Вы тут

Галоўны балетмайстр Вялікага тэатра Беларусі Ігар Колб: Разглядаю свой шлях як яднанне


Дзверы ў кабінет галоўнага балетмайстра Вялікага тэатра Беларусі адчыненыя, а ён сам у руху — мабільны, спартыўны, імклівы і адначасова сканцэнтраваны на вырашэнні самых розных пытанняў. Хоць яшчэ нядаўна мы былі рады бачыць Ігара Колба на сцэне. Навіна пра тое, што заслужаны артыст РФ, прэм’ер Марыінскага тэатра вырашыў завяршыць танцавальную кар’еру і ўзначаліць беларускі балет, узрушыла і трупу, і публіку. Таму што прыйшоў чалавек, якога ў тэатры даўно і добра ведаюць — з тых самых часоў, калі ён танцаваў на гэтай сцэне. А цяпер з яго імем звязваюцца надзеі на развіццё — і ён разумее ступень адказнасці.


— Калі вы прымалі прапанову, то, напэўна, узважвалі свае сілы: што я магу цяпер ужо ў новай якасці — кіраўніка трупы і чалавека, які павінен быць прыкладам творчага руху?

— Я сапраўды вельмі доўга ўзважваў свае магчымасці і задаваў сабе пытанне: ці здолею? Што я магу даць у творчым плане, залежна ад досведу, які маю? А ён немалы: 25 гадоў служэння ў Марыінскім тэатры былі надзвычай насычаныя. Таму для мяне не было вялікай цікавасці ў тым, каб вярнуцца ў Мінск і проста заняць пэўную пасаду ў тэатры. Першы тыдзень я знаёміўся з трупай, якая дасталася мне ў спадчыну. Нехта сам прыходзіў, кагосьці я выклікаў, зандзіруючы глебу для далейшага шляху і прыцягнення за сабой. Гэта для мяне прынцыпова важна. Бо можна колькі заўгодна акамуляваць ідэі, але не мець магчымасці іх рэалізаваць. Адзін чалавек мала што можа зрушыць, таму мне патрэбна дакладнае разуменне каманднай працы. У асобах генеральнага дырэктара і мастацкага кіраўніка тэатра яно ёсць, але важна, каб разумеў калектыў, у які я прыйшоў. Таму трэба разабрацца ў пытаннях, якія тычацца яго жыцця, узаемаадносінаў, праблем ці радасцяў. Я ўжо зрабіў шэраг высноў для сябе. Першы момант, які я адзначыў, — неканкурэнтаздольнасць артыстаў адзін з адным, узровень трупы няроўны. Гэта праблема, якую трэба вырашаць перш за ўсё. А далей ужо думаць: ці канкурэнтаздольныя мы для таго, каб сябе паказваць іншым? На маю думку, не бывае безвыходных сітуацый, ёсць шэраг задач, пастаўленых перад пэўнымі людзьмі, — і ўсё будзе вырашана.

Другі момант: што новага з’явіцца ў тэатры. Таксама ў спадчыну я атрымаў ідэю вяртання спектакля «Жызэль», які выйдзе прэм’ерай ужо ў наступным сезоне. Рэалізаваць пастаноўку прапанавалі мне. Я не адмовіўся, таму што ў гэтым спектаклі танцаваў партыі Альберта і Ганса, шмат што з розных рэдакцый балета ўзяў для выступленняў у Марыінскім тэатры. Таму ў аснове будзе версія Марыінскага тэатра з некаторымі зменамі. Як толькі я даведаўся, што буду працаваць над гэтым спектаклем, тут жа пайшоў у тэатральную бібліятэку шукаць матэрыялы, каб разумець, што было страчана, але на сёння можа быць актуальным, — каб стварыць сваю версію.

