Вы тут

Выхаванне інтэлектуальнай эліты: гранты, конкурсы, стартапы


Больш за 300 маладых даследчыкаў узяло ўдзел у рэспубліканскім форуме навуковай моладзі «Шлях у навуку!», які прайшоў у сценах Нацыянальнай акадэміі навук: вучоныя, аспіранты, магістранты, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцы школ, занятыя ў навукова-даследчай рабоце, удзельнікі адукацыйнай змены Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Мэта мерапрыемства, арганізаванага Саветам маладых вучоных НАН, — актывізаваць удзел моладзі ў адукацыйнай, навуковай і інавацыйных сферах, павысіць эфектыўнасць і ініцыятыўнасць маладых вучоных пры правядзенні навуковых даследаванняў, а таксама развіць у іх лідарскія якасці для рэалізацыі самастойных навуковых праектаў.


Падчас форуму было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Саветам маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук і БРСМ

На перадавой акадэмічнай навукі

— Маладзёжны форум «Шлях у навуку» праходзіць ужо трэці раз. Сёлета мы праводзім яго сумесна з Міністэрствам адукацыі. Нашы агульныя намаганні скіраваныя на фарміраванне інтэлектуальнай эліты і павелічэнне ўкладу маладых вучоных у вырашэнне актуальных праблем, якія стаяць перад нашай краінай, — падкрэсліў у сваім выступленні перад моладдзю старшыня Прэзідыума НАН, акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ. — Сёння практычна кожны трэці даследчык у Акадэміі навук — гэта малады вучоны ва ўзросце да 35 гадоў. Штогод у шэрагі работнікаў НАН уліваецца ад 300 да 350 маладых амбіцыйных вучоных. Моладзь навучаецца ў акадэмічнай магістратуры і аспірантуры, з ёй працуюць вядучыя вучоныя, акадэмікі, дактары навук. Для гэтых мэт задзейнічана матэрыяльна-тэхнічная база ўсіх арганізацый акадэміі, якая з'яўляецца найбуйнейшай навукова-тэхнічнай карпарацыяй у краіне. Фарміраванне будучых вучоных адбываецца не ў вучэбных аўдыторыях, а, так бы мовіць, на перадавой акадэмічнай навукі — у лабараторыях акадэмічных інстытутаў і навукова-практычных цэнтраў, на эксперыментальных пляцоўках, археалагічных раскопках. Для маладых даследчыкаў ствараюцца ўмовы для іх навуковага і кар'ернага росту, хуткай публікацыі і ўкаранення вынікаў даследаванняў.

Увогуле ў Акадэміі навук створана цэласная сістэма падтрымкі маладых навукоўцаў, якая ўключае ў тым ліку магчымасці атрымання стыпендый і грантаў. У 2018 годзе быў заснаваны конкурс «100 маладых талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Удзельнічаць у ім могуць маладыя навукоўцы, якія абаранілі кандыдацкую дысертацыю ва ўзросце да 30 гадоў або атрымалі навуковую ступень доктара навук ва ўзросце да 40 гадоў. Яны ўжо маюць вопыт кіраўніцтва шэрагам навуковых праектаў, працуюць з магістрантамі, аспірантамі, фарміруюць маладзёжныя каманды. За чатыры гады лаўрэатамі конкурсу сталі 45 маладых вучоных. За мінулы час яны істотна прасунуліся ў сваёй навуковай і адміністрацыйнай кар'еры. Многія з іх ужо займаюць кіраўніцкія пасады ў навуковых арганізацыях і лабараторыях. Такім чынам, конкурс стаў дзейсным інструментам, які дапамагае ініцыятыўным і таленавітым маладым людзям развівацца ў навуцы.

Акрамя таго, у 2019 годзе было заснавана некалькі імянных прэмій для маладых навукоўцаў: прэмія імя акадэміка Жарэса Алфёрава (у галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук), акадэміка Васіля Купрэвіча (у галіне біялогіі, хіміі і навук аб Зямлі, медыцыны і аграрных навук) і першага прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага (у галіне гуманітарных і сацыяльных навук). Акрамя матэрыяльнага стымулу, вельмі важна, каб моладзь адчувала пераемнасць, а імянныя стыпендыі якраз і дазваляюць паглыбіцца ў гісторыю Нацыянальнай акадэміі навук і стаць да яе датычнымі.

Асноўным рухавіком маладзёжнай палітыкі ў Акадэміі навук выступае Савет маладых вучоных. У яго складзе — практычна кожны чацвёрты навуковы работнік акадэміі. Візітнай карткай Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук стаў Фестываль навукі, які праходзіць на тэрыторыі Цэнтральнага батанічнага саду ў пачатку восені. У верасні мінчан і гасцей сталіцы зноў будуць рады бачыць на навуковым фэсце. Яго адметнасцю стане выстава «100 інавацый маладых вучоных».

Падчас форуму працавала выстава навукова-тэхнічных распрацовак, на якой былі прадстаўлены праекты маладых вучоных, выставачныя ўзоры электратранспарту і беспілотных лятальных апаратаў.

