Вы тут

Алена Ланская: Без душы нічога не спрацуе


Заслужаная артыстка Беларусі, спявачка Алёна ЛАНСКАЯ ведае ўсе падводныя камяні беларускага шоу-бізнесу, аднак працягвае заставацца ў ім на лідзіруючых пазіцыях. І галоўнае — яна ні дзеля каго і ні дзеля чаго не адмовіцца ад сябе. Можа, таму што ведае, чаго ёй каштаваў поспех.


Зараз яна гастралюе па краіне з турам «Сустракаем вясну разам», радуе прыхільнікаў прэм’ерамі і прызнаецца: спыняцца не збіраецца.

Крок назад дзеля перспектывы

— Прафесія артыста — гэта праца ў самых розных абставінах, уменне імправізаваць і не выдаваць эмоцый... Што можа пазбавіць вас раўнавагі?

— Я жывы чалавек і часам таксама паддаюся эмоцыям. Магу пасварыцца (часцей за ўсё ў прафесійным фармаце), калі мяне не пачулі з першага разу альбо быццам бы пачулі, але не зрабілі тое, што патрабавалася. Сапсаваць агульнае ўражанне можа дробязь, а я заўсёды імкнуся, каб мае мерапрыемствы праходзілі без форс-мажораў. Усюды павінна быць дысцыпліна. На жаль, самакантроль не ўсім уласцівы.

Зараз побач са мной людзі, хто прайшоў праз жорнавы выпрабаванняў, і пасля гэтага я праніклася да іх яшчэ большым даверам. Мне імпануюць тыя, каму дастаткова проста паставіць задачу, і яны знойдуць рашэнне. А ў выпалку несупадзення жаданняў з рэальнасцю мы заўсёды разам знойдзем іншыя варыянты дасягнуць задуманага.

— Год назад вы сталі вядучай ранішняга шоу на «РТР-Беларусь». Як зараз пачуваецеся ў кадры і ці заўсёды задаволены вынікам?

— Для мяне гэта вельмі цікавы вопыт. Складана, але разам з тым і цікава спасцігаць штосьці новае. Я заўсёды пераглядаю свае эфіры і, калі бачу нейкія недасканаласці, то працую ў гэтым накірунку. Паступова ты разумееш, што ўжо больш упэўнена адчуваеш сябе ў гэтай прафесіі. Мне па-ранейшаму падабаецца праца ў кадры. Бывае, нават свае нейкія ідэі прапаноўваю. Адзінае, з чым я пакуль не магу справіцца — гэта хваляванне. Мне вельмі не хацелася б падвесці каманду, якая працуе над стварэннем телепраграммы.

— Ці пашчасціла вам, як пяецца ў адной вашай песні, «выйграць джэк-пот у каханні»?

— Так, я стала яго ўладальнікам, паколькі зразумела, што такое безумоўная любоў да ўсяго жывога на планеце. І для мяне ў гэтым крыецца вельмі вялікае шчасце, паколькі гэтае разуменне прыйшло зараз, а не ў старасці. Таксама я навучылася цаніць сябе. Калі разумееш, што твае гады — гэта ўжо амаль палова ці траціна жыцця, то пачынаеш аберагаць сябе ад стрэсаў, таксічных людзей і ад усяго, што вырывае цябе з патоку тваіх мэтаў. Ты гатовая адмаўляцца ад нечага, калі разумееш, што гэта не дасць табе перспектывы і не дазволіць ствараць. Для артыстаў, на мой погляд, самым вялікім праяўленнем любові з’яўляецца служэнне людзям і мастацтву сваім голасам. Ты выходзіш на сцэну і становішся самым шчаслівым чалавекам у свеце.

— Калі вы пераглядаеце фота, скажам, дзесяцігадовай даўнасці, ці адчуваеце, як змяніліся знешне і ўнутрана?