Так склалася, што я атрымаў прафесійную адукацыю ў Беларусі, і гэтую базу развіваў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Для мяне прынцыпова важна ўсё, што назапашана, вярнуць цяпер сюды. Іншая справа, што нельга не задумвацца пра акупляльнасць рэпертуарнай палітыкі, таму што мы ўсё ж знаходзімся ў акадэмічным тэатры, які мае пэўныя рамкі і абавязкі перад публікай. Яе трэба прыцягваць у тэатр, але пры гэтым улічваць, наколькі ёй цікавыя нашы прапановы. Рэгулярна ўзнікаюць пытанні пра сучасную харэаграфію. Пласт, які прыўнёс Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў, яго спектаклі — візітоўка тэатра, і будзе складана знайсці харэографаў, якія маглі б працаваць у гэтым кірунку настолькі ж маштабна. Сцэна тэатра дастаткова складаная: гэта вялікая прастора. У гэтым таксама ўнікальнасць Вялікага тэатра Беларусі. Таму для таго, каб прыцягваць да супрацоўніцтва харэографаў, трэба дакладна разумець, што тут можна ажыццявіць. Але я спадзяюся на прыход маладых таленавітых балетмайстраў, якіх цікавіць магчымасць выказацца, і тут ёсць варыянты, неабавязкова звязаныя з вялікай сцэнай. Хацеў бы, каб артысты Вялікага тэатра маглі паспрабаваць сябе ў рабоце з рознай харэаграфіяй.

— Ці гатовыя артысты, якія маюць класічную падрыхтоўку, да такой работы?

— Я лічу, што павінна быць класічная база. Так, ёсць самародкі, якія прыходзяць з вуліцы, выхаваныя на майстар-класах — іх зараз вельмі шмат па ўсім свеце. Але ў Расіі сучасную харэаграфію прапануюць на розных пляцоўках, а ў некаторых акадэмічных тэатрах нават культывуюць. Новая сцэна Александрынінскага тэатра стваралася дзеля эксперыментальных работ як у класічным відзе дзейнасці, так і сучасных харэографаў. Нядаўняя прэм’ера «Адама і Евы» — прыклад таго, як цудоўна ўпісаны ў зададзеную прастору спектакль Вольгі Васільевай. У мяне адразу ўзнікла ідэя прывесці спектакль у Мінск, а літаральна праз пару дзён адмовіўся ад яе: гэта не прагучыць на нашай сцэне... Заўсёды прасцей сказаць, што ў нас гэтага няма. А можна паспрабаваць стварыць тое, што прагучыць менавіта тут, — на мой погляд, гэта асобная задача для харэографаў, якія выхоўваюцца ў Мінску.

Паглядзеў, наколькі насычаная сучаснай харэаграфіяй афіша Музычнага тэатра, таму што мы ўсё ж плануем развівацца ў гэтым кірунку, толькі не ў рэпертуарным плане, а ў праектным. На найбліжэйшую будучыню мне бачыцца арганізацыя пэўнага фестывальнага руху, які будзе даваць магчымасць выказацца тым ці іншым харэографам.

— На сучасную харэаграфію скіраваны конкурс у Віцебску — узнікае момант канкурэнцыі?

— Якая можа быць канкурэнцыя з Вялікім тэатрам? Хіба што тэматычная... Цудоўна, калі гэтая плынь будзе развівацца на некалькіх пляцоўках. Канкурэнцыя патрэбная. Ніхто не кажа, што трэба рэзаць касцюмы ці абліваць кагосьці напоямі. Мы пра такое часам чуем, хоць у маім жыцці, дзякуй богу, нічога падобнага не было — ні на мой адрас, ні з майго боку…

— Вы былі артыстам акадэмічнага тэатра, а першае, што ў вас нарадзілася, — ідэя праекта сучаснай харэаграфіі. Вам гэта блізка?

— Па-першае, я працаваў у тэатры, дзе была магчымасць паспрабаваць розную харэаграфію. Тэатры Беларусі і Расіі захавалі рэпертуарны падыход — гэта цяпер у свеце рэдкая з’ява, у асноўным выкарыстоўваецца блочная сістэма: паказваецца пэўная колькасць спектакляў адной назвы, пасля рыхтуецца новы блок. А магчымасць танцаваць некалькі спектакляў з рознымі назвамі за тыдзень, за месяц і гэтак далей ёсць не ў кожным тэатры. Бо гэта складана: манціроўка дэкарацый, святло і г. д.

Лічу, што спектаклі патрэбны розныя. Напэўна, нейкія творы не павінны быць у рэпертуары доўга, але яны ствараюць умовы росту для артыстаў, што асабліва важна — для моладзі, бо яна з адным і тым жа рэпертуарам пачынае праз нейкі час «кіснуць». Павінна быць развіццё не толькі тэатра і рэпертуарнай палітыкі, але і асоб, якія служаць у тэатры.

