Вы тут

Ала Шахоцька: Мастацтва не мае геаграфічных межаў і моўных бар’ераў


Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ала Шахоцька ў размове з карэспандэнтам «ЛіМа» разважае пра асноўныя падзеі ў рэгіёне, прымеркаваныя да Года гістарычнай памяці, музеі вобласці, якія чакаюць турыстаў, і перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва.


— Ала Канстанцінаўна, як на Міншчыне адзначаецца Год гістарычнай памяці?

— Сёлета ўжо адбыліся абласное свята ў Смалявічах у рамках рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», рэспубліканскі мітынг-рэквіем, прымеркаваны да 79-й гадавіны Хатынскай трагедыі, у Дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь», музейна-педагагічны форум «Гісторыя, якая нас аб’ядноўвае» ў Лагойскім раёне, мерапрыемствы экспазіцыйна-выставачнай і культурна-адукацыйнай дзейнасці, прысвечаныя Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, ва ўсіх рэгіёнах вобласці.

У Год гістарычнай памяці ўлічваецца патрэба згадаць важнасць повязі сучаснага жыцця са спадчынай, якую пакінулі нам продкі, са значнымі гістарычнымі асобамі, лёс якіх звязаны з Беларуссю. Так, у праграме XXI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022» — экспазіцыя «Партал часу. Міншчына: гісторыя і сучаснасць», мастацкая выстаўка «Памяць пакаленняў», праект «Песняры роднага краю»: да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, спектакль паводле п’есы Аляксея Дударава «Чорная панна Нясвіжа» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, спектакль паводле п’есы Ягора Конева «Сёстры Дастаеўскія» Мінскага абласнога драматычнага тэатра, канцэрт «Музыка беларускіх кампазітараў майстроў мастацтва — пакаленню XXI стагоддзя» і мноства іншых мерапрыемстваў. У Лагойскім раёне ў маі пройдзе абласны форум маладых паэтаў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча». Падчас правядзення ў верасні абласнога свята «Дажынкі-2022» у горадзе Стоўбцы адбудзецца адкрыццё помніка Якубу Коласу.

Безумоўна, значная частка мерапрыемстваў адбудзецца ў дзяржаўных музеях вобласці. Так, сёлета спаўняецца 180 гадоў з дня заснавання графамі Тышкевічамі ў сваім радавым палацы ў Лагойску музея старажытнасцей. Гэтай падзеі Лагойскі гісторыкакраязнаўчы музей імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў плануе прысвяціць вельмі насычаную праграму «Ноч музеяў – 2022».

Яшчэ адзін сумесны праект падрыхтуюць музеі вобласці ў канцы бягучага года. Ён будзе прасвечаны 100-годдзю стварэння СССР. Першапачаткова ў якасці назвы ўзяты радок з песні «Страна мечтателей, страна героев…» Праект уключае ў сябе не толькі стварэнне часовых экспазіцый па дадзенай тэме, але і распрацоўку новых культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, а затым — абмен паміж музеямі сваімі напрацоўкамі.

— Раскажыце, калі ласка, пра дзейнасць па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны летась і пра планы ў гэтай сферы на 2022 год.

— Летась Мінскі абласны выканаўчы камітэт працягваў ажыццяўляць дзяржаўную падтрымку правядзення рэканструкцыі з рэстаўрацыяй касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Увогуле, праводзілі розныя віды работ на 28 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны.

Зараз рамонтна-рэстаўрацыйныя работы вядуцца на такіх аб’ектах, як касцёл Божага Цела ў Нясвіжы, сядзібны дом у аграгарадку Волма, рэшткі Свята-Мікалаеўскай царквы ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна, рэшткі былой сядзібы «Надняман» у вёсцы Наднёман Уздзенскага раёна і іншых.

Пастаянная ўвага надаецца стану Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь», які больш за пяцьдзясят гадоў існавання набыў нацыянальнае і сусветнае прызнанне як сімвал трагедыі беларускага народа ў Другой сусветнай вайне. Заробленыя ў 2022 годзе ў дзень правядзення рэспубліканскага суботніка сродкі накіраваны на правядзенне капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі комплексу. Таксама на дадзеным аб’екце сёлета плануецца будаўніцтва музея, прысвечанага генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Адносна нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Якія абрады і традыцыі патрабуюць асаблівай увагі? Якія з іх пад пагрозай знікнення?

