Вы тут

Хто галоўны чэмпіён беларускага баскетбола?


Некалькі месяцаў таму ўвесь беларускі баскетбол ускалыхнула страшная навіна — у гульца каманды «Цмокі-Мінск» Рамана Гесця выявілі цяжкую хваробу. Спартсмену ўсяго 21 год. Ён абараняў гонар краіны на пяці чэмпіянатах Еўропы ва ўзроставых катэгорыях U-16, U-18 і U-20. Летам 2021 года разам з маладзёжнай зборнай заняў другое месца на Еўрапейскім кубку выкліку. А ў складзе родных «Цмокаў» увайшоў у лік лепшых гульцоў Расійскай студэнцкай лігі.


Змагацца са страшным дыягназам Раману дапамагалі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гематалогіі і перасадкі коснага мозгу, спартыўная сям’я і мноства неабыякавых людзей. Раману штодзённа патрабавалася донарская кроў. Беларуская федэрацыя баскетбола запусціла дабрачынную акцыю «Рома, мы з табой». Да яе хутка падключыліся супрацоўнікі федэрацыі, члены каманд, аматары, прадстаўнікі іншых відаў спорту. Вынік такой вялікай працы ўсе ўбачылі на фінальным матчы чэмпіянату Беларусі 13 мая. Раман прыйшоў падтрымаць сяброў, сваю каманду, якая актыўна падтрымлівала яго ў самым цяжкім спаборніцтве. З такой падтрымкай «Цмокі» не маглі не перамагчы.

«Роме дапамагаюць усе: нацыянальныя каманды, усе клубы, спартсмены прыязджаюць з розных гарадоў. Усе здаюць кроў. Калі мы даведаліся гэтую страшную навіну, калі з-за ўспышкі каранавіруса ўзніклі складанасці з донарскай крывёй, згуртавалася ўся баскетбольная грамадскасць. Мы адзіная баскетбольная сям’я. На жаль, нашы спартсмены сутыкаюцца з праблемамі са здароўем. Але яны ведаюць, што кожны член баскетбольнай сям’і гатовы падставіць плячо. А Рома — наш галоўны чэмпіён», — падзялілася генеральны сакратар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна.

Нягледзячы на добрую навіну, барацьба Ромы працягваецца. Яму, як і многім людзям з цяжкімі хваробамі, усё яшчэ патрэбна донарская кроў. Прадстаўнікі спартыўнай сям’і працягваюць шчыра ёю дзяліцца. Зрабіць гэта можа і кожны жадаючы. І стаць датычным да самай вялікай перамогі.

Што неабходна, каб здаць кроў як донар для Рамана Гесця:

  • узяць даведку аб стане здароўя (форма Ф1) з вынікам флюараграфіі ОГК за папярэднія 12 месяцаў, і аглядам гінеколага (для жанчын) тэрмінам не старэй за шэсць месяцаў у паліклініцы па месцы жыхарства або ў РНПЦ спорту (для спартсменаў і трэнераў нацкаманд);
  • запісацца на здачу крыві ў будны дзень па тэлефоне +375 (17) 277-20-17 (запіс з 8.00–16.00). Указаць падчас званку, што вы здаяце кроў бязвыплатна для баскетбаліста Рамана Гесця (група крыві значэнне не мае). Кроў можна здаць з панядзелка да пятніцы з 8.00 да 11.00. У Гарадскі цэнтр трансфузіялогіі (вул. Сямашкі, 8) лепш прыбыць да 8.00;
  • перад здачай крыві выконваць усе рэкамендацыі з памяткі;
  • пры сабе мець пашпарт, ваенны білет (для ваеннаабавязаных), фота 3×4, зменны абутак (сланцы), медыцынскую маску і добры настрой;
  • у прызначаны дзень прыехаць па адрасе вул. Сямашкі, 8 (будынак гарадскога цэнтра трансфузіялогіі размешчана злева за галоўным корпусам, уваход для донараў — правы бакавы);
  • прыйсці ў рэгістратуру з усімі дакументамі і сказаць, што вы здаяце кроў бязвыплатна для баскетбаліста Рамана Гесця;
  • усе мерапрыемствы зоймуць каля 1,5 гадзіны, сама працэдура здачы крыві — 5-10 хвілін. Ад трэніровак і фізічных нагрузак у гэты дзень давядзецца ўстрымацца.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Беларускай федэрацыі баскетбола

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.