Вы тут

«Цмокі-Мінск» — чэмпіёны Беларусі


Раскрылася інтрыга ХХХ чэмпіяната Беларусі па баскетболу. Трыумфатарамі юбілейнага чэмпіянату стала каманда «Цмокі-Мінск». Гэта 14-я перамога «цмокаў» у чэмпіянаце краіны. У пятніцу 13 мая на паркеце сталічнага Палаца спорта мінскія баскетбалісты сустрэліся з магілёўскімі сапернікамі з «Барысфена». Сустрэча скончылася вынікам 81:75 на карысць «Цмокаў». 


У першай чвэрці матча наперадзе былі баскетбалісты «Барысфена», на радасць іх актыўнай групе падтрымкі. Але затым цмокі захапілі перавагу і больш яе не аддавалі. Увесь матч, да апошняй секунды баскетбалісты вялі напружаную барацьбу. Але пятніца 13-я аказалася нешчаслівай толькі для ігракоў «Барысфена». 

«Усіх віншую з завяршэннем юбілейнага чэмпіянату. У рэальнасці фінал атрымаўся — хацелася б яго падоўжыць, і я вельмі ўдзячны сваім ігракам, якія да апошняга моманту трымалі патрэбны рытм і веру ў тое, што беларускі баскетбол пакуль не скончыўся. Але фінал сёння завяршыўся, усіх віншую з гэтай падзеяй. Чакаем далейшых поспехаў і чэленджаў у наступным годзе», — адзначыў Андрэй Крыванос, галоўны трэнер «Барысфена».

У фінальнай серыі чэмпіяната Беларусі каманды сустракаюцца да трох перамог. У дзвюх папярэдніх гульнях, якія прайшлі ў магілёўскім спорткомплексе «Алімпіец», каманды таксама разгарнулі напружаную барацьбу. Але абодва разы «Цмокі-Мінск» былі мацнейшымі, матчы заканчваліся з вынікамі 84:72 і 64:59. Калі б у пятніцу пераможцамі сталі магілёўскія баскетбалісты, лёс галоўнага трафея вырашаўся 15 мая. Але дадатковы матч гуляць не прыйшлося. 

«Можна доўга разважаць, чаму гульня так складвалася. Але важны вынік. Я хачу павіншаваць сваіх ігракоў. Я нават не мог уявіць, што можа атрымацца такі складаны сезон з усімі абмежаваннямі, пандэміяй, сітуацыяй у свеце. У сярэдзіне года мы правялі 56 дзён без адзінай гульні, потым людзі з’ехалі і каманда з новымі лідарамі павінна была заканчваць сезон. Але яны зладзіліся і дасягнулі выніку. Я ганаруся імі. У нас неяк не атрымліваецца, каб ты выйграў і адразу былі эмоцыі. Я баяўся чацвёртай гульні, таму што я разумеў, што мы на мяжы, і супернік на мяжы і хацелася гэта ўсё хутчэй скончыць. І я ўдзячны богу, што мы прайшлі гэтым шляхам. За гэтыя паўгода ігракі сталі мацнейшымі характарамі, мацнейшымі як асобы. І я спадзяюся, што гэта дапаможа ім у далейшай кар’еры», — падзяліўся сваімі ўражаннямі галоўны трэнер «Цмокаў» Расціслаў Вяргун. 

Па традыцыі, падчас цырымоніі ўзнагароджання чэмпіёнаў і прызёраў былі адзначаны лепшыя ігракі турніра па амплуа. Лепшым абаронцам прызнаны Уладзіслаў Блізнюк («Цмокі-Мінск»), лепшым нападаючым — Уладзіслаў Мікульскі («Барысфен»), а лепшым цэнтравым — Дарол Эрнандэс-Зіненка («Цмокі-Мінск»). Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў Тывейн Макі («Барысфен»). MVP турніру стаў Яўген Бялянкоў («Цмокі-Мінск»).

Такія ўзнагароды як знакі адрознення і медал

і Беларускай федэрацыі баскетбола таксама нашлі сваіх герояў падчас гэтага матчу. За вялікія заслугі ў папулярызацыі баскетбола і здаровага ладу жыцця, за ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў Выканкам БФБ прыняў рашэнне ўзнагародзіць знакам адрознення і памятнай манетай «Баскетбол», выпушчанай Нацыянальным банкам, трэнера-выкладчыка Смаргонскай СДШОР Валерыя Юрчанка і трэнера-выкладчыка СДЮШАР «Мінск-2006» Сяргея Шайкоўскага. Медалі знайшлі заслужанага трэнера па баскетболе Аляксандра Барысава і заслужанага трэнера па баскетболе, старшыні Камісіі ветэранаў БФБ Рэгіну Пышнік.

«Уся фінальная серыя атрымалася класнай. Мы ўбачылі, што не фанаты „Барысфена“, ні сама каманда не маюць намеру здавацца. Барацьба ішла кожную секунду, былі вельмі напружаныя баталіі. Гэта тое, што прыцягвае балельшчыкаў і тое, што робіць від спорту відовішчным. Я думаю, што кожны хто прыйшоў атрымаў максімум пазітыву. Вядома, кожнай камандзе хочацца перамагчы. Але мы ўбачылі, што ў камандзе Барысфен шмат маладых перспектыўных ігракоў, якія ўжо прыцягваюцца ў склад нацыянальнай зборнай. Мы ўбачылі, што Андрэй Крыванос, які сам выступаў у чэмпіянаце і быў неаднаразовым чэмпіёнам Беларусі, вядзе правільную працу з маладымі ігракамі. Мы да гэтага і імкнемся. Кожны клуб у нашай краіне павінен рыхтаваць ігракоў для нацыянальнай зборнай. Мы бачым, што „Барысфен“ паспяхова з гэтым спраўляецца, чакаем заканчэння фінальнай серыі за трэцяе месца. Кожны матч у нашым чэмпіянаце варты ўвагі балельшчыкаў і СМІ. Гэта паказвае, што і дзіцячыя трэнеры працуюць, працуюць трэнеры прафесіянальных каманд. Такі комплексны падыход нас радуе», — адзначыла генеральны сактар Беларускай федэрацыі баскетбола, член Выканкама ФІБА Еўропа Настасся Марыніна. 

Яна падкрэсліла, што сёння адзначаецца стагоддзе беларускага баскетбола. У 1921 годзе ён зарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, у 1922 была заснавана першая баскетбольная секцыя і ў 1923 годзе прайшоў першы матч.
А тым часам працягваецца серыя за бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі па баскетболе. У пятніцу ў трэцім матчы баскетбалісты віцебскага «Рубона» абыгралі «Гродна-93» з вынікам 86:79. Да гэтага дзве гульні прайшлі ў Гродна. Спачатку мацнейшымі аказаліся гаспадары — 89:75, а затым віцебчане ўзялі рэванш — 81:74. Такім чынам, для агульнай перамогі ў бронзавай серыі віцяблянам засталося выйграць усяго адзін паядынак. Ён адбудзецца 15 мая ў Віцебску.

Валерыя СЦЯЦКО
Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.