Вы тут

Качанава: Людзі на дзяржслужбе служаць краіне, народу, дзяржаве


На чарговым пасяджэнні восьмай сесіі Савета Рэспублікі сенатары адобрылі шэраг законапраектаў. У цэнтры ўвагі — дакументы, якія тычацца дзяржаўнай службы і міжнароднага супрацоўніцтва. 


Сенатары адобрылі законапраект аб дзяржаўнай службе. Як адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, Інстытут прафесійнай дзяржаўнай службы, створаны ў 1993 годзе, сёння дзейнічае на падставе закона 2003 года. «Выбудаваная ў нашай краіне мадэль дзяржаўнай службы дае магчымасць вырашаць асноўныя яе задачы. Разам з тым дзеючы каля 20 гадоў практычна ў нязменным выглядзе закон аб дзяржслужбе мае патрэбу ў пераглядзе як з улікам практыкі яго прымянення, так і ў сувязі з неабходнасцю вызначыць новыя перспектыўныя напрамкі развіцця Інстытута дзяржаўнай службы ў сацыяльных і эканамічных умовах, якія змяніліся» — сказала яна. Гэты законапраект падрыхтаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Яго галоўнай мэтай Ірына Касцевіч назвала павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання. 

«У дакуменце замацаваны дакладныя і вычарпальныя патрабаванні да праходжання дзяржаўнай службы, вызначаны абавязкі, правы і сацыяльна-прававыя гарантыі дзяржаўных служачых», — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў

Законапраект замацоўвае цэласную сістэму дзяржаўнай службы, якая складаецца з дзяржаўнай грамадзянскай службы, ваеннай службы, службы ў ваенізаваных арганізацыях, а таксама агульныя для ўсіх дзяржаўных служачых нормы, якія вызначаюць прынцыпы дзяржаўнай службы і паняцці. Уводзіцца рэестр дзяржаўных грамадзянскіх пасад і ўдасканальваецца сістэма класаў дзяржслужачых. Узмацняецца дысцыпліна і адказнасць грамадзянскіх служачых у мэтах збліжэння іх прававога статусу з вайскоўцамі. Мяркуецца, што гэты законапаект паспрыяе павышэнню прэстыжу дзяржаўнай службы і статусу дзяржаўнага служачага. Ён дапаможа захаваць у дзяржаўным апараце найлепшых спецыялістаў і дадаткова прыцягнуць прафесійных і ініцыятыўных спецыялістаў.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава звярнула ўвагу, што работа над гэтым законапраектам працягвалася чатыры гады. Тройчы падыходы разглядаліся на нарадзе ў Прэзідэнта. «Людзі, якія прыходзяць на дзяржаўную службу, павінны разумець, што яны служаць краіне, народу, дзяржаве. Таму гэта вельмі важны законапраект, на мой погляд, каб сёння людзі, якія маюць уладныя паўнамоцтвы, былі адданыя свайму народу і краіне. Гэта абсалютна правільны падыход» — канстатавала Наталля Качанава.

Супрацоўніцтва з Арменіяй 

Сенатары таксама адобрылі законапраект «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Арменія аб рэадмісіі». Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў падкрэсліў, што адзін з найбольш эфектыўныз і перспектыўных інструментаў у сферы процідзеяння нелегальнай міграцыі з’яўляецца выкарыстанне такой формы прымусовага вяртання мігрантаў, як рэадмісія. «Пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Рэспублікі Арменія аб рэадмісіі» падпісана ў Мінску 8 кастрычніка 2021 года. Пагадненне прадугледжвае ўзаемныя абавязацельствы Беларусі і Арменіі па запыце аднаго з бакоў прымаць уласных грамадзян, грамадзян трэціх краін і асоб без грамадзянства, якія ўехалі або знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы, якая запытвае, з парушэннем міграцыйных правілаў гэтай дзяржавы«, — расказаў міністр. 

Адказнымі за рэалізацыю законапраекта вызначаюцца Міністэрства ўнутраных спраў і Дзяржаўны памежны камітэт ад Рэспублікі Беларусь. Ад Рэспублікі Арменіі такімі органамі вызначаюцца Міграцыйная служба Міністэрства тэрытарыяльнага кіравання і інфраструктур.

Таксама сенатарамі адобраны законапраект «Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні дапаўнення ў Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Арменія аб узаемных бязвізавых паездках грамадзян Рэспублікі Беларусь і грамадзян Рэспублікі Беларусь». 

«Мяркуецца, што законапраект будзе садзейнічаць развіццю і ўмацаванню двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне палітычных, эканамічных, гаспадарчых, навуковых, гуманітарных і культурных сувязей паміж Беларуссю і Арменіяй. Прыняцце законапраекта дасць магчымасць павялічыць турыстычны паток паміж краінамі. Законапраект адпавядае інтарэсам нашых грамадзян», — заўважыў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў.

Таксама падчас пасяджэння восьмай сесіі Наталля Качанава ўручыла членам Савета Рэспублікі юбілейныя медалі «МПА СНД. 30 гадоў». Андрэй Іванец, міністр адукацыі, і Эльвіра Сарока, член Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».