Вы тут

Формула шчаслівай сям’і


«Што азначае для вас сям’я?» — запыталіся дзесяцікласнікі 24-й сталічнай гімназіі ў міністра адукацыі Андрэя ІВАНЦА, які стаў госцем урока «Лёс маёй сям’і ў гісторыі маёй краіны».


«Гэта пытанне адначасова і простае, і складанае. Кожны з нас задумваецца: а што з’яўляецца асновай нашага кожнага дня? Канешне, гэта сям’я. А сям’я — гэта і каханне, і павага, у тым ліку да старэйшых пакаленняў, і пачуццё гонару. Упэўнены, што гонар за радзіму пачынаецца з гонару за сваю сям’ю, за месца, дзе ты нарадзіўся, за школу, дзе вучыўся. Сям’я — гэта сем „я“. Мы ўсе знаходзім сябе ў сваіх блізкіх», — адказаў шчыра міністр.

Баявыя ўзнагароды – сямейная рэліквія…

«Вы шматдзетны бацька, добры сем’янін, займаеце высокую пасаду, на вас ляжыць вялікая адказнасць. Як вам удаецца ўсё сумяшчаць і заставацца паспяховым?» — працягвалі цікавіцца гімназісты. «Можа, мой адказ будзе непапулярны, але трэба разумець, што калі ты ў жыцці нешта недзе знаходзіш, то дзесьці штосьці губляеш. І чым больш складаная і адказная ў цябе праца, тым больш складана знаходзіць час для сваёй сям’і, — канстатаваў госць. — І тут шмат залежыць ад жанчыны, якая побач. Мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала, таму што мая жонка — вельмі мудрая, разважлівая жанчына, якая ўсё разумее і падтрымлівае мяне ва ўсім», — не без гонару канстатаваў госць.

«Андрэй Іванавіч, скажыце, а ці ёсць выхадныя ў міністра і ці ўдаецца вам праводзіць іх з сям’ёй?» — «Калі шчыра, то паўнавартасных выхадных у мяне не бывае, і даводзіцца шукаць час для стасункаў з сям’ёй. Але ў нас ёсць традыцыі, якія мы імкнёмся захоўваць. Усе важныя святы (Новы год, дні нараджэння) абавязкова праводзім у коле сям’і. Калі мы разам — у нас усё добра. Асабліва ў цёплы час года любім вандраваць па краіне, наведваем славутыя мясціны Беларусі. А ў Дзень сям’і выехалі на Лінію Сталіна, каб акунуцца ў падзеі Вялікай Айчыннай вайны».

Гімназістам было цікава даведацца, што цяперашні міністр адукацыі, доктар навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, які яшчэ зусім нядаўна быў Галоўным вучоным сакратаром НАН і ўзначальваў Савет маладых вучоных акадэміі, навучаўся ў самай звычайнай перапоўненай мінскай школе ў спальным раёне сталіцы, праўда, у эксперыментальным класе, займаўся цяжкай атлетыкай. А на яго рашэнне звязаць сваю прафесійную будучыню з хіміяй паўплываў звычайны школьны настаўнік. Увогуле, з педагогамі па жыцці яму моцна пашанцавала і ў Ліцэі БДУ, які ён скончыў, і ў БДУ, і ў Акадэміі навук. Кажа, што і сёння ў яго жыцці ёсць людзі, да меркавання якіх ён прыслухоўваецца.

Трэба заўважыць, што тэма «Гісторыя маёй сям’і ў гісторыі маёй краіны» гучала на ўсіх этапах урока. Так, чацвёртакласніца гімназіі Лізавета АБРАМОВІЧ вельмі кранальна расказала пра свайго прапрадзядулю: «Длугашэўскі Канстанцін Навумавіч нарадзіўся 11 снежня 1905 года ў Капыльскім раёне ў звычайнай сялянскай сям’і. Ён вельмі любіў вучыцца і пастаянна імкнуўся да ведаў. З 1925 года працаваў у савецкіх органах: быў сакратаром, старшынёй сельсавета ў родным раёне. Пасля службы ў арміі ўзначаліў на радзіме калгас, сельпо, працаваў у рэдакцыі газет. З лістапада 1939 года стаў старшынёй Брэсцкага аблвыканкама. Вайна застала прапрадзеда ў Пінску, дзе ён быў на нарадзе. Адразу там ён уступіў у рады Чырвонай Арміі і пайшоў на вайну. Сям’я да 1943 года не ведала, дзе ён і што з ім.