— У Мінскай вобласці пастаянна вядзецца работа па вывучэнні і захаванні элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. І тых, якія ўжо ўключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, і тых, якім плануецца прысвоіць гэты статус. Факт прысваення з’яве статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці сведчыць пра захады да яе абароны. Абрады «Шчадрэц» з вёскі Рог Салігорскага раёна, «Перанос Міхайлаўскай свячы» з аграгарадка Валяцічы Барысаўскага, традыцыя шанавання Святога каменя з вёскі Крамянец Лагойскага, абрадавая гульня «Ката пячы» з аграгарадка Скірмантава Дзяржынскага і іншыя праявы народнай спадчыны Міншчыны рупліва захоўваюцца носьбітамі традыцый. Разам з тым, на вялікі жаль, ёсць фактары, на якія ўплываць цяжка. Так, у складанай сітуацыі апынулася мясцовая песенная традыцыя выканання са Старадарожскага раёна, якая падтрымлівалася гуртамі «Прусаўчанка» і «Набіліцы». Гурт «Набіліцы», удзельнікамі якога былі людзі вельмі сталага ўзросту, прыпыніў сваю дзейнасць. Але спадзяёмся, што знойдуцца маладыя пераемнікі.

— На якія ўстановы культуры варта звярнуць увагу аматару выяўленчага мастацтва?

— Высокім узроўнем папулярызацыі выяўленчага мастацтва, дынамічным развіццём зарэкамендавалі сябе пастаянная галерэя мастака, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці і Барысаўскага раёна Валерыя Шкарубы, мастацкая галерэя «З’ява», музейна-выставачны комплекс «Партнёры. Сябры. Пабрацімы», арт-пляцоўкі «Праменад» і «ARTквартал» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева. Папулярызацыі творчасці знакамітых ураджэнцаў краю садзейнічае дзейнасць пастаяннай галерэі твораў народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча ў Нарацкім цэнтры культуры і вольнага часу Мядзельскага раёна, пастаянная галерэя мастака, Ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці і Лагойскага раёна Сяргея Давідовіча ў Лагойскім раённым доме рамёстваў.

Карцінныя галерэі маюць і тры музеі вобласці. Гэта галерэя мастацтваў імя Уладзіміра Садзіна як філіял Слуцкага краязнаўчага музея. Мастацкія работы як з фондаў Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея, так і з уласных збораў беларускіх мастакоў экспануюцца ў мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева. У мастацкая галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея часта ладзяцца персанальныя часовыя экспазіцыі мастакоў. Тут адведзена асобная зала для пастаяннай экспазіцыі работ мастака-партызана, члена Беларускага саюза мастакоў Генрыха Бржазоўскага.

Трэба адзначыць, што Мінскім абласным выканаўчым камітэтам штогод прадугледжваецца выдзяленне сродкаў з абласнога бюджэту на набыццё дзяржаўнымі музеямі твораў мастакоў, членаў Беларускага саюза мастакоў: за апошнія гады гэта 92 работы.

— Як апошнім часам складвалася міжнароднае супрацоўніцтва і ці ёсць перспектывы сёння?

— У Мінскай вобласці сёння дзейнічаюць 53 міжнародныя пагадненні ў рамках развіцця двухбаковага культурнага супрацоўніцтва, з іх 11 заключаны арганізацыямі культуры абласнога падпарадкавання. Напрыклад, у мэтах умацавання культурнага супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў у лютым 2022 года заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж дзяржаўнай установай культуры «Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка» і муніцыпальнай установай культуры Сочы «Лазараўская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», рэгіянальнай бібліятэкай Гагаузіі імя Пятра Драганава (Рэспубліка Малдова), публічнай раённай бібліятэкай Чадыр-Лунга (Рэспубліка Малдова).

Кіраўнікі арганізацый культуры ствараюць умовы для ўдзелу калектываў мастацкай творчасці, навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў у міжнародных праектах, культурных мерапрыемствах, адукацыйных вэбінарах, конкурсах прафесійнага майстэрства. За 2021 год нашы творчыя калектывы і выканаўцы ў анлайн- і афлайн-фарматах прынялі ўдзел у 267 міжнародных культурных і адукацыйных мерапрыемствах, за 1 квартал 2022 года — у 104 міжнародных імпрэзах. Сярод знакавых афлайн-мерапрыемстваў 2021-га — Сусветная выстаўка «ЭКСПА-2020» у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Мінскую вобласць на Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляў народны арт-гурт «Багач» сельскага Дома культуры аграгарадка Лясны Мінскага раёна.

У сферы міжнароднага абмену прафесійным вопытам развіваецца фармат дыстанцыйных зносін (тэлемасты, відэаканферэнцыі, вэбінары, анлайн-канферэнцыі, анлайн-лекцыі). У найбліжэйшы час плануецца актывізацыя супрацоўніцтва ў музейнай справе; арганізацыя гастроляў Мінскага абласнога драматычнага тэатра і Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі; правядзенне сумесных культурных праектаў з беларусамі замежжа. Мы зацікаўлены ў плённым культурным міжнародным супрацоўніцтве, бо мастацтва не мае геаграфічных межаў і моўных бар’ераў: народы выдатна разумеюць адзін аднаго з дапамогай музыкі, песень і танцаў. Менавіта дакранаючыся да культуры, мы адчуваем глыбіню і патэнцыял краіны.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта minsk-region.gov.by

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.