Вы тут

Атрад, яшчэ атрад...


Май — пік фарміравання студэнцкіх атрадаў. Яны ствараюцца па некалькіх профілях. Самая вялікая колькасць прыпадае на аграрны сектар — у ім будуць занятыя амаль палова студэнтаў, яшчэ 20 % ад агульнай колькасці — гэта сэрвісныя атрады, 10 % — педагагічныя. Таксама будуць працаваць экалагічныя, будаўнічыя і медыцынскія атрады. Ці ёсць конкурсны адбор у студэнцкі атрад? Якія самыя папулярныя і што такое студэнцкая будоўля? На пытанні карэспандэнта «Звязды» адказаў першы сакратар Гродзенскага абкама БРСМ Андрэй Есін.

 Як ідзе прыём заявак? І хто можа трапіць у студэнцкі атрад?

— На гэты сезон паступіла больш за пяць тысяч заявак, а плануем працаўладкаваць больш за сем тысяч, што больш чым летась. Зараз самая гарачая пара, усе вызначаюцца з планамі на лета. Да таго ж хутка сесія, а яна павінна быць здадзена. Акрамя студэнтаў у атрады могуць быць уключаны і старэйшыя школьнікі з 14 гадоў. Як правіла, яны працуюць у экалагічным профілі, напрыклад, у лясгасах на пасадцы дрэў. Такія атрады ўжо прыступілі да працы. Але асноўны масавы перыяд — гэта лета :чэрвень, ліпень, жнівень. 
 
 Куды трэба звяртацца, каб атрымаць даведку і падаць заяўку? 
 
— У сакавіку стартавала акцыя — «Выбіраем будатрад». У сацыяльных сетках размешчана інфармацыя аб тым, што ёсць магчымасць папрацаваць у летні час. У пярвічках БРСМ створаны асобныя інтэрнэт-пляцоўкі, працуе блок-чат у тэлеграм-канале. Можна зайсці ў пярвічны камітэт і запоўніць анкету. Многія ўжо ведаюць гэты механізм, бо працавалі раней. Такая інфармацыя больш для навічкоў. 
 
- Напрыклад, студэнт упершыню трапіў у атрад. Яму трэба мець нейкія навыкі?
 
— Калі атрад сфарміраваны, ён не адразу прыступае да працы. Гэтаму папярэднічае падрыхтоўчая работа. Што сюды ўваходзіць? Напачатку вызначаюцца аб’ёмы, вядзецца інструктаж па ахове працы, улічваюцца і медыцынскія параметры стану здароўя. Урач павінен даць заключэнне. Усё гэта можа доўжыцца як мінімум месяц. І гэтым займаецца непасрэдна штаб БРСМ. Калі атрад гатовы, ён накіроўваецца па месцы працы, дзе з кожным работнікам заключаецца працоўны дагавор падраду. І там праходзіць яшчэ дадатковы інструктаж. Увогуле можна сказаць, што падрыхтоўчая работа займае нават больш часу, чым сам працоўны працэс. Бо працуюць толькі летам, а жыццё студэнцкіх атрадаў ідзе круглы год.
 
 На падставе чаго фарміруюцца заяўкі? Чаму аграрных атрадаў больш, а медыцынскіх, і нават будаўнічых, значна менш? 
 
— Гэта абумоўлена патрэбай заяўнікоў. Такі спіс паступае ад іх напачатку года і зацвярджаецца выканаўчымі камітэтамі. Мы можам прапанаваць свае аб’екты, гэта ўлічваецца. У першую чаргу фарміруюцца атрады туды, дзе ў іх ёсць значная патрэба. Напрыклад, у медыцыне шырока распаўсюджана валанцёрства, а студэнцкія атрады маюць іншы кірунак дзейнасці. Таму такіх атрадаў мала. 
 
 У якія атрады найбольшы ажыятаж, ці такога няма? 
 
