Вы тут

Саюзнік у ачышчэнні ад таксінаў: здаровае харчаванне для печані


Вага печані чалавека перавышае вагу такога важнага органа, як сэрца. Яна рэгулюе ліпідны абмен, выдзяляе неабходную для стрававання жоўць. Печань — наш галоўны саюзнік у ачышчэнні арганізма ад шкодных рэчываў. Дазваляючы сабе празмернасці ў ежы і алкаголі, мы не думаем пра тое, як цяжка печані выводзіць усе гэтыя яды і чысціць кроў свайго гаспадара ад наступстваў яго развясёлага жыцця.


Для таго каб печань магла выконваць свае функцыі натуральнага фільтра і абясшкоджваць таксіны, якія паступаюць з ежы, праз скуру і лёгкія, а таксама з’яўляюцца вынікам біяхімічных працэсаў унутры арганізма, пра яе трэба клапаціцца. Чым мы можам дапамагчы нашай працаўніцы-печані?

Тры простыя правілы для здароўя печані:

  • не злоўжывайце алкаголем, а лепш увогуле адмоўцеся ад спіртнога;
  • не ўжывайце смажанае, вострае, перасоленае, а таксама фастфуд і прадукты з высокім утрыманнем тлушчу;
  • сачыце за тым, каб у прадуктах па мінімуму было нітратаў, узмацняльнікаў смаку, фарбавальнікаў.

Якія прадукты любіць наша печань?

Рацыён здаровага харчавання, накіраваны на паляпшэнне функцыі печані і аднаўленне яе клетак — гепатацытаў, павінен быць дастаткова разнастайным. У ім павінны абавязкова прысутнічаць:

— нятлустае светлае мяса (кураціна, індычка, цяляціна), нятлустая рыба;

— крупы — аўсяныя, рысавыя, грэцкія;

— гародніна і садавіна: морква, буракі, агуркі, памідоры, яблыкі, зеляніна;

— нятлусты тварог, малочныя прадукты;

— нямоцныя мясныя булёны, малочныя, вегетарыянскія супы, боршч;

— раслінныя алеі.

Зрабіце сабе разгрузачны абед: прыгатуйце вегетарыянскі агароднінны супчык са свежай капустай або бураком.

Рэцэпт вегетарыянскага баршчу для здароўя печані

Інгрэдыенты

  • бульба 120 гр
  • буракі 150 гр
  • капуста 130 гр
  • морква 50 гр
  • кроп, пятрушка
  • соль
  • сланечнікавы алей — 1 ст лыжка.

Гародніну пачысціць, вымыць, нарэзаць кубікамі ці саломкай. Пасолены бурак з раслінным алеем і 200 гр вады патушыць пад вечкам 15 хвілін, яшчэ 5 хвілін — разам з морквай. Затым дадаць капусту і праз 10 хвілін — бульбу, даліць 800 гр вады, давесці да кіпення і варыць да гатоўнасці. У гатовую страву дадаць зеляніну. Падаваць са смятанай.

Печань скажа вам дзякуй, калі вы возьмеце за правіла ўжываць прадукты, якія адрозніваюцца высокім утрыманнем харчовых валокнаў. Гэта морква, каляровая капуста, буракі, гарбуз, цэльназерневыя культуры.

Не забывайце пра пітны рэжым — дастатковая колькасць вадкасці дапаможа печані спраўляцца з яе місіяй чысцільшчыка. Але гаворка не пра газаваныя напоі — іх печань катэгарычна не любіць! Лепш, калі гэта будзе простая вада, сокі, зялёная гарбата.

Можна папесціць печань мінеральнай вадой «Нарзан», «Есентукі». Дабратворна на яе рабоце адбіваюцца адвары мяты, рамонка, шыпшыны.

А вось сур’ёзныя лекі для печані самому сабе прызначаць не варта — гэта можа зрабіць толькі доктар. Абавязкова наведайце яго, калі адчуваеце горыч у роце, боль ці цяжар у правым падрабрынні.

Аліна ТОМІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».