— Усе і ўсё мяняецца. Але вось 2020 год змяніў жыцё многіх з нас на «да» і «пасля». І сёння, азіраючыся ў мінулае, нібы глядзіш стары добры фільм. Разумееш, як шчасліва і бестурботна мы ўсе жылі. Рабілі, што хацелі, і не цанілі свабоду выбару, перамяшчэння. А зараз жывем толькі сённяшнім днём. Аднак тыя падзеі прымусілі ўсіх нас зазірнуць унутр сябе. Гэта заўсёды балюча, бо ў кожнага знойдуцца прычыны шкадаваць. Разам з тым, гэты час даў нам магчымасць задумацца і пашукаць адказы на важныя пытанні: хто мы, хто нашы сябры і для чаго кожны жыве на гэтай зямлі? Людзі, хочацца верыць, сталі зноў больш думаць пра духоўнае, а не пра матэрыяльнае.

— Ваша акружэнне за апошні час моцна змянілася?

— Калі казаць пра кола блізкіх людзей, то яно засталося ранейшым. А ў тым, што тычыцца супрацоўніцтва, то тут большую палову закранулі змены. Відаць, так павінна было скласціся, бо цяжкасці нас загартоўваюць. Я заўсёды ведала, што час дасць магчымасць сабраць новую каманду, і зараз мне гэта ўдалося. Бывае, проста трэба зрабіць крок назад, каб потым прайсці два крокі ўперад.

Паважаць сябе і таго, хто побач

— Ці ёсць вам да каго вяртацца пасля канцэртаў і паездак?

— У мяне ёсць свая прастора і шмат дробязяў, якія натхняюць і радуюць. Дома я вяртаюся да самой сябе. Пакуль што я не сустрэла яшчэ чалавека, які змог бы памножыць маё шчасце.

— Значыць вы адкрытыя для запрашэнняў схадзіць на спатканне?

— Безумоўна. Толькі вельмі хочацца адчуваць інтарэс да сябе не толькі як да творчай асобы. У кожнага з нас бываюць розныя сітуацыі і стан, не ўсё мы трансліруем на публіку. Ці гатовы чалавека ўбачыць і прыняць і непублічны бок майго жыцця? Сустрэць таго, хто будзе з павагай і разуменнем ставіцца да цябе, супадзе з табой — няпроста. І з узростам разумееш, што не гатовая марнаваць сябе ўпустую, бо ўжо шмат бачыла і перажыла. Хутчэй аддам перавагу цёплай ванне і прагляду любімага фільма, чым пайду на сустрэчу з малазнаёмым чалавекам.

— Разуменне ўласнай каштоўнасці и павага да сябе ў вас з дзяцінства ці прыйшло з гадамі?

— Гэта адбывалася ўсё маё жыццё. Мне часта здраджвалі, і кожны раз я спрабавала зразумець, у чым праблема, што я раблю не так. Бо варта мне пачаць давяраць і шчыра ставіцца да чалавека, як гісторыя паўтараецца. А пасля зразумела адну рэч: чалавек так сябе паводзіць у адносінах да цябе, каб панізіць тваю самаацэнку. Каб менш сумнявацца ў сабе, я вырашыла пайсці іншым шляхам: пачала вывучаць сябе, каб больш даведацца пра ўласныя моцныя і слабыя бакі. Мы ўсе розныя і ніхто не ідэальны. Я не выключэнне. Проста мне не хочацца больш разбураць сябе ядамі…

— Ведаю, што вы ўжо некалькі гадоў практыкуеце вегетарыянства. Што стала прычынай?

— Спачатку гэта быў проста эксперымент. Я заўсёды цікавілася здаровым ладам жыцця. І спортам даўно займаюся. Пасля вырашыла паспрабаваць практыку ачышчэння арганізму. Паколькі ніколі асабліва не была аматарам мяса, то і адмовіцца ад яго змагла без праблем. Так эксперымент зацягнуўся, і доўжыцца да сёння. Я імкнуся прытрымлівацца правільнага харчавання і адчуваю, як напаўняюся энергіяй знутры. Вельмі важна ведаць пра спалучэнне прадуктаў, сачыць, каб вітаміны паступалі ў арганізм. Адзінае, пакуль не ўдаецца адмовіцца ад кавы. Ёсць над чым працаваць!

— Што вам дапамагае падтрымліваць прыгажосць кожны дзень?

