Вы тут

Сяляне з гарадскім менталітэтам


Нядаўна разгаварыліся з адной саршынёй сельсавета з палескага рэгіёна. Яна кажа, што на вёсцы зараз нямала працаўнікоў, якія свой дабрабыт настойліва будуюць сваімі рукамі. І на рабоце спраўляюцца, і хатнюю гаспадарку вядуць. Але хапае і такіх, якія зусім не любяць варушыцца. 


Не, зараз не пра той кантынгент, які вызначаецца асацыяльнымі паводзінамі. Хутчэй пра новую кагорту жыхароў вёскі, сяльчан ХХІ стагоддзя. Звычайныя грамадзяне, нярэдка шматдзетныя бацькі, якія ходзяць на працу, карыстаюцца прэферэнцыямі ў справе атрымання жылля, але гэта ўжо людзі зусім з гарадскім менталітэтам. Яны не абцяжарваюць сябе вялікім агародам, не лічаць патрэбным нават трымаць курэй, не кажучы ўжо пра карову. На работу — з работы, у краму, пасля — за камп’ютар ці тэлевізар. 
Як быццам бы, маюць права. Але ж людзі старэйшага пакалення кажуць, што гэта не правільна. У вёсцы спрадвеку працавалі на зямлі, вялі гаспадарку, інакш сельскі чалавек разбэсціцца, напрыклад, можа прызвычаіцца да чаркі. Скажаце, спрэчнае пытанне? Як паглядзець. Але ж у вясковым асяродку ў пашане заўсёды быў працаўнік. 

Аднойчы мне двялося пазнаёміцца з жанчынай, якую многія нават у роднай вёсцы лічылі, мякка кажучы, дзівачкай. І разам з тым у Скоках гаварылі пра Ганну Міхайлаўну паважліва. 

У свае 72 гады яна трымала на падворку 15 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку сем дойных кароў. Рабочы дзень яе працягваўся з цямна да цямна. Зранку — дойка, потым а дзевятай гадзіне жанчына выганяла свой статак у поле і пасвіла да сямі вечара. Потым зноў дойка і шматлікія клопаты па дому і гаспадарцы. Першае, што я спытала, ці не надакучыла ёй вось так, без усялякага продыху. 

— Не — адказвала яна — наадварот. Я толькі каля сваіх каровак добра сябе адчуваю. Пакуль пасу, травы розныя збіраю, потым арэхі пойдуць, грыбы. Заўсёды можна знайсці сабе занятак. Кароўкі мае добрыя, паслухмяныя, пакуль пасу — адпачываю. А ў горадзе у мяне галава баліць. Зараз рэдка туды выбіраюся. Некаторыя зайздросцяць мне, ёсць такія, што пасмейваюцца, ды мне гэта ўсё роўна. Я без работы не магу жыць, відаць, у бацьку пайшла. 

Бацька Ганны Казляк быў рэдкім гаспадаром. З маладых гадоў марыў пра сваю гаспадарку. Гарбаціўся да сёмага поту. Да 85 гадоў даглядаў стары чалавек кароў. Дачка перад выхадам на работу падоіць кароў, выганіць у поле, а бацька іх пасе да вечара. Гэта, на думку Ганны Міхайлаўны, яго і падтрымлівала. А яго няздзейсненая мара пра вялікую сядзібу і заможную гаспадарку, мабыць, знайшла працяг у светапоглядзе і ладзе жыцця дачкі. Ганна, як сябе помніла, усё працавала. Многія гады была мулярам на будоўлі, потым даяркай на ферме, а пасля выхаду на пенсію цалкам прысвяціла сябе ўласнай гаспадарцы. 

Усюды паспявала. Новы дом злажыла з цэглы сама. Адрамантавала старую бацькоўскую хату, рашыла, што ёй хопіць. Муж памёр. Дзяцей Бог не даў. Яшчэ калі быў жывы муж, узялі да сябе чалавека, які па волі лёсу аказаўся без сям’і, без жытла, адным словам, прыгрэлі жывую душу. Яўген дапамагаў спачатку ім абаім, потым ёй адной. Расказвала, што муж раней не раз сварыўся з ёй, не мог зразумець, навошта такая гаспадарка. Пакідаць жа нажытае няма каму. А яе сэнс жыцця, хутчэй за ўсё ў тым, што яна не шукала сэнсу. Проста жыла. Расказвала, што сяброўкі яе, тыя, з кім працавала на будоўлі, паўміралі. Ва ўсіх ціск быў высокі, ногі балелі: «А я вось бегаю, мяне мая работа лечыць ды кароўкі мае». Пра кароў яна расказвала з такой любоўю: і чыстыя яны, і прыгожыя, і разумныя, і за гаспадынняй могуць ісці як тыя сабакі. 

А я ўсё асцярожна падступалася, каб сказаць тое, пра што адразу думалася: 

— Можа, час скараціць свой статак, усё ж гады вашы шаноўныя і здароўе, пэўна, не тое, што ў маладосці. 

— Яно то так. Але шкада мне іх, яны такія харошыя. Не на мяса ж іх здаць... 

Як тут не ўзгадаць «Браму неўміручасці» Кандрата Крапівы, памятаеце: «Таварышок акадэмік, зрабі ты маю кароўку неўміручай!» Яна, здаецца, каб змагла, таксама зрабіла б сваіх кароў доўгажыхарамі. На яе падворку можна было ўспомніць многіх літаратурных герояў, мележеўскага Васіля Дзятліка, напрыклад, з яго прагай да уласнай гаспадаркі. А яшчэ ўспомнілася, як многа гадоў таму ў раённай газеце давялося пісаць пра стогадовую юбілярку. На традыцыйнае пытанне пра сакрэт даўглецця бабуля прыгадала сваю маці, якая гаварыла: працаваць болей трэба, што не вырабіш — тое выхвараеш. Тут амаль такі ж выпадак. Каровы для Ганны Казляк былі крыніцай жыццёвага сэнсу, здароўя, ну і вядома, карміліцамі. 

Летам штодня гаспадыня здавала 70-80 кілаграмаў малака дзяржаве. Прадавала і маладняк, некалькі тон мяса давала адна толькі яе падсобная гаспадарка. Грошы энергічная бабулька адразу клала на рахунак, дома не трымала. І да яе самой, нібы у банк, часам прыходзілі пазычыць. Знаёмым не адмаўляла. Толькі вось здзіўлялася, як гэта маладыя не хочуць працаваць. Хочуць жыць лёгка і прыгожа, а так не бывае. 

Спрабавала навесці суразмоўніцу на думку, што прыгожа жыць павінен вялікі працаўнік і задала пытанне канкрэтнае: 

— А не хочаце вы перавесці частку грошай у цвёрдую валюту і паехаць, ну хоць на тыдзень, у Парыж? Гаспадарку ёсць на каго пакінуць. 

Ганна Міхайлаўна тады засмяялася весела, нібы маладая, і крышачку прытворна закрахтала: 

— Які Парыж? Гады не тыя. Вунь новыя акуляры трэба заказаць, ніяк у горад не выберуся... Ды і не цягне мяне ў чужыя краіны. Мне і тут добра, дома. Сена на зіму для статка купіла. Свінка ў хлеве ёсць. Астатнія прадукты — у магазіне. Устану на досвітку — і да каровак сваіх. 

...Нядаўна ў сельсавеце сказалі, што Ганны Міхайлаўны ўжо няма. Часта яе ўспамінаю. Ёсць знакамітыя артысты і спартсмены, выбітныя пісьменнікі і вучоныя, а ёсць і таленавітыя працаўнікі. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».