Вы тут

55% шпіталізаваных не акрыялі і за два гады. Галоўнае аб пандэміі з замежных СМІ


Больш чым у паловы людзей, шпіталізаваных з COVID-19, тыя ці іншыя сімптомы хваробы застаюцца нават праз два гады. Вярнуць працаздольнасць не можа кожны дзясяты. Такія вынікі самага доўгага назіральнага даследавання, якое правялі ў Ухані. Пра яго распавядае The Guardian, перадае ТАСС.


У даследаванні ўдзельнічалі 1,2 тыс. чалавек, якія выпісаліся пасля лячэння ад COVID-19 у адной з бальніц Уханя з 7 студзеня па 29 мая 2020 года. Іх сярэдні ўзрост да гэтага моманту складаў 57 гадоў. Іх здароўе правяралі тройчы: праз шэсць месяцаў, год і два гады.

Праверкі ўключалі тэст з шасціхвілінны хадой, лабараторныя аналізы і апытальнікі аб сімптомах, якасці жыцця, зваротах за медыцынскай дапамогай і працаздольнасці. Стан здароўя праз два гады пасля хваробы ацэньвалі ў параўнанні з кантрольнай групай, падабранай па полу, узросту, спадарожным захворванням з тых, хто ніколі не хварэў COVID-19.

Праз шэсць месяцаў пасля выпіскі 68% пацыентаў скардзіліся хоць бы на адзін сімптом, а за два гады іх доля скарацілася ўсяго толькі да 55%. 11% так і не вярнуліся на працу, прычым гэта не залежала ад цяжару перанесенага COVID-19 (але раз ім спатрэбілася шпіталізацыя, ясна, што іх стан быў даволі пагрозлівым).

31% пацыентаў скардзіліся на стамляльнасць і слабасць у мышцах альбо парушэнні сну. У кантрольнай групе гэтыя сімптомы былі адпаведна ў 5% і 14%. Таксама тыя, хто перахварэў, часцей скардзіліся на іншыя праблемы, уключаючы боль у суставах, пачашчанае сэрцабіцце, галавакружэнне, галаўныя і іншыя болі, дыскамфорт, трывогу, дэпрэсію.

Так як навукоўцы правяралі пацыентаў, якія лячыліся ў самым пачатку пандэміі і ў адной бальніцы, вынікі могуць не адлюстроўваць карціну з іншымі перахварэлымі. Акрамя таго, інфармацыя з апытальнікаў можа быць не цалкам дакладная. Тым не менш такія даследаванні неабходныя, каб зразумець працэс аднаўлення пасля хваробы і распрацаваць праграмы рэабілітацыі. У гэтым мае патрэбу істотная частка тых, хто перанеслі COVID-19.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?