— Зараз мая любімая пара года, вясна. І ў гэты час я ўнутрана пачынаю квітнець, як і ўсё ў прыродзе. Атрымліваю вялікае задавальненне ад таго, што свеціць сонца і паветра становіцца ўсё больш мяккім. Вельмі кранальна, як вяртаюцца птушкі з цёплых краёў. Калі я назіраю за гэтым, кожны раз успамінаю сваё дзяцінства ў вёсцы. Вясна напаўняе мяне, як і ўсё жывое, вітальнасцю. І калі мы жывем сугучна кожнай пары года, то разам з тым, як усё ажывае навокал, з’яўляюцца новыя планы і мары. Таму кожную раніцу, каб настроіцца на новы дзень, я абавязкова пачынаю з сустрэчы сонца. А ўжо пасля бягу па справах.

— "Частка маёй душы назаўсёды засталася ў тым месцы, дзе прайшло маё дзяцінства”— вашы словы. Што б вам хацелася сёння сказаць той дзяўчынцы, якой вы былі тады?

— У мяне было вельмі шчаслівае дзяцінства. І, нягледзячы на тое, што бацькі многа і цяжка працавалі, яны з задавальненнем праводзілі час са мной. А ў вёсцы ва ўсім была свабода, што зрабіла для мяне той час непаўторным. Мы з іншымі дзецьмі ўвесь час нешта прыдумвалі. І мне той дзяўчынцы з мінулага хацелася б сказаць: не спяшайся стаць дарослай! Зараз я разумею, што тады пражывала самы бесклапотны час.

— Наколькі я памятаю, бацькі ў свой час не абрадаваліся навіне пра ваш ад’езд у Мінск. Калі яны прынялі ваш выбар стаць артысткай, і ці адчувалі вы, што мама і тата ганарацца вамі?

— Калі прадзюсарскі цэнтр «СПАМАШ» прапанаваў мне пераехаць у Мінск, бацькі спачатку мяне не адпускалі. Маці і бацька перажывалі за мяне. Але на той час я ўжо была паўналетняй, працавала ў банку. І аднойчы я спытала ў сябе: няўжо такім будзе маё жыццё заўсёды? Гэта пытанне і падштурхнула мяне на перамены. Дома маё рашэнне ашаломіла бацькоў, але мяне ўсё ж адпусцілі. Праз год мамы не стала. А тата быў побач са мной яшчэ шаснаццаць гадоў. Я заўсёды адчувала яго патрымку і веру ў мяне. Пандэмія забрала бацьку... Гэтая страта была вельмі балючай для мяне, але разам з тым я закалілася, стала дарослай.

— Вы шмат гадоў аддаяце сябе сцэне і людзям. Ці не ўзнікае думкі, што нешта ва ўласным жыцці праходзіць міма і незваротна?

— Я не магу адпачываць. Максімум удаецца ўгаварыць сябе тыдзень пабыць у адпачынку і то першыя дні ўсё роўна думаю пра работу. Таму што я звыкла ўвесь час быць у руху, нешта запісваць, ствараць і мая дзейнасць мне прыносіць задавальненне. Глабальна, магчыма, і закрадваецца часам думка, ці не ўпускаю я нешта. Таму зараз імкнуся балансаваць паміж тэмай сям’і, працы і ўласнага я. Паверце, калі мне спатрэбіцца час для асабістага жыцця, то ён знойдзецца. Да тэмы сям’і і дзяцей я ўжо вельмі спакойна стаўлюся. Я маю чатырох хрэснікаў, таму, можа, у мінулым жыцці была шматдзетнай мамай. А зараз маю, што маю і не згодна на меншае. Мне патрэбен побач чалавек, які будзе раздзяліць мае погляды на сям’ю і клопат пра дзяцей. Важна, каб кожны з нас разумеў каштоўнасць іншага, каб была гатоўнасць падтрымліваць сваю палавінку, у тым ліку і фінансава. Таму, спадзяюся, аднойчы абавязкова сустрэну дарослага, адказнага і свядомага чалавека. Мужчыну, з якім у нас будуць супадаць і думкі, і дзеянні.

Сіла роду і вера ў сябе

— Алена, зараз, наколькі мне вядома, вы самі кіруеце ўсімі сваімі справамі. Калі адчулі гатоўнасць працаваць у такім фармаце?