Чацвёртакласніца гімназіі Лізавета АБРАМОВІЧ расказвае пра свайго прапрадзядулю, які пасля вяртання з фронту аднаўляў разбураную сталіцу

З першага да апошняга дня вайны Канстанцін Навумавіч быў на фронце. Ён удзельнічаў у абароне Масквы, Сталінграда, вызваленні Запарожжа, Адэсы, Рыгі. Быў цяжка кантужаны. Вайну скончыў у Празе. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі, у тым ліку за абарону Сталінграда, знакам Пашаны. Пасля вайны з 1946 да 1954 года быў старшынёй Мінскага гарвыканкама. Займаўся аднаўленнем разбуранага горада. Цэнтр Мінска ў яго сучасным выглядзе ствараўся пры яго актыўным удзеле. Пры ім таксама быў запушчаны першы ў Мінску тралейбус. Ён некалькі разоў выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага савета БССР.

Дзядуля сябраваў з многімі вядомымі пісьменнікамі: Якубам Коласам, Петрусём Броўкам, Кузьмой Чорным, з кампазітарамі і народнымі артыстамі. Нягледзячы на свае пасады, мой прапрадзядуля быў вельмі сціплы, зусім непатрабавальны ў побыце. Амаль усё жыццё ён пражыў у вельмі сціплых умовах. Пры гэтым пасля вайны выхоўваў дачку брата, які загінуў на фронце. Я вельмі ганаруся тым, што ў мяне такі прапрадзядуля. Пастараюся таксама пражыць годнае жыццё і прынесці як мага больш карысці».

Падставы зазірнуць у сямейны альбом былі і ў іншых гімназістаў. Так, дзесяцікласніца Эмілія ІСАЕВА расказала пра свайго дзядулю, які ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС у Брагінскім раёне. А Паліна КРАВЕЦ — пра сямейную медыцынскую дынастыю: яе бабуля працуе педыятрам, дзядуля — у службе хуткай дапамогі, бабуля — педыятр, а бацька — нейрахірург-анколаг у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава. Дзяўчына паставіла мэту — паступіць у медыцынскі ўніверсітэт, таму што ў іншай сферы сябе не бачыць.

«Сямейны альбом» 24-й гімназіі таксама вельмі цікава было пагартаць: сярод яе выпускнікоў — вядомая фрыстайлістка Асоль Слівец, беларускі хакеіст Уладзімір Копаць, неаднаразовы прызёр чэмпіянатаў Еўропы па настольным тэнісе Дар’я Трыгалас, майстар спорту Рэспублікі Беларусь у адзіночным фігурным катанні Дар’я Батура. А цяперашняя дзевяцікласніца Ксенія Галецкая стала пераможцай «Славянскага базару» ў 2019 годзе і атрымала Грын-пры ў Сан-Рэма ў 2021 годзе. Яна, дарэчы, парадавала ўсіх удзельнікаў сямейнага ўрока музычнай кампазіцыяй.

Урок  “Лёс маёй сям’і ў гісторыі маёй краіны” праводзіць настаўнік беларускай мовы і літаратуры Таццяна ГАЦАЛЮК.

Напрыканцы падлеткі пацікавіліся ў міністра сакрэтам моцнай і шчаслівай сям’і. «Сям’я — гэта штодзённая праца. Кожны дзень мы працуем над нашымі ўзаемаадносінамі: спачатку паміж мужчынам і жанчынай, потым — паміж бацькамі і дзецьмі. Кожнаму члену сям’і трэба ўдзяляць увагу і аддаваць часцінку сябе, нават нягледзячы на занятасць, — падзяліўся сваім бачаннем Андрэй Іванец. — Другі важны складнік — узаемапавага, ну і, канешне, каханне. А на вынік трэба працаваць штодня. Усім бацькам хочацца, каб іх дзеці выраслі самадастатковымі людзьмі, самарэалізаваліся і былі больш шчаслівыя, больш разумныя і лепшыя за нас. І мы з маёй жонкай — таксама не выключэнне».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?