Вы тут

Перакладчыцкая справа на ніве кітаістыкі патрабуе пашырэння


У Выдавецкім доме «Звязда», выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Беларуская навука», «Адукацыя і выхаванне», некаторых іншых выдавецтвах краіны надзвычай ўважлівыя да прадстаўлення беларускаму чытачу мастацкай літаратуры Кітая ў перакладах на беларускую і кітайскую мовы. Тое, што адбываецца ў Беларусі на гэтым накірунку літаральна ў апошнія паўтара-два дзесяцігоддзі, проста ўражвае, паказвае, наколькі шчыра і ахвотна беларускія мастакі слова ўнікліва сягаюць у глыбіні кітайскага прыгожага пісьменства, наколькі захоплена акрэсліваюць сваю далучанасць да мастацкага свету Паднябеснай.


Надзвычай шмат зроблена Выдавецкім домам «Звязда» і выдавецтвам «Мастацкая літаратура» на гэтай ніве літаратурнага, мастацкага, культурнага братэрства. Прыйдзе час — гісторыкі літараты ацэняць гэтыя здабыткі, што сёння выяўляюцца ў бібліятэцы ці не з паўсотні кніг. Ды і сёння зробленае заўважана: і прысуджэннем перакладчыку Міколу Мятліцкаму Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь канкрэтна за пераклады кітайскай паэзіі — у кнізе «Пад крыламі Дракона», і адзнакамі на конкурсе «Мастацтва кнігі» паліграфічнага, выдавецкага выканання, ілюстрацыйнага афармлення кніг на кітайскую тэму. Дарэчы, не толькі ў Беларусі, але і ў межах конкурса «Мастацтва кнігі СНД». Зробленаму можна толькі парадавацца.

Асабліва яркай прадстаўляецца кніга «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Паэты Кітая XX стагоддзя». У ёй — сапраўды паэтычны партрэт развіцця краіны і народнага лёсу Кітая і кітайцаў. «Першая раніца 1900 стагоддзя» ... Такім вершам паэта Хуана Цзуньсяня (1848 — 1905) пачынаецца па-свойму ўнікальная анталогія перакладаў кітайскай паэзіі ў пераўвасабленні лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага. Сто паэтаў аднае нацыянальнай прасторы з аднаго стагоддзя прадстаюць перад чытачамі на іншай мове. Ужо сам факт з’яўлення такога творчага праекта падаецца значнай падзеяй. «Вітаючы ранак, зноў голасна певень прапеў./ Ад сонца і месяца далечы свету відны...» («Першая раніца...»). І з апошняй страфы верша Хуана Цзуньсяня: «Ужо дзевятнаццаць стагоддзяў пажару таму./ Што нішчыць хаціны, зямлю залівае крывёй./ Не знаю, што спыніць багіню вайны Сіванму/ І колькі стагоддзяў шчэ цешыцца бедамі ёй?!» Ёсць у гэтым вершы — свая жыццёвая філасофія, што надае твору актуалію і сёння. Гэтым, відавочна, і кіраваўся перакладчык, стараючыся паказаць не толькі Кітай і кітайскую паэзію, а стараючыся разгледзець стагоддзе праз прызму вялікай усходняй паэзіі. Мне здаецца, што спроба стварэнне такой карціны развіцця часу перакладчыку ўдалося. Думаю, што анталогія, фармат выбару перакладчыка павінны зацікавіць і кітайскіх літаратараў, даследчыкаў... З часу выдання анталогіі прайшло ці не чатыры гады. Так, медыйных паведамленнях у звязку з нараджэннем такой кнігі было нямала. Рэцэнзіі — лічаныя. Хаця б пра кнігу маглі б гаварыць, маглі б яе аналізаваць з розных пунктаў гледжання — і ў Беларусі, і ў Кітаі. Адсутнасць шырокай увагі — тэма трывожная. Гэта гаворыць, што ў рамках, межах адной вялікай справы вельмі важны гісторыка-літаратурны, літаратурна-крытычны складнік не заўважае хаця б выдавецкіх памкненняў да пашырэння пратсоры кітайскага літаратурнага свету ў Беларусі. Як і не заўважае працу саміх перакладчыкаў. Хаця пра ўзровень падрыхтаванасці беларускіх кітаістаў сведчаць і канферэнцыі — найболей універсітэцкія —, дзе агучваюцца паведамленні, даклады на розныя тэмы кампаратывісцкага характару, дзе грунтоўна разглядаюцца беларускімі даследчыкамі творы пісьменнікаў Кітая, выдадзеныя, як правіла, на рускай мове выдавецтвамі Расіі ці выдавецтвамі Кітая.

