзеля фота, — адзначае кіраўнік народнага клуба Анатоль Талкачоў. — Тут яны параўноўваюць свае работы з іншымі, вучацца бачыць больш і шырэй. Нэлі Зігуля стала восьмым нашым удзельнікам. І да канца года чарга на выставы ўжо цалкам распісана, ёсць заяўкі нават на наступны год. 

Паглядзець работы Нэлі Зігулі будзе магчымасць да канца мая.

Вольга МЕРКУЛАВА

Фота Ірыны САВОСІНАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».