Чаму я пачаў з сучаснага? На працягу працы ў Марыінскім тэатры ішло маё далучэнне да работ сучасных харэографаў. Першым спектаклем была «Шатландская сімфонія» Джоржа Баланчына, аднаактовы балет з неверагодна цяжкай харэаграфіяй, якая патрабуе бездакорнай чысціні выканання. Потым пайшло рэпертуарнае напаўненне. Я шчаслівы, што мне выпала танцаваць харэаграфію Фарсайта, Макмілана, Робінса. Калі Уільям Фарсайт прыйшоў у Марыінскі тэатр, то перакуліў маю свядомасць, і я стаў інакш танцаваць класіку. З’явілася дзіўная свабода, якая разняволіла танцоўшчыка ўва мне, рассунула межы, новы досвед пайшоў на карысць. Са з’яўленнем у маім рэпертуары харэаграфіі Макмілана атрымаўся цудоўны дуэт, дзякуючы якому я падрос як парнёр для балерын. Ёсць яшчэ эмацыянальны складнік дуэтаў, пастаўленых Макміланам: яны мяне забяспечылі арсеналам для «Лебядзінага возера» ў рэдакцыі Канстанціна Сяргеева. А калі я пабачыў мініяцюру «Лебедзь» Раду Паклітару, то быў зачараваны. Дарэчы, бачыў яе ў Мінску ў выкананні Івана Васільева і напісаў Раду наконт магчымасці станцаваць «Лебедзя». У мяне ён атрымаўся зусім іншы, я навучыўся гучна смяяцца на сцэне, чаго ніяк не мог зрабіць — саромеўся. Падчас першага выхаду з гэтай мініяцюрай мяне трэсла: здавалася, што не зразумеюць. Праз нейкі час я папрасіў Раду да майго бенефісу ў Токіа стварыць спектакль, у якім мне хацелася б раскрыцца ў драматычным напаўненні — на той момант я ўжо меў жыццёвы досвед для гэтага. Так з’явіўся балет «Двое на арэлях» з Юліяй Махалінай, які мы потым танцавалі ў Марыінскім тэатры на яе бенефісе, нават гастралявалі з ім. А перад пераездам у Мінск мы з драматычнай актрысай Палінай Талстун з ВДТ у Санк-Пецярбургу абмяркоўвалі магчымасць стварыць версію гэтага спектакля, дзе я працаваў бы яшчэ і як акцёр…

Цікавыя планы былі і ёсць. Магчыма, я вярнуся да думкі развіваць асабісты шлях. З прапанаваных Вялікім тэатрам Беларусі 5 гадоў я вырашыў падпісаць кантракт пакуль на 3 гады. Бо я не з тых, хто будзе займаць пасаду, калі зразумею, што не атрымліваецца…

— Цяперашняя ваша праца — творчасць іншага кшталту, якая патрабуе ўнутранай трансфармацыі. Як вам даўся гэты пераход?

— Без трансфармацыі немагчыма. Тамму, калі мне задалі пытанне «Няўжо ты больш не будзеш танцаваць?», я задумаўся: цікава, а чаму? Не, для мяне гэта працяг. Па-першае, я не планую спыняцца з танцам, паколькі ў мяне ў Расіі застаўся шэраг праектаў. Магчыма, нехта рабіў бы трагедыю з таго, што заканчваецца тэатр, і што ж рабіць далей? У мяне ніколі не паўставала такога пытання. На працягу апошніх пяці гадоў было выкладанне ў кансерваторыі ў якасці дацэнта кафедры харэаграфіі. І так сталася, што першы выпуск у гісторыі акадэміі танца Барыса Эйфмана быў мой. Цяпер мае вучні працуюць у цудоўных тэатрах, у тым ліку Марыінскім. Былі праекты ў галіне прадзюсіравання, у іх я браў удзел і як артыст. Лічу, што ў жыцці ўсё можа спалучацца і дапаўняць адно другое. Калі я прыняў рашэнне сысці з акадэміі танца Эйфмана, у мяне не атрымалася пасядзець нават некалькі месяцаў. Таму што ў нейкі момант я падумаў, што займаюся арганізатарскай дзейнасцю, прадзюсіраваннем, але раблю гэта навобмацак. І я паступіў у вышэйшую школу кіравання ў культуры МДУ. Не ведаю, дзе той самы фінал, колькі мне адведзена быць тут ці наогул на зямлі, але я разглядаю свой шлях як яднанне. Не бачу сэнсу адмаўляцца ад чагосьці, калі гэта можа быць на карысць маёй цяперашняй працы. Тым больш што гэта працяг таго, што было зададзена ў Мінскім харэаграфічным вучылішчы, нават яшчэ ў родным Пінску.