Так, у апошнія гады ў беларускім мастацкім свеце выразна назіраецца асаблівая ўвага да пераклдаў кітайскай паэзіі. У Выдавецкім доме «Звязда» выходзіла серыя кніг «Светлыя знакі: паэты Кітая». Пабачылі свет, пачынаючы з 2014 года, дзесяць зборнікаў. Іх аўтары — Ван Вэй, Ду Фу, Лі Бо, Ай Цін, Лі Хэ, Лі Цінчжао, Ван Гочжэнь, Мэн Хаажань, Сюй Чжымо, Вэнь Ідо. А перакладчыкаў над пераўвасабленнем іх твораў на беларускую мову праходзіць цэлы атрад. І паэты, якія даўно і стала працуюць у беларускай паэзіі, і маладыя літаратары... Апошнія зборнікі, дарэчы, выйшлі на дзвюх мовах — кітайскай і беларускай. Кнігі серыі выходзілі і ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». У аднолькавым афармленні, што і ў «Звяздзе». Зараз, на працягу некалькіх гадоў — перапынак. Відавочна, энтузіязм выдаўцоў перапыніўся... Пераклады кітайскай паэзіі друкуюцца ў перыёдыцы: у часопісах «Полымя», «Маладосць», газеце «Літаратура і мастацтва». За гонар лічаць змяшчаць пераклады з кітайскай у сваіх аўтарскіх кнігах Таццяна Сівец, Юлія Алейчанка. А Юлія Алейчанка яшчэ падрыхтавала і выдала кнігу сваіх перакладаў з розных моў, дзе кітайская паэзія, зразумела, займае пачэснае месца. Спадзяюся, што традыцыя, запачаткаваная зусім нядаўна (альбо прадоўжаная з ранейшых падыходаў беларускіх перакладчыкаў да кітайскай паэзіі) набудзе як ніколі шырокую прастору. Такога развіцця, наколькі мне вядома, няма ні ў адной з іншых сучасных славянскіх літаратур, хіба, акрамя рускай... Літаральна за некалькі гадоў перакладзена болей дзесяці аўтарскіх кніг кітайскіх паэтаў на беларускую мову!.. Хіба ж не падзея?!. Хіба ж не з’ява?!. І, канешне ж, трэба абсяг гэты вывучаць, абмяркоўваць, аналізаваць. І, безумоўна, варта развіваць. Тым болей, што да работы над серыяй «Светлыя знакі: паэты Кітая» спрычыніліся добрыя знаўцы кітайскай мовы — яны і самі перакладалі, і падрадкоўнікі для іншых рыхтавалі. Размова — пра Алену Раманоўскую, Вераніку Жукавец, Дар’ю Нечыпарук і шмат яшчэ каго. Зараз праект па выданню «Светлых знакаў...» і ў Выдавецкім доме «Звязда», і ў «Мастацкай літаратуры» спынены. Будзем спадзявацца, што хутчэй — прыпынены на некаторы час. Мо варта прыўзняць тэму ўзнаўлення ранейшай актыўнасці для абмеркавання ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі і ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы..?

І тут хацелася б перайсці яшчэ да адной акалічнасці. Перакладчыцкія памкненні беларускіх майстроў мастацкага слова патрабуюць падтрымкі. І не толькі праз фінансаванне, фундацыю выдання перакладаў. З гэтым, здаецца, і атрымліваецца. Частку кніг «Светлыя знакі...», кнігі «Пялёскт лотаса і хрызантэмы...», Ай Ціна «Гімн святлу» Міністэрства інфармацыі прафінансавала цалкам, стопрацэнтна. Але новы ўзровень работы над стварэннем беларускай прасторы кітайскай паэзіі патрабуе пэўных, крых іншых арганізацыйных намаганняў. Творчая ініцыятыва — падстава і толькі пачатак для руху наперад. Чаму б, напрыклад, з удзелам кітайскага боку (а ў Пекіне і іншых гарадах Паднябеснай плённа працуюць цэнтры, інстытуты славістыкі; там працуюць і цэнтры культуры, цэнтры даследвання Беларусі адразу ў некалькіх ВНУ) не правесці адмысловы практычны семінар перакладчыкаў? Чаму б не наладзіць у беларускім і кітайскім літаратурна-мастацкім перыядычным друку дыскусію, абмеркаванне на тэму «Каго з кітайскай паэзіі даўніх часін і кітайскай паэзіі сучаснасці найперш перакладаць?..»? Чаму б не правесці ў беларускіх ВНУ, на філалагічных факультэтах універсітэтаў сустрэчы з сучаснымі кітайскімі паэтамі..? Няхай сабе і ў фармаце анлайн. Крокаў да зацікаўленага абмеркавання паэтычнай прасторы і шляхоў па яе пашырэнню можа быць шмат. І не займацца імі арганізацыйна, не праяўляць зацікаўленасць з боку розных грамадскіх і дзяржаўных інстытутаў — значыць, пусціць справу на самацёк, не выключыць варыянт яе развіцця як праекта эпізадычнага... А гэтага не хацелася б дапусціць. Іначай будзе страчана тая ініцыятыўнасць, што ўжо паспрыяла нараджэнню, лічы, добрай бібліятэкі кітайскай літаратуры ў Беларусі ў перакладах на беларускую і кітайскую мовы.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.