— Мы ўсе расцем і развіваемся. Калі браць перыяд майго станаўлення як артысткі, то я працяглы час супрацоўнічала з прадзюсарскім цэнтрам «СПАМАШ». Аднак, па меры з’яўлення вопыту, адбылася ўнутраная трансфармацыя. І ў нейкі момант прыйшло ўсведамленне, што патрэбна браць у гэтым жыцці адказнасць за саму сябе. Таму апошнім часам я працую ўжо самастойна. Плюс я атрымала другую вышэйшую адукацыю ў Інстытуце культуры па спецыяльнасці «Рэжысура свят і відовішч» і ўнутры быў парыў ствараць штосьці сваё. А паколькі маю і эканамічную адукацыю, то падумала, што мне цікава было б рэалізавацца ў тым, каб зрабіць канцэрт, нейкае мерапрыемства ці тэлепраект, дзе ўсё будзе арганізавана і прадумана толькі мной. У выніку гэта вылілася ў мой вялікі сольны канцэрт, які я прэзентавала ў Палацы Рэспублікі мінулай восенню ў свой дзень нараджэння. Канцэпцыю, якая стала яго асновай, я доўга выношвала і атрымалася гісторыя пра птушку-фенікс, што памірае, а потым зноў адраджаецца. Гэта як жыццёвы шлях кожнага з нас. Гісторыя пра моцных духам людзей, якія могуць прайсці праз любыя выпрабаванні, трансфармацыі, каб знайсці сябе і зразумець свае сапраўдныя каштоўнасці. На сваім шляху ім даводзіцца сутыкацца з падманам, здрадай і неразуменнем, але ўсё ж яны знаходзяць у сабе сілы падняцца і зноў узляцець. Пасля гэтага ўжо перастаюць траціць сябе на непатрэбныя сітуацыі і эмоцыі, а засяроджваюцца на сабе, сваіх блізкіх і на тым, каб мяняць гэты свет да лепшага. Галоўнае не страціць веры... А што да адказнасці, то ўсё адбылося паступова, па меры таго, як назапашваўся вопыт у розных сферах і з’яўлялася разуменне, у якім напрамку мне хочацца рухацца. Мне цікава так працаваць, бо для мяне гэта быццам праверка. І калі многія думаюць, быццам я змагаюся з кімсьці, то насамрэч я спаборнічаю толькі з самой сабой.

— Дэманстраваць свае здольнасці як рэжысёра вы пачалі падчас падрыхтоўкі кліпа «Ой, гуляла мая доля»...

— Калі я была ўдзельніцай розных тэлевізійных праектаў, то заўсёды старалася ўнікнуць у працэс. А маім стартам можна лічыць здымкі кліпа на песню «Неба маё», дзе я супрацоўнічала з рэжысёрам Ганнай Герт. Мы разам рабілі мантаж: праседзелі шэсць дзён. Утварыўся творчы тандэм. А канцэпцыя кліпа на песню «Ой, гуляла мая доля» з’явілася ў мяне яшчэ на этапе напісання аранжыроўкі. Ужо тады пачалі ўзнікаць пэўныя дэталі. Месяцы праз два прыйшлі карцінкі і ідэі для ўсёй гісторыі. Яно ж як бывае, калі правільна адпраўляеш думкі ў космас, то і людзі і месцы патрэбныя — усё прыцягваецца. Так мы аб’ездзілі шмат месцаў у пошуках лакацый, а ў Віцебскай вобласці знайшлі той самы 450-гадовы дуб, у якім адчуваецца магутная сіла, энергія, і пазл канчаткова склаўся. Здымалі два дні амаль без сну, паколькі ў маёй галаве былі карціны, напрыклад, той жа прыроды раніцай, якія трэба было падлавіць для кадру. А ўжо на этапе мантажу я ўбачыла пэўныя акцэнты і іх таксама падкрэсліла ў гэтай працы.

— Вы неаднойчы адзначалі, што маеце вельмі моцны род. Наколькі глыбока даследавалі гэтую тэму?