Перагледзець змест магістратуры

— Сёння ў Беларусі вялікая ўвага аддаецца маладым вучоным, раскрыццю іх навуковага і творчага патэнцыялу. Створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны малады чалавек атрымаў якасную адукацыю, змог рэалізаваць свой патэнцыял і знайсці сябе ў жыцці, —- адзначыў у сваім выступленні міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ. — Гэта падтрымка на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, стыпендыі аспірантам, маладым вучоным, адораным студэнтам, таленавітай моладзі... Мы сёння па праве можам ганарыцца нашымі педагогамі, навучэнцамі, студэнтамі, якія займаюць лідарскія пазіцыі ў міжнародным алімпіядным руху, інтэлектуальных конкурсах.

Міністр праінфармаваў, што ў Беларусі зацверджана канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года. У рамках яе пастаўлены вельмі сур'ёзныя мэты ў галіне вышэйшай адукацыі, падрыхтоўкі навуковых кадраў. У прыватнасці, гэта фарміраванне ў будучых спецыялістаў прафесійных кампетэнцый, запатрабаваных на рынку працы, прыцягненне моладзі да навуковай і інавацыйнай дзейнасці, выкладчыцкай работы.

Развіццё ўніверсітэцкай навукі — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Міністэрства адукацыі. Кожны пяты патэнт на вынаходства карыснай мадэлі — патэнт вучоных Мінадукацыі. Гэта сведчыць аб тым, што развіваецца не толькі фундаментальная навука, але і яе прыкладны напрамак.

Сёлета на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў паступіла 3,5 тысячы работ.

— Гэта вялікая лічба, і нават калі палова з тых матываваных студэнтаў заўтра прыйдзе ў навуку, мы атрымаем сур'ёзны прыток кадраў, — лічыць Андрэй Іванец. — Але падыходы да правядзення гэтага конкурсу сёння сур'ёзна пераглядаюцца, каб ён праходзіў на прынцыпова іншым узроўні. І кожны студэнт, зацікаўлены ў правядзенні навуковых даследаванняў, павінен усведамляць, навошта ён удзельнічае ў конкурсе, якія ў яго ёсць стымулы, каб стаць яго лаўрэатам, а, самае галоўнае, як навуковая сфера будзе суправаджаць далей таленавітага студэнта. Дарэчы, 25-26 мая ў Віцебску, які аб'яўлены сёлета маладзёжнай сталіцай Беларусі, адбудзецца першы рэспубліканскі форум маладых вучоных устаноў вышэйшай адукацыі. Літаральна днямі адбылася нарада, на якой абмяркоўваўся змест універсітэцкай магістратуры. Даводзіцца канстатаваць, што яна сёння не ў поўнай ступені арыентаваная на падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, прыход маладых людзей у навуку, інавацыйныя сферы і ў сістэму адукацыі, таму змест магістратуры трэба пераглядаць.

Андрэй Іванец нагадаў, што з 1 верасня бягучага года ўступае ў дзеянне абноўлены Кодэкс аб адукацыі, напружаная работа над якім вялася на працягу некалькіх апошніх гадоў. Ён павінен вывесці на якасна новы ўзровень ўсю галіну. Міністэрства адукацыі павінна прыняць каля 400 нарматыўна-прававых актаў, каб прывесці заканадаўчую базу ў адпаведнасць з Кодэксам.

Таксама з новага навучальнага года ў студэнтаў першых курсаў з'явіцца новы сацыягуманітарны блок. Ён будзе ўключаць тры дысцыпліны: гісторыю беларускай дзяржаўнасці, сучасную палітэканомію і філасофію. Будуць рэалізаваны прынцыпова новыя падыходы, якія дазволяць сфарміраваць светапогляд маладых людзей і іх разуменне свайго месца ў соцыуме і дзяржаве.

Падчас форуму працавала выстава навукова-тэхнічных распрацовак, на якой былі прадстаўлены праекты маладых вучоных, выставачныя ўзоры электратранспарту і беспілотных лятальных апаратаў.

Першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр ЛУК'ЯНАЎ, які таксама ўзяў удзел у форуме «Шлях у навуку», лічыць упушчэннем, што сярод суарганізатараў рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі» пакуль няма Нацыянальнай акадэміі навук. Сёлета конкурс прайшоў ужо ў адзінаццаты раз. За гэты час у ім узяло ўдзел больш як 18 тысяч адораных хлопцаў і дзяўчат. Конкурс стаў магутным сацыяльным ліфтам, які прасоўвае ўчарашняга школьніка, студэнта і аспіранта да вяршынь навукі. Кожны пяты праект за ўвесь перыяд правядзення конкурсу быў рэалізаваны на практыцы ці ў вытворчасці. Як канстатаваў Аляксандр Лук'янаў, і для яго самога перамога ў гэтым конкурсе стала моцным трамплінам у жыцці: дзякуючы свайму навуковаму праекту ён пабываў у Шанхаі, Пекіне, Алматы, а таксама на Сусветным фестывалі моладзі ў Сочы.

