Вы тут

Як стаць харызматычным чалавекам?


Харызма – гэта незвычайная здольнасць уплываць на людзей і прыцягваць іх да сябе. Уражанне, якое вы аказваеце на іншых, – гэта ваш асабісты ўклад, які практычна цалкам залежыць ад вашага валодання харызмай. Многiя з нас былі б рады стаць больш упэўненымi ў зносінах. Што ж, гэта магчыма. Аднак, ёсць людзi, якiя думаюць, што харызмай валодаюць толькі абраныя, прычым дарам іх надзяліла сама прырода. Аднак харызму нельга лічыць выключна прыроднай якасцю. Нягледзячы на свой неверагодны ўплыў, харызматычнымi асобамi з'яўляюцца найперш звычайныя людзі. Таму ў некаторай ступені кожны з нас можа авалодаць гэтым эфектам.


Харызматычнымі людзьмі не нараджаюцца, iмi становяцца

Харызма дазваляе дамагчыся паспяховых зносін з людзьмі: іх згоды, даверу i адданасці. Аб людзях, якія валодаюць харызмай, кажуць, што ў іх ёсць шарм і прыцягальная сіла — на фізічным, эмацыйным, інтэлектуальным і, магчыма, нават духоўным узроўнi. Але развіццё харызмы патрабуе штодзённай практыкі. Для гэтага можна выкарыстоўваць зносіны — па тэлефоне, у краме, у рэстаране, у паездцы, на працоўным сходзе. Увогуле, дзе заўгодна. Дык як жа можна развіць у сабе гэты навык?

Удасканаленне харызмы пачынаецца з павышэння ўзроўню самасвядомасці. Для гэтага вы павінны разумець:

  • Хто вы і да чаго імкнецеся;
  • Які ўплыў вы аказваеце на навакольных;
  • Які ўплыў аказваюць на вас навакольныя;
  • Што адбываецца вакол у дадзены момант часу.

Высокі ўзровень самасвядомасці азначае, што вы можаце:

  • Аналізаваць сябе аб'ектыўна;
  • Прымаць меркаванне людзей без крытыкі

Красамоўе. Людзі, якія валодаюць моцным эфектам харызмы, умеюць дакладна фармуляваць думкі. Бо поспех шмат у чым залежыць ад таго, як чалавек выказвае сваё меркаванне. Гэта датычыцца не толькі публічных выступаў, але і паўсядзённай працы. Таму для ўзмацнення эфекту харызмы неабходна навучыцца правільна выказваць думкі, дакладна фармуляваць ідэі, каштоўнасці і праблемы.

Шматлікія даследаванні паказваюць, што паспяховасць чалавека напрамую залежыць ад яго слоўнікавага запасу.

Для гэтага:

  • Чытайце пазнавальныя кнігі і запамінайце незнаёмыя словы, высвятляючы іх значэнне.
  • Вывучайце мастацтва, тэатр, літаратуру, замежную мову, філасофію, навуку і псіхалогію. Яны пакажуць вам новыя спосабы выказвання.
  • Слухайце: старайцеся часцей слухаць тых, хто прыгожа гаворыць
  • Гутарце: удзельнічайце ва змястоўных, разумных размовах.

Ваш тэмбр мае значэнне. Патрэніруйцеся казаць павольней. Калі вы будзеце аддзяляць словы секундай-другой, гэта ўзмоцніць ваша асобаснае ўздзеянне. Людзі са слабым эфектам харызмы часта гавораць манатонна, нават не ўсведамляючы гэтага.

  • Рабіце акцэнт на важных словах і выказваннях, узмацняючы іх гучанне;
  • Укладвайце больш эмоцый у тое, што гаворыце;
  • Рабіце акцэнт на канцы прапаноў і на пытаннях.
  • Голас: выпрацуйце прыемны голас, змяняючы яго такім чынам, каб ён адлюстроўваў вашу цвёрдасць і ўпэўненасць.

Будзьце ўпэўненыя ў сабе. Калі вы не падабаецеся сабе, то чаму вы павінны падабацца іншым? Упэўненасць мае важную ролю ў стварэнні эфекту харызмы. І гэта першая ўмова для вашых поспехаў і перамог.

Упэўненасць – гэта ўлада ўплываць на думкі, пачуцці і паводзіны людзей.

  • Упэўненасць праўляецца ў позе і выправе чалавека, а таксама ў мове цела;
  • Спакой: ваша пастава павінна быць адкрытай, паказваючы, што вы гатовыя да ўсяго;
  • Наўпрост звяртайцеся да суразмоўцы - выяўляйце ўвагу да яго. Напрыклад: "Вы згодны?", "Што вы пра гэта думаеце?";
  • Пазбягайце слоў, якія кажуць аб вашай слабасці: не выкарыстоўвайце выразы, якія адлюстроўваюць вашыя сумнёвы;
  • Будзьце актыўныя: вазьміце ініцыятыву ў гутарцы ў свае рукі;
  • Глядзіце людзям у вочы і захоўвайце глядзельны кантакт, каб паказаць чалавеку: «Я ўпэўнены ў сабе і цікаўлюся вашым меркаваннем».

Паводзьце сябе так, быццам навакольныя рады вас бачыць, і яны, хутчэй за ўсё, так да вас і будуць ставіцца. Паводзьце сябе так, як быццам людзі хочуць пачуць вашу думку, і так яно і будзе. Паводзьце сябе так, як быццам вас усё паважаюць, і людзі будуць ставіцца да вас такiм чынам. І з часам вам больш не трэба будзе прыкідвацца.