— Ці засталася ў вас асабістая сувязь з Пінскам?

— Па-першае, звязваюць продкі, таму што ўсе адтуль. Па-другое, звязвае прозвішча, таму што лінія майго бацькі паходзіць з вёскі Калбы непадалёк ад Пінска. І, на жаль, цяпер ужо звязваюць магілы ўсіх тых, хто калісьці даў мне кірунак у жыцці. Але я наведваюся ў Пінск, мне цікава, што там адбываецца, як мяняецца горад, чым жывуць і дыхаюць людзі. Калі жыў у Расіі, я прыязджаў, напрыклад, на 40-годдзе школы танца, у якую мяне калісьці прывяла сяброўка па двары. Момант вяртання ў перыяд дзяцінства быў вельмі кранальны: успомніў, як шукаў сабе занятак, імкнуўся то ў Палац культуры «40 гадоў Кастрычніка» на эстрадны танец, то ў клуб юнатаў, цыркавую студыю ў Палацы культуры «Трыкатажнік»... Вынікам пошукаў стала харэаграфічная школа, якая цяпер мае нумар тры.

— Для тых, хто вучыцца харэаграфіі, вы — прыклад здзяйснення мар і паспяховай кар’еры, у тым ліку за межамі Беларусі. Як іх утрымаць тут, каб пазбегнуць праблемы папаўнення трупы?

— У сучасным свеце няма такой праблемы, калі ў артыста ёсць дакладнае разуменне пра графік работы ў розных месцах. Але трэба ведаць, што яму прапанаваць тут. Праблемы ад’езду наогул няма, калі вырашана пытанне: ці цікава табе працаваць?.. Калі чалавеку цікава, ён адбудзецца незалежна ад месца. Я той чалавек, у каго атрымалася, але я ж цяпер тут! Заўсёды недзе лепш, чым там, дзе ты нарадзіўся, але найперш трэба імкнуцца рэалізавацца дома.

У маім выпадку да рашэння пра ад’езд хутчэй падштурхнуў лёс. За год да выпуску, літаральна перад конкурсам у Санкт-Пецярбургу, куды накіраваў мяне выкладчык Мікалай Калядэнка, я страціў бацьку. А праз год не стала мамы. Паўстала пытанне, што трэба неяк жыць далей. На той момант для мяне ў Вялікім тэатры Беларусі былі створаны ўсе ўмовы, змены былі патрэбныя больш нават вонкавыя, каб здабыць унутраную гармонію. Не задумваўся пра прыбытак ці асаблівыя ўмовы — гэта не было першасным ніколі. Грошы прыходзілі заўсёды тады, калі яны сапраўды былі неабходныя, а не таму, што я дбаў пра заробак, — гэта не мая гісторыя. Я выкарыстоўваў кожную магчымасць рэалізацыі сябе як артыста. Мог адмовіцца ад прапаноў толькі пры немагчымасці быць у двух месцах адначасова.

— Што вам як артысту даў выхад на сцэны іншых краін свету?

— Любы абмен каштоўны, таксама як і знаёмствы з артыстамі і харэографамі. Мне пашчасціла браць удзел у вечарах знакамітага французскага харэографа Ралана Пеці ў развітальным туры па Японіі з цудоўнай балерынай Таміо Кусакары. Калі мы сустракаліся з Раланам Пеці, то я неверагодна хваляваўся, паколькі вучыў яго харэаграфію з асістэнтам. Ён быў скептычны, кпіў з мяне, рабіў выгляд, што не можа ўспомніць маё імя, называў мяне проста «хлопец». У душы ўсё калацілася, уяўляў, як ён зараз скажа «не» — і я паеду дадому. Хоць мая кандыдатура доўга ўзгаднялася, трэба было спачатку даслаць відэа, якое дэманстравала мае магчымасці. А падчас сустрэчы ён паказаў рукой: «Ну, пакажы што-небудзь...» Я без ног, без рук, без дыхання на аўтамаце ўзнавіў даволі вялікае па-дэ-дэ на тэму Ота Дыкса, дзе я быў у вобразе маньяка. Гэта далося цяжка. А Пеці сказаў: «Дзякуй, мне падабаецца. Я заўтра прывяду Зізі Жанмер». Тут я зразумеў, што наогул рызыкую атрымаць інфаркт пры сустрэчы з легендарнай балерынай. А яна прыйшла і ўхваліла. У нас быў вельмі цёплы тыдзень у Жэневе, калі я разумееў, што далучыўся да гістарычнага моманту, які можа адбыцца ў жыцці далёка не кожнага артыста. На жаль, цяпер ужо няма ні яго, ні яе, але памяць жыве, і я спадзяюся, што які-небудзь яго спектакль мы паспрабуем зрабіць у Вялікім тэатры Беларусі. Жаданне працаваць і ісці за цікавай асобай узбагачае творча, у тым ліку і стварае дастатак.