Як адзначыў Аляксандр Лук'янаў, распрацоўкі маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук пастаянна атрымліваюць прызавыя месцы на конкурсе «100 ідэй для Беларусі». У апошнім фінале яны прадставілі 20 інавацыйных праектаў, сярод іх ПЛР-дыягностыка грыбных і бактэрыяльных захворванняў гароднінных культур, праграмнае забеспячэнне для планшэтных устройстваў «Вэб-агляд» для ўрачоў, якія працуюць у «чырвонай зоне», тэхніка банкіравання алагенных дэндрытных клетак для прымянення ў лячэнні анкалагічных захворванняў, тэхналогія вырошчвання мікразяленіва, індукцыйны дэфібрылятар, «зялёныя сцены» для ўстаноў адукацыі, праект эксперыментальнай археалогіі «Сказ пра гліняны гаршчок» для школьнікаў, праект «Юныя мысліцелі ў бібліятэцы» і іншыя.

Стымуляванне інавацыйнай актыўнасці

Аб мерах дзяржаўнай падтрымкі маладых вучоных расказаў на форуме і першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Андрэй КАСОЎСКІ.

— Як паказвае міжнародны вопыт, узровень інавацыйнага развіцця краіны цесна звязаны з узроўнем навукова-тэхналагічнага і адукацыйнага патэнцыялу ў цэлым, а таксама з паказчыкамі падрыхтоўкі навуковых кадраў, — падкрэсліў Андрэй Касоўскі. — У прыватнасці, найбольш высокія пазіцыі ў Глабальным інавацыйным рэйтынгу займаюць краіны з самымі высокімі паказчыкамі падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. На сёння па колькасці выпускнікоў аспірантуры Беларусь саступае краінам — лідарам навукова-тэхнічнага і інавацыйнага развіцця. Сітуацыя, якая склалася, патрабуе ад нас выпрацоўкі эфектыўных рашэнняў па стварэнні дадатковых умоў па прыцягненні моладзі ў навуку. Разам з тым адзначу, што ўжо сёння дзейнічае сістэма мер па падтрымцы маладых вучоных. Так, указам кіраўніка дзяржавы з верасня 2019 года больш як удвая быў павялічаны памер стыпендый аспірантам і дактарантам дзённай формы навучання. Штогод прызначаюцца 100 стыпендый Прэзідэнта таленавітым маладым вучоным з ліку дактароў навук ва ўзросце да 45 гадоў, кандыдатаў навук — да 35 гадоў і маладых вучоных без ступені ва ўзросце да 30 гадоў.

Асобна Андрэй Касоўскі спыніўся на штогадовым адкрытым Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў, у якім адбіраюцца і фінансава заахвочваюцца найлепшыя сацыяльна значныя інавацыйныя праекты розных стадый рэалізацыі са стратэгіяй камерцыялізацыі ў намінацыях «Найлепшы інавацыйны праект» і «Найлепшы маладзёжны інавацыйны праект».

У 2021 годзе на конкурс было пададзена 145 заявак. У кожнай намінацыі выбраны адзін пераможца і пяць прызёраў, з іх два ўдзельнікі, якія занялі другое месца, і тры — трэцяе месца. Пераможцы атрымалі грашовыя прызы ад арганізатараў. Таксама былі адабраны пяць праектаў, якія атрымалі сродкі на іх камерцыялізацыю ў памеры 16,5 тысячы рублёў.

Акрамя таго, на думку намесніка старышні ДКНТ, маладым вучоным могуць быць цікавыя стартап-мерапрыемствы, якія праводзяцца для стымулявання вынаходніцкай інавацыйнай актыўнасці. «За апошнія гады стартап-рух значна пашырыўся. Усяго за мінулую пяцігодку было праведзена каля 2,7 тысячы стартап-мерапрыемстваў,у якіх узяло ўдзел больш за 120 тысяч чалавек і разгледжана больш як 6 тысяч бізнес-праектаў, — паведаміў Андрэй Касоўскі. — Акрамя таго, развіццём стартап-руху займаецца і бізнес-інкубатар Парка высокіх тэхналогій, дзе за 2016—2020 гады праведзена больш за 300 мерапрыемстваў, удзел у якіх узяло больш за 32 тысячы чалавек.

Для рэалізацыі інавацыйнага прадпрымальніцтва, уцягвання моладзі ў інавацыйную дзейнасць і развіцця стартап-руху ў апошнія гады Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях сканцэнтраваў намаганні на фарміраванні інавацыйнай інфраструктуры і, у прыватнасці, навукова-тэхналагічных паркаў.

«Створаныя на дзяржаўным узроўні ўмовы дазволілі забяспечыць тэхнапаркам тэмп росту вытворчасці прадукцыі, супастаўны з ПВТ. У выніку сёння сетка суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры ахоплівае ўсе абласныя цэнтры, Баранавічы, Наваполацк, Пінск, Горкі, Барысаў і Смалявіцкі раён і ўключае 16 тэхнапаркаў, 6 цэнтраў трансферу тэхналогій, Белінфонд і Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці», — рэзюмаваў ён.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».