— Гэта міжнародныя педагагічныя і сэрвісныя атрады, там ёсць конкурс. Яны ездзяць працаваць у Расію на Чорнае мора — Анапу, Геленджык. Мы там даўно працуем у аздараўленчым комплексе «Жамчужына», «Крыніцы», у санаторыі «Ейск», а сёлета будзем працаваць у дзіцячых усерасійскіх лагерах «Арляня» і «Марская хваля» ў Туапсе. 
Першы заезд з 1 чэрвеня па 15 ліпеня, другі — з 15 ліпеня па 31 жніўня. З-за эпідсітуацыі ў 2020 годзе не ездзілі, а летась аднавілі такія паездкі. Для першага заезду падбіраюцца тыя, хто здаў сесію датэрмінова, прайшоў усе папярэднія інструктажы і школу важацкага майстэрства. Для камандзіраў і камісараў асобная падрыхтоўка. Байцы Педагагічных атрадаў працуюць важатымі. А сэрвісныя ў асноўным дапамагаюць на кухні, накрываюць на сталы, падносяць штосьці. Іх графік складзены так, што яны маюць 20 дзён выхадных, якія скарыстоўваюць для адпачынку на моры. Пражыванне і харчаванне бясплатные.
 
 Што можаце сказаць аб вытрымцы? Ці ва ўсіх хапае сілы правесці гэты працоўны семестр цалкам? Ц здараецца адсеў?
 
— Бываюць такія выпадкі, але іх няшмат. Напрыклад, за практыку паездак на мора высветлілася, што не ўсе добра ўяўлялі сабе, што гэта не цалкам адпачынак на моры, хаця часу і на гэта павінна хапіць, але трэба і працаваць. Напрыклад, на кухні гэта не так лёгка, ды і ў атрадах нагрузкі хапае. 
 
Хтосьці ўпершыню з’ехаў далёка аб бацькоў, яму складана, цяжка сацыялізавацца, але такіх зусім мала. Той, хто працуе на выездзе, яны больш адказна падыходзяць да справы, добра працуюць, заяўляюць аб сабе такім чынам. Гэта свайго роду школа лідарства. 
 
 Раскажыце пра знакавыя будаўнічыя аб’екты гродзенскіх студатрадаў. Ці пашыраецца іх кола?
 
— Наша абласная маладзёжная будоўля — гэта анкадыспансер, а да гэтага было будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры ў горадзе атамшчыкаў — Астраўцы. Такой маладзёжнай будоўляй стане будаўніцтва музейнага комплексу ў «Хатыні». Мы ўдзельнічаем у рэспубліканскіх атрадах, напрыклад, на заводзе «Атлант». Студэнцкі атрада політэхнічнага каледжа дапамагаў у рэканструкцыі Старога замка.
 
Сёлета будзе новы абласны праект — кансервавы завод. Для нарыхтоўкі зялёнага гарошку тут гатовы прыняць да 80 чалавек, таму будзе некалькі атрадаў. Магчыма, адновім сумесны беларуска-расійскі праект па правадніках — гэта праца на цягніках, якія ідуць на поўдзень. 
 
 Наколькі работадаўцы зацікаўлены ў прыёмцы студэнцкіх атрадаў? Ім выгадна гэта? 
 
— Як правіла, работа студатрадаў у летні час дазваляе адправіць сваіх работнікаў у адпачынак. Да таго, згодна з палажэннем аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў, якое прынятае напачатку мінулага года, прадпрыемствы вызваляюцца ад выплат у фонд сацыяльнай абароны, абавязковых страхавых выплат. Гэтыя сродкі ідуць на арганізацыю прыёму студэнцкіх атрадаў — пражыванне, харчаванне, бытавыя умовы, транспарт і іншае. Частка пералічваецца на рахункі БРСМ. Самі ўдзельнікі студатрадаў таксама вызваляюцца ад выплаты падаходнага падатку. Заробак за месяц можа скласці ад 400 рублёў у педагагічных атрадах да 1000 у вытворчых. 
 
Чаму сёлета вырашылі павялічыць колькасць студатрадаў?
 
— Сапраўды, сёлета плануем, што на 400-500 чалавек будзе больш. У гэтым зацікаўлены як наймальнікі, так і самі студэнты, дзеля магчымасці зарабіць. Аб узроўні арганізацыі «трэцяй змены» сведчыць і той факт, што гродзенскі штаб тры гады запар выходзіць пераможцам у рэспубліканскім конкурсе на лепшы штаб студэнцкіх атрадаў. Рэгіён — лідар па колькасці ўдзельнікаў і саступае толькі Мінску. Ёсць у нас і свая студатрадаўская сям’я, якая склалася пасля працы на атамнай АЭС у Астраўцы. Дарэчы, менавіта туды яны паехалі працаваць пасля заканчэння ўніверсітэта.
 
Маргарыта УШКЕВІЧ
фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?