Дарэчы, за першыя дні працы на новай пасадзе ў Мінску ніводзін чалавек не паскардзіўся на фінансавы складнік. А наконт цікавасці — прыходзьце ў тэатр і працуйце. Я тут дзеля гэтага.

— Вы пазнаёміліся з трупай. Ці ёсць глеба для развіцця?

— Ёсць, а нават калі б яе не было, мы працавалі б усё адно: не бачу праблемы нешта паправіць. Ёсць адна катэгорыя артыстаў — якія цэняць свой талент. Другая катэгорыя — артысты з больш сціплымі магчымасцямі, але здольныя да прафесіі. З імі трэба актыўна працаваць, і рэпетытары ўжо атрымалі заданні. Я хацеў бы, каб мы самі выхоўвалі артыстаў. Але гэта не значыць, што склад трупы не будзе мяняцца. На сённяшні момант у мяне ляжаць рэзюмэ артыстаў, якія жадаюць працаваць у Вялікім тэатры Беларусі. Тэлефануюць, пішуць у сацыяльных сетках. Мы знялі ролік у фае тэатра — прызначаем дату, калі можна будзе прыехаць на прагляд. Я лічу, што неабходна не проста дасылаць рэзюмэ, а прыязджаць у Беларусь, глядзець горад, адчуваць людзей, каб прымаць рашэнне на гады. У нас цудоўны горад, добры клімат і шмат таго, чым мы можам прыцягваць акрамя працы ў тэатры.

— Вы з такой цеплынёй гаворыце пра Беларусь…

— Ува мне цячэ беларуская кроў. Заўсёды казаў, што нарадзіўся ў Пінску, вучыўся ў Мінску, як артыст рэалізаваўся ў Марыінскім тэатры. Дзякуючы таму, што шмат працаваў, я заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі. Гэта ўсё вяхі майго шляху. Мая жонка ўкраінка. Але ў майго сына ў графе «нацыянальнасць» запісана: «беларус», ён разумее, хто ў яго тата і мама.

— Сям’я вас падтрымлівае цяпер?

— Мне цяжка давалася рашэнне. Амаль адначасова з прапановай Вялікага тэатра Беларусі паступіла яшчэ адна вельмі цікавая. Доўга разважаў: дзе буду больш карысны. Яшчэ некаторы час таму я бачыў сябе ў Вялікім Ноўгарадзе: там у нас фестываль, які я не планую пакідаць. Там я стварыў куток, нашкталт таго, што быў у маім дзяцінсве ў Пінску. Там усё зроблена так, каб мне было добра. І пры новым вітку свайго жыцця я не мог не ўлічваць меркаванне жонкі і сына: сям’я і яе цеплыня спрыялі поспехам у маёй кар’еры. За пару тыдняў у Мінску адчуў, наколькі мне цяжка, калі сям’я не побач. Прывык да таго, што дома для мяне створаны камфортныя ўмовы. Канешне, цяпер жыццё іншае: з 8.30 да 22 гадзін я знаходжуся ў тэатры, а калі не ў тэатры, то займаюся яго справамі. Аднак пасля я некуды вяртаюся і раніцай прачынаюся... У маі я шчаслівы з-за прыезду жонкі. А сын і яго дзяўчына да мяне прыедуць летам — мы ўсе вучымся ў розных ВНУ. Пакуль мая сям’я будзе са мной наездамі, а я пакідаць Мінск збіраюся на мінімальныя тэрміны, таму што разумею аб’ём працы.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота з асабістага архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?