— Сітуацыя для мяне праяснілася, калі я пачала вывучаць свой радавод. І калі пра радню па лініі маці мне не ўдалося даведацца падрабязнасцяў, то, што тычыцца лініі бацькі, там вельмі цікавыя высветліла моманты. У мяне ёсць родзічы ў Расіі, да якіх я нават ездзіла і яшчэ заспела прабабулю. Там мужчыны ад прадзеда прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне і маюць шмат узнагарод. Для маіх сваякоў годнасць і гонар былі не пустымі словамі і гэта перадалося, лічу, і мне. Даследаванне тэмы свайго радаводу дае падставы для роздумаў. Сем’і раней былі вельмі вялікія. Увогуле, каб на свет з’явіўся новы чалавек трэба было сустрэцца многім людзям, перацярпець і перажыць розныя беды, але выстаяць у імя будучыні. Калі на ўласнае жыццё глядзіш пад такім ракурсам, то пачынаеш усведамляць яго каштоўнасць. Сіла роду падтрымлівае нас у самыя складаныя моманты. Аднак самая галоўная сіла — у кожным з нас. І трэба правільна сябе настройваць і разумець, што вяртаецца да нас тое, што мы аддаем свету.

— Згодна. Вернемся да творчасці. У вашай біяграфіі, як і ў іншых беларускіх артыстаў, ёсць перыяды, калі вы заяўлялі пра сябе на розных конкурсах і фестывалях. Але з года ў год імёны іх ўдзельнікаў мяняюцца і толькі лічаныя людзі застаюцца ў абойме. Што дазваляе вашай зорцы не знікаць з эстраднага небасхілу вось ужо 17 гадоў?

— Так, вялікая колькасць таленавітых людзей заяўляе пра сябе, а потым іх імёны кудысьці знікаюць. І, думаю, прычына таго, што я ўсё яшчэ на сцэне, крыецца ў маім сур’ёзным стаўленні да прафесіі. Напрыклад, я не запісваю кампазіцыі дзеля колькасці ці з мэтай трапіць у радыёэфір. Таму што не толькі ў творчасці, але ўвогуле глыбока, сур’ёзна і паважліва стаўлюся да гэтага свету. І хачу, каб гэта адчувала і мая аўдыторыя. Мне важна спяваць пра сур’ёзныя рэчы — пра радзіму і жыццё ў розных яго праявах. Я разумею, што музыка розная патрэбна людзям, у тым ліку і лёгкая, каб адпачываць. Але сама выбіраю рабіць тое, што падказвае мне ўнутраны голас. Калі нечым і натняюся, то, толькі перапрацаваўшы тое ў сабе, аддаю людзям.

— А ёсць жаданне дзяліцца сваім вопытам з маладымі талентамі?

— Я часта ўваходжу ў склад журы конкурсаў і адбораў. І, ведаеце, яшчэ ні разу не памылілася ў таленце чалавека. Прычым, заўсёды тое адбываецца, лічыце, імгненна. Ты адразу альбо адчуваеш творчую энергію, альбо чуеш унікальныя фарбы ў голасе, ці разумееш, што чалавеку яшчэ трэба шмат над сабой працаваць. А тая ж працаздольнасць дадзена не кожнаму, якім бы таленавітым не быў ты ад нараджэння. Мне ёсць што сказаць моладзі, бо я з ёй на адной хвалі. У мяне ў камандзе зараз усе маладыя супрацоўнікі, таму што я люблю творчых, крэатыўных і лёгкіх людзей. У іх ёсць унутраная свабода і здольнасць марыць. А я магу падзяліцца з імі тым вопытам, які ўжо паспела назапасіць за гады творчай дзейнасці. Я многаму вучылася і працягваю спасцігаць прафесінае майстэрства, але скажу пра галоўнае: сакрэт добрага выканання песні ў любым жанры — гэта душа. Наколькі б дасканала тэхнічна не было нешта зроблена, але без укладзенай у гэта частачкі душы — нічога не спрацуе.

Бліц:

1. Я ніколі не дазволю сабе... — Прапусціць спорт.

2. Самая вялікая спакуса на эстрадзе — гэта... — Славалюбства.

3. Ці здольныя вы першай прызнаць сваю памылку? — Здольная.

4. Апошні раз я плакала ад шчасця... — Даўно.

5. Жыццё вельмі кароткае, каб вытрачаць яго на... — На негатыў і таксічных людзей.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Алены Ланской

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.