Вы тут

У традыцыйным аглядзе «Звязды» дзелімся актуальнымі спартыўнымі навінамі


Гераіні тыдня

Валейбалісткі «Мінчанкі» сёмы раз запар сталі чэмпіёнкамі Беларусі. У трэцім матчы фінальнай серыі сталічныя валейбалісткі трэці раз абыгралі саперніц з «Прыбужжа» з вынікам 3:0. У двух стартавых паядынках серыі «Мінчанка» таксама перамагала ўсухую — 3:0.

У паўфінале чэмпіёнкі былі мацнейшыя за магілёўскі «Камунальнік-МДУ», а брэсцкая каманда абыграла мазырскую «Жамчужыну Палесся». У серыі за бронзавыя ўзнагароды мазыранкі аказаліся мацнейшымі за магілёўскіх валейбалістак.

Тым часам скончыўся першы фінальны турнір рэспубліканскіх спаборніцтваў дзіцяча-юнацкай валейбольнай лігі «Мяч над сеткай». У спаборніцтвах дзяўчат 2006 года нараджэння перамагла каманда валейбольнага клуба «Мінск». Сярэбранымі прызёрамі сталі валейбалісткі са Жлобіна, а бронзавымі — спартсменкі гродзенскай АСДЮШАР імя Аляксандра Сапегі. Мужчынская каманда з гэтай школы стала пераможцай у дадзенай узроставай катэгорыі. Другімі — валейбалісты «Мінска», трэцяе месца ў СДЮШАР «Энергія» з Гомеля. У спаборніцтвах дзяўчат 2009 года нараджэння першынство атрымала каманда клуба «Мінск». Другое месца ў прадстаўніц Гродна, трэцяе — у спартсменак другой каманды «Мінска». На наступным тыдні ў Мінску пройдуць вырашальныя сустрэчы яшчэ ў чатырох узроставых катэгорыях.


Цытата тыдня

«У вас ёсць шмат іншых відаў спорту, у якіх вы можаце нам дапамагчы, у тым ліку з канкурэнцыяй. Што датычыцца канкрэтна лыжнікаў-гоншчыкаў, у вас ёсць добры цэнтр. Ва ўсіх нашых сумесных трэніроўках мы адназначна можам адзін аднаму быць карыснымі. Трэніровачныя мерапрыемствы сумесна з іншымі спартсменамі заўсёды прыносяць вынік. Тая ж Валянціна Камінская можа нам нервы пакалашмаціць перыядычна. Калі мы тэсціруем цяпер лыжаролеры беларускай вытворчасці для зборнай каманды, думаю, беларусы могуць нам вельмі дапамагчы ў плане падрыхтоўкі спартсменаў», — заявіла прэзідэнт Асацыяцыі лыжных відаў спорту Расіі Алена Вяльбе падчас свайго рабочага візіту ў Беларусь. Яшчэ яна расказала пра планы правесці зімой у Беларусі спаборніцтвы з удзелам расійскай зборнай.

Таксама кіраўнікі Беларускага лыжнага саюза і Асацыяцыі лыжных відаў спорту Расіі падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. «Цяпер добры час для сумеснага развіцця лыжных відаў спорту як у Беларусі, так і ў Расіі. Нам трэба думаць аб аб'яднанні і правядзенні разнастайных сумесных мерапрыемстваў, у тым ліку трэніровачных. Я з задавальненнем пагадзілася на гэтую прапанову з боку калег з Беларусі. Мы дастаткова хутка ўсё абмеркавалі. Спадзяюся, зможам адзін аднаму быць карыснымі», — пракаментавала падзею Алена Вяльбе.

Плануецца супрацоўнітва на ўзроўні нацыянальных зборных, судзейскага корпуса, сумесных спаборніцтваў.


Медалі тыдня

Беларускія дзюдаісты заваявалі 14 узнагарод на міжнародных спаборніцтвах у Расіі. Адзін турнір прайшоў у Хабараўску і быў прысвечаны памяці родапачынальніка расійскага дзюдо Васіля Ашчэпкава. Беларус Арцём Коласаў стаў сярэбраным прызёрам у вагавой катэгорыі 60 кг. Бронзавыя ўзнагароды павезлі ў Беларусь Ягор Трухан (73 кг), Аляксандр Сідорык (90 кг) і Даніэль Мукетэ (100 кг).

Дзве «бронзы» беларускі заваявалі на прафесійных спаборніцтвах сярод жанчын «Пецярбургскі выклік» — Ксенія Даніловіч (52 кг) і Дар'я Канцавая (78 кг).

На турніры «Памяці герояў Айчыны» сярод юнакоў і дзяўчат да 18 гадоў у Цюмені на найвышэйшую прыступку п'едэстала падняліся Яўген Гарбачоў (60 кг) і Антон Дубовік (66 кг). Сярэбраны медаль у Арыны Макеенкі (48 кг), уладальнікамі бронзавых узнагарод сталі Соф'я Варапай (44 кг), Віялета Фёдарава (63 кг), Аляксандра Купчанка (70 кг), Стас Альхоў (60 кг) і Канстанцін Гуркаеў (50 кг).


Паражэнне тыдня

Арына Сабаленка не змагла прабіцца ў фінал турніру катэгорыі WTA-1000 у Рыме з прызавым фондам $2,5 млн. У паўфінале восьмы нумар сусветнага рэйтынгу ўступіла першай ракетцы свету Ізе Свёнтэк. Вынік сустрэчы — 2:6, 1:6. У італьян-
скай сталіцы Арына Сабаленка аказалася мацнейшай за кітаянку Чжан Шуай (42) — 6:2, 6:0, амерыканку Джэсіку Пегулу (11) — 6:1, 6:4, яшчэ адну прадстаўніцу ЗША Аманду Анісімаву (32) — 4:6, 6:3, 6:2.

Дзве беларускі завяршылі выступленні ў Рыме. Яшчэ раней Вікторыя Азаранка (16) у матчы 1/8 фі-
налу ўступіла Ізе Свёнтэк — 4:6, 1:6. Аляксандра Сасновіч (50) у другім раўндзе прайграла трэцяй ракетцы планеты, іспанцы Паўле Бадосе — 2:6, 1:6.

Пасля завяршэння турніру ў Рыме найлепшыя тэнісісткі свету адправяцца ў Парыж, дзе 22 мая стартуе другі ў сезоне турнір серыі «Вялікага шлема» — «Ралан Гарос».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.