Навучыцеся ацэньваць энергетычны ўзровень людзей - высокі ён ці нізкі, паднімаецца або апускаецца? А прыкметы змены энергетычнага ўзроўню можна ўбачыць у позе чалавека, глядзельным кантакце, руху рук або ног.

Сумленнасць – аснова харызмы. Але нельга аб'явіць сябе сумленным, людзі павінны самі вырашыць, можна вам давяраць ці не. Некаторым важна адчуць, што вы верныя самому сабе, ведаеце, хто вы, і на што здольныя. Навакольным важна адчуць сувязь з вамі - з тым, што вы сабой уяўляеце і якіх каштоўнасцяў прытрымліваецеся. Так вы зможаце стварыць моцнае, запамінальнае ўражанне і ўсталяваць трывалыя адносіны. Ёсць сiтуацыi, калі сустракаеш чалавека, які не імкнецца быць сумленным ці верным сваiм прынцыпам, неўзабаве адчуваеш, што нешта з ім не так, – быццам яму не падабаецца быць сабой. Пра такiх людзей мы кажым: «Ён гуляе ролю».

Людзі апранаюць на сябе маску, а потым дзівяцца, што ім не ўдаецца аказаць жаданае ўздзеянне на навакольных.

Прымайце іншыя пункты гледжання. Ёсць нешта прывабнае ў чалавеку з выразнымі поглядамі, які не навязвае іх нікому. Умацуйце асобаснае ўздзеянне, смела выслухоўвайце альтэрнатыўныя пункты гледжання і не займайце абарончую пазіцыю. Калі меркаванне чалавека адрозніваецца ад вашага, не ігнаруйце яго, а лепш выкарыстоўвайце ва ўласных мэтах. Магчыма, у вас атрымаецца звязаць яго з вашым пунктам гледжання і тым самым умацаваць сваю пазіцыю.

Мова цела. Вы ўваходзіце ў пакой горбіўшыся, быццам просіце прабачэння? Ці вы ўваходзіце з высока паднятай галавой, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, нават будучы нізкарослым? Наколькі вашыя жэсты адпавядаюць словам? Унутранае стаўленне і вера ў свае словы аказваюць вялікае ўздзеянне на рэакцыю вашага цела. Калі вы настроены пазітыўна, перакананы ў сваёй правасці, то будзеце актыўна жэстыкуляваць. I, наадварот, калі ж вы настроены песімістычна, то вашыя жэсты, хутчэй за ўсё, выдадуць вас.

Калі вы будзеце адлюстроўваць ахвяру, то і людзi, хутчэй за ўсё, пачнуць ставіцца да вас адпаведна. Калі вы лічыце, што вас ігнаруюць, так і будзе.

Энергія. «Гарачыя», захопленыя зносіны патрабуюць энергіі. Бо менавіта энергію вы ўкладваеце ў сваю прамову і паводзіны. Энергічныя людзі больш заўважныя, іх прысутнасць здаецца ярчэйшай. Звярніце ўвагу на тое, як вы ўкладваеце сваю энергію ў розных сітуацыях. Без энергіі немагчыма выказаць сябе ў поўнай меры, нават самая цікавая ідэя і самы пераканаўчы чалавек у гэтым выпадку застануцца незаўважанымі.

Поспех залежыць ад асобасных якасцей, а не ад знешніх абставін.

Пачуццё гумару. Часам варта пажартаваць з сябе. Напрыклад, замест таго каб успрымаць сябе занадта сур'ёзна, паспрабуйце падключыць сваё прыроджанае пачуццё гумару, каб навакольным было прыемна вас слухаць.

Дагледжанасць. Гледзячы на вас можна сказаць, што вы клапоціцеся пра сябе? Вырашыце, што вам варта змяніць у сваёй знешнасці. Прааналiзуйце, што робіць ваш знешні выгляд унікальным? Наколькі ваш выгляд адпавядае працоўным умовам? Ён дапамагае вам зрабіць жаданае ўражанне на навакольных? Таму заўсёды апранайцеся крыху лепш, чым усе астатнія, асабліва на працы. Хоць гэта не адзіны фактар, які робіць вас харызматычным, ён стане для вас дапаможным і паўплывае на станоўчае ўспрыманне вас у грамадстве разам з іншымі навыкамі.

Усмешка, якую вы дорыце людзям, безумоўна вернецца да вас.

Усміхайцеся. Людзі адказваюць на ўсмешку, яна заразлівая, ёй складана супраціўляцца. Людзі з моцным эфектам харызмы часта ўсміхаюцца, разумеючы, наколькі гэта эфектыўна ў праяве ўвагі. Чым больш вы ўсміхаецеся, тым лепш сябе адчуваеце, таму навакольныя, заражаючыся вашым настроем, рэагуюць дадатна. Але некаторым нялёгка ўсміхацца і давядзецца над гэтым папрацаваць.

Як толькі вы навучыцеся ўплываць на іншых, перад вамі адкрыецца мноства магчымасцяў. Калі ў вас добрыя стасункi з навакольнымi, яны з задавальненнем вас выслухаюць, пацікавяцца вашым меркаваннем, выканаюць вашыя просьбы. Гэты навык, безумоўна, палепшыць ваша жыццё.

Псiхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?